Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларус у ЗША: Амэрыканцы не разумеюць, як над законам можа быць яшчэ нехта


Марат Новікаў

Марат Новікаў

Чаго чакаюць ад другога тэрміну Барака Абамы людзі, народжаныя ў Беларусі, але для якіх Амэрыка ў сілу розных прычынаў стала другой радзімай?

Бізнэсовец Марат Новікаў жыве ў ЗША вось ужо чвэрць стагодзьдзя. Сувязі зь Беларусьсю не губляў — быў стратэгічным акцыянэрам кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак». Але пры канцы мінулага году трапіў у няміласьць да вышэйшага кіраўніцтва Беларусі і быў фактычна пазбаўлены свайго бізнэсу. Як ён ацэньвае беларуска-амэрыканскія стасункі ў эпоху Абамы з аднаго боку, Лукашэнкі — зь іншага?

Новікаў: «Палітыка Абамы ў прынцыпе відавочная — дапамагаць бедным. Але зараз прыняты новы закон аб мэдычным абслугоўваньні, і бедныя будуць мець пэўныя праблемы. Будуць практычна роўныя ўмовы — што багатыя плацяць, што бедныя. Гэта асноўнае, што здарылася ў мэдыцыне за папярэднія гады кіраваньня Абамы.

Абама, па вялікім рахунку, чалавек міралюбівы. І зразумела, што ён і за мір, і за дэмакратычныя апоры ў усім сьвеце. Вельмі прагрэсіўны чалавек, мае сур’ёзную юрыдычную адукацыю. Таму і глядзіць на сьвет граматна, адукавана, дапамагае бедным, дапамагае краінам, якія пакутуюць ад дыктатуры. Не сакрэт, што апошнім часам у сьвеце квітнее ваяўнічы іслам — таксама даводзіцца штосьці супрацьстаўляць. Ён, канечне, змагар за справядлівасьць, за чэсныя адносіны, за роўнасьць сярод людзей і г. д.»

Карэспандэнт: «Якіх тэндэнцыяў варта чакаць у амэрыкана-беларускіх адносінах? Ці варта разьлічваць на „перазагрузку“»?

Новікаў: «Я чалавек збольшага па-за палітыкай. З гледзішча бізнэсу, з гледзішча эканомікі няма асаблівых перашкодаў, якія б ствараліся менавіта для Беларусі. Адзінае, што рэальна мае месца, дык гэта дадатковыя зборы. Мы, дапусьцім, увозім тыя ж чакалядныя цукеркі пад 6,5% падатку. Гэта тое, чаго няма ў выпадку з Расеяй, з Украінай, нават з Азіяй: Казахстанам, Кіргізстанам, Узбэкістанам. Для Беларусі ўведзены падатак. Натуральна, падатак уведзены мэтанакіравана — намагаюцца хоць у нечым дапячы Лукашэнку.

Але я мяркую, што амэрыканскі бок у гэтым якраз не вінаваты. Як ні круці, праблемы ў Беларусі ёсьць і нават узмацняюцца.

Мы самі на сабе гэта рэальна адчулі. Мы надзвычай сур’ёзна адносіліся да свайго бізнэсу, 19 гадоў яму аддалі, а сёньня сталі „жулікамі“, ізгоямі ў Беларусі. Прычым, ізгоямі і „жулікамі“ сталі тады, калі фабрыкі квітнелі, набылі ўсясьветнае значэньне. Квітнелі перадусім эканамічна, таму што на час, калі нас выкінулі і з адной фабрыкі, і з другой, на верасень 2012-га „Спартак“ даваў ужо 12 мільёнаў даляраў чыстага прыбытку, а „Камунарка“ давала 11 мільёнаў. Было падлічана, што па выніках году „Спартак“ дасць 15 мільёнаў даляраў чыстага прыбытку і „Камунарка“ дзесьці больш за 12 мільёнаў.

І вось пасьля таго як фабрыкі выведзеныя на такі сур’ёзны эканамічны ўзровень, нам гавораць, што мы жулікі і нягоднікі. Ну, які жулік дасьць разьвівацца фабрыцы і каб яшчэ 15 мільёнаў даляраў быў прыбытак? Канечне, жулік пакладзе ўсё гэта сабе ў кішэню. Разумееце, ня можа існаваць цывілізаваны бізнэс ва ўмовах такіх рэакцыйных палітычных рашэньняў. Многія амэрыканцы задаюць мне адно пытаньне: што там адбываецца і як такое ўвогуле можа быць? Людзі не разумеюць: як можа хтосьці прыйсьці і ўсё перакрэсьліць, усе законы? Рэальна не разумеюць, як над законамі можа быць яшчэ нехта».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG