Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ехаць ці ляцець?


Да Масквы квіток на самалёт каштуе 77 эўра, а квіток на фірмовы цягнік «Менск — Масква» — 93 эўра (1 мільён 60 тысяч беларускіх рублёў). Чаму даляцець да Масквы самалётам цяпер таньней, чым даехаць цягніком, і як фармуюцца тарыфы на пасажырскія перавозкі?

Да Масквы самы танны пляцкартны квіток на звычайны пасажырскі цягнік каштуе 482 тысячы рублёў. Наконт больш камфортнага праезду ў фірмовым хуткім цягніку дзяўчына ў даведцы чыгуначнага вакзалу паведаміла:

«На фірмовых цягніках няма пляцкарты. Купэ каштуе 1 мільён 60 тысяч рублёў».

Паводле сёньняшняга курсу — гэта прыкладна 93 эўра, у два бакі — 186 эўра. На рэйс авіякампаніі «Белавія» зь Менску да Масквы квіток каштуе 77 эўра, у два бакі — 154 эўра.



З 4 студзеня цэны на праезд у чыгуначным транспарце павысіліся. Вядучы спэцыяліст пасажырскай службы Беларускай чыгункі Ігар Саскавец тлумачыць, што пры фармаваньні тарыфаў за аснову бярэцца прынцып тэрытарыяльнасьці:

«Мая тэрыторыя пры праезьдзе да Масквы — 260 кілямэтраў. Гэта грошы беларускія. А вы да Масквы едзеце — грошы за 490 кілямэтраў ідуць Расеі ў тарыфнай валюце — швайцарскіх франках. Чаму, калі Расея павышае кошт праезду па сваёй тэрыторыі, вы не павінны кошт праезду па сваёй павышаць, каб былі роўныя ўмовы праезду? Ёсьць пагадненьне аб міждзяржаўных пасажырскіх тарыфах, якое дае права (артыкул 5) самастойна вызначаць тарыфы дарожным адміністрацыям, якія ўдзельнічаюць у гэтых перавозках».

Вось і выходзіць, што за частку маршруту пасажыр плаціць паводле мясцовых, беларускіх тарыфаў, а за другую частку — паводле міжнародных.

Студэнты, якія вучацца, да прыкладу, у Варшаве, ужо засвоілі, як у 4 разы таньней разы дабірацца на перакладных: зь Менску да Берасьця, зь Берасьця да Тэрэспаля, з Тэрэспаля да Варшавы. Бо квіток да Варшавы на хуткі цягнік зь Менску каштуе ўжо каля 100 эўра.

На перакладных таньней дабірацца і да Масквы, а пагатоў да іншых расейскіх гарадоў, што на ўсход ад яе.

Вядучы спэцыяліст пасажырскай службы Беларускай чыгункі Ігар Саскавец кажа:

«Калі вы будзеце ехаць да Казані, тарыф будзе яшчэ вышэйшы. А калі вы будзеце ехаць да Гомеля, тарыф будзе наагул таньненькі: 20 тысяч у купэйным вагоне. Мясцовыя перавозкі для нас стратныя вельмі».

То бок пасажырскія перавозкі ўнутры краіны стратныя. Таму чыгунка «дабірае» за кошт міжнародных перавозак.

У авіякампаніях прынцып фармаваньня тарыфаў іншы. Намесьнік генэральнага дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец патлумачыў, што тарыфы фармуюцца не дырэктыўным спосабам, а залежаць ад выдаткаў на выкананьне рэйсу і каньюнктуры рынку.

«Тарыфы, цэны замежных авіякампаніяў — гэта каньюнктура рынку. Натуральна, мы сочым за гэтым вельмі ўважліва, як і за ўсімі іншымі замежнымі кампаніямі, якія выконваюць сюды рэйсы і неяк апасродкавана ўплываюць на рынак авіяперавозак Рэспублікі Беларусь».

Карэспандэнтка: «А цяпер квіткі на рэйсы, да прыкладу, расейскіх авіякампаніяў — яны даражэйшыя ці таньнейшыя за цэны „Белавіі“»?

«Наколькі я ведаю, крыху даражэйшыя».

Так, цэны на квіткі ў расейскіх «Аэрафлоце» і «Трансавія» прыкладна на 10–15 эўра вышэйшыя за цэны «Белавія».

Пакуль толькі ў Расею таньней ляцець, чым ехаць з камфортам. Але апошнім часам цэны на чыгуначныя квіткі сталі расьці так хутка, што гэта можа зьмяніцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG