Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовая праграма. "Прессбол" супраць Георгія Фёдарава, Вольга Барабаншчыкава – самая сэксапільная тэнісiстка, "Амкадору" больш няма


Віталь Цыганкоў

(эфір 13 Лютага 2000)

У чарговым выпуску "Заўзятара":
– новыя акалічнасьці судовага працэсу газэты "Прессбол" супраць Георгія Фёдарава,
– інтэрвію з бацькам Вольгі Барабаншчыкавай, якая прызнаная самай сэксуальнай тэнісiсткаю ў сьвеце,
а таксама матэрыял пра тое, чаму больш не йснуе валейбольнае каманды "Амкадор".

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Пачнем нашую праграму паведамленьнем пра разьвіцьцё падзеяў вакол гучнае судовае справы – старшыня Беларускае Фэдэрацыі футболу Рыгор Фёдараў супраць газэты "Прессбол". У гэтым працэсе днямі адбыўся кардынальны паварот, які цалкам зьмяніў усю сытуацыю.

9 лютага Акцыянэрнае таварыства "Прессбол" і рэдактар выданьня Ўладзімер Беражкоў падалі сустрэчны зыск супраць Рыгора Фёдарава й рэдакцыі газэты "Всё о футболе". Нагодаю дзеля пазову стала інтэрвію Фёдарава гэтай газэце, заснавальнікам якое зьяўляецца Беларуская Фэдэрацыя футболу. Заявіцелі сьцьвярджаюць, што зьвесткі, прыведзеныя ва ўзгаданым інтэрвію, ганьбяць іхны гонар, годнасьць і спраўную рэпутацыю.

Уладзімер Беражкоў просіць суд спагнаць з адказчыкаў грашовую кампэнсацыю – з рэдакцыі "Всё о футболе" 100 мільёнаў новых рублёў і з Рыгора Фёдарава 20 мільёнаў. Гэтыя сумы, дарэчы, роўна ў два разы большыя за тыя, якія патрабуе спагнаць Фёдараў з рэдакцыі і журналістаў "Прессболу".

Як паведамілі мне ў рэдакцыі "Прессболу", суд вырашыў разьвесьці гэтыя два працэсы й прызначыў паседжаньні адпаведна на 6 і 7 сакавіка. Акрамя таго, раптоўна быў заменены судзьдзя, які вёў гэтую грамадзянскую справу. Цяпер яе будзе разглядаць сам старшыня суду Цэнтральнага раёну.

Дарэчы, як сьцьвярджаюць юрысты, перадача справы кіраўніку раённага суду заўсёды сьведчыць пра яе важнасьць і прысутнасьць тут інтарэсаў высокіх асобаў.

Да таго ж змаганьне газэты з чыноўнікам набывае ўсе большы рэзананс у спартовай грамадзскасьці. Днямі "Прессбол" надрукаваў зварот да кіраўніка Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Аляксандра Лукашэнкі дзясяткаў вядомых спартоўцаў і трэнэраў, сярод якіх алімпійскія чэмпіёны Іван Іванкоў, Марыя Іткіна, Аляксандар Папоў ды іншыя. Спартоўцаў абурае ня сам факт звароту ў суд міністра авіяцыі Фёдарава, а тое, што ён "жадае спыніць выпуск самае масавае, папулярнае і вострае газэты краіны".

Дарэчы, пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай справе дасюль застаецца загадкавай і незразумелай. Мы будзем і надалей сачыць за разьвіцьцём падзеяў вакол працэсу "Прессбол" супраць Фёдарава".

* * *
(Цыганкоў: ) "Нават займаючы 72 радок, можна быць першай. Другая тэнісная ракетка Беларусі Вольга Барабаншчыкава нядаўна стала ўсясьветнай лідэркаю ў вадной даволі адмысловай намінацыі.

Амэрыканскі часапіс "Тэніс" правёў апытаньне сярод сваіх чытачоў, паводле якога самай сэксуальнай тэнісысткаю ў сьвеце прызнаная 20-гадовая беларуска, якая на сёньняшні дзень займае 72 радок у тэнісным табелі аб рангах. І хаця самой "сэкс-зоркі" зараз няма ў Менску, мы скарысталі гэтую нагоду дзеля сустрэчы зь ейным бацькам Уладзімерам Барабаншчыкавым. Зь ім гутарыць Міхал Стэльмак…"

(Стэльмак: ) "Уладзімер, як сама вашая дачка паставілася да такога выбару чытачоў часапісу?"

