Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія анёлы


Увечары 7 студзеня 23-гадовы расеец Сяргей замярзаў на трасе Менск-Масква. Без жытла, бяз грошай, бяз працы, без надзеі. Праз чатыры дні, сагрэты й накормлены, ён ужо жыў на кватэры і меў прапановы працы. Усё дзякуючы неабыякавым беларусам.

Сяргей — былы дзетдомавец. Кватэру, што засталася яму ў спадчыну, забралі махляры, яны ж завезьлі яго ў Беларусь і выкінулі, сунуўшы трохі грошай, «каб ня ўздумаў вяртацца». Грошай на жыцьцё ў чужой краіне надоўга не хапіла, працу без дыплёмаў і рэгістрацыі не знайшоў — і сабраўся назад у Расею. Пешшу.

І тут яго на дарозе падабрала машына.

Студэнты Сяргей Касьцючэнка й Марыям Мушэйміш ехалі ў аэрапорт сустракаць родзічаў.

«Мы заўважылі на ўзбочыне чалавека, вырашылі падвезьці. Спачатку ён папрасіў высадзіць яго дзе-небудзь на трасе, дзе можна злавіць фуру да Масквы. Але, паслухаўшы ягоную гісторыю, пабачыўшы, як лёгка ён апрануты, мы вырашылі гэтага не рабіць, а вярнуцца ў Менск і паспрабаваць дапамагчы яму тут».

«Ніводная арганізацыя, якая б магла дапамагчы, не прыйшла нам у галаву, — прызнаецца Марыям. — Ёсьць розныя „гарачыя лініі“, але чамусьці нікуды мы не змаглі дазваніцца. Інтэрнэт выдаў мне спасылку на сайт пошукава-ратавальнага атраду „Анёл“. І гэта аказалася адзіная арганізацыя, дзе нам адказалі ў той позьні час».

«Мы першы раз сутыкнуліся з падобным, ня ведалі што рабіць, — кажа Сяргей Касьцючэнка. — У „Анёле“ нам вельмі хутка й прафэсійна давалі парады, самі ўзяліся за арганізацыю дапамогі, за распаўсюд інфармацыі. Бо тут жа пытаньне далёка ня толькі ў грошах — дапамога патрэбная была любая. І вельмі хутка яна стала прыходзіць — нават зь іншых местаў Беларусі».

«Наша дапамога палягае найперш у тым, што мы ведаем, што ў якой пасьлядоўнасьці трэба рабіць, калі людзі разгубленыя й ня ведаюць, куды зьвярнуцца», — тлумачыць камандзір пошукава-ратавальнага атраду Сяргей Коўган. Яму 29 гадоў, ён прыватны прадпрымальнік. Ідэя стварэньня гэткага атраду ўзьнікла ў яго выпадкова.
Мы паехалі дапамагаць – і высьветлілася што толькі мы й адгукнуліся

«Мы сядзелі зь сябрамі на лецішчы, і тут па тэлевізары перадалі, што якраз у нашым раёне прапаў чалавек, які пайшоў у грыбы. Прасілі дапамагчы ў пошуку. Мы паехалі дапамагаць — і высьветлілася, што толькі мы й адгукнуліся. Шукалі толькі міліцыянты й мы. І тады я задумаўся, што такіх людзей вельмі мала».

Сяргей пачаў дапамагаць у пошуках праз асабістае знаёмства з супрацоўнікамі міліцыі — яны тэлефанавалі яму й пыталіся, ці можа ён дапамагчы. Потым праз сацыяльныя сеткі стаў зьбіраць аднадумцаў — з навыкамі спартовага арыентаваньня, аказаньня першай дапамогі і проста з жаданьнем дапамагаць. Створаны для пошукаў у лесе атрад у чэрвені мінулага году атрымаў сваё першае заданьне. Праз два дні пасьля адкрыцьця сайту прыйшла просьба дапамагчы ў пошуках дзяўчыны, якая зьнікла ў горадзе. І цяпер «анёлы» займаюцца ўсім, у чым можа спатрэбіцца іхняя дапамога. Асноўная каардынацыя працы ідзе праз сацыяльныя сеткі — там вывешваюць абвесткі, шукаюць валянтэраў. Любы неабыякавы чалавек можа далучыцца — перапосьціць інфармацыю, перадаць неабходныя рэчы ці грошы, раздрукаваць сабе некалькі арыентыровак на зьніклых і павесіць іх на машыну ці расклеіць у сваім раёне.

Падчас нашае размовы з камандзірам атраду патэлефанавалі каардынатары: дзяўчына якую доўга шукалі, знайшлася. Жывая, здаровая.
Сяргей Коўган паказвае улётку пра чалавека, якога дагэтуль не знайшлі

Сяргей Коўган паказвае улётку пра чалавека, якога дагэтуль не знайшлі


Вядома, у такой справе як пошук зьніклых людзей «Анёл» шчыльна супрацоўнічае зь міліцыяй — і зь менскімі раённымі і гарадзкім упраўленьнямі, і з МУС на агульнанацыянальным узроўні. Як кажа Сяргей Коўган, то арганізатары атраду прапануюць міліцыі сваю дапамогу ці пытаюцца пра навіны й падрабязнасьці пэўнай справы, то супрацоўнікі МУС зьвязваюцца з валянтэрамі й просяць дапамогі.

Кантактуюць дабрачынныя ратавальнікі й з расейскім падобным атрадам «Ліза Алерт», ладзяць сумесныя трэніроўкі. Апошнім часам «Ліза Алерт» хоча стварыць сваю філію ў Менску. Камандзір «Анёлу» кажа, што не разумее — навошта, хай і ў добрай справе, адкрываць «прадстаўніцтва замежнай кампаніі» — але перашкаджаць ім ня будзе.
Сяргей у сям’і Тацяны Лятко

Сяргей у сям’і Тацяны Лятко


А ў выратаванага расейскага дзетдомаўца Сяргея ў Беларусі дзякуючы неабыякавасьці й самаарганізацыі беларусаў ёсьць зімовае адзеньне, ёсьць рэгістрацыя, ёсьць праца, і ёсьць дзе жыць бясплатна, пакуль не заробіць, каб наймаць жытло. У гаспадыні ягонай сёньняшняй кватэры, валянтэркі «Анёлу» Тацяны Лятко, дзьве дачкі-падлеткі, два каты, сабака, трусік, кватэра на капітальным рамонце — а яна пагадзілася прытуліць яшчэ й бяздомнага.

«Чаму я? А хто, калі ня я? » — з сарамлівай усьмешкай кажа спадарыня.

Дарэчы, з рамонтам Сяргей абяцае дапамагчы.

«Мне дапамаглі — я ж не магу гэта так пакінуць, я дапамагу таксама».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG