Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр вэтэран Адраджэньня гісторык Міхась Чарняўскі


Міхась Чарняўскі

Міхась Чарняўскі

Раніцай 20 студзеня пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр археоляг, кандыдат гістарычных навук Міхась Чарняўскі.

Яму ішоў 75-ты год.

У апошнія месяцы Міхась Чарняўскі перанёс некалькі апэрацыяў. Як паведаміў Радыё Свабода сын Максім, прычына сьмерці — бліскавічнае разьвіцьцё ракавых пухлінаў, пра існаваньне якіх не падазравалі і якіх не было яшчэ ў канцы восені.

Міхась Чарняўскі — дасьледнік паваеннага антыбальшавіцкага супраціву, грамадзкі, палітычны і культурны дзеяч Беларусі, археоляг і гісторык, пісьменьнік, дацэнт кафедры археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Адзін з заснавальнікаў БНФ ды ініцыятар адраджэньня беларускай сацыял-дэмакратыі.

Разьвітаньне адбудзецца, паводле папярэдняй інфармацыі, а 10-ай гадзіне 22 студзеня 2013 году, у рытуальнай залі Дома Смутку, што па вуліцы Куляшова (раён Партызанскага праспэкту).


Афіцыйны адрас Дома Смутку — завулак Кабушкіна, 49. Але заезд з вуліцы Куляшова, да якога ён прымыкае.



Водгукі на сьмерць Міхася Чарняўскага


Валер Мазынскі

Валер Мазынскі

Рэжысэр Валеры Мазынскі, які апошнія гады шчыльна працаваў зь Міхасём Чарняўскім, разам зрабілі фільм «Як пошуг маланкі»:
«Я пазнаёміўся зь ім занадта позна для свайго ўзросту… І таму вельмі зайздрошчу тым, хто з маладосьці меў магчымасьць сустракацца зь ім часта. Гэта той выпадак, калі ў тваю душу спакваля пачынае прабівацца родная крыніца ўсяго жывога, беларускага… Пры ім здавалася, што жыць нам яшчэ так доўга, бо столькі справаў трэба зрабіць! І рабіць бяз крыку, мітусьні, бяз стуканьня сябе ў грудзі і патрабаваньня за гэта нейкіх даброцьцяў. Ён адзін з тых, хто будаваў наш Храм, зьбіраючы самыя, здавалася, нязначныя аскалёпкі нашай гісторыі і будаваў, будаваў… Ён жыў Бацькаўшчынай, як жывуць сям’ёй, сваім падворкам, удыхаючы кожную раніцу поўнымі грудзьмі гэта нашае паветра і ўглядаючыся ў кожны пагорак, што трапляў на вочы.

Колькі пасьпеў ён зрабіць! Гэты ціхі нетаропкі чалавек! Колькім людзям ён пасьпеў дапамагчы, колькі разумных парадаў ён даў, застаючыся заўсёды трошкі наводдаль… Відаць, так было лепш бачна яму і чалавека і і яго ўчынкі. А колькі таямніц застанецца зь ім?… Дзякаваць Богу, ёсьць Максім, які для яго стаў самым вялікім скарбам, бо ён зь лёгкай душой рыхтаваўся адыходзіць у лепшы Сьвет, перадаючы назапашанае за сваё жыцьцё сыну, і сапраўднаму нашчадку».

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Палітык, мовазнаўца, адзін з пачынальнікаў беларускага дэмакратычнага руху 80-х гадоў Вінцук Вячорка:

«Міхась Чарняўскі — адзін з волатаў беларускага духу. Чалавек эпохі Адраджэньня. Энцыкляпэдыст і працаўнік, нязломны і прынцыповы, высокамаральны і сьціплы. Для майго пакаленьня ён увасабляў жывую нітку пераемнасьці. Гэта ад яго я даведаўся пра Ларысу Геніюш (мэмуары якой ён, рызыкуючы свабодай, вывез і ўрэшце апублікаваў) і пра Расьціслава Лапіцкага. І сам ён быў адважным носьбітам і стваральнікам беларушчыны — як гісторык і археоляг, як пэдагог, як грамадзка-палітычны лідэр.

Ён быў адной з ключавых постацяў «Акадэмічнага асяродку», за што быў выкінуты з Акадэміі, а потым з стаіцызмам і спакойным гумарам распавядаў пра гады працы ляўкасьнікам. Безь ягонага мудрага ўдзелу немагчыма ўявіць «Мартыралёг Беларусі» і Аргкамітэт БНФ «Адраджэньне», зь якіх пачалася новая эпоха.

Ягоны сыход нечаканы і балючы, яшчэ зусім нядаўна ён энэргічна дзяліўся плянамі працягваць выкананьне яшчэ юнацкага абавязку — сабраць як мага больш матэрыялу пра герояў паваеннага супраціву; ён змагаўся за беларускамоўнасьць гістфаку БДУ ды падтрымліваў як мог наймаладзейшую зьмену; прадумваў далейшыя крокі арганізацыі «Вэтэраны Адраджэньня»… Шчырыя спачуваньні жонцы, дзецям і ўнукам спадара Міхася».


Георгі Штыхаў

Георгі Штыхаў

Узгадвае Георгі Штыхаў, доктар гістарычных навук, былы дырэктар Інстытуту гісторыі НАН:

«Гэта найвыдатнейшы беларускі археоляг. І вельмі любіў раскопкі, археолёгію зь дзяцінства. Чарняўскі адкрыў шмат старажытных стаянак, вывучаў каменны век і эпоху бронзы. Памятаю, як ён праводзіў вельмі цяжкія раскопкі на балоце. Адна са стаянак пакрылася багнай. А ён знайшоў там найцікавейшыя рэчы — выяву ідала з дрэва, якой больш за 5 тысяч гадоў. А другая ўнікальная знаходка — касьцяная фігурка чалавека, якая таксама адносіцца да каменнага веку. Прычым, займаўся раскопамі на вельмі вялікіх тэрыторыях. Але Міхась цікавіўся яшчэ шмат чым, дыяпазан інтарэсаў вельмі вялікі. Напісаў некалькі кнігі дасьледаваньняў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэта страта неймаверна вялікая, страта нацыянальнага маштабу».

Міхась Чарняўскі разам з Уладзімерам Караткевічам, Зянонам Пазьняком, Лявонам Баразной, Міколам Ермаловічам быў удзельнікам клюбу вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», разгромленага ў 1973–74 годзе.

Узгадвае гісторык Валянцін Голубеў: «Спадар Міхась — гэта мой старэйшы сябар і калега і па палітыцы, і па навуцы. Гэта прыклад змагара за Беларусь. Гэта, бадай, апошні палітычны зьняволены, як быў яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Ён перажыў цяжкі час рэпрэсіяў ужо пасьля сьмерці Сталіна. Рэпрэсіі былі і ў палітычным, і ў навуковым сэнсе. Але, дзякуй Богу, тады дырэктарам акадэмічнага Інстытуту гісторыі быў Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка, і ён меў мужнасьць Міхася падтрымаць.

Міхась Чарняўскі быў у нацыянальным руху не гарлапанам, а сапраўдным маральным, ідэйным лідэрам. Яго вельмі любілі і паважалі і ў Інстытуце нават камуністы, паважалі ў партыі сацыял-дэмакратаў і ў Народным фронце.

Апошнім часам ён займаўся антысавецкім рухам, адкрываў новыя імёны. Шкада, што не завяршыў...

Гэта такая велізарнейшая ўтрата ўсяго беларускага нацыянальна-вызвольнага руху».

У 1988–1989 гадах Міхась Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту, адраджаў сацыял-дэмакратыю.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў кажа: «Міхась Чарняўскі быў нязьменным рыцарам беларускага Адраджэньня. Гэта заснавальнік ТБМ, „Грамады“ і БНФ. За сваё жыцьцё ён выгадаваў цэлае пакаленьне сапраўдных беларускіх патрыётаў.

Адмыслоўца вельмі шырокага дыяпазону: выдатны археоляг — дастатковыа прыгадаць крэйдавыя капальні пад Ваўкавыскам. Цікавы пісьменьнік. Публіцыст. Мастак.

Яго адыход — вялікая трагедыя і гора для ўсіх беларусаў сьвету».

Міхась Чарняўскі удзельнічаў у падрыхтоўцы «Гісторыі беларускага мастацтва», «Археалёгіі Беларусі» энцыкляпэдыі «Гісторыі Беларусі» ў шасці тамах. Кансультаваў энцыклапедыю «Археалёгія і нумізматыка Беларусі».

Гісторык Ігар Кузьняцоў кажа, што самая галоўная заслуга Чарняўскага — што ён упершыню адкрыў праўду аб Мядзелскім і Смаргонскім моладзевым падпольлі: «Чарняўскі першым адкрыў сьвету імя Расьціслава Лапіцкага, расстралянага ў 1950-я гады. Ён згуртаваў вакол сябе ветэранаў пасьляваеннага антысавецкага супраціву, ён у свой час выпускаў і бюлетэнь, і часопіс. Гэта яркая гістарычная постаць. І спэцыяліста такого ўзроўню, ужо, напэўна ня будзе. Зь ягонай стратай закрываецца пэўная старонака, нават эпоха. Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў адраджэньню беларускай гісторыі. І ягоная спадчына яшчэ доўгія гады будзе запатрабаваная і маладымі гісторыкамі, і гісторыкамі старэйшага пакаленьня. І мы яшчэ не раз будзем спасылацца ў сваіх працах на ягоныя дасьледаваньні».

Гэтым летам Міхась Чарняўскі зьбіраўся здзейсніць сваю запаветную мару — зладзіць раскопы гарадзішча ў роднай вёсцы на Мядзельшчыне. Цяпер гэта мусіць зрабіць ягоны сын, таксама археоляг.

Біяграфія


Міхась Чарняўскі нарадзіўся 7 сакавіка 1938 года ў вёсцы Круці Вілейскага павета Віленскага ваяводзтва (цяпер Мядзельскага раёна Мінскай вобласці). Скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру першабытных плямёнаў каменнага і бронзавага вякоў. У 1971 годзе па выніках дасьледаваньняў абараніў дысэртацыю «Нэаліт Паўночна-Заходняй Беларусі».

Міхась Чарняўскі ўваходзіў у клюб патрыятычна настроенай інтэлігенцыі, вядомы як «Акадэмічны асяродак». За сваё іншадумства ў 1974 годзе ён быў звольнены з працы ў Акадэміі навук.



Міхась Чарняўскі аўтар кнігаў:
- «Нэаліт беларускага Панямоньня»
- «Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі»
- «Страла Расамахі»
- «Археалягічныя помнікі Міншчыны»
- «Вогнепаклоньнікі»
- «Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі»
- «Правадыр крылатых вершнікаў Ян Кароль Хадкевіч»
- «Як пошуг маланкі. Расьціслаў Лапіцкі»

У якасьці аўтара і рэдактара Міхась Чарняўскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да друку такіх выданьняў, як «Гісторыя беларускага мастацтва», чатырохтомная «Археалёгія Беларусі» і «Гісторыя Беларусі» ў шасьці тамах. Быў навуковым кансультантам і аўтарам энцыкляпэдыі «Археалёгія і нумізматыка Беларусі» (1993), Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі ў сямі кнігах.

Міхася Чарняўскага і яго сям’ю зьвязвала сяброўства з выдатнай паэткай і пакутніцай ГУЛАГу Ларысай Геніюш. Менавіта яму паэтка аддала на захаваньне сваю «Споведзь», якая была апублікавана ўжо ў час палітычных пераменаў у Беларусі. Ён склаў зборнік матэрыялаў пра дзейнасьць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольля «Ня бойцеся ахвяраў і пакутаў».
Займаючы пасьлядоўна дэмакратычныя і патрыятычныя пазыцыі, Міхась Чарняўскі ў апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу браў чынны ўдзел у руху за дэмакратычную незалежную Беларусь. Ён быў у ліку сябраў арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту. У час працы ўстаноўчага зьезду БНФ у Вільні (24 чэрвеня 1989 г.) ён выказаў думку аб неабходнасьці адраджэньня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі. У канцы 1990 г. Міхась Чарняўскі стаў сябрам Ініцыятыўнай групы, а потым Арганізацыйнага камітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (з 1996 г. — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя).


Чарняўскі быў адным з адраджэнцаў сацыял-дэмакратычнага руху Беларусі.

Чытайце таксама: Бацькі і дзеці незалежнасьці: Міхась Чарняўскі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG