Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чацьвер, празь дзень пасьля прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі, газэта «Советская Белоруссия» надрукавала артыкул галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча пад вельмі крэатыўным загалоўкам «Вопросы и ответы».

Пачатак артыкула варты таго, каб працытаваць гэты кавалак цалкам.

«Многія кажуць, што ў сераду прыйшлі на працу ня выспаўшыся — да глыбокай ночы глядзелі тэлевэрсію прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнта. Зьдзіўляцца няма чаго! Тэлеэкран гэтым разам прыцягваў магнітам дакладна так, як чвэрць стагодзьдзя таму трансьляцыі зь Вярхоўнага Савету СССР, і вельмі нагадваў захапляльныя тэледэбаты 90-х гадоў, у якіх удзельнічаў малады тады палітык Аляксандар Лукашэнка. Прэсавая канфэрэнцыя ў мінулы аўторак сёньня абмяркоўваецца ня толькі як галоўны палітычны хіт году, які пачаўся, але і ўвогуле як найбуйнейшая мэдыйная падзея апошніх гадоў. І ўсе — хто б і як ні ставіўся да ўлады! — адзначаюць ня толькі глыбіню і маштаб праблемаў, якія абмяркоўваліся, але і ашаламляльны ўзровень, які прадэманстраваў прэзыдэнт журналістам, а таксама радыёслухачам і тэлегледачам. У тым ліку і палемічны дар, вытрымку, імгненную рэакцыю і пастаянны кантакт з аўдыторыяй».

Зразумела, функцыя гэтай газэты — прапаганда. Трэба хваліць усё, што робіць прэзыдэнт. Але пасьля такога хваласьпеву складаецца ўражаньне, што аўтару здрадзіла пачуцьцё меры. Раней Павал Якубовіч такога сабе не дазваляў. Ён імкнуўся захаваць рэпутацыю рэспэктабэльнага, саліднага журналісцкага мэтра, які стаіць вышэй за дробны падхалімаж. Гэтым займаліся маладыя журналісты. Але цяпер галоўны рэдактар так «прагнуўся», што за яго стала трохі няёмка. Магчыма, уся справа ў тым, што рыхтуецца сур’ёзная рэформа дзяржаўных газэт, ствараецца адзін мэдыяхолдынг, чакаюцца кадравыя перамены. І трэба засьведчыць пашану.

Цяпер па сутнасьці. На пачатку 1990-х гадоў народ сапраўды з захапленьнем глядзеў ТБ, бо публічныя дэбаты, сьмелая крытыка былі для савецкіх людзей у навіну. У нашым жа выпадку беларусы ўжо 18 гадоў бачаць тэатар аднаго актора, які грае адзін і той жа спэктакль. Гэта стала нагадваць нудны цырыманіял. Бо ўсе словы адзінага актора электарат даўно ўжо вывучыў напамяць. І цяжка ўявіць, што шмат людзей дапазна глядзелі гэтую цягамоціну, калі ў гэты ж час па расейскіх каналах ішлі захапляльныя дэтэктыўныя сэрыялы.

Зь іншага боку, калі адзіная форма тэледэбатаў — прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнта, якая адбываецца раз на год, то гэта значыць, што ў краіне нешта ня так. Гэта значыць, што Беларусь вярнулася ў СССР і народ зь нецярплівасьцю чакае сваёй Перабудовы.

«Прэзыдэнт прапанаваў усім фармат свабоднага дыялёгу», — піша Якубовіч. Але прэсавая канфэрэнцыя па самой сваёй прыродзе ня можа набыць фармат дыялёгу. Гэта нейкі сурагат, імітацыя сапраўдных дэбатаў. Бо магчымасьці бакоў зусім ня роўныя. Калі журналіст пачынаў нешта пярэчыць, Лукашэнка яго мог перапыніць у любы момант і адказваць столькі часу, колькі сам захоча. Пры тым, што журналіст для адказу слова не атрымліваў. У гэтым пастка для прадстаўнікоў незалежных мэдыяў, якія маглі паверыць, што гэта сапраўдны дыялёг. А вонкава выглядае, што Лукашэнка дэманструе «палемічны дар». Сапраўдных жа дэбатаў прэзыдэнт пазьбягае ўжо 18 гадоў. Таму ці застаўся насамрэч той палемічны дар, ніхто ня ведае. Бо немагчыма ацаніць здольнасьці спартоўца без сапраўдных спаборніцтваў.

Але цікава тут іншае. Сп. Якубовіч, з аднаго боку, захапляецца Лукашэнкам, які нібыта «прапанаваў усім фармат свабоднага дыялёгу» і ў ім бліскуча перамог. А зь іншага боку, ён абвінавачвае тых прадстаўнікоў мэдыяў, якія прынялі прапанову прэзыдэнта і паспрабавалі задаваць непрыемныя для кіраўніка дзяржавы пытаньні і нават спрачацца. «Некаторыя ўявілі сябе не журналістамі, а дзекабрыстамі, якія выйшлі на Сэнацкую плошчу, каб застацца ў Гісторыі», — піша галоўны рэдактар прэзыдэнцкай газэты. Цікава, а кім уяўляюць сябе супрацоўнікі дзяржаўных мэдыяў? Журналістамі?
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG