Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыйная фізычная культура беларусаў: Сялянства


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 8 Чэрвеня 2000 г.)

Удзельнік: Алесь Шамак.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) ""Абы здароўе, а праца будзе", – адвеку прыгаворвалі беларускія сяляне.Такім чынам, здароўе, фізычная моц былі скіраванымі ў сялянства толькі на працу? Меркаваньне гісторыка культуры Алеся Шамака…"

(Шамак: ) "Праца была тым сродкам, які даваў магчымасьць існаваць. І ў той жа час праца і мацавала чалавека, і зьнясільвала. Рыхтуючыся да працы, беларускі селянін выкарыстоўваў шмат прыёмаў, мэтодыкаў. Сыстэма фізычнае падрыхтоўкі беларускага сялянства была абсалютна рацыянальнаю, напрацаванаю тысячагодзьдзямі й нагэтулькі выдатнаю, што нават ажно да пачатку ХІХ стагодзьдзя шляхта, якая і сама ведала толк у фізычным выхаваньні, не лічыла для сябе ганебным аддаваць сваіх дзяцей на выхаваньне ў сялянскія сем'і. Гэта так званае "дзядзькаваньне"".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, гісторык культуры Алесь Шамак лічыць, што фізычная культура беларускага сялянства цягам стагодзьдзяў была шчыльна зьвязаная зь іх працоўнаю дзейнасьцю і падпарадкоўвалася маралі сялянскага грамадзтва, а таксама прынцыпу прыроднае мэтазгоднасьці. Алесь Шамак – нашым госьцем…

Ці прызнавалася ўсімі саслоўямі беларускага грамадзтва фізычная культура сялянскага асяродзьдзя як прыярытэтная, як каштоўнасьць? Спадар Шамак?.."

(Шамак: ) "Прыярытэтам і каштоўнасьцю прызнавалася фізычная сіла ўвогуле, як і магчымасьць чалавека выконваць цяжкую фізычную працу. Таму фізычная падрыхтоўка была зусім натуральным элемэнтам у сялянскім асяродзьдзі.

Зь фізычнае культуры вылучаўся адзін напрамак – гульні. Прычым, гулялі беларусы ад самага нараджэньня і аж да сьмерці. Гэта не мая думка. Так сказаў аб гэтым Максім Гарэцкі. Дзеці ўжо ў 2-3-гадовым веку пачыналі гуляць у прасьценькія гульні зь імітацыяй самых простых фізычных дзеяньняў, зьвязаных зь сялянскаю працаю. А заканчавалі людзі гуляць у сталым веку, нават пажылым, у карчме, у коле сяброў, часам, магчыма, нават на падпітку. Мужчыны, зноў жа, забаўляліся фізычнымі практыкаваньнямі. Прыкладам, падняцьце гіраў адным пальцам, гнулі манэты на спрэчку, разгіналі падковы, ламалі кіі ўдарам рукі ці выгінаючы яго як падкову…"

(Ракіцкі: ) "Сярод беларускіх сялянаў ХІХ-га – пачатку ХХ стагодзьдзяў было шмат дужых людзей. Імёны асобных асілкаў гісторыя нам захавала. Сярод іх – Ціт Баравуля зь вёскі Гумно Крупскага раёну. Пра яго людзі казалі, што моц сваю ён набыў празь цяжкую фізычную працу. Ціт лёгка падхопліваў пад пахі й нёс дзьве калоды пчолаў. Адною рукою складваў трохмэтровыя бервяны. У бойках з мужыкамі адзін перамагаў дзясятак чалавек. Калі ён быў на заробках у суседняй вёсцы Чарнеўцы, што ў 18 кілямэтрах ад Гумна, узаклад з мужыкамі ўзяў 20 цаглінаў вагою 100 кіляграмаў і ў падбежку панес дадому. Калі заставалася да Гумна кілямэтар з паловаю, мужыкі з усяе моцы ўсё ж апярэдзілі яго, паслалі сьвітку на ўскрайку дарогі, паставілі на яе закуску, бутэльку гарэлкі й прызналіся, што прайгралі. Толькі тады Ціт скінуў на зямлю цэглу. Пазьней яе размыў дождж, і дасюль на тым мейсцы ляжыць гліна…

А яшчэ нельга не задаць такое вось, напэўна, вельмі актуальнае для сяньняшняга беларускага сялянства, пытаньне. Ворагам, разбуральнікам фізычнае культуры зьяўляецца алькаголь. А як было з ужываньнем алькаголю ў нашае даўніне?"

(Шамак: ) "Па-першае, ужываць алькаголь моладзі забаранялася, дый сама яна да алькаголю не цягнулася. Былі папулярнымі складчыны, якія наладжваліся ў хатах. Дзяўчаты прыносілі ежу, а хлопцы наймалі музыкаў. Менавіта музыкам і ставілася гарэлка, каб тыя зь вечара і ажно да раніцы гралі. А сама моладзь магла выпіць толькі крышачку. Ім піць забаранялі яшчэ й бацькі.

Наш знакаміты этнограф Шэйн катэгарычна сьцьвярджае, што беларускі шынок ніколі й блізка не адпавядаў расейскае карчме. У Расеі карчма была месцам, дзе людзі зьбіраліся, каб напіцца. Беларускае карчме больш адпавядае назоў "клюб". Тут праводзілі розныя сьвяты, прыкладам, адзначалі імяніны, хрэсьбіны. Тут старэйшыя людзі яшчэ маглі выпіць чарачку, а моладзь мела права толькі таньчыць, сьпяваць, бавіцца. Для тых, хто хацеў напіцца ў карчме, існаваў чорны ўваход. Там быў невялічкі пакойчык для п'яніцаў. Але п'яніцаў у чыстае, як кажуць, грамадзтва не дапушчалі".

(Ракіцкі: ) "Беларуская шляхта, беларускія рыцары, як і ў Эўропе, высьвятлялі адносіны, спрэчкі паміж сабою на двубоях. А сяляне? На кулаках, ці як?"

(Шамак: ) "Фэхтаваньнем на кіёх, ці змагаліся з той зброяй, якой сяляне мелі права валодаць. Бойкі на кулах у Беларусі ніколі не было. Калі пра гэта кажуць, дык такім чынам пераносяць расейскую рэчаіснасьць на беларускую глебу. Існавалі свае віды дужаваньня, прыкладам, хто каго перадужае: "Накрыж", "Да крыжа"…"

(Ракіцкі: ) "Ці можам мы сказаць, што гэтаксама, як і ў шляхоцкім, рыцарскім асяродзьдзі, у асяродзьдзі сялянскім фізычная культура залежала ад маралі?"

(Шамак: ) "Усё, што рабілася ў сялянскім асяродзьдзі, трымалася на звычаёвым праве й маралі калектыву. Калектыў вызначаў дужэйшага, сьмялейшага, разумнейшага, спрытнейшага, не выдаючы, як гэта ў наш час, мэдалі.

Як адзначае наш выдатны этнограф і гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі, сялянская грамада ганьбіла тую моладзь, якая не хацела браць удзел у гульнях".

(Ракіцкі: ) "Ці ўсьведамлялася ў сялянскім асяродзьдзі неабходнасьць фізычнага выхаваньня чалавека як будучага гаспадара?"

(Шамак: ) "Гэтае вызначэньне было сялянам абсалютна зразумелым. Яно падтрымлівалася маральлю сялянскае грамады. І сялянскія дзеці змалку пачыналі сваю падрыхтоўку да ўваходжаньня ў сялянскае грамадзтва.

Навукоўцы вызначаюць некалькі пэрыядаў. З 6-8 гадоў дзеці пасьвілі дробную жывёлу – гусяў, качак. Пэрыяд з 8 да 14 гадоў лічыўся пастухоўскім. Хлопчыкі пасьвілі сьвіней, авечак, коней, хадзілі "ў начное", вучыліся верхавой язьдзе безь сядла, плаваць. Дзяўчынкі вучыліся прасьці кудзелю, гатаваць ежу. Фізычная падрыхтоўка сканчвалася да 18 гадоў. У гэтым веку хлопец мусіў быў умець усё рабіць сам, нават хату паставіць".

(Ракіцкі: ) "Ці не сялянства найперш сфармавала традыцыйную фізычную культуру? Ці можна паставіць знак роўнасьці паміж паняцьцямі "сялянскае" і "традыцыйнае" фізычнае культуры?"

(Шамак: ) "Пра традыцыйную культуру мы можам казаць у дачыненьні да ўсіх саслоўяў. Гэтак было ў Эўропе, гэтак было і ў Беларусі. Іншая справа, што традыцыйная фізычная культура беларусаў найперш – і найлепш, і на больш працяглы час – захавалася. Ажно да пачатку ХХ стагодзьдзя.

Па-сутнасьці, разбурэньне яе пачалося з прыходам бальшавікоў, зь іхнае калектывізацыі. У 30-х гадох ішло сьвядомае разбурэньне як сялянскае традыцыйнае маралі, гэтак і сялянскае традыцыйнае фізычнае культуры. Ім не патрэбны быў селянін-гаспадар, ім не патрэбнае было пачуцьцё сялянскае годнасьці. А таму й замянялі традыцыйную фізычную культуру на савецкія ўрокі фізкультуры ў школах, якія ў большасьці сваёй ня маюць аніякага сэнсу.

Але некаторыі фізычныя практыкаваньні й гульні з шэрагу традыцыйных для беларускага сялянства захоўваюцца яшчэ й зараз. Але яны ўжо выконваюцца без прадметаў, якія патрэбныя былі ў быце калісь, бяз той жа касы ці цапа. І без таго сэнсу, які ў гульню ці практыкаваньне ўкладвалі нашыя продкі. Без таго сцэнару. Такім чынам, згублены асэнсаваны працэс узаемадзеяньня паміж людзьмі – тое, што мы называем працэсам гульнёвае дзейнасьці. Шмат практыкаваньняў з сучаснае фізкультуры абсалютна мэханічныя, нажаль".

(Ракіцкі: ) "Дык мы традыцыю згубілі назаўсёды?"

(Шамак: ) "Сялянская культура захавала тыя гульні, якія мелі найбольш значны ўплыў, якія лёгка запаміналіся й мелі пэўную канву. Шкада, што шмат згублена. Бо ў тых гульнях фармавалася мараль. Дзеці вучыліся ня зьдзеквацца над прайграўшым, самім годна прайграваць. Яны абавязкова фармавалі мараль калектыўную, чалавечую. І ў гэтым іх найпершая каштоўнасьць.

На сьвяты ў гульнях на вясковай вуліцы бралі ўдзел ня толькі моладзь, але й дарослыя. Мужчыны ганялі шалыгу – сьплецены з лучынаў шар памерам з чалавечую галаву, або гулялі ў "гулу", а заўзятарамі была ўся вёска.

У гэтай гульні ўдзельнічалі 30–40 мужчынаў, падзеленых на дзьве каманды. Капітаны кожнае каманды кідалі кола ад калёсаў у бок сваіх супернікаў. А тыя мусілі спыніць яго. Калі ж прапускалі, дык адсоўваліся на тую адлегласьць, дзе кола само падала. Каманда, якую выпіхвалі за рысу, лічылася прайграўшаю. Масавыя гудьні ў "гулу" ў Магілеўскай губэрні фіксаваліся яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Мужчынскімі напрыканцы ХІХ стагодзьдзя лічыліся таксама гульні ў "ворана", у "цялепня", у "чорта"".

(Ракіцкі: ) "Натуральным чынам мы з вамі, спадар Шамак, прыйшлі да такога пытаньня: а што з традыцыйнае сялянскае фізычнае культуры мы мусім перанесьці ў дзень сяньняшні? Сучасныя мэтодыкі, як высьвятляецца, мала прадуктыўныя. І з гэтае прычыны таксама здароўе нацыі пагаршаецца. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што моладзь хілая, ня здольная да цяжкіх фізычных выпрабаваньняў. Зь іншага боку – шмат хто са слухачоў нашых пасьмяецца, маўляў, сяньня гуляць у гульні з ланцугамі, косамі? Вашае меркаваньне на гэты конт, спадар Шамак…"

(Шамак: ) "Анічога сьмешнага ў гульнях з цапом няма. Японцы аж па сяньня гуляюць са сваім цапом і яшчэ нам яго навязваюць. Толькі называецца ён у іх "нунчакі". Гэта – роўнаканцовы цэп, якім японцы абьбіваюць снапы з рысам, і які выконвае функцыю самурайскае зброі. Так што вяртаньне да традыцыйных відаў фізкультуры абсалютна актуальнае ва ўсім сьвеце. Нездарма ж многія такія віды спорту нават уключаюцца ў алімпійскія праграмы. Модны ў наш час і такі від спорту, як стральба з лука. А яна йснуе ўжо каля 12 тысячаў гадоў.

Натуральна, многія гульні паводле зьместу састарэлі. Але нішто не перашкаджае нам іх аднавіць, дапасаваць да сучаснага мысьленьня. Асучасьнілі ж амэрыканцы тую ж сялянскую лапту й ператварылі яе ў надзвычай папулярную гульню – бэйсбол, якая становіцца і нам цікаваю. І вось мы ўжо будуем палі і купляем бэйсболкі.

Найбольш прыкладаў мы можам прывесьці з азіяцкіх краінаў. Там традыцыйная фізычная культура ў поўнай моцы выкарыстоўваецца пры выхаваньні сучаснае моладзі".

(Ракіцкі: ) "Зрэшты, фэномэн Японіі ці Карэі ў тым і палягае, што яны здолелі злучыць традыцыйную культуру з культураю сучаснага тэхнакратычнага грамадзтва. А эўрапейцы? А мы?"

(Шамак: ) "Эўрапэйцы шмат згубілі. Магчыма, беларусы знаходзяцца ў больш выразным стане. Мы яшчэ й зараз можам знайсьці сярод сівых дзядкоў носьбітаў традыцыйнае фізычнае культуры. Гэтых гульняў у нас мноства. Толькі адзін том акадэмічнага выданьня, прысьвечанага нашым гульням, зьмяшчае тэксты й сцэнары больш за 500 (!) такіх гульняў. І гэта толькі частка!

У многія гульні дзеці й сяньня гуляюць, толькі ім не сказалі, што гэта гульні старадаўнія, нашыя, беларускія. Тыя ж "гарадкі". Гэта няпраўда, што гэтая гульня прыйшла да нас з Расеі! У нас яны проста называліся йнакш: "крэглі", "пікар".

Усясьветная навука сьведчыць, што ў тых краінах, дзе захоўваецца традыцыйная фізычная культура, моладзь мае лепшыя фізычныя кандыцыі, там моцна трываецца мараль. Па-другое, усе нашыя традыцыйныя практыкаваньні, гульні сфармаваліся на гэтай гэаграфічнай тэрыторыі. Таму яны адпавядаюць і гэнэтыцы, і фізіялёгіі беларуса.

Мы можам займацца каратэ-до, мы можам выкарыстоўваць тыя ж нунчакі замест цэпа. Але ж недарэмна нунчакі – гэта дзьве караценькія палачкі. Гэта зьвязана і з ростам, і з тэмпэрамэнтам японца. Перанос гэтых гульняў безь японскае этыкі немагчымы. Адсюль – кімано, паклоны, тэрміналёгія на японскай мове…

Наш этыкет мусіць адпавядаць нашаму этыкету. Японская традыцыя найперш непрыдатная нам паводле псыха-біялёгіі. Усё напрацаванае праходзіць адбор ня толькі людзьмі, але й прыродаю".

(Ракіцкі: ) "І ў пацьверджаньне гэтых словаў нашага госьця, Алеся Шамака, паслухаем выразную замалёўку этнографа Стаўровіча, які вывучаў сялянскі побыт у другой палове ХІХ стагодзьдзя: "Нарачанец у рухах і манэрах нязграбны. Але вось ён плыве на лодцы па сваім родным возеры. Тут нельга пазнаць гэтага чалавека! Ані моцная хваля, ані бура не палохаюць яго. Стоячы ў сваім чоўне, ён хутка нясецца ў нябачную далячынь. І сярод бушуючай стыхіі заўсёды сьмелы й адважны, дзейнічае адным вяслом з поўнаю ўпэўненасьцю й спрытам. Для яго амаль усё роўна, спакойнае возера ці бурнае, плыве ён удзень ці ўначы".

XS
SM
MD
LG