Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як пачынаўся беларускі спорт


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 14 Верасьня 2000 г.)

Удзельнік: Алесь Шамак.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Сёньня ўвесь сьвет у чаканьні адкрыцьця Алімпійскіх гульняў. Натуральна і мы ня можам абыйсьці ўвагаю спартовую тэму, якая будзе самай актуальнай у бліжэйшы месяц.

Мы чакаем гучных перамогаў сваіх спартоўцаў у далёкай Аўстраліі. За дзесяць год незалежнасьці мы ўжо прызвычаіліся і да перамогаў, і да правалаў. Але — сваіх, беларускіх, атлетаў. Ганарымся краінаю і крыўдуем, што пакуль яшчэ і ў спорце, як і ў палітыцы, ня ўсё ў нас атрымліваецца, як таго хацелі б. Цяпер наш спартовец мае нацыянальнасьць і адпаведнае ёй грамадзянства. Ён больш ня нейкая асоба з эпітэтам "савецкі". Ён прэзэнтуе сваю радзіму й спорт як складнік культуры свайго народу.

Пра вытокі й традыцыі беларускага спорту мы й павядзем размову сёньня з гісторыкам культуры Алесем Шамаком…

Спадар Шамак, зь якога часу ў нас фізкультура скіроўваецца ў бок спорту, пачынае арыентавацца на выніковасьць, на спаборніцтвы?"

(Шамак: ) "Пачынаючы з XVIII стагодзьдзя, калі ў Эўропе пачынае фармавацца такое паняцьце, як "спорт джэнтльмэнаў". Перадусім, у Ангельшчыне.

Найбольш значным відам спорту ў той час была стральба, якой займаліся гараджане, і гэта было вельмі распаўсюджана ў Беларусі, бо паводле Майдэборскага права месьцічы стваралі сваё войска ў абарону свайго гораду. А магнаты, такія як Радзівілы ці Сапегі, каб заахвоціць людзей да абароны, праводзілі стралковыя спаборніцтвы на свае дні народзінаў.

Першы такі факт — гэта 1735 год, калі на распараджэньне Радзівілаў у Слуцку й Нясьвіжы штогод мусілі праводзіцца такія спаборніцтвы. Удзельнічалі месьцічы і апалчэнцы, а паводле вынікаў уручалася ўзнагарода — пояс са срэбнай пласьцінаю. На цэлы год пераможца вызваляўся ад падаткаў".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, спорт на нашых землях пачынаецца з традыцыйных відаў фізычнае культуры. Які яшчэ спорт існаваў на самым пачатку?"

(Шамак: ) "Ваенна-фізычная падрыхтоўка пачынае набываць выгляд спартовых заняткаў. Магнаты любілі спаборнічаць між сабою ў карузэлі. Гэта гонкі на апераджэньне з пераадольваньнем пэўных перашкодаў і выкананьнем розных практыкаваньняў — секчы вешку, сарваць шабляю кальцо, падвешанае на нітцы, пераадольваць бар'еры і па-магчымасьці першым прыйсьці ў цэнтар полю. Была моднаю сярод магнатаў і такая забаўка, якая зараз стала папулярным відам спорту, — дзірыты, кіданьне маленькіх кап'яцоў у цэль. А таксама — конныя скачкі, фэхтаваньне, зь XIX стагодзьдзя — і тэніс".

(Ракіцкі: ) "Гэта тыя віды спорту, натуральна, мусілі запатрабаваць будаўніцтва адпаведных пляцовак, стадыёнаў, іпадромаў… Ён моцна паўплываў на разьвіцьцё коннага спорту ў Беларусі. Там кожны год праводзіліся скачкі, выдаваліся ўзнагароды, мэдалі, пасьведчаньні".

(Шамак: ) "Багатыя магнаты мелі свае пляцоўкі, тэнісныя корты. Іпадром мы можам назваць толькі адзін — у Віцебску, які існаваў з 1890 году".

(Ракіцкі: ) "Выдаваліся прызы… А людзі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах індывідуальна, ці існавалі каманды, спартовыя таварыствы?"

(Шамак: ) "У першую чаргу гэта былі індывідуальныя спаборніцтвы. Напрыклад, на конных скачках уладальнікі коней выстаўлялі сваіх жывёлаў, выступалі й жакеі. У XIX стагодзьдзі перадусім быў прафэсійным. Наступны кірунак — кірмашы й цыркі. Цяжкая атлетыка, дужаваньне, дзе спартоўцы выступалі толькі за грошы, а гледачы плацілі білеты".

(Ракіцкі: ) "Вы сказалі — цырк. Мы прызвычаіліся, што цырк — гэта ня спорт, гэта хутчэй мастацтва… Растлумачце?"

(Шамак: ) "Спаборніцтвы дужавікоў праводзіліся ці то ў цырках, ці то на кірмашох. Улічваючы, што адмысловае спартовае базы не йснавала, дык іх праводзілі ў цырках".

(Ракіцкі: ) "Ці данесла нам гісторыя імёны нейкіх знакамітых цыркачоў ці спартоўцаў?"

(Шамак: ) "Прафэсійных дужавікоў у Беларусі было досыць шмат. Яны ўдзельнічалі ў спаборніцтвах ня толькі ў Беларусі але й па ўсёй Расейскай Імпэрыі, і нават за яе межамі. Гэта — прафэсійны дужавік Мацей Цярэшка зь Менску, Ціт Баравуля — селянін зь Віцебскай губэрні, які ўдзельнічаў ня толькі ў турнірах дужавікоў у Расеі, але перамагаў і ў Францыі.

Найбольш славутае імя, якое ўвесь час падаюць, як выдатнага расейскага дужавіка, чалавека фэнамэнальнае сілы, гэта — Якуб Чахоўскі з Горадні. Наш беларускі хлопец паказваў фэнамэнальныя трукі. Шэраг трукаў ён распрацаваў упершыню, потым іх паўтаралі некаторыя спартоўцы.

Напрыклад, ён трымаў у стойцы на мосьце пляцформу, на якой сядзеў аркестар зь дзесяці чалавек і граў музыку. Скажам, на ягоных плечах 40 чалавек гнулі чыгункавую рэйку. Ёсьць трук, які да гэтага часу яшчэ ніхто не паўтарыў. У 1913 годзе, у Санк-Пецярбургу, на манежы, ён выклікаў сярод гледачоў 6 грэнадэраў (а гэта хлопцы не ніжэй 1м 85см і адпаведнае вагі), зьвязаў іх падпахамі канатам і потым усю гэтую зьвязку чалавечых цел прыўзьняў адной рукою і пранёс па колу манежу. Пра гэта пісалі ўсе газэты Расеі, а таксама заходнія спартовыя газэты й часапісы. Захаваліся нават фотаздымкі".

(Ракіцкі: ) "А спаборніцтвы на кірмашох?"

(Шамак: ) "Іх адзначаюць яшчэ з XVIII стагодзьдзя, і прайснавалі яны ажно да сярэдзіны XX стагодзьдзя ў Заходніх раёнах Беларусі. Гэта: дужаваньне, конныя скачкі, скачкі на "казе" — на пярэдняй частцы калёсаў. А ў Століне фіксуюць вельмі цікавае спаборніцтва, калі спартовец ці любы, хто пажадае, мусіў быў прыўзняць на галаву камень і перайсьці зь ім рэчку па дну. Ужо ў 30-я гады XX стагодзьдзя, у Заходняй Беларусі, на кірмашох пачынаюць зьяўляцца чыста спартовыя спаборніцтвы: бег, гонкі на роварах".

(Ракіцкі: ) "Для спорту ўласьцівыя спаборніцтвы ўнутры гораду, унутры нейкага рэгіёну, унутры краіны, паміж дзяржавамі. Калі беларусы пачалі ўдзельнічаць у афіцыйных спаборніцтвах?"

(Шамак: ) "Першыя нам вядомыя дасягненьні беларусаў зьвязаныя з роварным спортам. Гэта канец XIX стагодзьдзя. Найбольш знакаміты наш гоншчык Міхал Дзявочка, які стаў чэмпіёнам Расеі ў роварных гонках 1894 года. Ён жа стаў чэмпіёнам Ангельшчыны ў 1896 годзе. Яго лічаць адным з найвыдатнейшых гоншчыкаў канца XIX стагодзьдзя.

Спаборніцтвы ўнутры, у межах сучаснае Беларусі, праводзіліся ў розных гарадох. Скажам, Гомель быў сталіцаю футболу. Толькі сваіх камандаў там было восем. Праводзіліся гарадзкія спаборніцтвы, але запрашаліся яшчэ й спартоўцы зь іншых гарадоў і губэрняў Беларусі, Украіны й Балтыі. Віцебск быў сталіцаю коннага спорту".

(Ракіцкі: ) "Сяньня напярэдадні пачатку Алімпійскіх гульняў у Сыднэі, натуральна, мы ня можам з Вамі абыйсьці гэтае пытаньне. Ведама, што Расейская Імпэрыя, у складзе якой уваходзілі нашыя землі, пачала ў найноўшую эпоху ўдзельнічаць у Алімпіядах з 1908 году, калі адбылася Алімпіяда ў Лёндане. Тады Расея ўдзельнічала там не афіцыйна. У 1912 годзе ўжо Расейская Імпэрыя ўдзельнічала афіцыйна ў Алімпіядзе ў Стакгольме, ці былі беларускія спартоўцы ў складзе камандаў Расейскай Імпэрыі?"

(Шымак: ) "У Алімпіядзе 1912 году, у Стакгольме, дзе Расея ўпершыню выступіла самастойнай камандаю, адбыўся поўны правал. Зь 17-ці каманд, якія там бралі ўдзел, Расея заняла 16 месца.

І выйсьце расейцы знайшлі: дзеля падрыхтоўкі да будучых гульняў было вырашана праводзіць расейскія Алімпіяды. Першая Ўсерасейская Алімпіяда адбылася ў 1913 годзе ў Кіеве. Праграма мела лёгкую атлетыку, фэхтаваньне, гімнастыку, тэніс, веславаньне й ветразевы спорт, плаваньне, сучаснае пяцібор'е, стральбу, роварны й конны спорт, цяжкую атлетыку. Жанчыны ўдзельнічалі толькі ў спаборніцтвах ў лёгкай атлетыцы й фэхтаваньні.

Другая Ўсерасейская Алімпіяда адбылася ў 1914 годзе ў Рызе. Спаборніцтвы праходзілі ў 13 відах спорту. У іх удзельнічала больш за тысячу спартоўцаў з самых значных гарадоў імпэрыі. Беларусь прэзэнтавалі спартоўцы зь Менску, Гомлю й Горадні. Менскія спартоўцы атрымалі найбольш значныя перамогі. Гіравік Александровіч стаў чэмпіёнам у паўцяжкой вазе, а Саланевіч заняў другое мейсца ў цяжкой вазе. На гэтых жа спаборніцтвах Сакалдзінскі ўсталяваў усерасейскі рэкорд у выцісканьні штангі сярод спартоўцаў лёгкае вагі. Зуеў быў трэцім у спаборніцтвах дужавікоў.

Беларусы бралі ўдзел у Алімпіядзе, але нацыянальнасьць тады вызначалі паводле веравызнаньню, таму прадстаўнікі з Горадні й вайскоўцы бралі ўдзел у стральбе й конным спорце. Але ці беларусы яны? Скажам, нашыя землякі.

Сама Расея пасьпела ўзяць удзел толькі ў двух Алімпіядах. Потым, у часе савецкае ўлады, Алімпійскія гульні засталіся па-замежамі ўдзелу СССР і ўжо ані беларускія, ані расейскія спартоўцы не бралі ўдзел у гэтых гульнях".

(Ракіцкі: ) "А жыхары Заходняе Беларусі, якія былі ў складзе Польшчы?"

(Шымак: ) "Так. Беларускія спартоўцы ўваходзілі ў склад і Алімпійскае зборнай, і Нацыянальнае зборнай Польшчы. Бралі ўдзел у шмат якіх спартовых спаборніцтвах".

(Ракіцкі: ) "На Ваш погляд, якія віды спорту можна лічыць традыцыйнымі для нашае нацыі?"

(Шымак: ) "У першую чаргу — тыя віды спорту, які зьвязаныя зь дзьвюма сацыяльнымі групамі. Са шляхтаю — гэта фэхтаваньне, конны спорт, а потым і тэніс, з гараджанамі, сялянамі — віды спорту зьвязаныя з цяжкой атлетыкаю: гэта дужаваньне, гіра ці штанга й роварны спорт, які асабліва быў папулярны сярод гараджанаў. Можа таму, што роварны спорт абсалютна эўрапейскае вынаходніцтва. Праз Нямеччыну, Польшчу ў Расею дастаўлялася вялікая колькасьць ровараў. Гарадзенская губэрня непасрэдна межавала з Прусіяй, найбольш разьвітай часткаю Нямеччыны й шмат якія віды спорту, у першую чаргу нямецкая гімнастыка й роварны спорт, былі запазычаныя адтуль і актыўна стымуляваліся спаборніцтвамі, якія праводзіліся той жа Прусіяй".

(Ракіцкі: ) "Маё пытаньне зараз вельмі асабістае да Вас як і да адмыслоўца, і да чалавека, які напэўна зьяўляецца і заўзятарам. Скажыце, заўтра распачынаюцца Алімпійскія гульні, перадусім за каго зь беларускіх спартоўцаў Вы будзіце хвалявацца, і каму перадусім Вы жадаеце ўдачы?"

(Шымак: ) "Гэта Хадатовіч, нашая вясьлярка. У яе рэальныя шанцы атрымаць золата, і за Іванькова, нашага гімнаста".

(Ракіцкі: ) "А можа ім хапіць менавіта беларускага характару?"

(Шымак: ) "Хадатовіч — абсалютна беларуская жанчына, якая здольная на цяжкую працу. Веславаньне — гэта вельмі цяжкі від спорту, той характэрны занятак, у якім беларусы заўсёды выяўлялі сябе. Тут цяжкая манатонная, працяглая ў часе праца…"

(Ракіцкі: ) "…да якой традыцыйна беларус быў здольны. Мы жадаем нашым сучасным алімпійцам дасягнуць вяршыняў на далёкім кантынэнце, дзе найвышэйшая гара носіць імя Касьцюшкі".

XS
SM
MD
LG