Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што тычыцца вагі цела, дык людзей наогул хвалюе празьмерная вага і атлусьцеласьць. Гэта ў прынцыпе слушна, паколькі людзей, якія важаць зашмат, у дзясяткі разоў болей, чым тых, якія важаць замала.

Аднак жа замалая вага цела — гэта таксама сур’ёзная праблема, як кулінарная, так і мэдычная. У кожнай папуляцыі існуе 1%-2% людзей, якім няблага было б патаўсьцець, каб дацягнуць да таго, што лекары і навукоўцы лічаць вагавой нормай.

У інтэрнэце знойдзецца процьма адказаў на пытаньне, якую дыету і лад жыцьця выбраць, каб пахудзець здаровым чынам. А вось як разумна патаўсьцець — тут парадаў сапраўды няшмат.

Вось адна зь іх (для тых, хто хоча патаўсьцець за кошт большай вагі мышцаў, а ня тлушчу):

1. Спалучыце больш інтэнсіўнае харчаваньне зь фізычнымі практыкаваньнямі. Не «пераядайце», павялічце свой калярыйны дзённы рацыён на 300-400 калёрый.

2. У дыеце пазьбягайце салодкіх ласункаў, «фастфудаў» і салоджаных газіраваных напояў, якія даюць «пустыя калёрыі», то бок не будуюць мышцаў, а нарошчваюць тлушч.

3. Ежце прынамсі пяць разоў на дзень (прамежкі паміж спажываньнем ежы не павінны быць большыя, чым 3 гадзіны).

4. Ежце тое, што мае шмат калёрый і як мага меншы аб’ём: арэхі, малочныя кактэйлі, натуральны ёгурт, сушаную садавіну.

5. Перад фізычнымі практыкаваньнямі спажывайце рыс, макароны, кашу, хлеб, пасьля практыкаваньняў — садавіну і малочныя кактэйлі.

6. Ежце кураціну і рыбу, пазьбягайце сьвініну і ялавічыну, асабліва смажаную.

Не забывайце, што пры здаровым набіраньні вагі, як і пры яе скіданьні, патрэбна настойлівасьць і цярплівасьць.
XS
SM
MD
LG