Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У футболе – Рэнэсанс? Юбілей "Прессболу".


Віталь Цыганкоў

(эфір 30 Ліпеня 2000)

Сёньня ў праграме:
Ці надыходзіць нарэшце час рэнэсансу беларускага футболу,
тысячны нумар самае папулярнае спартовае газэты краіны.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "На гэтым тыдні ўвага заўзятараў была прыцягнутая да беларускага футболу. Тут адбылося некалькі падзеяў, і перш за ўсё – дэбют Эдуарда Малафеева ў рангу галоўнага трэнэра нацыянальнае зборнай. У сераду на менскім стадыёне "Дынама" адбыўся таварыскі трэніровачны матч паміж зборнымі клюбаў Беларусі. Пасьля гульні Малафееў адказваў на пытаньні 8-тысячнай аўдыторыі заўзятараў. Прыём, які наладзілі трэнэру аматары футболу, а таксама агульны настрой беларускае спартовае грамадзкасьці паказваюць, што ў Беларусі зноў паўсталі надзеі на адраджэньне нацыянальнага футболу.

Наколькі апраўданыя такія чаканьні? Пра гэта мы разважаем са спартовым журналістам Сяргеям Аляхновічам…"

(Аляхновіч: ) "Я думаю, што сьпяшацца і быць вельмі аптымістычнымі пакуль-што ранавата, хаця пэўная нагода для аптымізму, безумоўна, ёсьць. Па-першае, да нас зноў вярнуўся Эдуард Васільевіч Малафееў – каваль "золата" менскага "Дынама" 1982 году. На мой погляд, менавіта такога настаўніка зборнай і не хапала. Чалавека з такім фанатычным імпэтам, чалавека, які можа запаліць футбалістаў, укласьці ў іх душы ідэю. Эдуард Васільевіч за што не бярэцца – усё ў яго неяк добра складваецца. Дасьць Бог, так будзе і з нашай зборнай, бо мы, па вялікаму рахунку, ужо зачакаліся нашых перамогаў".

(Цыганкоў: ) "Можа, паспрабуем патлумачыць гэты фэномэн Малафеева? Відавочна, што сёньня ў тактыцы футбола нічога новага не прыдумаеш, і тут напэўна, ягоную таямніцу, ягоныя посьпехі можна тлумачыць, перш за ўсё, асаблівым псыхалягічным падыходам да гульні, а ня нейкім надзвычайным трэнэрскім майстэрствам?"

(Аляхновіч: ) "Вы, безумоўна, маеце рацыю, Віталь. Так яно і ёсьць. Эдуард Васільевіч, як ніякі іншы чалавек, можа запаліць хлапцоў і для яго словы "патрыятызм", "радзіма" – гэта не пусты гук. У Бароўскага й Вергіенкі не было вось такога шчыльнага кантакту з гульцамі…"

(Цыганкоў: ) "І аўтарытэту?"

(Аляхновіч: ) "І, мабыць, аўтарытэту".

(Цыганкоў: ) "Мы столькі ўжо выдалі завочных камплімэнтаў Малафееву, што здаецца, варта спыніцца й нагадаць, што цудаў не бывае. Як, на Вашую думку, можна ацаніць выказваньне Малафеева на сустэчы з заўзятарамі, дзе трэнэр заявіў, што задача для беларускай зборнай – выйсьці ў фінальную частку чэмпіянату сьвету. Нагадаю, што для гэтага трэба заняць першае або другое месца ў адборнай групе. Наколькі рэальная такая задача для нацыянальнай зборнай?"

(Аляхновіч: ) "Цяжка сказаць. Мы ведаем Эдуарда Васільевіча як чалавека-максімаліста, які ставіць перад сабой самыя высокія мэты, самыя высокія задачы. На мой погляд, гэтая ацэнка Эдуарда Васільевіча трохі завышаная. Я хачу зрабіць такі прагноз: першымі стануць украінцы, другімі, нажаль, нарвэгі. І калі мы, Беларусь, можам быць вышэйшымі за Ўэльс, Армэнію і Польшчу, я думаю, што гэта будзе вялікім посьпехам для нашага футболу. Асабліва, ўзгадваючы тое, што ў афіцыйных гульнях мы не перамагалі ўжо больш чым за паўтары гады".

(Цыганкоў: ) "Малафееў таксама заявіў, што адным зь ягоных прыярытэтаў заўсёды будзе фармаваньне каманды з футбалістаў, якія выступаюць у Беларусі. Што з гэтага пункту гледжаньня паказала гульня двух зборных клюбаў, дзе якраз выступалі футбалісты з чэмпіянату Беларусі? Ці могуць яны скласьці рэальную канкурэнцыю легіянэрам, якія гуляюць у вядучых украінскіх і расейскіх клюбах?"

(Аляхновіч: ) "Не. На мой погляд, такога быць ня можа і, Эдуард Васільевіч, я думаю, сам разумее, што гэта ня так, што лепшыя кадры, лепшыя нашыя футбалісты гуляюць за межамі Беларусі. Добра будзе калі два-тры чалавекі могуць скласьці нейкую канкурэнцыю легіянэрам".

(Цыганкоў: ) "І на завяршэньне размовы зьвернемся да стану беларускага клюбнага футболу. У мінулым годзе беларускія каманды прайгралі ў эўрапейскіх кубках усё, што можна і з разгромным лікам. У гэтым годзе, напрыклад, БАТЭ прайшло адну стадыю і ў сераду ўдала згуляла ўнічыю ў Швэцыі. Ці можна сказаць, што беларускі клюбны футбол ужо пераадолеў ніжэйшую стадыю падзеньня і паціху пачынае караскацца ўгару?"

(Аляхновіч: ) "Так. Я думаю, што матчы БАТЭ і нават "Дняпра–Трансмаша" (нягледзячы на тое, што "Дняпро" ў кубке УЕФА "Інтэртота" прагуляў у другім раўндзе чэскаму "Хмелю", але, у першым, нагадаем – яны двойчы абгулялі даволі моцную каманду з Даніі "Сількеборг") паказваюць, што беларускія клюбы пачалі паціху падымацца да верху. Наш журналіст, які прысутнічаў у Швэцыі, так і сказаў, што ў параўнаньні з матчам у Армэніі, БАТЭ гуляла нават лепш, і калі мы зараз добра згуляем дома з "Гэльсынгборгам", дык усіх заўзятараў Беларусі чакае вельмі цікавая сустрэча з такім славутым, знакамітым клюбам, як міланскі "Інтэр".

* * *

(Цыганкоў: ) "1 жніўня пабачыць сьвет тысячны нумар, бадай, самае папулярнае беларускае спартовае газэты "Прессбол". З гэтае нагоды "Заўзятар" вырашыў сустрэцца з намесьнікам галоўнага рэдактара "Прессболу" Сяргеем Новікавым. Дарэчы, напачатку наступнага году калектыў рэдакцыі адзначыць яшчэ й 10-гадовы юбілей.

Распавядае Ігар Карней…"

(Карней: ) "10 год таму зьяўленьне прынцыпова новага паводле якасьці падачы матэрыялаў штотыднёвіка было ўспрынятае "на ўра". Прычым, рэдкі выпадак, – і чытачамі, і крытыкамі. Час паказаў, што першапачатковы разьлік спраўдзіўся: да свайго юбілею, на думку многіх, "Прессбол" прыйшоў амаль у безальтэрнатыўнай прасторы. Хаця Сяргей Новікаў і спрабуе зрабіць рэвэранс у бок канкурэнтаў…"

(Новікаў: ) "Тое, што мы сёньня дзейнічаем як бы ў безальтэрнатыўным полі… – я з гэтым 100-адсоткава не пагаджуся. "Прессбол" трымаецца на традыцыях. Тыя людзі, якія яго стваралі – значная частка – засталіся ў рэдакцыі. І на іх яна трымаецца ўсе гэтыя амаль 10 гадоў. І гэты ўзровень, відаць, задае ўсё ж такі гэта група лідэраў, якая за сабой цягне іншых. У іншых выданьняў такіх прафэсіяналаў на чале рэдакцыі няма".

(Карней: ) "Сёньня сумарны наклад "Прессболу" шмат перавышае наклады ўсіх спартовых выданьняў, якія распаўсюджваюцца ў Беларусі. Гэта чарговы раз сьведчыць, што заўзятары па-ранейшаму давяраюць некалі выбранай інфармацыйнай крыніцы. Між іншым, год таму сярод абываталяў хадзіла чутка пра тое, што, так бы мовіць, "дзякуючы" "Прессболу" ў Беларусі гэтак і ня здолеў разгарнуцца папулярны і аўтарытэтны расейскі "Спорт-экспресс". Вось што на гэты конт мяркуе Сяргей Новікаў…"

(Новікаў: ) "Мы ані ў якім сэнсе не ўплывалі на сытуацыю разьвіцьця "Спорт-экспрессу" і ягонага беларускага дадатку. Мы проста працягвалі рабіць сваю справу. І мне здаецца, што тут проста вынікі чыстае канкурэнцыі. Ім было цяжка працаваць на ўзроўні, які быў зададзены намі, у тым, што тычыцца беларускае тэматыкі".

(Карней: ) "Апошнія гады прайшлі для кіраўніцтва газэты ў даволі жорсткім рэжыме. Паміж творчым працэсам адбываліся гучныя высьвятленьні адносінаў са спартовымі чыноўнікамі, у тым ліку і ў судовым парадку. Незгаворлівасьць рэдактара Ўладзімера Беражкова і ягонай каманды з чыноўнікамі прывяла да таго, што журналісты "Прессболу" сталі ў літаральным сэнсе пэрсонамі нон-грата пад час міжнародных спаборніцтваў. Літаральна да нядаўняга часу не было зразумела, ці будзе "Прессбол" удзельнічаць на Сіднэйскай Алімпіядзе…"

(Новікаў: ) "На сёньня справа выглядае так, што "Прессболу" знойдзецца месца. Што тычыцца ранейшых падзеяў, дык, магчыма, гэта і нават паспрыяла нам, бо ўсё роўна на ўсіх гэтых матчах мы пабывалі. Але гэта ў пэўным сэнсе і разьвязала нам рукі, і гэтым самым мы ўзмацнілі наш аўтарытэт. Усе зразумелі, што з намі моваю дыктату размаўляць сабе даражэй. Зараз нібыта алімпійская пэрспэктыва перад намі адчыненая, хаця яшчэ да верасьня справы могуць пайсьці ў непрадказальным кірунку".

(Карней: ) "Разыходжаньні ў поглядах са спартовымі кіраўнікамі прыклеілі да газэты пячатку апазыцыйнасьці. Ці сапраўды гэта так? Ці можна ў дачыненьні да "Прессболу" выкарыстаць выраз: усё дзеля заўзятараў, але за кошт чыноўнікаў? Адказвае Сяргей Новікаў…"

(Новікаў: ) "Проста так атрымоўваецца, што калі мы прытрымліваемся гэтак званае тэорыі "малых справаў", мы ўвесь час сутыкаемся з прадстаўнікамі ўлады – у першую чаргу, спартовай, але іншым часам, супрацьстаяньне йдзе вышэй. Толькі ў гэтым сэнсе мы "апазыцыянэры", і ў сваёй "апазыцыйнасьці", безумоўна, у першую чаргу мы ставім сабе на пазыцыю не таго, хто з гэтага спорту, як кажуць корміцца, і нават не на пазыцыю спартоўца, а на пазыцыю, як вы слушна сказалі, людзей, якія гэты спорт глядзяць".

(Карней: ) "Прыклееная апазыцыйнасьць тым часам робіць свой плён. Яшчэ год таму Сяргей Новікаў часта зьяўляўся ў тэлевізійных эфірах, камэнтуючы матчы футбольных ды гандбольных першынстваў. Сёньня пачуць Новікава ў эфіры немагчыма. Чаму? –пытаньне да апальнага камэнтатара".

(Новікаў: ) "Пасьля таго, як разгарнуліся канфлікты зь Фёдаравым (міністар авіяцыі, старшыня Беларускае Фэдэрацыі футболу. – "Заўзятар"), зьніклі прапановы – я на няштатнай аснове працаваў. Але пасьля апошніх прызначэньняў на пасады кіраўніцтва Нацыянальнае тэлерадыёкампаніі, я ня бачу магчымасьці супрацоўнічаць зь беларускай тэлевізіяй. Гэта мая пазыцыя як грамадзяніна".

(Карней: ) "Сяргей Новікаў між іншым лічыць, што работы яму хапае і без таго: "Прессбол" мае намер працаваць у яшчэ больш жорсткім рэжыме…"

(Цыганкоў: ) ""Заўзятару" застаецца толькі павіншаваць калектыў рэдакцыі з плённай працаю і пажадаць як мага даўжэй заставацца ў авангардзе беларускае спартовае прэсы".

XS
SM
MD
LG