Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовая праграма. Спартовыя навіны, Аляксандар Дабравольскі й Генадзь Карпенка ў спорце


Віталь Цыганкоў

(эфір 6 Лютага 2000)

У чарговым выпуску "Заўзятара":
– падборка беларускіх спартовых навінаў,
– палітык Аляксандар Дабравольскі распавядае пра свае заняткі спартовым арыентаваньнем,
– як ставіўся да спорту й спартоўцаў Генадзь Карпенка.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Пачнем нашую сёньняшнюю праграму нізкаю некалькіх спартовых навінаў. Газэта "Прессбол" у нумары за апошнюю пятніцу працягнула свой канфлікт з кіраўніком Беларускае Фэдэрацыі Футболу Рыгорам Фёдаравым.

Слухачы "Радыё Свабода" ведаюць пра абставіны зыску Фёдарава да выданьня, у якім міністар авіяцыі запатрабаваў спагнаць з газэты 65 мільярдаў рублёў. У артыкуле "Дэградацыя дзяржаўнага прэстыжу, або беларускі футбол за часам Рыгора Фёдарава" газэта прааналізавала вынікі беларускіх футбольных камандаў за апошнія паўтары гады, пакуль Фёдараў кіруе Фэдэрацыяй. Прывядзем толькі адну красамоўную лічбу – нацыянальная зборная Беларусі правяла 11 матчаў і ня выйграла аніводнага.

Працягнем падбор спартовых навінаў. Сэнсацыйны кантракт заключыў нападаючы барысаўскага футбольнага клюбу БАТЭ Аляксандар Глеб. Маладая 19-гадовая зорка беларускага футболу падпісаў пагадненьне з камандаю вышэйшае нямецкае лігі "Штутгарт". Кантракт уступае ў дзеяньне зь 1 ліпеня, так што ў Аляксандра ёсьць яшчэ час паднабрацца досьведу ў беларускім чэмпіянаце. Цяпер у самых прэстыжных эўрапейскіх лігах гуляюць ужо два беларусы – у італьянскай "Роме" зрэдку выходзіць на замену Сяргей Гурэнка.

А вось адзін з двух беларускіх легіянэраў, якія гуляюць за акіянам у НХЛ, вымушаны будзе таксама зьмяніць сваю каманду. Уладзімер Цыплакоў кіраўніцтвам свайго клюбу "Лёс-Анджэлес" быў перададзены фактычна задарма ў каманду "Баффала". Канешне, такі абмен – гэты моцны ўдар па самалюбству беларускага форварда, які, трэба прызнаць, апошнія месяцы гуляў ня вельмі ўдала. Будзем спадзявацца, што ў новай камандзе да Цыплакова вернецца майстэрства і ўдача".

* * *

(Цыганкоў: ) "А цяпер пераходзім да нашае рубрыкі "Палітык аб спорце". Сёньня ў ёй мы пагаворым з палітыкам, які заўсёды пакідае ўражаньне вельмі інтэлігэнтнага й памяркоўнага чалавека – Аляксандар Дабравольскі, намесьнік старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі.

І першае пытаньне даволі традыцыйнае. Што азначае спорт у вашым жыцьці? Ці займаліся Вы калі-небудзь спортам?"

(Дабравольскі: ) "Прафэсійна спортам я не спрабаваў займацца. Што да аматарскага ўзроўню, то мае сябры ўцягнулі мяне ў спартовае арыентаваньне. Мне гэта вельмі спадабалася і я займаўся некалькі гадоў – езьдзіў нават на спаборніцтвы. Тут спэцыфіка такая, што гэта звычайна лес – і гэта мне асабліва падабалася…"

(Цыганкоў: ) "Вам падабалася знаходзіць дарогу ў цёмным лесе? Можа, таму Вы й сталі пасьля палітыкам?"

(Дабравольскі: ) "Так, падабалася знаходзіць дарогу. Можа, гэта неяк і паўплывала – хто ведае. Цёмны – ня цёмны лес, але тут вельмі добрае спалучэньне ў арыентаваньні – тое, што ты думаеш галавою, бо без яе анічога ня зробіш, – але таксама ў цябе ёсьць і фізычная нагрузка, што вельмі карысна.

Зараз я спортам не займаюся. Час ад часу ўраніцу (і то не заўсёды) раблю практыкаваньні, і вось на гэтым, нажаль, усё. Некалькі апошніх гадоў сябры мяне запрашаюць на турыстычныя зьлёты, і там я часам удзельнічаю ў спаборніцтвах па арыентаваньні. Але гэта вельмі зрэдку".

(Цыганкоў: ) "Многія вашыя калегі з Аб'яднанае Грамадзянскае партыі гуляюць у футбол і гэтая каманда звычайна выйграе турніры сярод палітыкаў і журналістаў. Выходзіць, Вы выпадаеце з гэтага рэчышча сярод сваіх аднапартыйцаў?"

(Дабравольскі: ) "Самае цікавае, што ў мяне заўсёды не атрымліваліся віды спорту, дзе патрэбна вельмі добрая каардынацыя. Футбол, баскэтбол у мяне не выходзілі. Я ня вельмі здатны да такіх відаў спорту чалавек – у гульні я гуляць ня ўмею…"

(Цыганкоў: ) "Можа, проста Вы ня вельмі добра ўмеце гуляць у калектыўныя гульні, а Вам падабаюцца індывідуальныя заняткі, як арыентаваньне?.."

(Дабравольскі: ) "Справа ў тым, што гэта толькі здаецца, што арыентаваньне – індывідуальнае, а на самой справе – гэта вельмі калектыўнае. Гэта заўсёды каманда, бываюць эстафэты й вельмі важна адчуваць сваю каманду".

(Цыганкоў: ) "Давайце пагаворым на тэму "Спорт і дзяржава". Гэтая тэма ў Беларусі навідавоку ва ўсіх. Кіраўнік дзяржавы кіруе Нацыянальным Алімпійскім камітэтам, будуе лядовыя палацы й нават сам разьмяркоўвае кватэры для спартоўцаў. Як па-вашаму, выйграе ці прайграе ад гэтакае ўвагі беларускі спорт? І як бы Вы будавалі дачыненьні паміж дзяржаваю і спортам?"

(Дабравольскі: ) "Я думаю, што калі дзяржава дапамагае спорту, гэта вельмі добра. Проста гэта трэба рабіць з галавою. А калі кіраўнік дзяржавы займаецца й кіруе спортам, то, напэўна, ёсьць праблемы з дзяржаваю. Трэба выбіраць нешта адно. Хай бы ён займаўся спортам, бо атрымліваецца, што нармальна не займаецца нічым, а непрафэсійна – усім.

Нажаль, у вапошнія гады ў Беларусі ў бальшыні відаў спорту нарастаюць праблемы, і ў першую чаргу – арганізацыйна-фінансавыя. І гэта зьвязана з тым, што дзяржава дрэнна працуе. Каб дзяржава мела моцную эфэктыўную эканоміку, якой бы кіравалі прафэсіяналы, то былі б лепшыя справы і ў спорце. Так можна, канцэнтруючы рэсурсы, нейкі адзін від спорту ўзьняць, але ўсё астатняе застанецца на тым узроўні, што й зараз".

(Цыганкоў: ) "Часам здаецца, што ў краіне толькі адзін палітык захапляецца спортам. Апазыцыйныя лідэры неяк не выкарыстоўваюць спорт у палітычных інтарэсах. Можа, варта было дасылаць нейкія тэлеграмы пераможцам, запрашаць атлетаў на свае акцыі. Ці не здаецца Вам, што тут у дэмакратаў ёсьць пэўныя недапрацоўкі?"

(Дабравольскі: ) "Можа, тут і сапраўды ёсьць недапрацоўкі, бо мы бальшыню праблемаў бачым у эканоміцы й лічым, што калі эканоміка пачне ўздымацца, то і ў спорце сытуацыя стане лепш. Навогул, спорт наўрад ці трэба выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Гэтак яго выкарыстоўвае Лукашэнка, але гэта нядобра, і мы не павінны станавіцца ў адзіны шэраг з гэтым чалавекам, якога мы крытыкуем".

(Цыганкоў: ) "Але вось Генадзь Карпенка меў шчыльныя стасункі з многімі спартоўцамі, запрашаў іх на свае імпрэзы, канфэрэнцыі. Зь ягонай сьмерцю ўсё гэта ня тое што зьнікла, але не відаць такіх актыўных стасункаў у іншых сябраў партыі…"

(Дабравольскі: ) "Я ведаю, такія стасункі ёсьць. Проста Генадзь Карпенка быў фігураю такога маштабу, што ўсе ягоныя дзеяньні былі пад пільнай увагаю людзей. Сапраўды, зараз мы вельмі шмат страцілі пасьля ягонае сьмерці – ва ўсіх сэнсах.

Што ж тычыцца стасункаў дзяржавы й спорту, мы маглі б узяць усё тое лепшае, што ёсьць зараз. Я не магу сказаць, што зараз усё дрэнна. Тое, што дзяржава надае ўвагу спорту, гэта добра. Але гаворка не павінна йсьці пра нейкія ільготы – мне здаецца, гэта памылковы падыход. Мы бачылі, што адбываецца, калі нейкія арганізацыі пад прыкрыцьцём спорту маюць ільготы, напрыклад, Нацыянальны Фонд спорту ў Расеі, чым фактычна карысталася мафія.

У кожнай дзяржаве выводзяцца з-пад падаткаабкладаньня сродкі, якія ідуць на падтрымку грамадзкіх праектаў – культура, адукацыя, спорт".

(Цыганкоў: ) "Чаму беларускія спартоўцы, нават самыя знакамітыя, ня йдуць у палітыку? У ЗША некалькі сэнатараў былыя спартоўцы, цяпер адзін з найбольш верагодных кандыдатаў у прэзыдэнты былы баскэтбаліст, у Расеі дужавік Карэлін – адзін зь лідэраў парлямэнцкага блёку. Чаму нашы атлеты ня йдуць у палітыку?"

(Дабравольскі: ) "Спартоўцы маюць вельмі патрэбныя рысы характару – гэта людзі мэтаскіраваныя, якія ўмеюць змагацца й перамагаць. Было б вельмі добра, каб сярод спартоўцаў знайшліся б людзі, якія пойдуць у палітыку. Але зараз ня йдуць проста таму, што палітыка ў Беларусі – тая сфэра чалавечае дзейнасьці, якая не дазваляе нешта істотнае дасягнуць. А для спартоўца гэта важна, ён мусіць паказваць нейкія дасягненьні, бачыць вынік".

(Цыганкоў: ) "У рубрыцы "Палітык аб спорце" вы слухалі гутарку з Аляксандрам Дабравольскім. У нашай размове мы ўзгадалі імя Генадзя Карпенкі, палітыка, які меў, бадай, самыя шчыльныя (і шчырыя!) сувязі са спартоўцамі. Для гэтага чалавека спорт быў не палітычнай гульнёю, а самім жыцьцём. Узгадвае Ўладзімер Глод…"

(Глод: ) "Летам 1996 году ў Кіеве праходзіў футбольны турнір, удзельнікамі якога былі парлямэнцкія каманды. У фінальным матчы за першае месца сустрэліся прадстаўнікі Вярхоўнага Савету Беларусі й расейскае Дзяржаўнае думы. Думцы ўтрымлівалі невялікую перавагу амаль да самага канцу гульні. І калі здавалася, што ўсё скончана, Генадзь Карпенка літаральна прадраўся зь мячом праз заслону супраціўнікаў і выраўняў лік.

Каб назваць пераможцаў, арбітры мусілі прызначыць пасьляматчавыя пэнальці. І тут адбылося нечаканае – Карпенка нацягнуў на сябе чыйсьці швэдар і пайшоў у браму. Ён выцягнуў рукі і, як здалося тады з трыбуны, перакрыў усю плошчу брамы. Псыхалягічны фактар атрымаўся мацнейшым – расейцы разгубіліся і аніяк не маглі прабіць трапна… Галоўны прыз уручылі капітану каманды Вярхоўнага Савету Беларусі Генадзю Карпенку. А аўтарытэтнае журы з былых футбалістаў кіеўскага "Дынама" назвала менавіта яго лепшым гульцом турніру.

Капітанам Карпенку тады абралі аднагалосна. І зусім не таму, што ў яго з усіх дэпутатаў-футбалістаў была тады самая высокая дзяржаўная пасада – намесьнік сьпікера. Справа ў іншым – усе ведалі, што Карпенка займаўся футболам зь дзяцінства, што ён, як ніхто, мог завесьці сяброў па камандзе, узняць іх настрой, удыхнуць у стомленных хлопцаў другое дыханьне.

Капітан – гэта лідэр. А Карпенка і быў менавіта такім. Тое, што менавіта ён выраўняў лік ва ўзгаданай сустрэчы з расейскімі парлямэнтарамі, безумоўна выпадковасьць. Але, з другога боку, і пэўная заканамернасьць, паколькі футбол дзячыць самым настойлівым і упартым.

Генадзь Дзьмітрыевіч ведаў спорт, так бы мовіць, з нутра. Разумеў, што гэта ёсьць адлюстраваньне нашага жыцьця з усімі ягонымі складанасьцямі. І таму яму ня трэба было нешта доўга тлумачыць.

Вось і Сяргей Бароўскі – цяперашні галоўны трэнэр нацыянальнае каманды Беларусі, які быў настаўнікам маладэчанскіх футбалістаў у той час, калі Карпенка працаваў у горадзе, гаворыць пра тое, што Генадзь Дзьмітрыевіч разумеў яго з паўслова. Вянцом іхнае супольнае працы стала перамога каманды з Маладэчна ў розыгрышу Кубка Савецкага Саюзу для працоўных калектываў. Гэта, дарэчы, адзіны такі посьпех для беларусаў больш чым за 30 гад правядзеньня гэтага турніру.

У Карпенкі было шмат сяброў сярод спартоўцаў і трэнэраў. Я, напрыклад, бачыў яго ў кампаніі з алімпійскімі чэмпіёнамі – весьляром Уладзімерам Парфяновічам і фэхтавальніцаю Аленаю Бяловай, баксэрам Эдуардам Дуброўскім, футбольным трэнэрам Генадзем Абрамовічам, вядомым арбітрам Эдуардам Ціхановічам ды яшчэ шмат з кім.

Часта пасьля палітычных баталіяў Генадзь Карпенка праводзіў час у кампаніі спартоўцаў і трэнэраў. І зусім ня дзеля таго, каб такім чынам набыць сабе дадатковыя ачкі электарату. Проста Генадзь Дзьмітрыевіч быў шчырым і адданым ва ўсім – як у палітыцы, гэтак і ў спорце".

XS
SM
MD
LG