(Барабаншчыкаў: ) "Я нават ня ведаю, ці вядома ёй пра гэта".

(Стэльмак: ) "А вашая рэакцыя? Вы ўзрадаваліся ці можа абурыліся?"

(Барабаншчыкаў: ) "Я да гэтага стаўлюся цалкам станоўча. У амэрыканскіх, ангельскіх ды іншых спэцыялізаваных часапісах Вольга ўжо была ў такой катэгорыі як "дзясятка самых сэксуальных тэнісыстак". Так што для нашае сям'і гэта ня нова. Ва ўсім сьвеце да такога ставяцца нармальна. Проста ў нашай краіне, дзе на плоце можна сустрэць слова зь некалькіх літараў, то пры слове "сэкс" у мазгох людзей нешта адбываецца, і пад гэтым разумеюць ня тое, што разумее ўвесь сьвет. Там пад гэтым маюць на ўвазе, што яны проста сымпатычныя людзі, на якіх прыемна глядзець".

(Стэльмак: ) "Якія рысы ў выглядзе або ў характары Вольгі найбольш кідаюцца ў вочы?"

(Барабаншчыкаў: ) "Яна вельмі абаяльная і камунікабельная. Яна вельмі проста наладжвае кантакты зь любымі людзьмі, таму ў яе шмат знаёмых і сяброў ва ўсім сьвеце. Вельмі добрая, "дамашняя" і працавітая.

Калі ёй было гадоў чатырнаццаць, яна напісала такі верш, што будзе першай у сьвеце, і яна з бацькамі будзе ва Ўімблдоне. Так і адбылося – мы былі на Ўімблдоне".

(Стэльмак: ) "Як складваўся спартовы шлях Вольгі?"

(Барабаншчыкаў: ) "А вельмі проста. Можа дзесяць гадоў таму ў нядзелю ўраніцу за сьняданьнем адчынілі газэту й прачыталі аб'яву – набор у групу тэнісу. Так яна туды й патрапіла.

Але ў яе быў прыродны талент, і ўжо праз два гады яна стала першая ў сваім веку ў Савецкім Саюзе. У яе быў вельмі добры трэнэр – Аляксандар Кацнэльсон, які зараз зьехаў і працуе ў Бэльгіі. Цяпер мала такіх спэцыялістаў. Ён і даў ёй пачатак кар'еры за мяжою – запрасіў яе на адзін з турніраў у Польшчу, там знайшоўся адзін брытанскі магнат, які ўбачыў маленькую Вольгу. Ён спытаў нас, ці можа забраць яе на 10-12 дзён у Ангельшчыну – там яна прабыла месяц, пакуль усе брытанскія спэцыялісты яе не паглядзелі. Там быў заключаны кантракт, паводле якога спонсары ўкладалі ў Вольгу грошы, каб яна мела магчымасьць браць удзел у спаборніцтвах па ўсім сьвеце".

(Стэльмак: ) "Як цяпер складваецца ейная спартовая кар'ера?"

(Барабаншчыкаў: ) "Ведаеце, некалькі гадоў таму ў нас не было большае мары, каб яна стала адной зь першых у Беларусі, потым – каб увайшла ў 500 лепшых у сьвеце, потым – у сотню. Цяпер нам ужо хочацца, каб яна ўвайшла ў дзясятку. Зараз мы ўжо адчуваем, што яна можа пайсьці вельмі высока – і ў першай дзясятцы, а пры добрай і моцнай працы можа стаць і лепшай".

(Стэльмак: ) "Дзе Вольга жыве зараз і хто яе цяперашні трэнэр?"

(Барабаншчыкаў: ) "Апошні год яна часьцей бывае ў Менску, адмовілася ад паслугаў ангельскага трэнэра й думае, зь якім трэнэрам працаваць. Яна вельмі добра згуляла адзін з апошніх турніраў у Аўстраліі, перамагла Хубер і Спырлю. Ёй трошкі не пашанцавала зь "сеткаю", але вынік тым ня менш вельмі ўдалы. Пасьля гэтага турніру яна троху пабыла ў Менску, амаль увесь час пайшоў на тое, каб зрабіць візы. Беларускаму грамадзяніну аніякіх старонак у пашпарце не хапае, і амаль кожныя паўгады даводзіцца яго мяняць. Зараз яна паехала ў Калюмбію, пасьля ў Бразылію і ЗША".

(Стэльмак: ) "Ці часта вам даводзіцца бачыць сваю дачку на буйнейшых спаборніцтвах?"

(Барабаншчыкаў: ) "Нельга сказаць, што вельмі часта. Усё ж такі, гэта вялікія грошы, каб паехаць, да прыкладу, у Аўстралію. На ўсё жыцьцё ў нас застанецца самае вялікае тэнісная сьвята – гэта Ўімблдон. Мы былі ў тым годзе, і спадзяемся быць у гэтым – гэта найвялікшая падзея ў тэнісным сьвеце, якая толькі можа быць".

(Цыганкоў: ) "З Уладзімерам Барабаншчыкавым, бацькам самае прыгожае тэнісысткі ў сьвеце Вольгі Барабаншчыкавай, гутарыў Міхал Стэльмак.

А вось валейбалісткам менскае каманды "Амкадор" пашэнціла значна менш. Магчыма, яны таксама вартыя насіць тытул "Міс-валейбол", але чарговы чэмпіянат Беларусі па валейболу сярод жанчынаў пачаўся без удзелу іхнага клюбу. "Амкадора", які сем разоў станавіўся чэмпіёнам краіны, больш ня йснуе. Пра прычыны ліквідацыі каманды ў матэрыяле нашага менскага карэспандэнта Ўладзімера Глода…"

(Глод: ) "Назву "Амкадор" носяць пагрузчыкі, каткі ды іншыя шматлікія агрэгаты, якія выкарыстоўваюцца на разнастайных працах у паляпшэньні якасьці дарог. Створанае на базе аднаго з самых старэйшых беларускіх прадпрыемстваў – менскага заводу "Ўдарнік" выторчае аб'яднаньне хутка заваявала вялікую папулярнасьць. Ягоны генэральны дырэктар Васіль Шлындзікаў – чалавек з кагорты рэфарматараў – па-новаму зарганізаваў справы, і "Амкадор" пачаў упэўнена набіраць вышыню. Тэхніка гэтай адмысловае маркі карысталася вялікім попытам.

Прадпрыемства зарабляла вялікія грошы й мела магчымасьць утрымліваць уласную валейбольную каманду. Прычым, як тлумачыў Васіль Шлындзікаў, гэта было нават не мецэнатства, так бы мовіць, у чыстым выглядзе. Адносіны паміж канцэрнам і спартоўцамі сталі ўзаемавыгоднымі. "Амкадор" плаціў дзяўчатам нядрэнныя грошы, а тыя рэклямавалі ягоную прадукцыю.

Але моцны дзяржаўны прэсынг значна паўплываў на справы прадпрыемства, зь якога пачалі вытрасаць літаральна кожную капейчыну. Да таго ж Васіль Шлындзікаў, абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, увайшоў у парлямэнце ў сьпіс галоўных апазыцыянэраў. І таму ўсё добрае, што было зьвязанае непасрэдна зь ягоным прозьвішчам, трэба было зьнішчыць…

Апошні раз валейбалісткі атрымалі свой заробак на прадпрыемстве ў чэрвені мінулага году. За сакавік. І ўсё. Дзяўчатам ды іхным трэнэрам патлумачылі – больш няма на што разьлічваць. Прадпрыемству стала не па кішэні трымаць каманду.

У выніку было прынятае беспрэцэдэнтнае для беларускага валейболу рашэньне – клюб расфармаваць, а дзяўчатам выдаць свабодныя трансфэры, дзеля таго, каб яны маглі нейкім чынам вырашыць свой лёс. І яны ўжо разьехаліся па розных краінах: хто ў Турцыю, хто ў Аўстрыю, хто ў Нямеччыну, хто ў Расею…

Незайздосны лёс "Амкадору" падзяліла і яшчэ адная жаночая валейбольная каманда – "Дняпро" з Магілеву. І тут тыя ж прычыны – недахоп фінансаваньня, адсутнасьць увагі да справаў калектыву.

Жорсткая рэглямэнтацыя эканамічных працэсаў, выпампоўваньне з заводаў грошай, усялякія абмежаваньні іхнае дзейнасьці – усё тое, што характэрна для дзяржаўна-плянавае гаспадаркі – літаральна вяжуць прадпрыемствы па руках і нагах. Таму і "Амкадору" зараз не па сілах рэклямаваць сваю прадукцыю. Таму й адбылося тут разьвітаньне са спартоўцамі".

Перадачу вёў
Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG