Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканец у Беларусі: Мяне рытуалы не цікавяць


21 студзеня Вашынгтоне адбудзецца інаўгурацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы на другі тэрмін.

Беларуская «Свабода» знайшла ў Менску грамадзяніна Злучаных Штатаў Амэрыкі Джона Росмана. Яму 57 гадоў. Заўзяты змагар за чыстую экалёгію, ён пераехаў у Менск чатыры гады таму. І ўжо атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Тут Джон Росман ачольвае фонд «Экалягічны транспарт».

«Свабода» пацікавілася ў Джона Росмана, ці будзе ён сачыць за інаўгурацыяй Барака Абамы.

Росман: «Не, ня буду. Я ніколі яе не глядзеў. Нават калі жыў у Злучаных Штатах. Шчыра кажучы, мне гэта нецікава».

«Свабода»: «А чаму нецікава?»

Росман: «Ведаеце, у мяне наагул няма цікавасьці да ўсялякіх рытуалаў. У тым ліку і да інаўгурацыі».

«Свабода»: «А калі вы жылі ў ЗША, вы ўдзельнічалі ў галасаваньні?»

Росман: «Не, ігнараваў. Няма за каго аддаць голас. У ЗША толькі дзьве партыі: дэмакратычная (для мяне гэта кансэрватыўная партыя) і рэспубліканская (у маім разуменьні — звышкансэрватыўная). Вось каб была партыя „зялёных“, то за яе я галасаваў бы з задавальненьнем».

«Свабода»: «Вы чатыры гады ў Беларусі. Можа, давялося пабачыць апошнюю інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі? Яе трансьлявалі па ўсіх беларускіх тэлеканалах».

Росман: «Не, і яе не глядзеў. Як я ўжо казаў, усе гэтыя рытуалы мне нецікавыя».
XS
SM
MD
LG