Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Славуты амэрыканскі раварыст Лэнс Армстранг прызнаўся ў інтэрвію тэлевядучай Опры Ўінфры, што прымаў забароненыя стымулятары ў гонках Tour de France, якія ён выйграў сем разоў запар у 1999-2005 гг.

Армстранг таксама адзначыў у згаданай праграме — якая выйшла ў эфір 17 студзеня, але была запісаная некалькі дзён раней — што аднаму спартоўцу немагчыма выйграць сем гонак Tour de France бяз допінгу.

Наконт свайго ранейшага адмаўленьня факту, што ён прымаў стымулятары, Армстранг у праграме Опры Ўінфры сказаў:

«Гэта была адна вялікая хлусьня, якую я паўтарыў мноства разоў. Я сам прымаў гэтыя рашэньні, я сам дапусьціў гэтыя памылкі, і я тут дзеля таго, каб выбачыцца за іх».

У жніўні летась Армстранг заявіў, што ён перапыняе змаганьне з абвінавачаньнямі ў прыманьні допінгу і адмаўляецца ад сваіх спартовых тытулаў. Аднак тады ён не прызнаўся, што Антыдопінгавае агенцтва ЗША, якое абвінаваціла яго ў прыманьні недазволеных спартоўцам рэчываў, мела рацыю.

У кастрычніку летась Армстранг быў пажыцьцёва дыскваліфікаваны Міжнародным саюзам раварыстаў і пазбаўлены ўсіх тытулаў, якія ён заваяваў, пачынаючы са жніўня 1998 году.

Допінгавая справа Армстранга выклікала ўсеагульнае зацікаўленьне яшчэ і таму, што ў спартоўца ў 1996 годзе лекары выкрылі рак яечкаў з мэтастазамі, якія распаўсюдзіліся на лёгкія і мозг. Лэнс Армстранг выйграў змаганьне з ракам, але прайграў з Антыдопінгавым агенцтвам ЗША.

Варта тут нагадаць, што па выніках паўторных аналізаў сёлета ня быў дапушчаны да выступаў на Алімпіядзе ў Лёндане беларускі малатабоец Іван Ціхан. А празь некалькі дзён пасьля завяршэньня Гульняў-2012 ва ўжываньні допінгу абвінавацілі штурхальніцу ядра Надзею Астапчук. Яна страціла залатую ўзнагароду і тытул алімпійскай чэмпіёнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG