Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Off-side" супраць фашызму. Лёс алімпійскіх няўдачнікаў.


Віталь Цыганкоў

(эфір 22 Кастрычніка 2000)

Сёньня ў праграме:
— адзіная ў Беларусі беларускамоўная спартовая газэта "Off-side" змагаецца супраць фашызму на стадыёнах,
— лёс Вольгі Мароз па Алімпіядзе.

(Цыганкоў: ) "Ня даўна ў праграме "Ад панядзелка да панядзелка" я распавядаў пра стан і праблемы беларускае спартовае прэсы. Там я асабліва адзначыў адзіную ў краіне беларускамоўную спартовую газэту "Off-side", якая выходзіць у Барысаве, і паабяцаў распавесьці пра яе ў адным з выпускаў "Зяўзятара".

У Беларусі ўвогуле толькі некалькіх рэгіянальных спартовых выданьняў — усе яны прысьвечаныя футболу, і фінансава жывяцца за кошт мяйсцовых футбольных клюбаў. У гэтым сэнсе "Off-side", які выходзіць зь ліпеня 99-га году, — двойчы ўнікальнае выданьне. Па-першае, беларускамоўнае, па-другое, незалежнае.

Гэта незарэгістраваная газэта, якая выходзіць накладам 299 асобнікаў, і распаўсюджваецца бясплатна на трыбунах Барысава перад футбольнымі матчамі. Пра асаблівасьці й тэматыку газэты я гутару з галоўным рэдактарам "Off-sid'у" Алегам Скатарэнка…"

(Скатарэнка: ) "У нашай газэты ёсьць свой асаблівы кірунак — мы выступаем супраць расізму й фашызму ды іхных праяваў на нашых стадыёнах і ў нашым жыцьці наагул. Таму мы не ймкнуліся неяк прывязвацца да Барысаўскага БАТЭ ці якога іншага клюбу…"

(Цыганкоў: ) "А калі канкрэтна — якія праявы бываюць у вашым горадзе, і супраць чаго вы канкрэтна змагаецеся ў Барысаве?"

(Скатарэнка: ) "Усім зараз вядома, якое цяпер становішча з "фэнаўскім" рухам у Беларусі. Справа ў тым, што ён набыў расісцкія праявы, таму неабходна з гэтым неяк змагацца. Напрыклад, у нас у Барысаве гурт "фэнаў", які падтрымлівае БАТЭ, носіць цалкам такі нацыстоўскі, "скіноўскі" характар. Яны голяць галовы, носяць чорную вопратку, свастыку, нашыўкі ўсялякага кшталту, прапагандуюць гвалт і ўсё, што зьвязана з фашыстоўскай ідэялёгіяй".

(Цыганкоў: ) "Калі вашая газэта выступае супраць гэтага, натуральна, што яна ім не падабаецца. Што-небудзь яны прадпрымалі супраць вашае газэты?"

(Скатарэнка: ) "Так. У нас былі здарэньні й сутычкі пад час распаўсюду нашага выданьня на стадыёне, хаця й няшмат. Яны падыходзілі, рабілі спробы справакаваць нас на нешта. Але ў нас ёсьць такія сілы, якія дапамагаюць нам разьбірацца з гэтай моладзьдзю — пры гэтым ня толькі сілавымі мэтодамі. Мы зь імі змагаемся і інфармацыйна.

Былі такія выпадкі, калі хлопцы з гэтае групы скіноў патаемна ад сваіх лідэраў падыходзілі да нас, бралі газэту, хуценька зьнікалі, і прасілі, каб ніхто пра гэта не даведаўся зь іхнага кіраўніцтва…"

(Цыганкоў: ) "Натуральна, у вас ёсьць зваротная сувязь са сваімі чытачамі. Што ім найбольш падабаецца, якія рубрыкі, тэмы? Іх больш цікавіць вашыя артыкулы пра мяйсцовы футбол або пра ўвесь беларускі?"

(Скатарэнка: ) "Калі меркаваць паводле водгукаў, якія да нас даходзяць, больш падабаецца пра мяйсцовы футбол — пра БАТЭ, а таксама пра іншую барысаўскую каманду — "Гайна", што выступае ў чэмпіянаце Менскае вобласьці.

Што да найбольш цікавых лістоў… У апошнім нумары мы напісалі артыкул "Адказ на ліст чытача". Зьвярнуўся да нас хлопец з Рэчыцы, напісаў ліст, дзе прасіў парады, як яму быць. Ён узначальвае ў Рэчыцы моладзевую газэту "Зялёнка" і на яго "наехалі" мяйсцовыя РНЕшнікі й скіны. І ён зьвяртаецца да нас, як яму быць гэтымі скінамі. Мы напісалі ў газэце адказ зь некаторымі рэцэптамі, парадамі, прапанавалі яму некалькі варыянтаў — ад сілавых мэтодаў рашэньня да інфармацыйнага напору".

(Цыганкоў: ) "Якія пэрспэктывы й творчыя пляны ў "Off-sidе?"

(Скатарэнка: ) "Хацелася б, канешне зарэгістравацца й павялічыць наклад — мы над гэтым зараз працуем. Адчуваецца, што ёсьць патрэба ў нашым выданьні. Чытаюць яго, людзей нават не палохае, што газэта выходзіць на беларускай мове, "тарашкевіцаю".

Таксама плянуем пашыраць сваю дзейнасьць на рэгіёны: Жодзіна, Крупкі. Ужо вядзецца адпаведная праца — ёсьць у нас кропкі, празь якія мы распаўсюджваем нашае выданьне, па навакольных вёсках таксама. Вынікі гэтае працы мы ўжо бачым у тым, што пішуць нам зь вёсак пра мяйсцовыя футбольныя баталіі, іхныя пункты гледжаньня на беларускі футбол, вершы пішуць".

(Цыганкоў: ) "Гэта была інтэрвію з галоўным рэдактарам барысаўскае незалежнае спартовае газэты "Off-sidе" Алегам Скатарэнка".

* * *

(Цыганкоў: ) "Алімпіяда-2000 — ужо гісторыя, аднак рэха спаборніцтваў, напэўна будзе яшчэ гучаць не адзін месяц. Беларускія стралкі з луку, на жаль, вярнуліся з Аўстраліі без узнагародаў. Вынікам гэтага стаўся халодны прыём іх афіцыйнымі асобамі.

Зрэшты, як і іншых сыднэйскіх няўдачнікаў, лучнікаў наперадзе чакаюць, здаецца, яшчэ большыя непрыемнасьці. Аляксандар Лукашэнка абвясьціў на нядаўняй сустрэчы з мэдалістамі, што дзяржаўная падтрымка будзе гарантаваная толькі тым спартоўцам, чые вынікі будуць задавальняць спартовае начальства. Тэму працягвае Міхал Стэльмак…"

(Стэльмак: ) "33-гадовая менская лучніца Вольга Мароз заняла на Алімпіядзе 61-е месца. Усяго адной дуэльлю па стральбе з луку закончыўся ейны выступ у Аўстраліі. Нашай суайчынніцы не пашэнціла. Вось што паведаміла нашаму радыё сама спартоўка:

(Мароз: ) "Я з полькаю Навіцкай страляла ў пары. Яна — удзельніца некалькіх Алімпіядаў. І, несумненна, моцная спартоўка. Я яе ведаю гадоў пятнаццаць. Неаднойчы выступалі на самых розных міжнародных спаборніцтвах. Але я лічу, што прайграла ня ёй, а сабе, таму што вынік у яе быў маленькім", — паведаміла Вольга.

Стральбою з луку яна займаецца ўжо 20 гадоў. У свой час уваходзіла ў зборную Савецкага Саюзу. Дзяржаўны трэнэр беларускае зборнай Жана Попікава ў гутарцы са мною падкрэсьліла, што Вольга Мароз і зараз зьяўляецца моцнай спартоўкаю. На апошнім чэмпіянаце сьвету ў Канадзе яна ўвайшла ў "васьмёрку" лепшых, а на чэмпіянаце Эўропы і наогул была чацьвертаю. Напярэдадні аўстралійскіх спаборніцтваў меркавалася, што Мароз абавязкова патрапіць у першую "дзясятку". І таму, паводле словаў дзяржаўнага трэнэра, алімпійскі правал Вольгі быў і нечаканым, і нелягічным. Як удакладніла трэнэр Попікава, беларуская лучніца сталася ахвяраю свайго неабгрунтаванага ўчынку.

Зрэшты, вось што пра гэта распавяла сама Вольга:

(Мароз: ) "Я крышку перамудрыла. Захацела перад самымі спаборніцтвамі ўдасканаліць лук. Каб мець лепшы вынік. Спачатку здавалася, што ўсё складваецца выдатным чынам. На трэніроўках пачала паказваць вельмі добрыя вынікі. Пра сябе пачала думаць, што магу ў першую "тройку" патрапіць і нават выйграць. Але ў самы адказны момант, калі страляла з Навіцкай, адбылося тое, чаго, здавалася, не павінна было б адбыцца. Страла не патрапіла ў шчыт. Авантурная ініцыятыва, як кажуць, выйшла бокам. З маім досьведам, гэта, трэба сказаць, была лёсавызначальная памылка", — сумна зазначыла Вольга.

Зразумела, дадому з Аўстраліі яна вярталася ў прыгнечаным стане. У той час як пераможцаў і прызэраў Алімпіяды спартовае начальства сустракала як героеў, няўдачнікі апынуўліся па-за ўвагаю. Камень з душы зваліўся толькі пасьля сустрэчы зь сям'ёю — для мужа й маленькае дачкі спартовы вынік Вольгі ня меў значэньня.

Зараз лучніца, паводле ейных словаў, пакуль яшчэ не пазбавілася псыхалягічнага дыскамфорту. Але аўстралійскай Алімпіядаю ейная спартовая біяграфія, хутчэй за ўсё, не сканчаецца. Ва ўсялякім разе сама Мароз мяркуе працягнуць актыўны занятак стральбою з луку. Усяго праз чатыры гады — новая Алімпіяда. На гэты раз — у Афінах.

Вольга Мароз працягвае:

"У нас можна страляць да пэнсіі. Для мяне займацца гэтым відам спорту — найвялікшае задавальненьне. Як любімая праца. Я стаўлю перад сабою мэту паехаць на наступную Алімпіяду ў Грэцыю. Няма сумневу, што патрапіць туды будзе вялікім гонарам для кожнага спартоўца. Як вядома, менавіта з Грэцыі, з Афінаў бярэ пачатак гісторыя Алімпійскіх гульняў. І кажуць, што тыя, хто патрапіць туды, усе будуць чэмпіёнамі", — настройвае сябе на аптымістычны лад лучніца Вольга Мароз.

XS
SM
MD
LG