Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі выдатна рэагавалі на словы Абамы аб адзінстве»


Натальля Манаева
Натальля Манаева

На сёньняшняй інаўгурацыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы прысутнічала беларуска, дактарант унівэрсытэту Тэнэсі Натальля Манаева. Мы пагаварылі зь ёй па тэлефоне пра яе ўражаньні ад цырымоніі.

Натальля, дзе вы знаходзіліся падчас інаўгурацыі?

Я знаходжуся літаральна побач з правым крылом будынку Сэнату. Тут велізарны натоўп, амаль 700 тысяч чалавек. Афіцыйная частка скончылася 15 хвілін таму. Але паколькі тут велізарны натоўп, то стаім пакуль, нас нікуды не выпускаюць.
Сёньня ў Вашынгтоне вельмі холадна, моцны вецер, так што тут народ вельмі забаўна апрануты, ледзь ня ў футры, амаль як у нас. Афіцыйная частка цягнулася цэлую гадзіну. І хаця было холадна, але відовішча таго было вартае.

Якая атмасфэра на ўрачыстасьцях, як настроены народ, які сабраўся?

Публіка вельмі добра прыняла прамову Абамы, людзі пляскалі ў ладкі, некалькі разоў скандавалі яго імя. Людзі, якія былі на мінулай інаўгурацыі, кажуць, што тады сабралася больш народу. Тады было 1.8 млн. чалавек, цяпер ў два меней, і людзі менш натхнёныя, бо ўсё ж такі другі тэрмін, і ён перамог зь меншай перавагай. Але тым ня менш тыя людзі, якія прысутнічалі на інаўгурацыі, асабліва афраамэрыканцы, лацінаамэрыканцы, прадстаўнікі іншых меншасьцяў вельмі задаволеныя тым, што Абаму абралі другі раз.

Рэспубліканцы, зразумела, незадаволеныя вынікамі выбараў. Але Абама казаў, што нам трэба працаваць разам, забыць пра нашы партыйныя супярэчнасьці і прыйсьці да кампрамісу. І натоўп выдатна адрэагаваў на гэтыя словы.

Натальля, вы, як малады палітоляг, што б адзначылі ў гэтай прамове, што вас найбольш ўразіла?

Манаева: Я лічу, што ён зрабіў некалькі намёкаў на тое, што ён будзе рабіць падчас свайго другога тэрміну. Ён казаў пра экалягічную палітыку, пра новыя крыніцы энэргіі, што для Амэрыкі надзвычай важна адчуваць сябе часткай сьвету. Ён таксама казаў пра неабходнасьць узаемадзеяньня зь іншымі краінамі, пра тое, што Амэрыка неагрэсіўная, што яна глядзіць у будучыню. Я мяркую, што ён будзе падчас другога тэрміну рабіць прыкладна тое, што рабіў падчас першага, але ён будзе адчуваць сябе вальнейшым у сваіх рашэньнях, бо яму ня трэба ўжо змагацца за тое, каб яго абралі другі раз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG