Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікаў са сьпісу неўязных не запросяць на саміт «Усходняга партнэрства»


Пра гэта паведаміла дарадца прэзыдэнта Літвы па замежных справах Явіта Нелюпшэне 18 студзеня.

«Само „Ўсходняе партнэрства“ створанае для таго, каб супрацоўнічалі ўрады, аднак на сустрэчу ня будуць запрашацца людзі, на якіх распаўсюджваюцца абмежаваньні», — прыводзіць словы дарадцы партал Delfi.

Саміт «Усходняга партнэрства» прызначаны на лістапад гэтага году і адбудзецца ў Вільні. Прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных камэнтаваць словы дарадцы літоўскага прэзыдэнта адмовіўся — маўляў, гэта ўсяго толькі «намеры, а намеры мы не камэнтуем».

Сапраўды, да самога саміту яшчэ досыць шмат часу, а дыскусіі пра тое, ці запрашаць беларускіх чыноўнікаў, ужо пачаліся.

Колькі дзён таму кіраўнік амэрыканскай арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр катэгарычна заклікаў не запрашаць на саміт прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай улады.

«Я не лічу, што там павінны быць прадстаўнікі беларускіх уладаў, калі захаваецца цяперашняя сытуацыя. Мне б нашмат больш хацелася, каб Беларусь прадстаўлялі актывісты грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцы. Я не кажу „ніколі не размаўляйце з урадам“, гэта нерэальна. Але ня варта было б даваць людзям з ураду такую плятформу, як „Усходняе партнэрства“», — заявіў ён.
Прадстаўнікі афіцыйнай улады павінны прысутнічаць на саміце, але ня тыя, хто ў „чорным сьпісе“ Эўразьвязу

«Прадстаўнікі афіцыйнай улады павінны прысутнічаць на саміце, але ня тыя, хто ў „чорным сьпісе“ Эўразьвязу», — такая асабістая пазыцыя Ўладзімера Мацкевіча, кіраўніка каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства. «Праўда, — кажа ён, — гэтыя афіцыйныя прадстаўнікі зьяўляюцца несамастойнымі фігурамі, яны проста выканаўцы. Гэта зь цяжкасьцю разумеюць эўрапейскія лідэры, бо яны па-ранейшаму думаюць, што адпаведныя пасады ў эўрапейскай герархіі аналягічныя беларускім. Сапраўды лічаць, што мэр беларускага гораду, як і мэр эўрапейскага, узначальвае самакіраваньне».

Што да «чорных сьпісаў», то, на думку Ўладзімера Мацкевіча, гэта адзіная дзейсная санкцыя з усіх, што прымаліся ў дачыненьні да прадстаўнікоў беларускага рэжыму. «Ніякіх паслабленьняў тут быць ня можа», — кажа Ўладзімер Мацкевіч.

Між тым адзін зь фігурантаў «чорнага сьпісу» Ўладзімер Макей, міністар замежных спраў, запрошаны да ўдзелу ў нефармальным саміце краінаў «Усходняга партнэрства» ў Тбілісі. Ён выправіцца туды на пачатку лютага разам зь міністрам транспарту Анатолем Сіваком. Запрашэньне беларускім чыноўнікам адправіла Грузія.

Будуць на сустрэчы і два эўракамісары — Штэфан Фюле, які займаецца пытаньнямі пашырэньня палітыкі добрасуседзтва, і эўракамісар па пытаньнях транспарту Сіім Калас.

Між тым сёньня ў МЗС абмяркоўвалі праблематыку «Ўсходняга партнэрства» якраз зь літоўскімі дыпляматамі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС. Зь беларускага боку ў перамовах удзельнічаў кіраўнік упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Раман Раманоўскі, а зь літоўскага — дырэктар дэпартамэнту Ўсходняга суседзтва Эдмінас Багдонас і амбасадар па адмысловых даручэньнях МЗС Вайдотас Вярба.

Сустракаліся літоўскія дыпляматы і з намесьнікам міністра Аленай Купчынай.

Прэс-служба сьцьвярджае, што абмяркоўвалася падрыхтоўка да Віленскага саміту «Ўсходняга партнэрства».
XS
SM
MD
LG