Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унучкі Лукашэнкі: «Любім беларускую мову»

абноўлена

Як унучкам Лукашэнкі прэміі ўручалі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00
Наўпроставы лінк

Унучкі кіраўніка краіны Дар’я і Настасься Лукашэнкі атрымалі ўзнагароды за першае месца ў конкурсе навагодніх пасланьняў школьнікаў Беларусі да Якуба Коласа «Гуляй, зіма, твая часіна!»

Творчае спаборніцтва ладзіў Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа.

На ўручэньне прэміяў прыйшлі ўдзельнікі конкурсу — школьнікі з бацькамі, госьці зь пераліку журы — Анатоль Бутэвіч, Уладзімер Ліпскі і іншыя вядомыя асобы. У актавай залі гасьцей сустракаў Дзед Мароз выкананьнем на фартэпіяна «Зоркі Вэнэры» Максіма Багдановіча. Супрацоўнікі музэю відавочна хваляваліся і на пытаньне пра ўдзел у сьвяце ўнучак Аляксандра Лукашэнкі рэагавалі напружана і нэрвова. Дырэктарка музэю Зінаіда Камароўская кажа, што не спадзявалася на такую ўвагу:

«Мяне проста зьдзіўляюць гэтыя адносіны. Справа ў тым, што калі я прачытала работы гэтых дзяцей, то я нават не надала значэньня, я думала, што гэта аднолькавае прозьвішча. Выдатныя работы дзяцей. Чаму павінны дзеці за гэта адказваць? Чаму ў нас увага толькі таму? Вось гэтыя дзеці, пра якіх вы гаворыце — у іх гэтак разьвітая фантазія. Вось пішуць, што калі паляцела лятаць у зорках, то ў яе спыталіся: што ты хочаш пад Новы год? А я жадаю, каб у нас усе былі здаровыя і каб у нас усе былі разам. І гэта дзіця васьмі гадоў»

Сярод удзельнікаў творчага конкурсу — дзеці розных менскіх школ, а таксама іншых гарадоў краіны. Дар’я і Настасься Лукашэнкі зьявіліся ў залі непрыкметна, без асаблівых мераў бясьпекі, у суправаджэньні маці. Пасьля прывітальных прамоваў слова ўзяў старшыня журы, пісьменьнік Уладзімер Ліпскі, які і ўручыў дзяўчаткам першыя прэміі — ганаровыя граматы, кніжкі і грашовыя ўзнагароды. Наконт апошніх дырэктарка музэю патлумачыла: зрабілі так, бо грошы атрымаў ад бацькі за першы напісаны верш малы Якуб Колас. Перамогу, прысуджаную працам унучак прэзыдэнта, Уладзімер Ліпскі патлумачыў гэтак:

«Мне спадабаліся іхнія казкі, і я ўнёс такую прапанову. Яны таленавітыя дзеці, я гэта адчуў — ім 8 і 9 годзікаў. І дай Бог, каб у кожнай сям’і гэтак працавалі зь дзецьмі, далучалі іх да кнігі, да роднага слова. Гэта тое, чаго нам усім не хапае».

Сьпеўны гурт завяршыў урачыстую частку, і госьці пачалі разыходзіцца. Дар’ю і Настасьсю адразу павялі да выхаду некалькі чалавек зь ліку супрацоўнікаў музэю ў суправаджэньні вялікай колькасьці журналістаў. Але некалькі слоў дзяўчаткі ўсё ж пасьпелі сказаць:

Карэспандэнтка: «Ці спадзяваліся перамагчы ў конкурсе?»

Дзяўчынкі: «Так».

Карэспандэнтка: «Любіце беларускую мову?»

Дзяўчынкі: «Так».

Карэспандэнтка: «А каго любіце чытаць?»

Дзяўчынкі: «Чытаем розных паэтаў — Якуба Коласа, Янку Купалу».

Карэспандэнты: «Што пісалі на конкурс?»

Дзяўчынкі: «Аповед. Я пісала пра незвычайнага сьнегавіка, які ажыў».

«А я пра адзінарога, на якім паехала ў цудоўную краіну. Зь беларускай мовай дапамагала мама».

Карэспандэнтка: «Ці спадабалася вам удзельнічаць у конкурсе?»

Дзяўчынкі: «Так, так».

Іншыя ўдзельнікі конкурсу таксама атрымалі граматы і падарункі і меншую да сябе ўвагу ўспрымалі спакойна:

«Мяне зваць Стэфан, я з гімназіі № 23 Менску. Пісаў аповед пра хлопчыка, які шукаў ялінку на Новы год і знайшоў яе незвычайным чынам».

Карэспандэнтка: «Што не перамог, шкадуеш?»

Стэфан: «Ня вельмі. Але вельмі спадабалася, таму буду ўдзельнічаць яшчэ».

Літаратар Віктар Жыбуль прыйшоў на сьвята са сваім 6-гадовым сынам, які напісаў для конкурсу свой першы верш. Наконт таго, што сын ня стаў пераможцам, сказаў наступнае:

«Мы не амбітныя, і для нас галоўнае ўдзел, а не перамога. А тое, што перамаглі яны, то гэта ня дзіўна… У іх творы такія, традыцыйныя, а ў нашага Кастуся — больш авангардны».

Каб ушанаваць усіх удзельнікаў творчага спаборніцтва ў гонар Якуба Коласа, супрацоўнікі музэю стварылі адмысловую кнігу іхніх прац, дзе кожны з удзельнікаў паставіў свой подпіс. Кніга застанецца ў фондах музэю.


Наста Лукашэнка расьпісваецца ў адмыслова зробленай кнізе ўдзельнікаў конкурсу, якая будзе захоўвацца ў музэі.
Наста Лукашэнка расьпісваецца ў адмыслова зробленай кнізе ўдзельнікаў конкурсу, якая будзе захоўвацца ў музэі.
Дар’я Лукашэнка
Дар’я Лукашэнка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG