Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карупцыя ў беларускім спорце, заняпад беларускага футболу.


Віталь Цыганкоў

(эфір 12 лістапада 1999)

Аўтар і вядучы – Віталь Цыганкоў.

Беларусы у спорце і спорт у Беларусі, палітыка і эканоміка вачыма спартоўцаў і заўзятараў, новыя імёны і старыя праблемы. Дыялёгі, інтэрвію, аналіз. Для прафэсіяналаў, аматараў і, нават, тых, каго спорт не цікавіць.

Размову пра новую перадачу пачнем з кароткай разьмінкі – неабходных тлумачэньняў: чаму беларуская служба Радыё "Свабода" вырашыла распачаць спартовую праграму? Па першае, гэта апошнім часам прапаноўваюць многія нашыя слухачы ў лістах і зваротах. Цяперашні слухач "Свабоды" заяўляе, што хоча знаходзіць у нашых праграмах увесь спэктар жыцьця.

Паводле дасьледаваньняў, прыблізна 15 % людзей у любым грамадзтве стала цікавяцца спортам. І, як ня дзіўна, прыблізна столькі ж цікавяцца палітыкай. Ва ўсіх краінах, і Беларусь тут ня ёсьць выключэньнем, у часы вялікіх і значных спартовых падзеяў, а тым больш у часы перамогаў "сваіх" камандаў, спорт захоплівае, прываблівае амаль ўсіх грамадзянаў.

Аднак у сьвеце ёсьць шмат рэчаў якія цікавяць людзей, але пра якія Радыё "Свабода" наўрад ці будзе расказваць – з прычыны абмежаваньня часу, рэсурсаў, важнасьці, у рэшце рэшт. Што ж тычыцца спорту, дык можна сказаць, што гэтая тэма для нас ня новая – яна і раней гучала ў нашых праграмах. Вандроўкі першай асобы краіны на іншы бок плянэты на хакей маглі б каштаваць падобнаму заўзятару пасады не адно у алімпійскім камітэце. Будаўніцтва лядовых палацаў у час эканамічнага крызісу, дзяржаўныя сродкі на падарункі спартоўцам з барскага пляча даўно сталі б прадметам разгляду ў парлямэнце любой дэмакратычнай краіны, дзе дэпутаты кантралююць бюджэт, гэта зачыць грошы сваіх выбаршчыкаў

Спорт у Беларусі як і іншых несвабодных грамадзтвах – больш чым спорт. Так было у таталітарным нямецкім грамадзтве часоў Адольфа Гітлера і Эрыха Гонэкэра, так было ў Савецкім Саюзе, калі перамогам за шахматнай дошкай ці на лядовай пляцоўцы надавалася вага пермогі на полі халоднай вайны, так ёсьць на Кубе. І такую тэндэнцыю можна прасачыць ва ўтрапёным, яўна нездаровым стаўленьні да спорту на Беларусі, якое навязвае грамадзтву цяпер ужо нелегітымны прызыдэнт – які спалучае пасады кіраўніка краіны і алімпійскага камітэту.

Але фэномен спорту не вычэрпваецца ўнутранай палітыкай. Шмат хто ў сьвеце ўпершыню даведаўся пра Беларусь дзякуючы гімнастам Вользе Корбут і Віталю Шчэрбе, тэнісістцы Натальлі Зьверавай, гандбольным і хакейным зборным. Большасьць гэтых перамогаў у мінулым. Ці будуць новыя?

У "Заўзятары" мы будзем аналізаваць падзеі і тэндэнцыі ў беларускім і сусьветным спорце, распавядзем пра новыя імёны, пра рэдкія і малавядомыя віды адзінаборстваў. Спадзяемся, "Заўзятар" стане прыцягальным ня толькі для заўзятараў – фанатаў спорту, але і для іншых слухачоў, у тым ліку тых, хто раней думаў, што спортам не цікавіцца.

У міжнародных СМІ спорт невыпадкова займае істотнае месца. Ніводзін з сур'ёзных тэлерадыёканалаў не абыходзіцца без адмысловай спартовай перадачы. Магчыма таму, што у сапраўднага спорту ёсьць адна унікальная рыса – мы ня ведаем загадзя канчатковага выніку барацьбы.

Як у жыцьці.

Аляксандр Лукашук, Прага

Першы, так бы мовіць, уводны выпуск "Заўзятара", магчыма, будзе троху адрозьнівацца ад наступных праграмаў. Мы будзем распавядаць і пра рэдкія віды спартовых адзінаборстваў, і пра заакіянскіх зорак, і пра спартовыя кур'ёзы.

Аднак сёньня першы "Заўзятар" мы прысьвяцім выключна беларускім праблемам. А менавіта: ў нашай праграме прагучаць дзьве тэмы – карупцыя ў беларускім спорце, а таксама – што адбылося з беларускім футболам за часы незалежнасьці.

Апошнія некалькі гадоў паказчыкі беларускіх атлетаў падчас найбуйнейшых спаборніцтваў няўхільна пагаршаюцца. Зараз можна толькі настальгічна ўзгадваць Аліміяду 1992 года ў Барсэлёне, дзе беларусы паводле колькасьці здабытых ўзнагарод увайшлі ў дзясятку спартовых дзяржаваў сьвету. Ад таго часу падобных трыюмфаў не было – наадварот, часам здараюцца сапраўдныя правалы. Іначай як ганьбай не назавеш, напрыклад, вынікі сёлетняга чампіянату сьвету па лёгкай атлетыцы, дзе не было заваявана аніводнага медалю.

Аднак ня станем зараз, у першыя хвіліны існаваньня нашай праграмы, імкнуцца ўсебакова разгледзець прычыны вольнага падзеньня беларускага спорту. Заўважу толькі, што гэтай тэме будзе прысьвечаны, напэўна, не адзін выпуск "Заўзятара". Але адну відавочную прычына варта назваць адразу – гэта карупцыя беларускіх спартыўных чыноўнікаў і функцыянэраў.

Вось толькі адзін прыклад: фірма "Белспортзабесьпячэньне", якая пасярэднічае ў закупках спартовага абсталяваньня і займаецца матэрыяльнай базай беларускага спорту. Гэта кампанія прапанавала беларускім атлетам наступны маршрут палёту ў алімпійскі Сіднэй: Менск – Франкфурт – Бангкок – Сіднэй". Такі варыянт палёту каштуе 2100 даляраў і будзе працягвацца 33 гадзіны – можна толькі ўяўляць, у якой форме выйдуць спартоўцы на алімпійскую арэну пасьля такога рэйсу. У той жа час існуюць іншыя больш танныя і кароткія варыянты пералёту. Напрыклад, рэйс Варшава-Амстэрдам-Сідней працягваецца толькі 19 гадзінаў, а каштуе 1150 даляраў. Амаль у два разы менш!

"Белспортзабесьпячэньне", дарэчы, даўно ўжо, што называецца, "праславілася", сваімі нявыгаднымі для беларускага спорту кантрактамі. Гэта і пералёт зімніх алімпійцаў у Токіо праз Варшаву і Лёндан, гэта і закупка няякаснай сеткі для новага лядовага палацу, гэта і скандал з надзвычай дарагой бегавой дарожкай у Стайках і да таго падобнае. Тым ня менш, нягледзячы на ўсе скандалы, фірма застаецца адзіным і фактычна эксклюзіўным партнэрам беларускіх дзяржаўных спартовых арганізацыяў, пасьпяхова марнуючы бюджэтныя грошы на чарговыя праекты і новабудоўлі. Зрэшты, калі кіраўнік дзяржавы гатовы ўзводзіць новыя лядовыя палацы любым коштам, заўсёды знойдуцца людзі, якія здолеюць абслужыць любое жаданьне кліента, не забыўшыся пра свае інтарэсы.

Ну а цяпер пагаворым пра сытуацыю ў беларускім футболе, які, нажаль, зазнае цяпер ня лепшыя часы. Пра тое, што адбывалася з беларускім футболам за апошнія гады, мы гутарым са спартыўным аглядальнікам "БДГ" Барысам Тасманам.

(Цыганкоў: ) "Барыс, давайце паразважаем на тэму, што адбывалася зь беларускім футболам пасьля набыцьця краінай незалежнасьці. Ці ўзьняўся ягоны ўзровень ці панізіўся? Якія пэрспэктывы ў гэтага самага папулярнага ў краіне віда спорту?"

(Тасман: ) "Я б падзяліў гэтае пытаньне на два. Па-першае, гэта клюбны нацыянальны чэмпіянат краіны, і па-другое, гэта справы нацыянальнай зборнай Беларусі.

У першыя сувэрэнныя гады чэмпіянат Беларусі склаўся зь менскага "Дынама", каманды, якая гуляла ў вышэйшай лізе і была нават чэмпіёнам СССР у 1982 годзе, да яе былі дададзеныя клюбы абласных цэнтраў, якія раней гулялі ў другой лізе чэмпіянату Саюза. І да гэтых шасьці камандаў былі далучаныя яшчэ 10 камандаў, якія раней гулялі ў чэмпіянаце СССР. Гэта, ў асноўным, заводскія калектывы. Зразумела, што сілы былі няроўныя і менскае "дынама" выйгравала першыя чэмпіянаты зь вялікай перавагай.

Аднак, калі ў першыя гады менскае "Дынама" ў эўракубкавых турнірах было здольнае згуляць унічыю на сваім полі з італьянскім "Лацыё" ў 1994 годзе (0:0), у 93-ім – з брэменскім "Вэрдэрам" (1:1), а ў 95-ым і перамаглі той самы "Вэрдэр" (2:1) – праўда, пасьля паразы ў гасьцях – (0:5), удавалася прайсьці некалькі колаў і мець пэўны рэйтынг на эўрапейскай арэне, дык зараз беларускія клюбы вылятаюць ужо на першай ступені ўсіх эўракубкавых турніраў ужо другі год запар".

(Цыганкоў: ) "Прычым, вылятаюць, прайграючы ня грандам эўрапейскага футболу, а, напрыклад, кіпрскім клюбам, пры гэтым з разгромным лікам, які проста ганебны для беларускага футболу".

(Тасаман: ) "Так. Нават у мінулым годзе тагачасны лідэр беларускага чэмпіянату магілеўскі "Днепр-Трансмаш" двойчы саступіў вугорскаму "Дэбрэцэну" – дзявятай(!) камандзе чэмпіянату Вугоршчыны – 2:4 і 0:6, сёлета ўладальнік кубка Беларусі, бабруйская "Белшына", прайграла тым самым кіпрыётам – камандзе "Амонія" 1:5 дома і 0:3 ў гасьцях. У такі стан зараз прыйшоў клюбны беларусвкі футбол.

Але ж гэта ўсё было прадказальна. Яшчэ ў час першага чэмпіянату і 1992 годзе я пісаў, што патрэбна рэформа нацыянальнага чэмпіянату, патрэбна яго скараціць, бо мацнейшыя клюбы вельмі мала гуляюць напружаных матчаў, каб расло майстэрства футбалістаў. Патрэбна скарачэньне як мінімум да 12 камандаў з пераходам на двухэтапны розыгрыш, каб на другім этапе мацнейшыя клюбы гулялі паміж сабой яшчэ двойчы. Гэтая праблема і зараз стаіць перад беларускім футболам , але ж Фэдэрацыя не жадае ісьці на ніякія рэформы і перамены".

(Цыганкоў: ) "У беларускім чэмпіянаце чэмпіёны мяняюцца як у нейкім калейдаскопе – сапраўды, гэта кардынальна адрозьніваецца ад першых гадоў, калі запар выйгравала менскае "Дынама". Цяпер кожны год новы чэмпіён, і імі становяцца каманды з правінцыі. Па вашаму, ці ідзе гэта на карысьць беларускаму футболу. Можа, гэта ўплывае на большую прывабнасьць футболу ў тых гарадох, адкуль зьяўляюцца новыя чэмпіёны? Ці гэта проста сьведчыць пра тое, што ў беларускім клюбным футболе няма такога лідэру, такой каманды, якая прэтэндавала б на ролю доўгачасовага лідэру, як, напрыклад, кіеўскае "Дынама" на Ўкраіне, дзе ўдалося стварыць суперклюб".

(Тасман: ) "З аднаго боку, сапраўды ў правінцыі інтарэс да футболу значна ўзрос. Гэтаму спрыяла якраз тое, што барысаўскі "БАТЭ", магілеўскі "Дняпро", мазырскі МПКЦ (цяпер "Славія") займалі першыя месцы ў чэмпіянаце Беларусі. Зь іншага боку, зараз разьлічваць на тое, што ў Беларусі можа быць некалькі моцных клюбаў – гэта ўтопія. Усё ўпіраецца ў грошы".

(Цыганкоў: ) " Перавядзем нашую размову да справаў нацыянальнай зборнай, якія не настолькі адназначныя. Зборная Беларусі за гэтыя гады зьведала некаторыя адзінкавыя посьпехі – можна назваць перамогу над зборнай Галяндыі, якая стала ўжо гістарычнай, дзьве нічыйных са зборнай Італіі ў апошнім адборачным цыклі. Але ў гэтым цыклі Беларусь заняла апошняе месца ў сваёй групе, не выйграўшы аніводнага разу і тройчы згуляўшы ўнічыю. Як можна ацаніць разьвіцьцё беларускай нацыянальнай зборнай за гэтыя гады? Рэйтынг ФІФА сьведчыць, што за апошнія гады адбылася здача пазыцыяў, заваяваных у 1993-95 гадох. Чаму?"

(Тасман: ) "Беларуская зборная правяла на сёняшні дзень ужо тры адборачных цыклі. Першы беларуская зборная скончыла на чацьвертым месцы пасьля Нарвэгіі, Чэхіі, Галяндыі і наперадзе Люксембургу і Мальты. А вось ужо другі цыкль – адборачны да чэмпіянату міру 1998 году – нашыя здалі пазыцыі і таксама, як і зараз, фінішавалі апошнімі, прычым, прапусьцілі ўперад зборныя Латвіі і Эстоніі, якія ў саюзныя часы ніколі высока не катаваліся і ніколі не ўзбіраліся вышэй за менскае "Дынама". Але ж гэта тлумачыцца проста. Гэтыя краіны зрабілі значныя крокі наперад у эканамічным стане, і гэта адбілася на футболе.

Што тычыцца беларускай зборнай, дык яе зараз складаюць легіянеры, тыя, хто гуляе ў чэмпіянатах Расеі і Украіны. Толькі яны здольныя гуляць на пэўным міжнародным узроўні".

(Цыганкоў: ) "На заканчэньне нашай размовы давайце паспрабуем разабрацца, што трэба зрабіць дзяржаве, грамадзству, беларускім спартовым школам для таго, каб беларускі футбол спыніў свой сыход у бездань і пачаць аднаўляць свае былыя пазыцыі. Ад чаго гэта залежыць? Хіба справа толькі ў адной эканамічнай сытуацыі ў Беларусі?"

(Тасман: ) "Ёсьць пэўныя крокі, якія магчыма зрабіць і без укладаньня сродкаў. Гэта рэформа беларускага чэмпіянату. Усё астатняе патрабуе ўкладаньня вялікіх грошай. Па-першае, гэта матэрыяльная база клюбаў, трэба абсталяваць беларускія стадыёны палямі са штучным падагрэвам. Другое – трэба ўкладаць грошы у дзіцяча-юнацкі футбол".

(Цыганкоў: ) "Гэта павіннны быць укладаньні дзяржавы ці прыватнага бізнэсу, калі ўзгадваць той жа прыклад кіеўскага "Дынама", якое найперш дзецішча бізнэсмэну, які, праўда, пад патранажам Кучмы дзейнічае. Гэта мае значэньне для беларускага футболу – ці туды прыйдзе прыватны бізнэс ці гэта будуць дзяржаўныя ўкладаньні".

(Тасман: ) "Вельмі важна, каб у краіне быў нарэшце прыняты закон аб ільготным падаткаабкладаньні сродкаў, якія накіроўваюцца ў вялікі спорт. Гэта тычыцца ня толькі футболу. А пакуль такога закону няма, беларускі спорт будзе дэградаваць. А футбол – адзін з відаў спорту, ён не выключэньне".

Пра сытуацыю ў беларускім футболе мы гутарылі з журналістам Барысам Тасманам. Гэтай размовай мы заканчваем першы выпуск нашай новай спартыўнай перадачы, і спадзяемся, што ў яе зьявяцца свае заўзятары.

XS
SM
MD
LG