Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама ў час інаўгурацыі: «Трэба дзейнічаць»


Барак Хусэйн Абама ўрачыста распачаў свой другі прэзыдэнцкі тэрмін інаўгурацыйнай прамовай, якую аналітыкі назвалі маніфэстам сучаснага лібэралізму.

«Захаваньне нашых індывідуальных свабодаў ў канчатковым выніку патрабуе калектыўных дзеяньняў», — цытуе амэрыканскага прэзыдэнта New York Times.

Прамаўляючы з Капітолію ў Вашынгтоне, Абама сказаў, што «у цяперашні час адказнасьць на нас, і мы ня можам дазволіць сабе затрымку».

Для прысягі Абама выкарыстаў Біблію Абрагама Лінкольна (ён прысягаў на ёй і чатыры гады таму), але цяпер да яе дадалася і Біблія Марціна Лютара Кінга — лідэра руху за грамадзянскія правы. Абама стаў першым прэзыдэнтам, які скарыстаў слова «гей» у інаўгурацыйнай прамове, паставіўшы аднаполыя шлюбы ў катэгорыю расавай і гендэрнай роўнасьці.

Урачыстасьці ў Капітоліі адбыліся на наступны дзень пасьля таго, як Абама афіцыйна прыняў прысягу на сьціплай цырымоніі са сваёй сям’ёй у Белым доме ў тэрмін, усталяваны Канстытуцыяй. На наступны дзень на вашынгтонскіх вуліцах адбылася традыцыйная ўрачыстая цырымонія з парадам. Сотні тысяч людзей сабраліся на цырымонію — але іх было значна менш, чым чатыры гады таму, на першай інаўгурацыі. Вялікія надзеі і чаканьні, якія суправаджалі заступленьне Абамы на пасаду прэзыдэнта ў 2009 годзе, саступілі месца стрыманасьці.

Аглядальнікі заўважылі, што ў цяперашняй інаўгурацыйнай прамове Абама абышоў аспэкты міжнародных дачыненьняў і засяродзіўся на ўнутраных праблемах. Так, ён сказаў, што Medicare і Medicaid — мэдычныя страхоўкі для маламаёмасных і пэнсіянэраў — «ня робяць нас нацыяй закладнікаў, яны дазваляюць нам ўзяць на сябе рызыкі, якія робяць гэтую краіну вялікай». Гэтую і некаторыя падобныя фразы можна было ўспрыняць як папрок рэспубліканцам, якія выступаюць за скарачэньне пэўных сацыяльных праграмаў.

Аднак пасьля цырымоніі, у часе ўрачыстага абеду зь лідэрамі Кангрэсу ў Скульптурнай залі, Абама сказаў, што «незалежна ад нашых палітычных перакананьняў і пэрспэктываў, я ведаю, што нам разам працаваць, таму што мы лічым, што мы можам захаваць Амэрыку для будучых пакаленьняў».

Камэнтуючы для Радыё Свабода інаўгурацыйную прамову Абамы, прафэсар гісторыі Вірджынскага ўнівэрсытэту Браян Балоў адзначае засяроджанасьць прэзыдэнта менавіта на ўнутраных праблемах:

«Я думаю, што Барак Абама працягнуў свой ранейшы тэзіс, што сьпярша мы павінны аднавіць Амэрыку ў сябе дома, перш чым клапаціцца аб дзейнасьці ў замежжы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG