Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як пошуг маланкі» — фільм Міхася Чарняўскага пра антысавецкі супраціў


http://www.youtube.com/embed/QxAZ_WzuUV0?rel=0

«Як пошуг маланкі» — фільм Валерыя Мазынскага і Міхася Чарняўскага пра моладзевы антысавецкі супраціў, зьняты на замову тэлеканалу Белсат.

Галоўны герой стужкі — Расьціслаў Лапіцкі. Ён зь юнацтва выношваў пляны змаганьня з камуністычным рэжымам. У 1948 г. яму споўнілася 20 гадоў, і хлопец перайшоў у дзясятую клясу. Тады Лапіцкі і стварыў падпольную моладзевую арганізацыю ў Мядзеле, да якой далучыліся сябры. Бліжэйшымі ягонымі паплечнікамі сталі Факусь Несьцяровіч зь Юшкавічаў і Юзік Качарга з Качарог. Хлапцы пачалі выпускаць улёткі, тэксты якіх пісаў Расьціслаў:

«Сьмерць вырадкам роду чалавечага!

Партызаны! Падпольшчыкі!
Стойце на абароне сваёй справы! Беражыце ў сабе сьвятую нянавісьць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавека. Біце сталінскіх шакалаў!
Моладзь! Не губляй сумленьня, змагайся супраць тых, хто сьлепа верыць у падман камунізму, узначаленага хрыстапрадаўцамі — Юдамі. Яны хочуць усіх нас расьпяць на пяціканцовай зьвязьдзе. Да зброі! Ня бойцеся ахвяраў і пакут!
Уперад да сьветлай будучыні!
Вашыя браты»


Неўзабаве дзейнасьць арганізацыі ахапіла ўсю Мядзельшчыну і Смаргоншчыну, а яе слава разышлася па ўсёй Беларусі. Усхапіліся спэцслужбы. Пачаліся нагляд, росшукі, допыты. Спэцслужбы шмат чаго ведалі пра мядзельска-смаргонскую арганізацыю праз даносчыка, «шасьцёрку». У ноч з 1 на 2 лютага 1950 г. у Смаргоні зладзілі засаду. Затрымлівалі ўсіх, хто заходзіў. Расьціслава Лапіцкага арыштавалі ў Кабыльніку, у доме ягонага сябра. Факунду Несьцяровіча, які ўжо вучыўся ў Менскім палітэхнікуме, арыштавалі дома. Юзіка Качаргу забралі з заняткаў у Мядзельскай школе.

Расьціслава, асуджанага да расстрэлу, пару месяцаў трымалі ў вялейскай турме ў камэры сьмяротнікаў. Яго там бачыў адзін са зьняволеных, схварэлага і апухлага. Але духоўна Лапіцкі не зламаўся, адмовіўся ад памілаваньня. 22-гадовы Слаўка быў верны сабе да апошняга:

«Дзе ні буду, нават у найменшым краі зямнога шару — усюды буду весьці барацьбу супраць савецкай улады. Мой шлях правільны — за мной увесь народ».


Праз 60 гадоў тых памятных падзеяў Валеры Мазынскі ды Міхась Чарняўскі сустрэліся з удзельнікамі падпольля, якое кінула выклік сталінскай сыстэме. Фільм «Як пошуг маланкі», зьняты на замову тэлеканалу «Белсат», уключае ў сябе ўнікальную кінакроніку і дакумэнты, кінарэканструкцыю падзеяў, успаміны аднавяскоўцаў, а таксама былых паплечнікаў Лапіцкага: Юзіка Качаргі са Шчэціна, Леакадзіі Дамброўскай з Сопату, Зосі Лапіцкай з Гіжыцку, Зянона Ахрамовіча з Эльблёнгу, Тацяны Ашукоўскай з Расеі і, вядома, сястры Лапіцкага — Вольгі. У кожнага зь іх свая гісторыя, свой лёс.

Галоўную ролю — Расьціслава Лапіцкага — сыграў 22-гадовы Уладзімір Шульжыцкі, кіраўнік смаргонскай суполкі «Моладзі БНФ». Паплечнікаў Лапіцкага ўвасобілі Дзяніс Лазар з Маладзечна, Юстына Саўка зь Менску, вайскоўцаў і спэцслужбоўцаў — Павал Гарадніцкі, Аляксей Кавалец, Аляксей Сюдак ды інш. Здымкі праходзілі ў Маладзечна, Вялейцы, Смаргоні, Вільні, вёсках і мястэчках.


Былая турма КГБ, а цяпер музэй у Вільні даў памяшканьне для рэканструкцыі падзеяў, калі Лапіцкі сядзеў у маладзечанскай турме. Там яго катавалі, выпрабоўвалі голадам і холадам. Адмыслова для гэтых здымкаў Уладзімір Шульжыцкі, выканаўца галоўнай ролі, пагаліўся налыса.

«Было цяжка, але вельмі цікава. Нягледзячы на тое, што асоба Лапіцкага мне ідэйна блізкая, было складана ўвайсьці ў ролю. Усё-ткі тыя падзеі былі даўно, 60 гадоў таму, іншыя варункі і абставіны. Думаю, у мяне атрымалася», — распавёў Шульжыцкі напярэдадні прэм’еры.

Дакумэнтальная стужка «Як пошуг маланкі» зьнятая на аснове аднайменнай кніжкі Міхася Чарняўскага, ён жа выступіў і аўтарам сцэнару. Завяршаецца фільм кадрамі, як мясцовая моладзь ставіць вялікі драўляны крыж у гонар Расьціслава Лапіцкага.

«У гэтай гісторыі яшчэ рана ставіць кропку. Той вялікі шэры камень, які паставіла моладзь як помнік Расьціславу Лапіцкаму, зьнік, яго няма. Невядомыя асобы, цёмнаю ноччу, як некалі Расьціслава Лапіцкага, вывезьлі яго за горад і закапалі. Потым моладзь усталявала драўляныя крыжы, але і гэтыя крыжы былі сьпілаваныя, вывернутыя і зьнішчаныя, — распавёў Міхась Чарняўскі. Памяць пра Расьціслава Лапіцкага, які аддаў сваё жыцьцё змаганьню супраць камуністычнай улады, не дае спакою мясцоваму начальству. Яно змагаецца з гэтаю памяцьцю, як толькі можа. Але гэтыя намаганьні безнадзейныя, бо памяць пра Расьціслава Лапіцкага ўжо трымаецца ў народзе і будзе трымацца сотні і сотні гадоў».

Рэжысэр Валер Мазынскі перакананы, што галоўнаю прычынаю непрыняцьця Лапіцкага як героя ёсьць страх:

«Любая ўлада ня хоча, каб апанэнт быў моцны, а пры той характарыстыцы, якую мае сярэдні беларус, Лапіцкі ёсць звышмоцнаю асобаю, якую не зламалі. Нязломнасьць — галоўны страх для суперніка. Але будзе час, і Лапіцкаму паставяць помнікі, а ягонае імя трапіць у падручнікі гераічнай гісторыі Беларусі».

XS
SM
MD
LG