Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі тэрмін Абамы: амбітныя мэты, але асьцярожная стратэгія


Амэрыканскія вучэньні ў Арабскім моры, 2010 год
Амэрыканскія вучэньні ў Арабскім моры, 2010 год

Амэрыканскі штодзёньнік New York Times піша пра выклікі, якія стаяць перад Баракам Абамам падчас ягонага другога тэрміну на пасадзе прэзыдэнта ЗША. Прапануем вам зьмест артыкулу ў скароце.

Яшчэ не прайшло і дзевяці месяцаў ягонага першага прэзыдэнцкага тэрміну, калі Барак Абама даведаўся пра тое, што атрымае Нобэлеўскую прэмію міру — не за нейкія дасягненьні, але за абяцаньне скончыць вайну ў Іраку, перамагчы ў «неабходнай вайне» ў Аўганістане, рухацца ў кірунку адмовы ад ядзернай зброі, змагацца са зьменамі клімату і ўцягнуць ў дыялёг праціўнікаў ЗША.

Але акрамя Іраку, мала што з гэтага сьпісу можна лічыць дасягнутым. Абамавы абяцаньні зьменаў цяпер успрымаюцца ў сьвеце з большым падазрэньнем. Студэнт ў Каіры пытаецца, чаму дагэтуль не зачыненая турма ў Гуантанама, а міністар замежных справаў адной з эўрапейскіх краінаў на дыпляматычнай вячэры ў Вашынгтоне цікавіцца, ці значаць заявы аб цесных сувязях з Азіяй, што рэшту сьвету ЗША будуць ігнараваць.

Прэзыдэнты Фрэнклін Рузвэльт і Гары Трумэн замацавалі ролю ЗША пасьля Другой Ўсясьветнай вайны сваім ўдзелам у стварэньні ААН і міжнародных фінансавых інстытутаў, а таксама плянам Маршала, які дапамог адбудаваць Эўропу. Прэзыдэнт Джон Кенэдзі пасьля кубінскага ракетнага крызісу здолеў дасягнуць дамоваў аб абмежаваньні распаўсюду ядзернай зброі, прэзыдэнт Джордж Буш старэйшы прыдбаў новых саюзьнікаў на развалінах Савецкага Саюзу.

У параўнаньні з гэтымі папярэднікамі дасягненьні Абамы былі ў асноўным абарончага характару: поўны вывад войскаў з Іраку і ўдары па кіраўніцтву сеткі Аль-Каіда. (Калі прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай наведаў Белы Дом на мінулым тыдні, яму паказалі сьпіс: з 20 галоўных лідэраў Аль-Каіды, якія знаходзіліся ў вышуку на пачатак першага тэрміну Абамы, 13 ужо мёртвыя, разам з шмат якімі сваімі наступнікамі).

Для шмат каго ў сьвеце прэзыдэнцтва Абамы пакуль выглядае ня так, як яны чакалі. У прыватнасьці, ён абяцаў наладжваньне кантактаў з доўгатэрміновымі супернікамі ЗША, у тым лік з Кітаем, Кубай, Іранам, М'янмай (Бірмай) і Вэнэсуэлай. Толькі ў адным выпадку зь пяці гэта атрымалася: генэралы, якія кіруюць М'янмай, адгукнуліся на ягоныя звароты, эканамічнае заахвочваньне і прапанову новых адносінаў.

У адносінах да Эгіпту, Белы Дом у розны час прапаноўваў павялічыць дапамогу гэтай краіне альбо скараціць яе, калі Эгіпет ня пойдзе па лібэральным шляху. Пакуль што ніводны з гэтых падыходаў ня даў Абаму вагароў уплыву на новы ўрад, у якім вядзе рэй Мусульманскае брацтва. Шматабяцальны пачатак у пабудове эканамічнага і палітычнага партнэрства з Кітаем ператварыўся ў спрэчкі наконт таго, ці хочуць ЗША зацугляць кітайскія амбіцыі.

Амэрыканскі дыплямат Джэфры Бэйдэр, які быў адным з архітэктараў палітыкі «рэбалянсаваньня» у адносінах да Кітаю гэтак кажа пра Абаму: «У наступныя чатыры гады ён хоча быць нечым большым, чым проста мэнэджэрам». Паводле Бэйдэра, амэрыканскі прэзыдэнт разумее, што для глябальных пераўтварэньняў недастаткова добрых намераў і добрых плянаў. “Трэба знайсьці месцы, дзе ты не залежны на суперніках, якія адмаўляюцца ад саступак ці выйграюць ад дэманстрацыі варожасьці да ЗША».

Падчас другога прэзыдэнцкага тэрміну Абамы такім месцам можа стаць Азія. Нечаканае павелічэньне здабычы нафты і газу ў ЗША ўзмацніла перакананьне Абамы, што Амэрыка можа пазбавіцца звышзалежнасьці ад Блізкага Ўсходу. Азія найбольш вітае амэрыканскі ўплыў, бо ён можа стварыць супрацьвагу ўсё большай моцы Кітаю.

Стратэгія Абамы ў гэтым можа быць падобная на стратэгію аднаго зь ягоных папярэднікаў з партыі Рэспубліканцаў, Дуайта Эйзэнхаўэра. Пасьля вайны ў Карэі амэрыканцы папросту хацелі вярнуць войскі дадому і сканцэнтравацца на эканамічным росьце. Эйзэнхаўэр абавязаўся працаваць над тым, каб збалянсаваць бюджэт і стрымліваць пагрозы бясьпецы краіны, і пры гэтым распачаў сакрэтны праект «Салярый», мэтай якога было перагледзець прыярытэты нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Барак Абама прыватна выказваў засьцярогі, што вайсковае кіраўніцтва спрабуе з дапамогай маніпуляцый працягнуць амэрыканскую прысутнасьць у Аўганістане. Калі Эйзэнхаўэр пакідаў сваю пасаду, ён таксама агучыў засьцярогі, што прыняцьце рашэньняў у ЗША будзе кантраляваць «вайскова-індустрыяльны комплекс».

Тыя, хто працуе з Абамам ў пытаньнях бясьпекі і удзельнічае ў дыскусіях наконт магчымасьцяў ЗША уплываць на падзеі ў такіх месцах як Сырыя, Малі ці Паўночная Карэя, кажуць, што цяпер ён больш, чым чатыры гады таму, адчувае межы амэрыканскага ўплыву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG