Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з чатырма амэрыканскімі дасьледнікамі: Гленом Говардом — прэзыдэнтам Джэймстаўнскага Фонду, Уладам Сокарам з гэтага ж Фонду, Янушам Бугайскім з Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў і Грыгорыем Ёфэ, прафэсарам Рэдфардскага ўнівэрсытэту. Гутарка цягнулася дзьве гадзіны, пасьля яе прафэсар Ёфэ распавёў Радыё Свабода пра яе зьмест. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.


Ёфэ: Асноўным мэсыджам Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы было тое, што Беларусь вельмі хоча ўраўнаважыць сваю зьнешнюю палітыку, яна вельмі хоча мець нармальныя стасункі з ЗША, хоча, каб да яе ставіліся з павагай, як да незалежнай дзяржавы, яна не зьбіраецца ні з кім сябраваць ні супраць Расеі, ні супраць Амэрыкі, што санкцыі абсурдныя і гэта шмат хто пачынае разумець. Паводле прэзыдэнта Беларусі раней ці пазьней дзьверы на Захад адкрыюцца, але хацелася б, каб гэта было хутчэй, паколькі бяз толку страчаны час. Задаваліся канкрэтныя пытаньні, я спытаў пра сытуацыю на двух кандытарскіх фабрыках.

Паводле прэзыдэнта гэта было проста павялічэньне долі дзяржавы ва ўмовах, калі прадпрымальнік Новікаў дыскрымінаваў беларускіх спажыўцоў, прадаючы беларускую прадукцыю на зьнешніх рынках, у тым ліку і ў Расеі, і жадаючы перавесьці беларускіх спажыўцоў з высокаякаснага шакаляду на карамель. Цярпеньне скончылася, ён сам не зьявіўся на нарадзе, дзе павінен быў патлумачыць сваю палітыку прэзыдэнту.

прадпрымальнік Новікаў дыскрымінаваў беларускіх спажыўцоў, прадаючы беларускую прадукцыю на зьнешніх рынках, у тым ліку і ў Расеі, і жадаючы перавесьці беларускіх спажыўцоў з высокаякаснага шакаляду на карамель.

Што тычыцца ўказу № 9 наконт сытуацыі ў дрэваапрацоўчай галіне, то паводле кіраўніка Беларусі гэта вымушаная мера, толькі на паўгода, на час рэканструкцыі, каб гэтыя прадпрыемствы сталі такімі, якіх няма нават на Захадзе, і хутка ўсё гэта будзе.

РС: А ці была размова пра тыя праблемы, якія і ствараюць напружанасьць у двухбаковых стасунках? Я маю на ўвазе найперш праблему палітвязьняў.

Ёфэ: Лукашенка сказаў, што ня лічыць гэтых людзей палітвязьнямі. Ён неаднаразова паўтараў сваю вядомую тэзу пра тое, што ў любой заходняй дзяржаве, калі б была зробленая атака на ўрадавы будынак, падобная той, якая была ў Менску 19 сьнежня 2010 году, то былі б ужытыя значна больш жорсткія меры. А ў Беларусі не ўжываўся ні сьлезацечны газ, ні дубінкі. Я спытаў яго пра артыкул Вячаслава Оргіша ў «Советской Белоруссии» наконт вырошчваньня канструктыўнай апазыцыі замест «пятай калёны». Ён сказаў, што мы самі гэтае пытаньне падштурхоўваць ня будзем, пакуль няма попыту з боку беларускага грамадзтва. А будзе попыт — «мы з задавальненьнем».

РС: А ці казаў Лукашэнка што-небудзь наконт стасункаў Беларусі і Расеі?

Ёфэ: Ён казаў пра супярэчлівасьць гэтых адносінаў. З аднаго боку, ён паўтарыў сваю тэзу, што «мы адзіны народ», што гэтая палітыка супрацоўніцтва для нас самая важная, што ў нас не было іншага выйсьця, акрамя як пагаджацца на шчыльную інтэграцыю і на той энэргетычны грант, які хаця б часова Беларусь атрымала. Зь іншага боку, ён казаў пра тое, што хцівыя расейскія алігархі хацелі б прыбраць тут усё сабе. Лукашэнка казаў пра тое, што Расея зьмяніла сваю пазыцыю, зьмяніла сваё імпэрскае мысьленьне, але, маўляў, мы ўвесь час напагатове, увесь час імкнёмся адстойваць сваю незалежнасьць. Ён прыгадаў «сілавую спробу ўвядзеньня адзінай валюты», якая была адбітая. Лукашэнка стварыў ўяўленьне, што больш спрыяльнае стаўленьне Расеі да Беларусі стала сьледзтвам беларускіх высілкаў па адстойваньню сваёй незалежнасьці.

РС: А якія пытаньні задавалі іншыя ўдзельнікі сустрэчы?

Ёфэ: Там былі ня столькі пытаньні, колькі выступы. Глен Говард казаў, што беларускія ўлады павінны навучыцца піяру, каб адбіваць у заходнім друку бессэнсоўныя і часта беспадстаўныя паведамленьні, якія маюць варожы характар адносна Беларусі і не прадыктаваныя нічыімі нацыянальнымі інтарэсамі. Паводле прэзыдэнта Джэймстаўнскага Фонду, цяпер інфармацыя пра Беларусь у заходніх мэдыях даецца вельмі тэндэнцыйна. Пазыцыя гэтага дасьледнага цэнтру палягае якраз у тым, каб супрацьпаставіць тэндэнцыйнай інфармацыі інфармацыю больш узважаную.

Януш Бугайскі, які асабіста ведае Радэка Сікорскага і многіх іншых прадстаўнікоў польскага палітычнага істэблішмэнту, разумее, што з Беларусьсю трэба будаваць сувязі, бо інакш могуць быць вельмі моцна падарваныя эканомікі Літвы, Латвіі і Ўсходняй Польшчы. І Бугайскі лічыць усіх гэтых ярасных праваднікоў дэмакратыі крыху страціўшымі розум.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG