Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовыя схільнасьці Мечаслава Грыба, кватэры Алімпійскага комплексу – з малатка


Віталь Цыганкоў

(эфір 26 Сакавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У чарговым выпуску нашае спартовае перадачы "Заўзятар" вы даведаецеся, якімі відамі двубояў займаўся Мечыслаў Грыб і пачуеце прагноз, ці будзе мець посьпех аўкцыён у справе продажу кватэраў у Алімпійскім комплексе.

(Цыганкоў: ) "Прывітаньне. Сёньня ў нашай традыцыйнай рубрыцы "Палітык аб спорце" мы пададзім былога старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслава Грыба. На першы погляд, спадар Грыб не выглядае чалавекам, што, як кажуць, сябруе зь фізкультураю. Аднак высьвятляецца, што экс-сьпікер з самога дзяцінства захапляецца спортам і дагэтуль захоўвае такую звычку. З спадаром Грыбам размаўляе наш карэспандэнт Уладзімер Глод…"

(Глод: ) "Мечыслаў Іванавіч, ды з чаго ўсё пачыналася?"

(Грыб: ) "Сям'я ў нас была вялікая – чацьвёра дзяцей, расьлі без бацькі. Бегалі ў школу за тры кілямэтры – зь вёскі Савічы да Дзятлава. Туды-назад, так і давялося займацца гэтым "спортам". Потым гуляў у футбол, калі быў у вучэльні ў Львове, потым гуляў пасьля таго, як вярнуўся ў Беларусь у чыне лейтэнанта. Калі мяне прызначылі служыць у Глыбоцкі раён, у нас там склалася вельмі добрая каманда – сьледчы пракуратуры Зыгмантовіч, які быў крыху старэйшы за мяне, і навогул гулялі вельмі сталыя людзі. Мы гулялі зь іншымі раёнамі. Трэнэрам быў выкладчык фізкультуры, у якога была мянушка "Француз", бо ён жыў у Францыі, і потым вярнуўся назад у Беларусь.

У вучэльні займаўся і барацьбою, а цяпер займаюся для сябе аздараўляльнай фізкультураю. Кожны дзень ураніцу выходжу на зарадку. Кватэра мая ў такім даволі зручным месцы – на вуліцы Пуліхава – можна прайсьціся па ўзьбярэжнай Сьвіслачы, і парк Горкага нездалёку. У нас кампанія – некалькі сяброў, якія кожны дзень, негледзячы на надвор'е, выходзім і робім зарадку. Зразумела, гэта трэба падтрымліваць кожны дзень, бо калі аднойчы ня выйдзеш, другі дзень ужо ня хочацца, трэці, а потым цяжка сябе перайначыць.

Яшчэ я падцягваюся на перакладзіне. Разоў шэсьць – агулам да трыццаці кожную раніцу – тут магу яшчэ пазмагацца з многімі маладзейшымі".

(Глод: ) "А ці глядзіцё Вы спартовыя праграмы па тэлевізіі?"

(Грыб: ) "Мне падабаецца гімнастыка, вольныя практыкаваньні. Люблю глядзець двубой, бокс, вядома – футбол, хакей… Усё магу глядзець, калі ёсьць час".

(Глод: ) "А як, на Ваш погляд, павінная будавацца дзяржаўная палітыка ў вадносінах да спорту?"

(Грыб: ) "Дзяржава павінна ставіцца да фізычнае культуры й спорту роўна, не павінна рабіць нейкіх вялікіх захадаў ці зрываў у той ці іншы бок. Калі браць фізычную культуру, то гэта вельмі важна й адказна, бо за гэтым стаіць здароўе нашае нацыі. Трэба ўсяляк, як толькі магчыма, зацікаўліваць людзей у гэтым. Зразумела, дзяржава мусіць аддаваць увагу й прафэсійнаму спорту, бо ён прадстаўляе нашую краіну за мяжою. Але трэба разьвіваць усё, каб чалавек мог выбраць – ці хакей, ці футбол, лёгкую атлетыку ці гімнастыку й так далей. Бо адхіленьне на адзін кірунак непазьбежна цягне абмежаваньні ў другім. І калі мы створым умовы здольным дзецям, напрыклад, для хакею, а для барацьбы ці да штангі ня можам стварыць, людзі пачынаюць хадзіць у падвалы, дзе няма вэнтыляцыі. Яны трэніруюцца ў антысанітарных умовах – дзіўна, як яшчэ дасягаюць пэўных посьпехаў".

(Глод: ) "Мечыслаў Іванавіч, ці будзеце вы сачыць за Алімпійскім гульнямі, які праз паўгады пачнуца ў сталіцы Аўстраліі?"

(Грыб: ) "Зразумела, як жа можна за імі не сачыць? Будзем і глядзець, і перажываць за сваіх беларусаў. Ня гледзячы на тое, якая сёньня ўлада, гэта нашая Беларусь. І мы мусім ганарыцца нашымі посьпехамі, калі яны будуць. Нашыя спартоўцы трэніруюцца й робяць свае дасягненьні ня дзеля сёньняшняй улады, ня дзеля прэзыдэнта, а дзеля краіны ў першую чаргу".

(Цыганкоў: ) "З былым старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыславам Грыбам гутарыў Уладзімер Глод.

Правалам завяршылася 27 сакавіка задума Нацыянальнага алімпійскага камітэту й Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту правесьці ў Менску аўкцыён кватэраў, якія будаваліся для лепшых спартоўцаў і трэнэраў Беларусі. Падзеі не адбылося. Распавядае Міхал Стэльмак…"

(Стэльмак: ) "Аўкцыён спартовага жыльля, паводле афіцыйных тлумачэньняў, сарваўся з-за ўважлівай прычыны. Не паступіла заявак на ўдзел. На першы погляд, гэта дзіўна, бо заплянаванаму на 27 сакавіка аўкцыёну папярэднічала шырокая рэкляма ў сродках масавай інфармацыі. Арганізатары запрашалі грамадзянаў і фірмы Беларусі прыняць актыўны ўдзел у набыцьці кватэраў, разьмешчаных у жыльлёва-спартыўным комплексе "Алімпійскі".

На аўкцыён меркавалася выставіць 15 двух- і трохпакаёвых кватэраў палепшанай, як сьцьвярджалі арганізатары, якасьці. Паходжаньне гэтага камфортнага жыльля мае сваю інтрыгу й перадгісторыю. 1 лютага ў менскім мікрараёне "Вясьнянка" адбылася афіцыйная здача "пад ключ" будынкаў у жыльлёвым комплексе "Алімпійскі". Элітнае жыльлё прымаў ад будаўнікоў ва ўрачыстай абстаноўцы ініцыятар гэтага гучнага архітэктурна-будаўнічага праекту Аляксандар Лукашэнка. Мэтаю праекту быў абвешчаны сацыяльны клопат пра лепшых спартоўцаў і трэнэраў Беларусі. Для іх меркавалася пабудаваць тут 700 кватэраў. У лютым пабудавалі першыя 272 кватэры.

І вось тут здарыўся канфуз. Калі Лукашэнку прынесьлі сьпісы прэтэндэнтаў на гэтыя кватэры, ён іх не зацьвердзіў. Як не ўглядаўся ў прозьвішчы, але вартых спартоўцаў і трэнэраў на 272 кватэры, на ягоную думку, не набіралася. Кіраўнік айчыннага спорту асабіста выкрэсьліў тых прэтэндэнтаў на "ільготнае" жыльлё, хто, паводле ягонага ўяўленьня, "прымазаўся" да лепшых. Кватэрны скандал дагэтуль не сьціхае ў спартовых шэрагах. Лукашэнка аддаў загад прадаць 15 кватэраў за як мага большыя грошы. Так узьнікла ідэя аўкцыёну…

І вось тут здарыўся яшчэ адзін канфуз. Аўкцыён не адбыўся. Арганізатары сьцьвярджаюць, што "асечка" выпадковая. Болей за тое, яны маюць намер паўтарыць яго. Ужо намечана й дата новае спробы прадаць праз аўкцыён спартовае жыльлё – 14 красавіка.

Што ж тычыцца адмыслоўцаў, то для іх скандальныя вынікі першага аўкцыёну не зьяўляюцца нечаканымі. Рэч у тым, што зараз у краіне адсутнічае аўкцыённы гандаль кватэрамі. Адсутнічае, як патлумачылі мне ў Беларускім цэнтры гандлю нерухомасьцю, з прычыны нізкага эканамічнага эфэкту такога бізнэсу. Гаворыць дырэктар цэнтру Мікалай Расталупаў:

"Рынак кватэраў вельмі разьвіты ў Менску. Прапаноўваецца ў горадзе зараз на продаж каля чатырох тысячаў кватэраў. Ёсьць з чаго выбіраць. Попытам карыстаюцца ў нас іншыя памяшканьні. Гэтак званая камэрцыйная нерухомасьць. Офісы, магазіны, склады, вытворчыя збудаваньні. Яны вельмі рэдкія. І рынак такіх памяшканьняў не разьвіты ў Менску. І кожны такі аўкцыён выклікае вялікую цікавасьць патэнцыйных пакупнікоў", – патлумачыў Мікалай Расталупаў.

Згаданы ж кватэрны аўкцыён, як лічаць назіральнікі, цікавіў найперш не патэнцыйных пакупнікоў, а прадстаўнікоў спартовае грамадзкасьці. Тых, хто спадзяваўся справіць улазіны, але меў няшчасьце з-за волі Лукашэнкі апынуўцца па-за межамі запаветных сьпісаў. Зрэшты, калі й новыя пляны ўладаў пусьціць кватэры з малатка праваляцца, то жыльлёвая фартуна паспрабуе ўсьміхнуцца ім яшчэ раз".

(Цыганкоў: ) "Гэтым матэрыялам Міхася Стэльмака мы заканчваем сёньняшні выпуск "Заўзятара".

Праграму вёў
Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG