Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал з курткаю. Перамога беларусаў у Баку. Спорт і сэкс.


Віталь Цыганкоў

(эфір 26 Лістапада 2000)

Скандал у беларускай лёгкай атлетыцы,
міжнародная перамога беларускіх журналістаў,
пікантныя моманты ўсясьветнага спорту.

(Цыганкоў: ) "Беларускія легкаатлеты завяршаюць сёлетні алімпійскі сэзон скандалам у сваіх шэрагах. Выканаўчы камітэт Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі вырашыў забараніць на бліжэйшыя паўгады браць удзел у міжнародных спаборніцтвах аднаму зь вядучых спартоўцаў краіны дыскаболу Ўладзімеру Дуброўшчыку. З падрабязнасьцямі Міхал Стэльмак…"

(Стэльмак: ) "Афіцыйнай нагодаю для дыскваліфікацыі Ўладзімера Дуброўшчыка сталася йгнараваньне ім спартовых парадкаў пад час нядаўніх Алімпійскіх гульняў у Аўстраліі. Паводле вэрсіі кіраўнікоў Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, у Сыднэі беларускі дыскабол выйшаў на спартовую пляцоўку ў адзеньні, не прадугледжаным правіламі спаборніцтваў. А менавіта: паводле гэтых правілаў, Дуброўшчык мусіў апрануць куртку фірмы "FILA", зь якой беларуская зборная заключыла доўгатэрміновы кантракт на выступы ў ейнай форме пад час чэмпіянатаў Эўропы, сьвету ды Алімпіядаў. Дыскабол жа, аднак, у парушэньне згаданых дамоўленасьцяў апрануў спартовую форму другое фірмы…

Як лічыць спартовае начальства, гэта было зроблена наўмысна: Дуброўшчык нібыта з мэтаю фінансавага заахвочваньня за рэкляму заключыў асабісты кантракт з фірмаю "NIKE". Але такое парушэньне, маўляў, можа дорага каштаваць нацыянальнай камандзе: фірма „FILA" мае права ў судовым парадку пакараць яе вялікімі штрафамі.

Сам жа Ўладзімер Дуброўшчык не пагаджаецца з такімі абвінавачаньнямі. Вось што ён паведаміў на гэты конт нашаму радыё:

"Мне далі „філаўскую" экіпіроўку — куртку 2XL. Але ў мяне памер 64-66, а мне ўсяго далі 58-ы памер курткі. Зразумела, яна мне не падыйшла, і таму я вымушаны быў апрануць іншую. Таму што было халодна! На ёй, дарэчы, не было ніякага надпісу "NIKE". Я праглядаў усе відэазапісы, фотаздымкі… і на іх ня бачна, што рэклямуецца іншая фірма. На самрэч, справа ў іншым. Куртка зьявілася зачэпкаю. Кіраўнікі Фэдэрацыі захацелі падкрэсьліць, што яны начальнікі. І што трэнэры, спартоўцы ня могуць мець меркаваньняў, якія розьняцца зь меркаваньнямі начальства", — зазначыў Уладзімер Дуброўшчык.

Сапраўды, пасьля вяртаньня з Сыднэю гэты спартовец падпаў пад жорсткую крытыку з боку прэзыдэнта Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Аляксандра Рудзкіх ды гэнэральнага сакратара гэтай арганізацыі Барыса Крыштановіча. Да паездкі ў Аўстралію публічна такая крытыка не гучала.

Дуброўшчык — адзін зь лепшых у сьвеце атлетаў у кіданьні дыску, і спартовыя начальнікі, відавочна, асьцерагаліся, што крытыка чэмпіёна ці прызэра Алімпіяды можа выйсьці ім бокам. Але на іхную радасьць, як лічыць Дуброўшчык, ён выступіў ня вельмі ўдала — заняў толькі сёмае месца. І вось зараз кіраўніцтва легкаатлетычнае зборнай паўсюдна заяўляе, што гэта лягічны вынік спартоўца, які ігнараваў іхныя ўказаньні.

У сваю чаргу, Дуброўшчык цяперашнюю крытыку й дысваліфікацыю разглядае як перасьлед за ягоную пазыцыю, накіраваную на рэфармаваньне справаў у беларускай лёгкай атлетыцы:

"Я выказваў некаторыя прэтэнзіі наконт падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў з тым, каб яна адпавядала сёньняшняму дню. У прыватнасьці, я раіў унесьці карэктывы ў арганізацыю трэніровачнага працэсу ўсяе каманды, плянаваньне ейных збораў. Я прапаноўваў рабіць гэта з прыцягненьнем мэдычнага пэрсаналу, псыхолягаў. Бо тое, што прапануюць нам кіраўнікі зборнай, — гэта канец 70-х — пачатак 80-х гадоў. Вось там і засталіся нашы кіраўнікі. Але ж мы жывём ужо не ў Савецкім Саюзе. Беларусь — невялікая краіна, і мусіць рыхтаваць спартоўцаў у адпаведнасьці з новым статусам. Патрэбна глядзець наперад. Бо на сёньняшні дзень маладых спартоўцаў у нацыянальнай камандзе вельмі мала, асноўны касьцяк каманды складаюць тыя, каму за трыццаць", — зазначыў Уладзімер Дуброўшчык.

Дыскабол спадзяецца, што прынятае рашэньне пра ягоную паўгадовую дыскваліфікацыю не зьяўляецца канчатковым і начальства ўсё ж не адважыцца ўжыць супраць яго жорсткія санкцыі. Калі ж, — сказаў ён, — мне насамрэч забароняць выезд на міжнародныя спаборніцтвы, я буду судзіцца зь Беларускай Фэдэрацый лёгкай атлетыкі. І калі беларускі суд не абароніць маю годнасьць, дык зьвярнуся за праўдаю ў міжнародны суд, паведаміў нашаму радыё Ўладзімер Дуброўшчык".

* * * (Цыганкоў: ) "У Баку, на галоўнай спартовай арэне імя Тофіка Бахрамава, цягам трох дзён вызначаўся пераможца другога чэмпіянату міні-футболу сярод журналістаў СНД, прымеркаванага да Дня Незалежнасьці Азэрбайджана.

Беларуская каманда, якая ўпершыню брала ўдзел у такім спаборніцтве, не разглядалася ў якасьці прэтэндэнта на высокае месца. Тым больш прыемна канстатаваць, што каляфутбольныя прагназысты памыліліся ў сваіх пасьпешлівых вывадах.

У турніры браў удзел у якасьці паўабаронцы й карэспандэнт радыё Свабода Ігар Карней. Падрабязнасьці — у ягоным бакінскім рэпартажы…"

(Карней: ) "Заяўкі на ўдзел у чэмпіянаце падалі 10 камандаў з Расеі, Украіны, Беларусі, Азэрбайджана й нават Турцыі. З-за прычынаў фінансавага парадку літаральна напярэдадні стартаў адмовіўся ад удзелу Казахстан — чэмпіён мінулагодняга турніру, што праходзіў у Санкт-Пецярбургу.

Папярэдне каманды былі пасеяныя ў дзьвюх групах. Нашымі сапернікамі аказаліся арганізатары ды натхняльнікі журналісцкага турніру — "Комсомольская правда", журналісты з газэты расейскіх чыгуначнікаў "Гудок" і гаспадары поля — зборная азэрбайджанскіх тэлевізійнікаў "Фартуна". Іншую падгрупу склалі зборныя Ўкраіны, Расеі, Азэрбайджана, валгаградзкага "Ротару" й каманда турэцкае тэлевізіі.

У групавым турніры беларуская зборная перамагла "КП" (3:1) і "Гудок" (5:0), прайграла "Фартуне" (1:3) і ў выніку прайшла ў паўфінал. Зь іншай падгрупы далей рушылі зборныя Ўкраіны і Азэрбайджану, прычым, украінцы мелі стоадсоткавы вынік: 4 перамогі пры розьніцы мячоў 14:0. Гэты фактар вызначыў украінскую зборную як фаварыта турніру, а менавіта зь ёю гуляла паўфінальны матч нашая каманда.

Аднак на наступны дзень нашыя выйшлі супраць украінцаў без асаблівага мандражу. Тактыка на глухую абарону, якую выбрала каманда Ўкраіны, сябе не апраўдала. Беларусы не баяліся атакаваць і гэта прынесла плён: па аднаму безадказнаму голу ў кожным тайме. У паралельным матчы перамогу сьвяткавалі нашыя супернікі па адборнай групе — "Фартуна" на чале са славутым колісь форвардам "Нефтчы" Іскандэрам Джавадавым перамагла зборную журналістаў Азэрбайджана.

Гаспадары напэўна, спадзяваліся, што фінал паўторыць стары групавы сцэнар, дзе нагадаем, "Фартуна" перамагла беларусаў. Але, нажаль для азэрбайджанцаў, гэтага не адбылося. Тое, што стала нечаканасьцю для адмыслоўцаў ды аматараў, было мэтаю для беларускага калектыву. Гаворыць нападаючы нашае каманды, намесьнік дырэктара выдавецкай агэнцыі "Парадокс" Аляксандар Шарпіла…"

(Шарпіла: ) "Для нас гэта не было нечаканасьцю. У 1998 годзе мы езьдзілі ў Польшчу, дзе здабылі першае месца сярод зборных футбалістаў-журналістаў. Напрыканцы 1999 году нашая каманда езьдзіла на Кубак "Спартака", у Падольск (гэта спартакаўская база) і выступілі вельмі добра — занялі другое месца. Мы прайгралі па пэнальці толькі камандзе газэты "Спорт-Экспресс".

На гэтым турніры у Баку нам вельмі прыемна было пазнаёміцца з новымі камандамі — газэты "Гудок", валгаградзкія журналісты. І яшчэ хачу адзначыць вельмі гасьцінны прыём азэрбайджанскіх калегаў".

(Карней: ) "Цікава, што дзеля вызначэньня як чэмпіёна, гэтак і прэтэндэнта на трэцяе месца, спатрэбіўся дадатковы час. Век футбалістаў "Фартуны" стаў перашкодаю да максімальнае мэты, і што найбольш крыўдна — у дзень нацыянальнага сьвята. Бадай, адзіная памылка каштавала выніку ўсяго турніра — 1:0. Трэцяе месца ва ўкраінцаў, якія заваявалі яго толькі ў пасьляматчавых пэнальці.

Трэба адзначыць, што выдатна ў нашай камандзе ўвесь гульнёвы час адстаяў у браме Аляксандар Панкратаў, прадстаўнік "БДГ"; апошнія тры гульні наогул не прапусьціўшы ніводнага мяча. Зрэшты, падобных словаў вартыя ўсе беларускія журналісты, што ўнесьлі свой плён у агульную перамогу".

* * * (Цыганкоў: ) «І на заканчэньне праграмы — некалькі даволі займальных міжнародных паведамленьняў. Грандыёзны скандал адбыўся ў ізраільскім футболе. Нацыянальная футбольная фэдэрацыя афіцыйна аб'явіла пра роспуск моладзевае зборнай. Такое бязьлітаснае пакараньне спасьцігла маладых футбалістаў за тое, што сем гульцоў напярэдадні матчу са зборнай Босьніі займаліся групавым сэксам зь непаўнагадовай дзяўчынаю. Імёны гэтае зусім не «цудоўнае» сямёркі ўжо вядомыя, але Старшыня футбольнае фэдэрацыі іх не назваў.

Цікава, што гэта ўжо ня першы падобны выпадак у ізраільскім футболе. Летась гульцы нацыянальнае зборнай запрасілі прастытутку ў свой гатэльны нумар перад самым адборачным матчам з датчанамі. Тады ніякіх санкцыяў на іх не накладалася, хаця зборная прайграла датчанам 0:5. Дарэчы, забаўна, што маладзёўка пасьля групавых сэксуальных гульняў свой матч у басьнякаў выйграла зь лікам 2:1. Вось і здагадвайся, што ж дапамагло маладым атрымаць гэтую перамогу…

XS
SM
MD
LG