Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд наконт сьпісу невыязных прайграны


Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Маскоўскі суд Менску не задаволіў пазоў старшыні юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйлы да Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства фінансаў.

Праваабаронца патрабаваў кампэнсаваць яму маральную шкоду ў памеры 3 мільёнаў рублёў з-за неправамернага ўключэньня яго ў сьпіс невыязных.

Судзьдзя Шастакоў заявіў, што міністэрствы не павінны кампэнсаваць Гары Паганяйлу маральную шкоду, бо судом не ўстаноўленая віна дзяржорганаў ці канкрэтных службовых асобаў у парушэньні заканадаўства.

«Што тычыцца кампэнсацыі маральнай шкоды ў сувязі з распаўсюдам зьвестак, якія не адпавядаюць сапраўднасьці, адносна Паганяйлы, суд прыйшоў да высновы, што ў гэтым выпадку нельга разглядаць дзеяньні дзяржорганаў як распаўсюд такіх зьвестак».

Гары Паганяйла назваў гэтае рашэньне незаконным і будзе яго абскарджваць і дамагацца адмены:

«У нашай справе ўсё перакулена з ног на галаву. І суд, і дзяржорганы спрабуюць шукаць вінаватых зь ліку пацярпелых у гэтай сытуацыі, але не вінаваціць саміх сябе. Больш за тое, лічу рашэньне палітычна матываваным. І адсюль яно мае характар неправасуднага, то бок злачыннага рашэньня. Суду няма, гэта судзілішча. Гэта мэханізм для таго, каб пакрыць тыя злачынныя дзеяньні, якія ўчыняюць дзяржорганы, канкрэтныя службовыя асобы, якія выконваюць дзяржаўныя функцыі, дагаджаючы незаконна прынятым рашэньням, і якія не забясьпечваюць правы і свабоды грамадзянаў»,

Суд не захацеў запатрабаваць і дасьледаваць электронны дакумэнт, у якім чорным па белым указана, хто і калі прыняў рашэньне, хто накіраваў у базу дадзеных беспадстаўныя зьвесткі і зрабіў Паганяйлу невыязным.

«А вось даказаць, што гэта была тэхнічная памылка, практычна немагчыма. Такога роду збояў машына не дапускае, калі там прысутнічаюць выключна такія пэрсаналіі, як лідэры апазыцыйных палітычных партый, журналісты незалежных газэт, праваабаронцы. Знайдзіце мне такую хітрую машыну, якая б аўтаматычна блытала зьвесткі і выкідвала менавіта гэтыя прозьвішчы. Я думаю, што тут усё шыта белымі ніткамі. Тут усё абсалютна ясна для дзяржаўных чыноўнікаў і для нас, грамадзянаў».

«Тэхнічны збой», паводле Паганяйлы, — гэта толькі дапушчэньне адказчыкаў, бо праводзіць тэхнічную экспэртызу яны лічаць немэтазгодным.

«Зноў жа дзяржава стала на пазыцыю: мы ня хочам даводзіць віну нашых
Мы адзінае вымушаны сказаць у твар гэтай уладзе — што яна паганая, незаконная і неканстытуцыйная

дзяржслужачых. Ну, гэта ж неразумная пазыцыя. Калі кіраўнік дзяржавы абвяшчае пра нейкія сьпісы, а ўся чынавенская раць хуценька, аблізваючы халявы гаспадару, выконвае падобныя незаконныя рашэньні, а потым хаваецца за абсалютна беспадстаўныя і неправасудныя рашэньні, гэта толькі дыскрэдытуе саму ўладу. А ня нас, грамадзянаў. Мы адзінае вымушаны сказаць у твар гэтай уладзе — што яна паганая, незаконная і неканстытуцыйная. І змагацца за свае правы».

Паводле Паганяйлы, суд не ўлічыў працэсуальную пастанову, якой прызнаная віна дзяржорганаў, але не ўстаноўленыя канкрэтныя службовыя асобы.

«Бог зь ім, калі б было проста прынятае незаконнае рашэньне недзе некім. Але былі задзейнічаныя функцыі па выкананьні гэтага рашэньня. І цягам больш як трох месяцаў я ня меў магчымасьці выезду за мяжу. Гэта аб’ектыўныя факты, ад якіх нікуды не падзецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG