Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стук зьнізу: Віктар Шэйман


Калі вам нехта скажа, што дакладна ведае, чаму ў вышэйшы эшалён улады вяртаецца яго старажыл Віктар Шэйман — ня верце. Хто вам скажа — той ня ведае, а хто дакладна ведае — менавіта вам ня скажа.

Тым ня менш сёе-тое, блізкае, прынамсі, да праўды, сказаць можна. Але напачатку — пра камэнтары-міты, якія звычайна суправаджаюць падобныя прызначэньні.

«Лукашэнка прызначае звышляяльных яму людзей». Можна падумаць, што папярэднікі былі ня звышляяльныя. Іншых там проста няма паводле вызначэньня ўжо гадоў 10. Матывы часьцей за ўсё зусім іншыя: ці некаму не хапіла розуму і арганізацыйных здольнасьцяў, ці выкананьне «генэральнай лініі» прывяло да непажаданых наступстваў, якія выканаўца ня здолеў (хаця, можа, і ня мог) прадухіліць, ну і нарэшце — апаратная інтрыга. У ёй, дарэчы, абвінавачваньне ў неляяльнасьці можа фігураваць, хаця часьцей размова ідзе пра рэчы куды больш празаічныя — хто што не па чыну ўзяў, хто з кім не падзяліўся, хто залез на чужую тэрыторыю, хто сканцэнтраваў у сваіх руках занадта шмат улады, на каго трапіў хаця б цень самастойнага грамадзкага зацікаўленьня. Журналісты дзяржаўных мэдыяў распавядаюць гісторыі, як высокія начальнікі просяць ці не пісаць пра іх наагул ці пісаць без залішніх хваласьпеваў. Бо інакш трапіць на вочы Самому, ўбачыць ён у тым тэндэнцыю — і пішы прапала кар’еры.

Другі міт — «прыход такога-та ёсьць знак палітычнай лібэралізацыі (варыянт — палітычных замаразкаў)». Часам так і бывае, але ў прынцыпе гэта лухта. У прыходзе пасьля Шэймана «маладых ваўкоў» Віктара Лукашэнкі многія (у тым ліку, сазнаюся, і аўтар гэтых радкоў) убачылі прыход калі не вялікіх лібэралаў, то па меншай меры людзей больш гнуткіх і прагматычных. Якую «прагматыку» і «лібэралізм» зладіла гэтае спадарства пасьля 19 сьнежня 2010 году — ва ўсіх на памяці і перад вачыма.

І наадварот — у размовах з тымі чыноўнікамі, якія даюць сабе клопат размаўляць з «пятай калёнай», увесь час гучаць быліны пра «злых геніяў» апарату, калісьці гэта быў Замяталін, потым той жа Шэйман, потым Пяткевіч, потым, а таксама паміж імі — нейкія іншыя. Адзінае, што заставалася непарушным — гэта наяўнасьць такога «злога генія», вось калі б ня ён (ці яна), дык... Але панылая нязьменнасьць як карціны, гэтак і яе адлюстраваньня ў падобных шчыраваньнях, спараджае думку, што ніякага «дык» не было і ня будзе, сыдзе гэты — будуць іншыя «ястрабы». Але і наадварот — выйдзе іншая лінія, і ўчорашнія «ястрабы» будуць радаваць вуха прыемным галубіным варкаваньнем. Да новага загаду.
Іншая справа, і што насамрэч важна, дык гэта відавочная значная палітычная вага і даволі змрочная палітычная рэпутацыя «вяртанца».

Шэйман — адзіны, хто захаваўся ў вышэйшым эшалёне ўлады з той, самай першай лукашэнкаўскай каманды 1994 году, ён адзіны зь цяперашняга кіраўніцтва краіны, хто сядзеў у машыне з Лукашэнкам падчас стрэлу ў Лёзна, ён адзіны, каго як зьвесткі, гэтак і пагалоска зьвязваюць зь іншымі стрэламі — у Ганчара, Красоўскага, Захаранку. Астатнія — Паўлічэнка, Навумаў, Сівакоў альбо сышлі, альбо іх сышлі. А вось Шэйман — адзіны зь іх, хто зараз вяртаецца зь ценю за сьвет.

Так выглядае, што пасада, якую ён атрымаў сёньня — гэта апошняе, што мае значэньне. Спадар Шэйман — гэта яскравая ілюстрацыя прынцыпу, што ня месца красіць чалавека, а чалавек месца. На ўсіх пасадах, якія ён займаў да 2008 году, яго ўплыў быў несувымерна большым, чым фармальныя паўнамоцтвы ягонага крэсла. Можна меркаваць, што бляклая і нават у чымсьці прыніжальная для яго пасада прэзыдэнцкага «заўгаса» — толькі прыступка да новага ўзьлёту. Дарэчы, на папярэдняй прыступцы ён пратрымаўся рэкордна мала — літаральна тыдзень. Тыдзень таму стала вядома, што ён прызначаны на пасаду памочніка прэзыдэнта з пасады... памочніка прэзыдэнта. Але тая пасада, зь якой прызначалі, пры сакратарыяце Рады бясьпекі, а на якую прызначалі — ужо пры самім прэзыдэнце. Такі вось па-бізантыйску вытанчаны рытуал, знак усёй сыстэме ўлады — яе моцны чалавек ідзе наверх.

Вяртаньне ў вышэйшы эшалён сыстэмы чалавека, які стаў неўязным яшчэ за справы зьніклых — гэта, зразумела, і пасланьне Захаду: здачы пазыцый ня будзе. Але пасланьне без апошняй кропкі — пакуль жа Шэйман робіцца толькі «заўгасам». Хаця магчыма, у пэрспэктыве ён стане балянсам супраць каманды сына Лукашэнкі Віктара. Не абавязкова магільшчыкам. Балянс — прынцып утрыманьня ўлады ў аўтарытарных рэжымах.

А што да наступстваў для грамадзтва — прыгадваецца афарызм Станіслава Ежы Леца: «Я думаў, што апынуўся на самым дне, калі зьнізу пастукалі». Пасьля творчасьці падначаленых Шэймана, пасьля таго ж «дохлага пацука» генэрала Сухарэнкі здавалася — вось яно, дно. Куды ўжо далей. «Юны» Вадзім Зайцаў, чалец каманды тых самых «маладых ваўкоў», пераканаўча даказаў, што толькі здавалася. Хаця і Шэйман, які вярнуўся, можа прадставіць новыя доказы справядлівасьці афарызму польскага дасьціпніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG