Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўскі ліцэй: ліквідацыя як нагода да сьвята


Коласаўскі ліцэй: ліквідацыя як нагода да сьвята
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:25 0:00
Наўпроставы лінк

Цяперашнія і былыя навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, выкладчыкі, тутэйшыя і замежныя сябры гэтай навучальнай установы адзначылі 10-годзьдзе існаваньня ў падпольлі.

У 2003 годзе на загад Міністэрства адукацыі беларускамоўны ліцэй быў зьліквідаваны за адукацыйную палітыку, якая ішла ўразрэз зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. Нягледзячы на несьвяточную нагоду, было вырашана не прамінаць падзеі, якая карэнным чынам зьмяніла лёс ліцэю.

Цырымонію, якая лішні раз мелася падкрэсьліць нязломнасьць коласаўцаў пад ціскам абставінаў, наладзілі ў адным зь менскіх клюбаў. Тут сабраліся блізу сотні ліцэістаў, іх бацькі, грамадзкія і палітычныя дзеячы, прадстаўнікі замежных амбасадаў. Прыехалі госьці з Клюбу інтэлігенцыі каталіцкай з Варшавы, якія аказваюць істотную дапамогу падчас выязных летніх сэсіяў у Польшчы. Сіламі навучэнцаў быў зладжаны вялікі канцэрт.

Выступоўцы зь ліку выкладчыкаў падкрэсьлівалі, што не зьбіраюцца апускаць рукі, а дзесяцігодзьдзе ў падпольлі ўсіх толькі загартавала.

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі: «Хочацца ў першую чаргу павіншаваць нас усіх, што мы жывём, што мы працуем, што мы творым. Нашы намаганьні заўсёды скіраваныя на тое, каб, з аднаго боку, трымацца нейкіх правілаў, праграмаў, абавязкаў, якія мы выконваем, а зь іншага боку, мы ніколі не адмаўляемся ад творчасьці: мы экспэрымэнтуем, стараемся знаходзіць нейкія новыя нюансы, падыходы. Як я лічу, мы ў гэтым сябе ня вычарпалі. І якія б ні ўзьнікалі цяжкасьці, якія б ні ўзьнікалі перашкоды, мы стараемся, імкнёмся, каб ісьці наперад, каб наша дынаміка была станоўчая — зноў жа, нягледзячы на ўсе праблемы».

Калегу падтрымаў і доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў. Па яго словах, абавязкова надыдзе час, калі атрыманыя ў ліцэі веды беларускім грамадзтвам яшчэ будуць запатрабаваныя:

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў
«20 гадоў таму ліцэй ствараўся як адукацыйная элітная беларуская ўстанова. 10 гадоў таму ліцэй быў зачынены за тое, што ён выхоўваў беларускую нацыянальную эліту. Гэтыя словы тады сказаў той чалавек, ад якога залежала — працягваць ліцэю існаваньне ці ня даць яму існаваць? Гэта сьведчыць толькі на тое, што і тады яны бачылі ў нас эліту, і цяпер адчуваюць тое ж самае. Ліцэй на сёньняшні дзень існуе як выдатны праект — праект па падрыхтоўцы нармальных беларусаў, якія змогуць у пэрспэктыве займацца любымі пытаньнямі, важнымі для нашай дзяржавы. Гэта праект спадара Коласа, гэта праект усяго пэдагагічнага калектыву, гэта праект усіх бацькоў, гэта праект усіх дзяцей, якія тут вучацца. Мы ўсе разам вучымся, жывем і цудоўна ведаем, навошта нам трэба вучыцца тут і вучыцца па-беларуску».

Згаданы спадаром Голубевым нязьменны дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас адзначыў, што за два дзясяткі гадоў установа прайшла шлях ад структурнага падразьдзяленьня Міністэрства адукацыі да непажаданага элемэнту ў сыстэме сучаснай ідэалёгіі:

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас
«Нягледзячы на ня самыя спрыяльныя ўмовы, мы не ізаляваныя. Мы не ізаляваныя дзякуючы бацькам нашых вучняў, празь якіх ажыцьцяўляюцца кантакты з рэчаіснасьцю. Мы не ізаляваныя дзякуючы нашым сябрам і аднадумцам як у Беларусі, так і па ўсім сьвеце. Таму што сапраўды ліцэй таксама за гэты шлях, больш чым 20-гадовы, зрабіў дастаткова дзіўную траекторыю. Спачатку мы існавалі проста як група энтузіястаў, якія нешта хацелі зрабіць з нашай школай. Потым, дзякуючы Таварыству беларускай мовы, сталі існаваць як нядзельны ліцэй. І ўжо потым мы зрабіліся своеасаблівым нацыянальным цэнтрам, структурнай адзінкай Міністэрства адукацыі. І гэта быў ня проста ліцэй, а гэткая пілётная структура, якая выпрацоўвала зьмест гуманітарнай адукацыі».

Ганаровымі гасьцямі імпрэзы былі даўнія сябры ліцэістаў з польскага Клюбу інтэлігенцыі каталіцкай. На ўспамін ліцэйскаму калектыву перадалі ў падарунак кнігу першага прэм’ер-міністра дэмакратычнай Польшчы Тадэвуша Мазавецкага з аўтарскім прысьвячэньнем:

«Беларускаму гуманітарнаму ліцэю імя Якуба Коласа ў Менску, які на працягу 10 гадоў супрацьстаіць русыфікацыі, працягваючы незалежную адукацыю на роднай мове. З павагай Тадэвуш Мазавецкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG