Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аднаго паэта менш


Адзін з апошніх здымкаў Юрыя Гуменюка

Адзін з апошніх здымкаў Юрыя Гуменюка

Ён быў эстэтам, яму падабалася некалі называць сябе «лагодным дэндзі», сымбалісты, мадэрністы былых часоў былі яго ўлюбёнымі героямі. Але жыцьцё ня мела нічога агульнага з былымі часам.

Юры Гумянюк быў самым маладым у абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, хоць меў сорак тры гады. У гэтыя выходныя я вычытваў перад подпісам у друк наш альманах «Новы Замак». Апошні раз пры сустрэчы мы гаварылі зь Юркам аб тым, што ён дасьць у наступны нумар. Нельга было дапусьціць, што ён ня ўбачыць першага.

Кароткае эсэ «Цені Бруна Шульца ў Горадні» будзе яго першай пасьмяротнай публікацыяй. Пад ёю — адзін з апошніх здымкаў паэта. Здымак зроблены мною ў мастацкай галерэі «Крыга», што ў старым гарадзенскім дворыку, якіх засталося мала, і якія ён вельмі любіў. Юрка сказаў, што на здымку выглядае занадта пагладчэлым і што дашле які-небудзь іншы, але не даслаў. Гляджу цяпер на гэты здымак: акуратна падстрыжаны, вусы з бародкай, чаго раней у яго не было.

Юры Гумянюк прызнаецца ў сваім эсэ, што яму блізкая творчасьць Бруна Шульца, міжваеннага польскага літаратара. Што яго герояў няцяжка ўявіць на даваенных гарадзенскіх вуліцах, якія захаваліся дагэтуль. Можна пазнаць і «Вуліцу кракадзілаў» і «Цынамонавыя крамы», і «крыху дэманічна пажадлівых кабет-манэкенаў». На гэтым здымку якраз з-за сьпіны самога Гуменюка выглядае незнаёмка.

Для Юркі шмат значыла эстэтыка Бруна Шульца і гарадзенскай пісьменьніцы Зоф’і Налкоўскай, якая заўважыла Бруна і дапамагла яму. Ён адчуў у іхняй творчасьці значную энэргетыку, якая, магчыма, адлюстравалася ў ягоных, гуменюковых, вершах, прызнаецца ў сваім апошнім эсэ сёньня мёртвы паэт.

У верасьні на тых вуліцах Горадні, якія захавалі даваенны выгляд, здымалася кіно пра радзівілаўскіх апосталаў, якія зьніклі нібыта падчас вайны. Горад стаў на пару дзён ажно Бэрлінам. Гуменюка запрасілі здымацца ў масоўцы. Казаў мне, што праз сацыяльныя сеткі знайшлі, падышоў як тыпаж. Яму спадабаўся антураж, касьцюмы, зброя. Усё выглядала эфэктна, а гарадзенскім жанчынам, па ягоных назіраньнях, было даспадобы ў ролі бэрлінак.

Сам ён адчуваў сябе нібы ў сваім часе: у паліто, пад капялюшам — клясычны выгляд яму вельмі падабаўся. Нездарма любіў здымацца пад матылём, з капялюшом на галаве. Артыстычны выгляд яго цешыў, паэт павінен выглядаць менавіта так, лічыў ён: крыху старамодна, па-рэтраўску, у даваенным стылі.

Летась у галерэі «Крыга» адбылася цікавая падзея: была прадстаўленая ў фотаздымках гісторыя некалькіх гарадзенскіх сем’яў, пачынаючы з царскіх часоў. На вуліцы пад яблыняй сядзелі тыя, хто дапамог стварыць выставу, і сярод іх быў Юры Гуменюк, які распавёў пра ўкаранёнасьць Гуменюкоў у Горадні. Ён гэтым ганарыўся. Тэкст аб сваёй сям’і ён пасьпеў напісаць і апублікаваць раней.

Трэцяга студзеня ў галерэі «Крыга» было каляднае спатканьне паэтаў, мастакоў, музыкаў. Паэты чыталі вершы, музыкі гралі, мастакі слухалі і пілі віно. Добрае віно, між іншым, было тым разам. Я пайшоў раней, Юрка запыніў і нечакана папрасіў грошай «на кілішак» пасьля галерэі. Ніколі раней ня чуў ад яго такіх просьбаў і ня змог адмовіць. Больш яго ня бачыў.

Ён быў эстэтам, яму падабалася некалі называць сябе «лагодным дэндзі», сымбалісты, мадэрністы былых часоў былі яго ўлюбёнымі героямі. Але жыцьцё ня мела нічога агульнага з былымі часам. Гумянюк мусіў трымаць сваю музу, як салаўя, у пакаёвай клетцы, а сам набіраў, вычытваў тэксты ў «Пагоні», пісаў сцэнары для дзіцячай навагодняй ялінкі ў лялечным тэатры, затым бегаў зь мікрафонам, рыхтуючы перадачы для радыё.

Першы раз я заўважыў Юрку ў гарадзкім аўтобусе, з аднакурсьнікам абмяркоўвалі паэзію Гумілёва. Гумянюк пайшоў на польскую філялёгію ва ўнівэрсытэце, як толькі яна адкрылася. Стваральніца польскай філялёгіі была знаўцай Зоф’і Налкоўскай. Нездарма Гумянюк таксама добра ведаў яе творчасьць, балазе яны жыла ў яго любімыя даваенныя часы.

Для тых, хто ведаў Юрыя Гуменюка, быў знаёмы зь ягонай творчасьцю, цяпер будуць нагадваць аб ім цені паэта: у былым тэатры Тызэнгаўза, дзе ён працаваў, у камяніцы 1795 году на Дамініканскай, дзе была рэдакцыя «Пагоні», у купалаўскім унівэрсытэце, у музэйным пакоі Зоф’і Налкоўскай.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG