Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілася месца «прэзыдэнцкага заўхоза»


Адміністрацыя прэзыдэнта
Адміністрацыя прэзыдэнта

Кіраўнік спраў прэзыдэнта Мікалай Корбут вызвалены ад пасады.

Паводле прэзыдэнцкага ўказу ён пераходзіць на іншую працу.

Мікалай Корбут быў прызначаны на сваю пасаду ў сьнежні 2009 году, пасьля сыходу зь яе Мікалая Дамашкевіча. Дагэтуль Корбут быў першым намесьнікам кіраўніка справамі.

Паводле афіцыйных падлікаў, у назвах ажно 80 арганізацый пазначана: «Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Сапраўдныя гандлёвыя абароты беларускай бізнэс-імпэрыі ніколі не абнародаваліся. Па сьведчаньнях першага «прэзыдэнцкага заўхоза» Івана Ціцянкова, нават у яго часы, у канцы 90-х, прыбыткі ішлі на мільярды даляраў.

Найдаўжэй за астатніх на пасадзе «прэзыдэнцкага заўхоза» заставаўся Іван Ціцянкоў. Ягоная адстаўка «па ўласным жаданьні» стала шмат для каго нечаканасьцю, бо гэта быў адзін з самых адданых прыхільнікаў Лукашэнкі. Ціцянкоў зьехаў у Расею. Другім кіраўніком спраў зрабіўся Ўладзімер Ганчарэнка, які раней займаў міністэрскую пасаду, але кіраваў нядоўга. Трэцім кіраўніком спраў прэзыдэнта прызначылі Галіну Жураўкову. Яна, як вядома, скончыла сваю палітычную кар’еру на лаве падсудных. Чацьвёртым кіраўніком спраў Лукашэнка прызначыў Генадзя Лаўранкова, які раней ачольваў інспэкцыю Міністэрства падаткаў і збораў па Магілёўскай вобласьці. Лукашэнка паставіў тады яму задачу самым жорсткім чынам, «гарачым жалезам» выпаліць усё нячыстае ў гэтай структуры зьверху данізу. Лаўранкова кіраўнік краіны знаў асабіста яшчэ па сваёй працы на Шклоўшчыне і заявіў, што як ніколі раней на гэтую пасаду прызначаецца «чалавек прэзыдэнта». Аднак, як бачым, Генадзь Лаўранкоў пратрымаўся на сваёй пасадзе менш за год. Лукашэнка, зрэшты, не пакінуў яго бяз працы і прызначыў памочнікам прэзыдэнта, галоўным інспэктарам па Магілёўскай вобласьці. Пасьля Лаўранкова тры гады гэтую пасаду займаў Аляксандар Кулічкоў, які быў дагэтуль міністрам гандлю. Яго зьмяніў былы кіраўнік Меншчыны Мікалай Дамашкевіч, які заставаўся на пасадзе адзін год.


«Прэзыдэнцкія заўхозы»:


• Іван Ціцянкоў 1994–1999

• Уладзімір Ганчарэнка 1999–2001

• Галіна Жураўкова 2001–2004

• Генадзь Лаўранкоў 2004–2005

• Аляксандр Кулічкоў 2005–2008

• Мікалай Дамашкевіч 2008–2009

• Мікалай Корбут 2009–2013
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG