Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інаўгурацыя прэзыдэнта ЗША: традыцыі і навацыі


Абама падчас "першай другой" прысягі.
Абама падчас "першай другой" прысягі.

Сваю другую прэзыдэнцкую прысягу Барак Абама, як і першую, прыме двойчы.

Паводле Канстытуцыі тэрмін прэзыдэнцтва сканчаецца 20 студзеня. Але сёлета гэты дзень прыпаў на нядзелю, калі суды і дзяржаўныя ўстановы былі зачыненыя. Таму першая інаўгурацыя адбылася ўчора ў Белым доме. Грамадзянская цырымонія зь вялікай колькасьцю народу адбудзецца сёньня.

Цікава, што і ў 2009 годзе Барак Абама прыносіў прысягу двойчы. Тады судзьдзя Вярхоўнага суду Джон Робэртс зблытаў слова ў тэксьце прысягі, Абама паўтарыў за ім памылку і давялося прыносіць прысягу яшчэ раз.

Да Абамы 4 разы прыносіў прэзыдэнцкую прысягу толькі Франклін Дэлана Рузвэльт, якога 4 разы абіралі прэзыдэнтам і які памёр на прэзыдэнцкай пасадзе ў 1945 годзе.

Падчас цырымоніі сёньняшняй інаўгурацыі Абама будзе трымаць руку на дзьвюх Бібліях. Адна зь іх, на якой Абама прысягаў і 4 гады таму, належала прэзыдэнту Абрагаму Лінкальну. Сёньня да яе Абама дадаў яшчэ адну — Біблію знакамітага сьвятара, змагара за грамадзянскія правы Марціна Лютэра Кінга, які быў забіты ў 1968 годзе. Віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн прынясе прысягу на сямейнай Бібліі, якой 120 гадоў.

У 1841 годзе прэзыдэнт ЗША Ўільям Гарысан прастудзіўся падчас інаўгурацыйнай прамовы і празь месяц памёр ад хваробы. Сёньня ў Вашынгтоне будзе адносна цёплае надвор’е — плюс 8 градусаў. Самае халоднае надвор’е на інаўгурацыю было ў 1985 годзе, калі Рональд Рэйган прымаў прэзыдэнцкую прысягу другі раз. Тады тэмпэратура упала да мінус 14 градусаў, і Рэйган прыносіў прысягу ў памяшканьні, ў Капітоліі.

Адной з самых дзіўных інаўгурацыяў была цырымонія прывядзеньня да прысягі Дуайта Эйзэнхаўэра ў 1953 годзе. Актор Монці Мантана, апрануты каўбоем, пад’ехаў да трыбуны і накінуў ласо на прэзыдэнта. Заарканены Эйзэнхаўэр так і прымаў інаўгурацыйны парад.

Ліндан Джонсан быў адзіны прэзыдэнт, які прыняў прысягу на самалёце, 22 лістапада 1963 году. Ён быў на борце прэзыдэнцкага самалёта, які зьбіраўся ляцець у Вашынгтон зь целам прэзыдэнта Джона Кэнэдзі, забітага ў Даласе.

Абама паедзе на сваю інаўгурацыю ў прэзыдэнцкім лімузіне, ягоныя папярэднікі ехалі на конях, у карэтах і аўтамабілях. А трэці прэзыдэнт ЗША Томас Джэфэрсан прыйшоў на сваю інаўгурацыю пешкі.

У 1961 годзе Інжынэрны корпус арміі ЗША выкарыстоўваў агнямёты, каб ачысьціць сьнег на маршруце інаўгурацыйнага параду Джона Кэнэдзі.

Чакаецца, што сёньня ў Вашынгтоне ў цырымоніі інаўгурацыі возьмуць удзел да 800 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG