Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўка Бароўскага, чаму беларускія букмэйкеры прапануюць такія маленькія каэфіцыенты выйгрышаў.


Віталь Цыганкоў

(эфір 11 Чэрвеня 2000)

Сёньня ў праграме:
– каму была патрэбна адстаўка трэнэра нацыянальнае зборнай па футболу Сяргея Бароўскага і
– чаму беларускія букмэйкеры прапануюць такія маленькія каэфіцыенты выйгрышаў.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "На мінулым тыдні са сваёй пасады быў зьняты галоўны трэнэр нацыянальнае каманды Беларусі па футболу Сяргей Бароўскі. Апошнім штуршком да такога рашэньня стаў чарговы пройгрыш беларусаў – на гэты раз ў таварыскай гульні з камандаю Эстоніі зь лікам 0:2. Літаральна празь дзень пасьля няўдачы ў Таліне бюро выканкаму Беларускае фэдэрацыi футбола аднагалосна вырашыла накіраваць Бароўскага ў адстаўку…"

(Глод: ) "Фармулёўка бюро выканакаму гучыць такім чынам: "зволіць у сувязi зь нездавальняючай падрыхтоўкаю каманды да матчаў адборнага турнiру чэмпiянату сьвету 2002 году". І сапраўды, тры паразы запар у таварыскiх матчах з Балгарыяй (1:4), Андораю i Эстонiяй (0:2) – гэта ўжо, як кажуць, занадта. Асабліва горкімі былі няўдачы ў Андоры й Эстоніі, краінах, якія ніколі не лічыліся футбольнымі грандамі. Таму такія кардынальныя меры не разглядаюцца як нешта надзвычайнае.

Разам з Бароўскiм ад выкананьня абавязкаў вызвалены ўвесь трэнэрскi штаб, куды ўваходзiлi Юры Пудышаў, Аляксандар Башмакоў i Юры Мохаў. Адначасова Юры Пудышаў прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра. У дзесяцiдзённы тэрмiн на разгляд бюро мусяць быць унесеныя новыя кандыдатуры на пасаду галоўнага трэнэра нацыянальнае каманды.

Чаму Сяргей Бароўскі, футбаліст высокае клясы, які ў свой час выступаў у складзе зборнае каманды Савецкага Саюзу, і ўжо меў пэўны досьвед у трэнэрскай працы, у тым ліку й на пасадзе галоўнага трэнэра нацыянальнае каманды Беларусі, ня здолеў дамагчыся посьпеху?

Нагадаем слухачам, што ў 1996 годзе Бароўскi быў адпраўлены ў адстаўку ў разгар адборнага турнiру чэмпiяната сьвету. Другi раз ён узначалiў зборную ў лiстападзе мiнулага году. Адстаўку Бароўскага для нашае праграмы камэнтуюць былы віцэ-прэзыдэнт футбольнага клюбу "Дынама" (Менск), а цяпер намесьнік старшыні фэдэрацыі футболу Менскае вобласьці Сяргей Карнееў і вялікі заўзятар футболу (у мінулым, дарэчы, нядрэнны футбаліст) намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Генадзь Цярэня".

(Глод: ) «Дык, што ж перашкодзіла Сяргею Бароўскаму дамагчыся добрых вынікаў? Гаворыць Сяргей Карнееў…"

(Карнееў: ) "Існуе такая прымаўка, што двойчы ў адную рэчку не ўваходзяць. У Бароўскага ўжо нічога не атрымалася. Нейкія ягоныя задумкі хаця й былі нармальныя, але не выкарыстоўваліся чыста з псыхалягічных матываў. Бароўскі меў думку гуляць у тры абаронцы – паводле новае сыстэмы, але добрых гульцоў для гэтага ў нас проста няма. Трэба, на маю думку, пачынаць гульню ад абароны. Сяргей Бароўскі запрашаў ня тых гульцоў, якія патрэбныя на сёньняшні дзень. Ён абапіраўся на легіянэраў, якія не самыя моцныя ў сваіх клюбах. У нас у беларускім чэмпіянаце хапае хлопцаў, якія маглі б заняць гэтыя пазыцыі".

(Глод: ) "Гэтак лічыць намесьнік старшыні фэдэрацыі футболу Менскае вобласьці Сяргея Карнеева А вось думка на гэты конт Генадзя Цярэні…"

(Цярэня: ) "Бароўскі, на мой погляд, – гэта трэнэр рамантычнага складу, а ня трэнэр зборнай, калі трэба разьлічваць на нейкі канкрэтны вынік. Па-другое, "двор", вышэйшая ўлада яго не падтрымала – матэрыяльна, арганізацыйна, маральна. Таму ён, мне здаецца, апынуўся ў нейкім вакууме".

(Глод: ) "Гаварыў Генадзь Цярэня. А што кажа сам Сяргей Бароўскі? У інтэрвію агэнцыі БелаПАН Бароўскі, адкідваючы абвінавачваньні ў мяккацеласьцi й "няўменьнi гульцам загадаць", сказаў "сёньня ня той час, каб загадваць. Пачуўшы загад, футбалiст можа паслаць цябе куды падалей. Трэба патрабаваць, але для гэтага ў гульца зборнай павiнен быць кантракт з канкрэтнымi забавязаньнямі, якога сёньня няма".

Паводле ягонага сьцьвярджэньня, прайграныя матчы наглядна прадэманстравалi, "хто ёсьць хто ў беларускай зборнай. У нас яшчэ не разьвiтае пачуцьцё нацыянальнае самасьвядомасьцi, як у той жа Латвii, дзе я раней працаваў. За зборную гуляюць не з-за грошай. У ейным складзе абараняюць гонар Радзiмы. Нашы гульцы часта атаясамляюць радзiму зь дзяржаваю, зь ейнымі палiтыкаю i эканомiкаю, а ня з тым месцам, дзе ён нарадзiўся й вырас", – адзначыў Бароўскi.

Як бы тое не было, паўстае пытаньне, хто мог бы зараз з посьпехам замяніць былога трэнэра нацыянальнае каманды? Свае думкі выказвае Сяргей Карнееў…"

(Карнееў: ) "Гэта Юры Курненін – галоўны трэнэр "Дынама" (Менск). І другая кандыдатура – можа аматары спорту палічаць, што я жартую – гэта трэнэр "Лунінца" Якаў Шапіра. Гэты малады трэнэр паказаў сябе як арганізатар вельмі добры і трэнэр добры".

(Глод: ) «А вось што думае на гэты конт Генадзь Цярэня…"

(Цярэня: ) «Эдуард Малафееў. Гэта нашая легенда, і ён бы даў рух маральны, і узнавіў энэргетыку. А з маладога пакаленьня трэнэраў мне найбольш падабаецца Румбуціс. Мне здаецца, ён яшчэ сваю адзнаку не атрымаў, у яго яшчэ ўсё наперадзе».

(Глод: ) «І зноўку вернемся да Сяргея Бароўскага. Магчыма, ён мае рацыю, калі кажа, што лiчыць мэтазгодным у далейшым прыцягваць для работы са зборнаю замежнага спэцыялiста, якi мог бы мець дакладныя ўмовы працы й ня быць абцяжараным грузам складаных адносiнаў у калiдорах футбольнае, спартовае ды iншае ўлады".

(Цыганкоў: ) "Працягваючы футбольную тэму, мы, выкарыстаем нагоду чэмпіянату Эўропы, каб пагаварыць пра… праблемы беларускіх букмэйкераў. Кожны аматар футболу ў гэтыя, першыя дні спаборніцтваў зноў і зноў ацэньвае шанцы ўдзельнікаў турніру, вызначаецца ў сваіх пэрсанальных сымпатыяў, робіць свае стаўкі. Існуе, аднак, пэўная катэгорыя людзей, якія робяць стаўкі не ў фігуральным, а ў літаральным сэнсе. Менавіта для патрэбаў такіх азартных асобаў і скіраваныя паслугі букмэйкерскіх кантораў.

На Захадзе гэты бізнэс вельмі разьвіты, і ў вялікіх гарадох пункты афармленьня ставак можна ўбачыць часьцей, чым калісьці ў савецкіх гарадох – шапікі "Спортлото". Самае галоўнае, што прываблівае мільёны азартных людзей – ты заўсёды ведаеш загадзя, колькі грошай атрымаеш, калі паставіш на тую ці іншую каманду або гульца. Аніякага падману або махінацыяў. Толькі халодны разьлік і, канешне, удача.

Прызнаюся, што і я пад час пэўных вялікіх спартовых спаборніцтваў люблю спраўдзіць свае заўзятарска-прагназысцкія здольнасьці й пагуляць у стаўкі. Бо адная справа – даказваць на кухні, нібы ты заўсёды ведаў, што французы будуць чэмпіёнамі сьвету, але зусім іншая – падмацаваць сваю прадбачлівасьць справаю, рызыкаю страціць уласныя грошы. Найярчэйшай сваёй удачаю магу назваць стаўку на харвата Давана Шукера, які стаў найлепшым снайпэрам апошняга чэмпіянату сьвету. Дарэчы, за гэткую прадказальнасьць я выйграў у прапорцыі 30 да аднаго.

Дык вось, зьвяртаючыся да чэмпіянату Эўропы, адзначым, што за дзень да ягонага пачатку брытанскія букмэйкеры найвышэй ацэньвалі пэрспэктывы перамогі галяндцаў – тры да аднаго. Гэта значыць, за кожны пастаўлены на галяндцаў рубель вы атрымаеце тры. Той, хто вырашыў паставіць на французаў, у выпадку іхнае перамогі атрымае выйгрыш з каэфіцыентам 4,5. Далей ідуць гішпанцы – 5,5, італьянцы – 6, ангельцы – 9 і гэтак далей.

А якія каэфіцыенты прапануе беларуская букмэйкерская фірма "Плюс-мінус". Адразу скажу, з такімі нізкімі патэнцыйнымі выйгрышамі нават ня хочацца рабіць ніякіх ставак. Каэфіцыенты тут у два-тры разы меншыя за эўрапейскія. Напрыклад, калі вы паставіце ў Лёндане на італьянца Дель П'ера, і ён стане лепшым бамбардырам чэмпіянату, вы атрымаеце 20 да аднаго, у Менску за такую ж стаўку – толькі тры да аднаго.

Галоўная прычына гэтага – адсутнасьць традыцыяў букмэйкерства й сапраўднае канкурэнцыі. У Менску ёсьць толькі тры пункты прыёму ставак. Два належаць фірме "Плюс-мінус" і адна – фірме "Пэнальці". Там заўсёды чэргі, і часам немагчыма прабіцца скрозь натоўп, каб зрабіць стаўку. Пры гэтым за апошнія гады колькасьць пунктаў нават паменшылася.

Супрацоўнік фірмы "Плюс-мінус" Сева, які якраз вызначае памеры каэфіцыентаў, патлумачыў, што ў Беларусі іхная велічыня фактычна не адрозьніваецца ад расейскай. Што да Захаду, дык там стаўкі робяць мільёны чалавек, і заўзятары, напрыклад, "Мілана" заўсёды ставяць на выйгрыш сваёй каманды, лічыць Сева. Вялікія аб'ёмы абароту дазвалюць заходнім букмэйкерам быць больш гнуткімі й даваць больш прывабныя каэфіцыенты выйгрышу. У нас жа кліентура даволі дасьведчаная і букмэйкерскія канторы вымушаныя перастрахоўвацца, каб не разарыцца. Да таго ж разьвіцьцю не спрыяюць створаныя ўмовы гаспадараньня.

Гэта ўвогуле асобная і вельмі сур'ёзная тэма – беларускае букмэйкерства й спартовыя латарэі. Дзяржава стварыла такія неспрыяльныя ўмовы, навязала такія падаткі, што аніводная з латарэяў так і ня здолела разгарнуцца. Справа, якая патэнцыйна можа быць вельмі масавым і прыбытковым бізнэсам, прыносіць даходы ў бюджэт, у Беларусі так і ня стала на ногі".

XS
SM
MD
LG