Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапейскі футбол, як вылекавацца славутаму беларускаму спартоўцу, скачкі на батуце – новы алімпійскі від спорту


Віталь Цыганкоў

(эфір 4 Чэрвеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Прывітаньне. Сёньня нашую праграму пачнем нетрадыцыйна – міжнароднай тэмаю. Аднак я мяркую, што такі падыход знойдзе сваё разуменьне ў нашых слухачоў. Бо чэмпіянат Эўропы па футболе, зь якога мы адкрыем нашую перадачу, відавочна, стане галоўнай спартовай падзеяй гэтага месяцу, прынамсі, на нашым кантынэнце. Дарэчы, у вапошнім выпуску праграмы нашага радыё "Паштовая Скрынка 111" у лісьце аднаго са слухачоў прагучала просьба распавесьці пра падрыхтоўку розных зборных да чэмпіянату. Гэтую просьбу мы з задавальненьнем выконваем.

Карнавал эўрапейскага футболу пройдзе зь 10 чэрвеня да 2 ліпеня ў Бельгіі ды Галяндыі – упершыню ў гісторыі гэтых спаборніцтваў адразу ў дзьвюх краінаў. 16 лепшых на сёньняшні дзень футбольных зборных кантынэнту падзеленыя на чатыры групы. Па дзьве каманды з кожнай складуць чвэрцьфінальныя пары, пераможцы якіх выйдуць у паўфінал, і нарэшце, 2 ліпеня ў галяндзкім горадзе Ратэрдам адбудзецца фінальны матч, які назаве імя новага чэмпіёну кантынэнту.

Асаблівую інтрыгу гэтаму турніру надае тая акалічнасьць, што ён ня мае выразнага фаварыта. Усе адмыслоўцы пагаджаюцца з думкаю, што чэмпіёнам можа стаць любая зь пяці-шасьці наймацнейшых зборных. Гэта гаспадары турніру галяндцы, чэмпіёны сьвету французы, дзейныя чэмпіёны Эўропы немцы, сэнсацыя апошніх гадоў – чэхі, а таксама традыцыйна моцныя італьянцы і ангельцы.

Выразным паказьнікам тут зьяўляецца таталізатар. Дык вось, найбольш верагоднымі кандыдатамі на перамогу букмэйкеры лічаць галянцаў і французаў, потым ідуць немцы, італьянцы і ангельцы.

Трэба сказаць, што сьляпая фартуна вельмі няроўна падзяліла каманды ў стартавых групах. Бадай, самая моцная – група Д, дзе спаткаюцца зборныя Францыі, Галяндыі, Чэхіі ды Даніі. Мне, напрыклад, горка ўсьведамляць, што хтосьці зь "вялікай тройкі" – французы, галянцы й чэхі – ня пройдзе ў далейшую стадыю.

У большасьці прагнозаў ставяць на французаў і галяндцаў, але чэхі, нагадаю, – віцэ-чэмпіёны Эўропы і лепш за ўсіх згулялі адборны турнір. Ды й датчане заўсёды могуць учыніць гучны сюрпрыз, што яны прадэманстравалі, стаўшы чэмпіёнамі Эўропы ў 1992-м. Так што, я, напрыклад, цалкам, дапускаю, што ў гэтай групе адбудзецца самая моцная сэнсацыя турніру, і чэмпіёны сьвету французы не патрапяць нават у чвэрцьфінал.

Ня менш грунтоўна выглядае група "А", дзе лёсаваньне зьвяло каманды Нямеччыны, Партугаліі, Ангельшчыны й Румыніі. Тут у фаварытаў – немцаў і ангельцаў – вельмі сур'ёзныя супернікі. Асабліва каманда Партугаліі на чале з Луішам Фігу, лідэрам вялікае "Барсэлёны". Касьцяк гэтае каманды калісьці стаў чэмпіёнам Эўропы сярод моладзі, але з таго часу партугальцы анічога не выйгравалі. Бальшыні зь іх па 26-30 гадоў – менавіта ў такім веку становяцца пераможцамі, магчыма, для гэтае каманды чэмпіянат – апошні шанец здабыць сабе месца ў гісторыі.

У іншых групах наўрад ці хто здольны перашкодзіць фаварытам прасунуцца да чвэрцьфіналу. У групе "Б" ўсьлед за Італіяй за другую пуцёўку пазмагаюцца швэды й гаспадары чэмпіянату бельгійцы. Наўрад ці мае нейкія шанцы турэцкая зборная, якая – выглядае – можа перамагаць толькі ў родных сьценах. У групе "С" за два першыя месцы будуць спрачацца гішпанцы, югаславы й нарвэжцы. Для славенцаў, відавочна, сам выхад у фінальны турнір ужо можна лічыць грандыёзным посьпехам.

Дык хто ж стане чэмпіёнам? Я асабіста буду хварэць за галяндцаў, бадай, самую стылёвую й самую зоркавую ў сёньняшнім эўрапейскім футболе зборную. Ну а ўсім нашым слухачам пажадаю пабачыць прыгожую гульню, і каб перамагалі тыя зборныя, якім вы сымпатызуеце.

Працягнем праграму беларускімі каляспартовымі праблемамі. Да ўчорашняга дня Міністэрства спорту Беларусі не магло знайсьці некалькі тысячаў даляраў, каб фінансаваць лячэньне аднаго з самых славутых беларускіх спартоўцаў – алімпійскага чэмпіёну, чэмпіёну сьвету, трохразовага ўладальніка Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў, гульца зборнай сьвету гандбаліста Аляксандра Каршакевіча.

Распавядае Ігар Карней…"

(Карней: ) "Некалькі год таму Аляксандру Каршакевічу быў пастаўлены мэдычны дыягназ: двухбаковы коксаартроз. Хвароба, на якую, дарэчы, хворы й былы расейскі прэм'ер Прымакоў, вызывае моцныя болі ў сьпіне й тазабедравым суставе. Чым далей хвароба прагрэсуе, тым цяжэй чалавеку заставацца на нагах. Хворыя пачынаюць залежыць ад штодзённых ін'екцыяў.

У вадрозьненьні ад Прымакова, які можа сабе дазволіць лячэньне ў лепшых клініках сьвету, Аляксандар Каршакевіч са сваёй хваробаю заставаўся сам-насам. Усе гучныя перамогі прыйшліся на савецкі час, калі прызавыя грошы спраўна асядалі ў дзяржаўнай скарбніцы. Пасьля таго, як спартовая кар'ера заканчваецца, лёсам былых пераможцаў ужо ніхто не цікавіцца. Уласная ж гордасьць не дазваляе 40-гадовае зорцы шукаць патэнцыйных спонсараў.

Затое на гэтым тыдні з традыцыйным зваротам да грамадзкасьці выйшлі спартовыя чыноўнікі. Сам Каршакевіч быў катэгарычна супраць прэсавае канфэрэнцыі, дзе было аб'яўлена пра збор сродкаў. Замест таго, каб адразу прапанаваць нейкія варыянты, супрацоўнікі фэдэрацыі гандболу пачалі прасіць грошы ў паталягічна бедных суайчыньнікаў.

Кажуць, што ідэя пайсьці ў народ нарадзілася за дзень, таму нейкую лёгіку тут шукаць цяжка. Зьвярнуцца да віцэ-прэзыдэнта беларускае фэдэрацыі гандболу Герда Буцэка не хапіла ня тое часу, ня тое жаданьня. Нямецкі спэцыяліст якраз вядомы тым, што дапамагаў многім беларускім спартоўцам працаўладкоўвацца за мяжою. Напэўна, дапамаглі б таварышу былыя гульцы, бальшыня зь якіх зараз жыве за мяжою.

Нарэшце, улічваючы заслугі Каршакевіча, магло б раскашэліцца й міністэрства спорту. Не такая ўжо вялікая даніна за сапраўднае майстэрства. Замест гэтага пад прыкрыцьцём суровае неабходнасьці чыноўнікі расходуюць вялізныя сродкі на не абавязковыя выправы. Днямі з Рыа-дэ-Жанэйра вярнуўся кіраўнік управы прэзыдэнцкае адміністрацыі па Менску Генадзь Аляксеенка. Паказальна, што разам з генэральным сакратаром беларускага НАК Івановым прэзыдэнцкі пасланьнік удзельнічаў у рабоце… Генэральнае асамблеі МАК.

Магчыма, дарога, нядрэнныя сутачныя ды выпраўныя былі б неблагім унёскам у выратаваньне Каршакевіча. Дарэчы, тымі ж днямі міжнародная фэдэрацыя гандболу прызнала Аляксандра Каршакевіча лепшым гульцом ХХ стагодзьдзя ў сваім амплуа левага крайняга. На жаль, гэта толькі маральнае задавальненьне.

Праўда, літаральна напярэдадні запісу гэтага матэрыялу прыйшла інфармацыя з алімпійскага камітэту наконт таго, што ў справе Каршакевіча акрэсьліўся рэальны прагрэс. Гаворыць прэс-аташэ НАК Пётар Рабухін…

(Рабухін: ) "Скончылася бюро алімпійскага камітэту, дзе міністар спорту паведаміў: міністэрства й НАК выйшлі на ўрад і прэм'ер-міністар паабяцаў, што на ўзроўні ўраду будзе прынятае рашэньне пра выдаткаваньне сродкаў для набыцьця пратэзу й апэрацыю".

(Карней: ) "Ці ёсьць інфармацыя, дзе магчыма правядзеньне апэрацыі?"

(Рабухін: ) "Увогуле нашыя ўрачы робяць апэрацыі ня горш, але просьба Каршакевіча – каб быў імпартны пратэз. Гэта зразумела: пратэзы ў нас робіць нейкае Закрытае акцыянэрнае таварыства. Якасьць яго можа й нядрэнная, але якая гарантыя – невядома. Швайцарская фірма дае гарантыю 25 гадоў".

(Карней: ) "Па некаторых зьвестках, у Нямеччыне замена тазабедравага суставу й 45-дзённы курс рэабілітацыі абыходзіцца ў 25 тысячаў марак. Найбольш якасныя пратэзы робяць у Швайцарыі: пры кошце ў 3 тысячы даляраў вытворцы даюць гарантыю на 25 гадоў.

Пры наяўнасьці пратэзу, апэрацыю ў замене суставу бяруцца бясплатна правесьці спэцыялісты клінікі НДІ траўматалёгіі. Галоўная праблема ў тым, каб абяцаная дапамога не расьцягнулася на традыцыйны неакрэсьлены для беларускіх чыноўнікаў тэрмін. Грошы патрэбны хутка, бо марудзіць пры прагрэсуючай хваробе небясьпечна.

Прэзыдэнт беларускага НАК лёгка кідае мільёны на ўзьвядзеньне сумніўных лядовых палацаў. Можна спадзявацца, што ў ягонай казьне знойдзецца некалькі тысячаў даляраў на пратэз для славутага гандбаліста".

(Цыганкоў: ) "Гэта быў Ігар Карней, а Ўладзімер Глод распавядае пра беларускія шанцы ў скачках на батуце – сярод відаў спорту, якія дэбютуюць на Алімпійскіх гульнях у Сіднэю, ёсьць і гэты. Для нацыянальнай каманды Беларусі гэта азначае надзвычай добрую магчымасьць атрымаць алімпійскую узнагароду…"

(Глод: ) "Скачкі на батуце – незвычайны від спорту, вытокі якога ў акрабатыцы. Дарэчы, ня ўсім акрабатам такое адгалінаваньне падабаецца, таму яны дагэтуль зьняважліва клічуць батутыстаў "цыркачамі". Але паветраныя піруэты – а менавіта гэтым характэрныя ў першую чаргу скачкі на батуце – маюць усё больш прыхільнікаў. Дарэчы, Менск на абшарах былога СССР быў сталіцаю батуту. Знакаміты трэнэр Леанід Ліўшыц, які прыйшоў, зразумела, з акрабатыкі, выхаваў першых майстроў, першых чэмпіёнаў, зь якіх найбольш яскравай і прыгожай была ягоная выхаванка, студэнтка-журналістка, а потым і жонка Людміла Зданюк.

Тацяна Чуміна, Людміла Іванова – гэтыя дзяўчыны перамагалі на чэмпіянатах Савецкага Саюзу, былі прызёрамі эўрапейскіх і ўсясьветных.

Пасьля таго як Леанід Ліўшыц усё ж вярнуўся ў акрабатыку, цэнтар беларускіх скачкоў на батуце перамясьціўся ў Віцебск, дзе працаваў знакаміты трэнэр Уладзімер Швальбо. Менавіта ён здолеў яшчэ ў 1993 годзе схіліць да пераезду ў Віцебск з Узбэкістану Зьміцера Паляруша. Сёньня Зьміцеру амаль 30 год, 20 зь якіх, як ён жартуе, праведзеныя ў паветры.

Паляруш накіраваўся ў Беларусь таму, што хацеў лепш авалодаць менавіта беларускаю школаю скачкоў, якую ад іншых адрозьнівае перш-наперш філігранная чысьціня выкананьня тэхнічных прыёмаў. І гэтым яна йстотна адрозьніваецца, напрыклад, ад нямецкай або францускай, якія грунтуюцца на надзвычайнай складанасьці скачковых камбінацыяў.

Зараз Зьміцер Паляруш жыве ў Амэрыцы. У 1996 годзе, калі яшчэ не было вядома пра тое, што скачкі на батуце ўвойдуць у алімпійскую праграму, ён вырашыў разьвітацца са спортам. Як раз тады й атрымаў запрашэньне ад добрых сяброў са Злучаных Штатаў, якія займаліся арганізацыяй і правядзеньнем у Амэрыцы розных гімнастычных шоў. Два гады Паляруш асабіста ўдзельнічаў у гэтых імпрэзах, пасьля стаў працаваць мэнэджэрам. Але цяпер на гэтым на пэўны час пастаўлены крыж. Увесь час аддаецца толькі трэніроўкам на батуце.

У невялічкім мястэчку Лафайет, што ў штаце Луізіяна, існуе цудоўны спартовы цэнтар, якім Зьміцер бясплатна карыстаецца. Гаспадары спартовае арэны спадзяюцца, што перамога Паляруша на Алімпійскіх гульнях у Сіднэю хутка пакрые ўсе іхныя выдаткі. Адзінае, што засмучае – побач няма трэнэра. Але спартовец прывучыў сябе аналізаваць свае выступы на экране відэамагнітафону й таму запісвае на стужку літаральна кожную трэніроўку. Да таго ж можна карыстацца й тэлефонам. І тады Зьміцер зьвязваецца з Валерам Вагелем – галоўным трэнэрам беларускіх батуцістаў. Абодва яны спадзяюцца, што адна зь першых у гісторыі гэтага віду спорту мэдалёў дастанецца Беларусі".

XS
SM
MD
LG