Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спартовыя захапленьні Паўла Знаўца, праблемы футбольных судзьдзяў, час для спорту


Віталь Цыганкоў

(эфір 9 Красавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У гэтым выпуску мы распавядзем пра шматлікія спартовыя захапленьні дэпутата Паўла Знаўца, вы пачуеце, якімі праблемамі пераймаюцца беларускія футбольныя судзьдзі й даведаецеся, у які час дня найлепш займацца спортам.

(Цыганкоў: ) "Сёньня ў нашай сталай рубрыцы "Палітыкі пра спорт" мы прадстаўляем дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Паўла Знаўца. Наш карэспандэнт Уладзімер Глод, які гутарыць з парлямэнтарыям, пра ягонае захапленьне спортам даведаўся даволі выпадкова. Распавядае Ўладзімер Глод…"

(Глод: ) "З дэпутатам Знаўцом мы абмяркоўвалі напад міліцыянтаў на Міхала Батурына – роднага брата таго самага Алега Батурына, які адкрыта распавёў пра тое, як міліцыянты правакавалі сутычкі пад час першага "Маршу Свабоды". І раптам Вы, Павал, сказалі, што добра ведаеце Міхала Батурына, што вы разам займаліся шахматамі. Дык, што такое, на Ваш погляд, шахматы?"

(Знавец: ) "Безумоўна, шахматы – гэта хобі для мяне, але гэта й спорт, і мастацтва. Шахматы дапамаглі мне лягічна мысьліць. Але акрамя шахматаў я займаўся і іншымі відамі спорту – у прыватнасьці, самба, дзюдо, лёгкай атлетыкаю, настольным тэнісам. Дасягнуў пэўных вынікаў, выканаў кандыдацкія нарматывы".

(Глод: ) "Павал, Вы неяк казалі, што спорт дапамог Вам стаць выдатнікам. Як гэта адбылося?"

(Знавец: ) "Я зацікавіўся футболам у другой клясе. У 1978 годзе праходзіў чэмпіянат сьвету ў Аргэнтыне. Мяне настолькі ўразілі галы й гульня ў выкананьні бразыльцаў, аргэнтынцаў, галяндцаў, што я захапіўся, па-добраму стаў фанатам. Я вёў статыстыку, меў адмысловы сшытак, дзе я выпісваў усе каманды, хто калі галы забіваў і г.д.

У школе нават здарыўся выпадак, калі на ўроке геаграфіі настаўнік спытаў, хто ведае, дзе знаходзіцца Шатляндыя. Я безумоўна ведаў. Можа, здагадваўся пра гэта й настаўнік – ён паклікаў мяне й папрасіў паказаць, дзе гэта. Я паказаў, што гэта частка Вялікай Брытаніі. Ён адпусьціў мяне гуляць, і я да вечару ўжо гуляў у футбол на вуліцы, а ўвесь клас застаўся шукаць, дзе ж гэтая Шатляндыя".

(Глод: ) "А пасьля школы ці працягвалася захапленьне спортам?"

(Знавец: ) "Пад час вучобы ў БДУ я зьяўляўся старшынём спартовага клюбу юрыдычнага факультэту і ўваходзіў у спартовы клюб БДУ. Я адказваў за арганізацыю ўсіх спаборніцтваў і за дасягненьні юрыдычнага факультэту. Безумоўна, сам, як аматар спорту, я ўдзельнічаў у шмат якіх спаборніцтвах – па футболу, баскэтболу, лёгкай атлетыцы, настольнаму тэнісу. Пад маім кіраўніцтвам ніжэй другога месца факультэт не апускаўся. Пра гэта сьведчаць і граматы, што ў мяне захаваліся".

(Глод: ) "Павал, на Вашую думку парлямэнтарыя, ці патрэбны Беларусі зараз закон аб спорце, аб фізычнай культуры?"

(Знавец: ) "Такі закон існуе, але жыцьцё ўносіць свае карэктывы. Зараз, на мой погляд, патрэбна праграма разьвіцьця фізычнае культуры й спорту ў краіне, таму што за гады кіраваньня Лукашэнкі шмат чаго зьмянілася ў горшы бок. Нашў "галоўны спартовец і алімпіец" набудаваў лядовых палацаў, уклаўшы вялізарныя сродкі. Усе гэтыя асыгнаваньні, калі б былі разьмеркаваныя разумна… – дык Беларусь дасягнула б нашмат большых вынікаў на міжнароднай арэне. А так на падтрыманьне і эксплюатацыю гэтых палацаў патрэбныя вялікія грошы, і я думаю, што пацярпелі іншыя віды спорту.

Пацярпела й Беларусь, і тыя сотні й тысячы хлапчукоў і дзяўчынак, якія маглі б стаць выдатнымі футбалістамі, гімнастамі й г.д. А так мы фактычна закапалі гэтыя грошы".

(Глод: ) "Ужо мала часу застаецца да Алімпійскіх гульняў. Зь якім настроем вы зьбіраецеся сачыць за іхнымі вынікамі?"

(Знавец: ) "На Алімпіядзе ў Барсэлёне зборная Беларусі як самастойная каманда не йснавала, але ў складзе зборнай СНД яна заваявала найбольшую колькасьць мэдалёў. І проста захапленьне ў душы было, калі ўздымаўся наш бел-чырвона-белы сьцяг у гонар перамог беларускіх спартоўцаў Віталя Шчэрбы, Аляксандра Курловіча, іншых.

Канешне, зараз на душы шчымліва, калі ў гонар перамог беларускіх атлетаў уздымаецца гэтак званая "лукашысцкая ануча". Але ж гэта, паверце, часовая зьява. Галоўнае – захаваць прэстыж беларускага спорту, галоўнае – захаваць матэрыяльную базу, і каб у будучым ужо наш бел-чырвона-белы сьцяг лунаў у гонар нашых спартоўцаў".

* * *

(Цыганкоў: ) "З Паўлам Знаўцоў пра спорт і жыцьцё гаварыў Уладзімер Глод.

Праз тыдзень стартуе чарговы чэмпіянат Беларусі па футболу. Гэтай акалічнасьцю абумоўлены выбар чарговага госьця нашае праграмы. Ім стаў футбольны судзьдзя Васіль Каліноўскі. У беларускім чэмпіянаце ён асыстуе вядомаму судзьдзі ў поле Вадзіму Жуку і ўжо мае на сваім рахунку некалькі міжнародных гульняў. Для Васіля Каліноўскага гэта будзе ўжо чацьверты судзейскі сэзон. Гутарку зь ім праводзіць Алег Грузьдзіловіч…"

(Грузьдзіловіч: ) "Чым адрозьніваецца беларускае судзейства? Ці здолелі нашыя судзьдзі зарэкамэндаваць сябе на Захадзе?"

(Каліноўскі: ) "Шлях гэты праклаў наш вядучы арбітар Вадзім Жук, які судзіў шмат міжнародных гульняў вельмі высокага роўню – нават фіналы эўрапейскіх кубкаў. Ну й зараз шмат пэрспэктыўных хлопцаў".

Беларусы спалучаюць і мяккі, і жорсткі тыпы судзейства. Нашыя судзьдзі катыруюцца на міжнароднай арэне. Юры Дупанаў – адзіны з былога СССР едзе на сёлетні чэмпіянат Эўропы. Гэта кажа пра многае".

(Грузьдзіловіч: ) "На сёньня галоўны судзьдзя ў Беларусі – Вадзім Жук. Ці можна яго назваць чалавекам, які кіруе ў судзейскім корпусе Беларусі?"

(Каліноўскі: ) "Я б не сказаў, што ён усімі кіруе. Я зь ім суджу зараз у адной брыгадзе ў чэмпіянаце Беларусі – гэта вельмі вялікі досьвед, які ён перадае моладзі".

(Грузьдзіловіч: ) "Вам хапае фізычнае, тэарэтычнае падрыхтоўкі пад час гульняў у нашым чэмпіянаце?"

(Каліноўскі: ) "Я лічу, што хапае. У гэтым годзе прайшло тры перадсэзонныя зборы, а таксама міжнародны збор судзьдзяў у Менску, на якім былі тэарэтычныя заняткі – здавалі іспыты ў правілах гульні, тэрэтычнай падрыхтоўцы".

(Грузьдзіловіч: ) "А колькі зарабляюць беларускія судзьдзі?"

(Каліноўскі: ) "Ад гэтага чэмпіянату судзьдзі ў полі будуць зарабляць у вышэйшай лізе 25 мінімальных заробкаў і судзьдзя на лініі – 15 мінімальных заробкаў за матч".

(Грузьдзіловіч: ) "Значыць, паміж вамі будзе канкурэнцыя – хто больш гульняў правядзе?"

(Каліноўскі: ) "Не, усё вызначае адмысловая камісія".

(Грузьдзіловіч: ) "Агульная колькасьць гульняў дзеліцца на колькасьць судзьдзяў? І прыкладна пароўну ўсім дастанецца?"

(Каліноўскі: ) "Я думаю, пароўну ўсім не атрымаецца. Усё ж такі ў нашым судзейскім корпусе ёсьць судзьдзі болей вядучыя, больш прафэсійныя".

(Грузьдзіловіч: ) "А з заўзятарамі якія ў вас стасункі? Я так разумею, што судзьдзі часта чуюць у свой бок – «судзьдзю на мыла»?"

(Каліноўскі: ) "Канешне, такое даводзіцца часта чуць. Кожны глядач, які прыйшоў на стадыён, любіць сваю каманду. І любое рашэньне не на яе карысьць выклікае сваю рэакцыю. Бывае ўсялякае – кінуць што-небудзь, выкрыкнуць. Імкнуся не зьвяртаць на гэта ўвагу. Бывала, і мне трапляла – каменьчкі, манэткі".

(Грузьдзіловіч: ) "Чым нашыя беларускія заўзятары адрозьніваюцца ад іншых?"

(Каліноўскі: ) "Нашыя больш спакойныя. У нас не дайшло, як у Расеі, да боек на стадыёнах. Думаю, гэта наш нацыянальны характар".

(Грузьдзіловіч: ) "А гэта добра ці дрэнна?"

(Каліноўскі: ) "І добра, і дрэнна. Гульцы чакаюць ад гледачоў больш неўтаймаванае падтрымкі. Нашыя заўзятары занадта стрыманыя – можа, ад таго, што нашае жыцьцё так складваецца. Ды й міліцыя да заўзятараў ставіцца надта перадузята. Не прапускаюць са сьцягамі, з музычнымі інструмэнтамі, выводзяць са стадыёнаў за выкрыкі. Я лічу, што трэба даваць заўзятарам больш свабоды.

Судзілі юнацкую гульню ў Чэхіі – там заўзятараў было вельмі мала, але яны стварылі такі шум і ажыятаж… Гэта вельмі падбадзёрвае каманду – зусім па-іншаму футбалісты выкладваюцца на полі, будуць і намаганьні, і гульня".

* * *

(Цыганкоў: ) "Закончым сёньняшнюю праграму кароткімі паведамленьнямі з галіны спартовае навукі. Фінскія навукоўцы адкрылі, што заняткі футболам дрэнна адбіваюцца на мазгу. Не ў тым, зразумела, сэнсе, што футбалісты дурнеюць ад мячыка, а ў тым, што ўдары мячом па галаве выклікаюць мікракровазьліцьці ў галаўным мазгу. Дарэчы, легендарны ангельскі футбаліст Гары Лінэкер днямі прызнаўся, што на працягу ўсёй сваёй бліскучай кар'еры імкнуўся ня біць галавой, і цяпер не раіць гэта рабіць сваім дзецям.

Брытанская прэса доўга абмяркоўвала, колькі мог бы яшчэ забіць галоў вялікі форвард, калі б па-іншаму ставіўся да гульні галавою. А футбольныя чыноўнікі непакояцца, што вынікі дасьледваньняў прымусяць некаторых бацькоў забараняць сваім дзецям гуляць у футбол.

Іншае дасьледваньне паказала кардынальную розьніцу ў стаўленьні да свайго здароўя ў спартоўцаў-аматараў і прафэсіяналаў. 88 адсоткаў тых, хто займаецца спортам ў сваё задавальненьне, ужываюць алькаголь, 36 адсоткаў – марыгуану й 17 – какаін. Прафэсіяналы ж пазьбягаюць гэткіх стымулятараў. Апытаньне 34 вядучых ірляндзкіх спартоўцаў паказала, што яны выпіваюць за тыдзень ўсяго адну бляшанку піва або нават менш.

Навуковец Конан О'Браён адзначыў, што больш за іншых п'юць тэнісысты, а менш – баскэтбалісты й хакэісты. Менавіта піва і ёсьць любімы алькагольны напой спартоўцаў. Досьледы О'Браёна паказалі, што выкарыстаньне алькаголю зьніжае вынікі ў сярэднім на 12 адсоткаў.

Але калі вам давялося злоўжыць за дзень да спаборніцтваў, то ўвечары лепей выпіць як мага больш вады, каб пазьбегнуць абязвожваньня.

Даўно даказана йснаваньне гэтак званых біялягічных рытмаў – усе мы дзелімся на «жаўрукоў» і «сычоў» – у якіх пік жыцьцёвай актыўнасьці прыпадае адпаведна на раніцу або вечар. Асабліва важна ўлічваць гэтыя рытмы спартоўцам. Паводле дасьледваньняў, розьніца ў васобныя часы сутак зьвязана са зьменамі тэмпэратуры цела, якая дасягае максымума ў пачатку вечара.

Такім чынам, аптымальны час для ўсталяваньня спартовых рэкордаў – ад поўдня да дзявятай гадзіны вечара. Максімальны ровень адрэналіну – а першай гадзіне, хуткасьць удараў сэрца – а шостай, хуткасьць дыханьня – а другой, вытворчасьць целам цяпла – а трэцяй.

Практычны доказ тэорыі біялягічных рытмаў палягае ў тым факце, што ад 1945 году аніводзін сусьветны рэкорд ня быў учынены да 12 гадзінаў дня. Так што, калі робіце свае рэкорды, выбірайце для гэтага найлепшы час".

XS
SM
MD
LG