Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць беспрацоўнай моладзі драматычна расьце


Ля біржы працы ў Мадрыдзе.

Ля біржы працы ў Мадрыдзе.

Прынамсі 197 мільёнаў чалавек у сьвеце ня маюць працы, а яшчэ 39 мільёнаў нават адмовіліся яе шукаць. Пра гэта гаварыцца ў абнародаванай у панядзелак справаздачы агенцтва ААН — Міжнароднай арганізацыі працы.

Паводле арганізацыі, з прычыны наступстваў фінансавага крызісу сёлета колькасьць беспрацоўных у сьвеце павялічыцца яшчэ на 5 мільёнаў, у 2014 годзе, паводле ацэнак, рост беспрацоўя запаволіцца і шэрагі беспрацоўных папоўняць яшчэ 3 мільёны чалавек.

Высокі ўзровень беспрацоўя ў разьвітых краінах (7,8% у Злучаных Штатах, 11,8% у зоне эўра) стрымлівае эканамічны рост. Глябальны валавы ўнутраны прадукт, верагодна, павялічыцца сёлета на 3,6%, гэта ніжэй, чым папярэдні прагноз, які даваў Міжнародны валютны фонд.

Кіраўніца МВФ Крысьцін Лягард, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, заклікала ўрады да палітыкі стварэньня працоўных месцаў. «Мы спынілі абвал, але рэцыдыў яшчэ магчымы і зараз ня час расслабляцца».

У дакладзе Міжнароднай арганізацыі працы падкрэсьліваецца драматычная сытуацыя з беспрацоўем сярод моладзі. У сьвеце налічваецца 73.8 мільёна маладых беспрацоўных. Паводле ацэнак, сёлета іх колькасьць павялічыцца яшчэ на паўмільёна.
XS
SM
MD
LG