Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабодны тэатар» на Мангэтане: сэкс у вялікім горадзе


Сцэна са спэктаклю «Менск, 2011»

Сцэна са спэктаклю «Менск, 2011»

The New York Times: Спэктакль, задуманы і пастаўлены Ўладзімерам Шчэрбанем, зьяўляецца шурпатай мазаікай эпізодаў, якія адлюстроўваюць сьвет, дзе гвалт вымушае маўчаньне, а сэкс і прыемнасьць толькі зрэдку азначаюць адно і тое ж

«Гэта адна з найбольш яскравых і вынаходлівых падпольных трупаў на гэтай плянэце» — так пра беларускі «Свабодны тэатар» напісаў Бэн Брэнтлі, галоўны тэатральны крытык The New York Times.

Пахвальны артыкул Брэнтлі ў вядучай амэрыканскай газэце зьявіўся ў сувязі са спэктаклем «Менск, 2011», які «Свабодны тэатар» пакажа на сцэне Public Theater у Нью-Ёрку (425 Lafayette Street, East Village) 18, 19 і 20 студзеня.

Сярод іншага, Бэн Брэнтлі адзначыў:

«Нешта містычнае — сцэна, якая выклікае і страх, і подзіў — прабіваецца пад канец „Менску, 2011“, прыгожага і брутальнага спэктаклю, пастаўленага беларускім „Свабодным тэатрам“. Як шмат іншых уражальных эфэктаў у тэатры, і гэты дасягаецца пры дапамозе вельмі простых сродкаў: чорнага атраманту, доўгага рулёну бурай паперы і аголенай жанчыны.

Гэта гучыць як пачатак анэкдоту, праўда? Але назваць анэкдатычным тое, што адбываецца ў гэтай сцэне, мы можам толькі ў касьмічным сэнсе — часам можна пабачыць такое ў сцэнах, якія адлюстроўваюць помсту або адплату. Безумоўна, усё, што нам паказваюць, трэба ўспрымаць як мэтафару, але гэта такая мэтафара, якую адчуваеце сваім нутром, якая ўбівае свае кіпцюры ў вашае ўяўленьне і пакідае ў ім шнары…

Поўны загаловак гэтага спэктаклю, які будзе паказаны ў рамках фэстывалю „Under the Radar“ на сцэне Public Theater, гучыць: „Менск, 2011. Адказ для Кэты Акер“. Падобна як кніжка Кэты Акер „Нью-Ёрк у 1979“, спэктакль „Менск, 2011“ зьяўляецца партрэтам мэтраполіі, убачаным праз прызму яе сэксуальнага жыцьця.

Сэкс, паказаны некалькі разоў у гэтым спэктаклі (які ідзе з тытрамі), не выклікае эратычнага ўзбуджэньня. Зразумела, што і згаданая мною сцэна ня мае ў сабе шмат эратычнага, хоць цэнтральнай фігурай у ёй зьяўляецца прыгожая голая жанчына (Яна Русакевіч).

У маналёгу, напісаным Натальляй Калядой і Мікалаем Халезіным, мастацкімі кіраўнікамі трупы, спадарыня Русакевіч апісвае эпізод з жыцьця дзяўчыны-падлетка, якую арыштавала міліцыя, ўзяла адбіткі пальцаў і пазьдзекавалася зь яе. Калі акторка гаворыць, іншыя акторы пакрываюць яе цела атрамантам, а потым кладуць яе на доўгі аркуш паперы, разасланы на падлозе. Потым цесна абвіваюць яе цела гэтай паперай, робячы з жанчыны нешта накшталт кукалкі ў кокане.

Жанчына працягвае гаварыць, а яе галава прабіваецца праз папяровы кокан. Зрок у яе пусты, выгляд — небясьпечны. У руцэ жанчыны бізун, зь якім яна пачынае люта кідацца па сцэне ва ўсе бакі.

„Паслухай, як сьвішча бізун, і зразумей“ — кажа яна. — „Гэта тая дзяўчына. Яна вырасла. Гэта Менск“.

Гэтая адначасова паэтычная і грубая сцэна нараджэньня пачвары, пакліканай да жыцьця гвалтам і рэпрэсіямі — мабыць, найбольш жорсткі момант ва ўсім спэктаклі, хоць жорсткасьці поўна і ў іншых сцэнах. Спэктакль, задуманы і пастаўлены Ўладзімерам Шчэрбанем, зьяўляецца шурпатай мазаікай эпізодаў, якія адлюстроўваюць сьвет, дзе гвалт вымушае маўчаньне, а сэкс і прыемнасьць толькі зрэдку азначаюць адно і тое ж».

У спэктаклі, як адзначае амэрыканская газэта, акторы гавораць на расейскай і беларускай мовах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG