Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Героі ды няўдачнікі Алімпіяды.


Віталь Цыганкоў

(эфір 1 Кастрычніка 2000)

Сёньня маляўнічай цырымоніяй закрыцьця завершыліся алімпійскія гульні ў аўстралійскім Сыднэі. Адыйшоў у гісторыю двухтыднёвы карнавал рэкордаў, перамогаў і расчараваньняў…

(Цыганкоў: ) "Каго назавуць спартовым сымбалем, героям гэтай Алімпіяды? Гаспадары, аўсталійцы, напэўна, скажуць, што гэта іхны суайчыньнік, малады плывец Ян Торп, які заваяваў тры залатыя і адзін срэбраны мэдаль. А можа, гэтую ролю заслужыла амэрыканская лёгкаатлетка Марыён Джонс, якая здабыла пяць мэдалёў, сярод якіх — тры залатых? Ці расейскі гімнаст Уладзімер Немаў, які выйграў 6 мэдалёў розных вартасьцяў? Або непераможны і ўжо легендарны амэрыканскі спрынтар Майкл Джонсан? Або брытанскі весьляра Рэдгрэйв, які стаў першым спартоўцам, які здабыў «золата» на пяці Алімпіядах…

Аднак зь іншага боку, гэтая Алімпіяда запомніцца зрынаньнем многіх аўтарытэтаў. Варта прыгадаць пройгрыш дэпутата расейскае Думы дужавіка Аляксандра Карэліна, якому ўсе загадзя аддавалі «золата». А можа, галоўнай драмаю Сыднэю можна назваць фіяска ўкраінца Сяргея Бубкі й турэцкага штангіста трохразовага Алімпійскага чэмпіёна Наіма Сулейман-аглы. Абодва гэтыя легендарныя спартоўцы прыехалі ў Сыднэй за чарговым «золатам», але не адолелі нават першую плянку… А можа, званьне галоўнай няўдачніцы Алімпіяды заслугоўвае румынская гімнастка Андрэа Радучан, якую пазбавілі «золата» з-за лекаў ад прастуды, у якіх утрымліваўся забаронены сродак…

А для нас, канешне, гэты сьпіс узначальвае Іван Іванкоў, якому траўмы й зьбег абставінаў так і не дазволілі ўзьняцца на Алімпійскі п'едэстал гонару.

Аднак, канешне, значна больш прыемна казаць пра пераможцаў і герояў. Што да нашых, беларускіх спартоўцаў, дык тут ёсьць з каго выбіраць. Зразумела, што героямі Алімпіяды варта назваць найперш трох нашых Алімпійскіх чэмпіёнак. Так бы мовіць, двойчы Алімпійскім героям стала Кацярына Карстэн, да перамог якой мы пачынаем ужо прызвычайвацца. Толькі захапляльных эпітэтаў заслугоўвае і Эліна Зьверава, якая дагэтуль станавілася і прызёркаю чэмпіянатаў сьвету і Эўропы, была трэцяй у Атлянце, але ўпершыню стала чэмпіёнкаю ў 40 гадоў — менавіта тут, на Алімпіядзе, на самым важным у жыцьці кожнага спартоўца турніры.

Але напэўна, найбольшыя сымпатыі гледачоў і заўзятараў здабыла маладая, прыгожая, таварыская Яніна Карольчык. Яна, дарэчы, першая наша Алімпійская чэмпіёнка, якая была выгадаваная ў сувэрэннай Беларусі, уласнай, а не савецкай спартовай школаю.

У беларускіх мужчынаў больш сьціплыя посьпехі. Тут хочацца адзначыць найперш стралка Ігара Басінскага, які «патрапіў» у срэбраны й бронзавы мэдаль. А бадай, самую прыемную сэнсацыю для беларускай каманды учыніў у пяцібор'і Павал Доўгаль, на якога мала хто разьлічваў. Ён заваяваў бронзу, хаця ў гэтым сэзоне ва ўсясьветным рэйтынгу Павал меў толькі 21-ю пазыцыю.

Усяго ж беларуская каманда выйграла ў Сыднэі 17 мэдалёў — тры залатых, тры срэбраных і 11 бронзавых. На мінулай Алімпіядзе ў Атлянце было 15, зь якіх толькі адна — залатая. Дык ці можна назваць выступ беларусаў у Сыднэі посьпехам? Вось што лічыць аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Аляхновіч…"

(Аляхновіч: ) "Не. Посьпехам, мусіць, немагчыма назваць, бо адразу пасьля Атлянты, цяпер ужо нябожчык міністар спорту й турызму Ўладзімер Рыжанкоў cказаў, што ў Атлянце быў правал — разьлічвалі мінімум на пяць залатых мэдалёў, а атрымалася толькі адзін — у Каці Хадатовіч. Таму мы можам ацаніць выступленьне беларусаў у Сыднэі як прагрэс, але ні ў якім выпадку ня посьпех".

(Цыганкоў: ) "Многія з нашых мэдалістаў, напрыклад, алімпійская чэмпіёнка Эліна Зьверава, уладальнік "бронзы" й "срэбра" ў стральбе Ігар Басінскі, кідальнік Ігар Астапковіч ужо ў даволі сталым для спартоўцаў веку — ім каля сарака гадоў. Відавочна, што празь некалькі гадоў яны ўжо сыйдуць са спартовага жыцьця. Ці шмат маладых сярод уладальнікаў мэдалёў? Якая расьце зьмена?"

(Аляхновіч: ) «На жаль, бяручы прыклад сыднэйскай Алімпіяды, вельмі цяжка адказаць, якая зьмена расьце ў нашых выдатных спартоўцаў. Бо амаль шэсьцьдзясят атлетаў не паехалі на Алімпійскія гульні, а сярод іх было нямала й маладых спартоўцаў. Таму можна сказаць так: зьмена расьце й мусіць будзе расьці. На жаль, мы рыхтуем толькі спартоўцаў з пэўным укладам, напрыклад, кідальнікаў. У нас няма добрых бегуноў, скакуноў. Быў адзін Зьміцер Маркаў (скачкі з шастом), дык і той стаў аўстралійцам. Таму цяжка сказаць, як будзе разьвівацца наш спорт. Але мэдалі Яніны Карольчык і таго ж самага Зьмітра Дзябёлкі кажуць, што можа ня так хутка ды якасна, як бы нам усім хацелася, але зьмена спартоўцаў падрастае».

(Цыганкоў: ) «Беларусь паводле сваёй колькасьці жыхароў і эканамічнага патэнцыялу — гэта невялікая дзяржава. Можа мае сэнс узяць курс на пэўную спэцыялізацыю, гадаваць спэцыялістаў у пэўных відах спорта, а не распыляцца на ўсе?»

(Аляхновіч: ) «У вашых словах ёсьць рацыя. Так, мусіць трэба сканцэтраваць сілы й тыя невялікія фінансавыя сродкі, якія выдаткоўваюцца, на тыя віды, якія нам прыносяць мэдалі. Не забываючы, канечне, і пра народныя віды спорту — футбол, хакей, гандбол».

(Цыганкоў: ) «Усе тры залатыя мэдалі, якія на рахунку беларускае каманды, — заваявалі жанчыны. Пра што гэта кажа? Чаму жанчыны выступілі нашмат лепш за мужчынаў, можа гэта сьведчыць пра нейкія рысы характару нашых жанчынаў?»

(Аляхновіч: ) «Нашыя жанчыны больш прызвычаеныя пераадольваць усялякія цяжкасьці й непрыемнасьці, чым мужчыны, таму, мусіць, з гэтым і зьвязана тое, што менавіта яны ўзялі тры залатыя мэдалі. Можа й да нашых — ня толькі да расейскіх жанчынаў — падыходзяць словы знакамітага расейскага паэта Някрасава, што й «коня на скаку остановит, в горящую избу войдет…»".

(Цыганкоў: ) "У ліку беларускіх спартоўцаў, якія вяртаюцца дадому з узнагародамі, 24-гадовы менчук Зьміцер Дзябёлка. Гэта зараз пра бронзавага прызёра ў грэка-рымскім дужаваньні спартовае начальства краіны і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ў рэпартажах з Сыднэю кажуць і пішуць як пра асілка-героя. Між тым, яшчэ зусім ня даўна герой Дзябёлка з боку гэтых асобаў ня меў аніякае пашаны, і ягоная паездка ў Сыднэй была пад пытаньнем. Тэму працягвае Міхал Стэльмак…"

(Стэльмак: ) "130-кіляграмовага дужавіка грэка-рымскага стылю Зьмітра Дзябёлку кіраўніцтва беларускае алімпійскае дружыны лічыла "турыстам". Зь ягоным выступам у Сыднэі ня зьвязвалася аніякіх мэдалёвых спадзяваньняў. І таму, як зараз высьвятляецца, спартоўцу вельмі пашчасьціла, што напярэдадні ад'езду ў Аўстралію ягонае прозьвішча абмінулі чыноўніцкія "нажніцы", і яно не патрапіла ў "чорны" сьпіс ахвяраў перадалімпійскае чысткі. Вось што паведаміў нашаму радыё трэнэр беларускага асілка Ўладзімер Канцавенка:

"Яго нават на Алімпіяду не хацелі браць: ды ён такі, ды ён сякі. Былі такія размовы, што вось ён ліцэнзію атрымаў, але ці варта яго браць у Аўстралію. Бо ў яго нібыта характар кепскі: можа аспрэчыць чыесьці ўказаньні, мае на ўсё ўласны погляд. Зьміцер лічыць, што варта так рабіць, а яго прымушаюць рабіць гэтак. Ён прафэсіянал і таму сам ведае, што лепш, каб дасягнуць высокіх вынікаў. І таму ён не прымае ніякага ціску. Ды яшчэ — каб за гэты ціск ён атрымліваў мільёны, а то ж атрымлівае капейкі", — паведаміў Уладзімер Канцавенка.

Сапраўды, нашым слухачом, спадзяюся, будзе цікава ведаць пра матэрыяльнае становішча прызёра цяперашняй Алімпіяды. Як ня дзіўна, але да Сыднэя Зьміцер Дзябёлка знаходзіўся ў ліку найбольш беднае часткі беларускага грамадзтва. Ён зарабляў у месяц усяго 40 тысячаў беларускіх рублёў. Ягоны трэнэр — на 20 тысячаў болей. І паколькі нават Зьміцер зь вялікімі цяжкасьцямі патрапіў у алімпійскія шэрагі, дык для ягонага трэнэра, зразумела, шлях у Сыднэй і наогул быў зачынены.

Уладзімер Канцавенка працягвае:

"Чамусьці не знаходзяць месца для асабістых трэнэраў. Едуць функцыянэры, а нам кажуць, што "грошай няма". Вось я верыў у Зьмітра, а тыя, хто быў там у Сыднэі, — ня верылі… Але вернемся, да таго, чаму я не паехаў на Алімпіяду. Міжнародны Алімпійскі камітэт выдаткоўвае грошы. Але мы гэтых грошай ня бачым. Магчыма, яны пайшлі на іншае. І грошы — значныя. Дзесьці каля 10 тысячаў даляраў. Гавораць, што "мы вас куды-небудзь ды яшчэ пашлём". Але я б за гэтыя грошы мог паехаць зь ім на Алімпіяду. Дапамагчы яму," — зазначыў Канцавенка.

Кіраўнікі зборнай у грэка-рымскім дужаваньні посьпех беларусаў на Алімпіядзе зьвязвалі зь імем іншых спартоўцаў. Найперш, чакалі ўзнагароды ад Сяргея Ліштвана, які нёс сьцяг нацыянальнае каманды. Але сьцяганосец прайграў. Пасьля гэтага ў сыднэйскім "штабе" беларусаў узьнікла паніка. Рэч у тым, што галоўны трэнэр зборнай у дужаваньні ў ліку іншых кіраўнікоў таксама паабяцаў Лукашэнку, што каманда вернецца дадому з мэдалямі. Паніка зьнікла толькі пасьля "бронзавага" посьпеху Зьмітра Дзябёлкі. Той уратаваў "турыстаў" ад пустых рапартоў.

Гаворыць Уладзімер Канцавенка:

"Я ж як трэнэр бачыў, што ён можа змагацца за мэдаль. Таму што ён дагэтуль ужо дужаўся з усімі гэтымі супернікамі. Ці то выйграваў у іх, ці то прайграваў. Іх там лідэраў у сьвеце — дзесьці чатыры чалавекі. І з усімі ён мог змагацца нароўных. Хіба што Аляксандар Карэлін іх крыху апярэджваў. І менавіта Карэлін вельмі часта перашкаджаў Зьмітру падняцца да высокіх месцаў. Як чэмпіянат Эўропы ці сьвету, дык абавязкова на ягоным шляху паўставаў Карэлін, чамусьці абавязкова зь ім выпадала дужацца. І вось на цяперашняй Алімпіядзе Зьміцер пацьвердзіў, чаго ён варты. Я мяркую, што ён быў падрыхтаваны да гэтага выніку," — зазначыў трэнэр Канцавенка".

XS
SM
MD
LG