Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія Настрадамусы й Касандры


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 19 Кастрычніка 2000 г.)

Удзельнік: Пятро Васючэнка.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "У сярэдзіне XVI стагодзьдзя ў Францыі зьявілася кніга, у якой на стагодзьдзі наперад прадказваліся буйнейшыя падзеі эўрапейскае гісторыі. Імя аўтара "Стагодзьдзяў" Мішэля дэ Натэрдама (Настрадамуса), францускага лекара і астроляга, лейб-мэдыка Карла ІХ, стала хадзячым назовам усіх прадказальніцтваў й прадказальнікаў, прагнозаў й вешчуноў. Пазьней не аднойчы чалавецтва імкнулася да прадказаньняў, заўсёды імкнулася зазірнуць наперад, прадбачыць свой лёс.

Натуральна, у нашай праграме мы ня будзем гаварыць пра астролягаў. Мы будзем гаварыць пра вешчуноў — інтэлектуалаў, мастакоў. Гісторыя ўсясьветнае літаратуры сьведчыць, што вельмі часта настрадамусы зьяўляліся ў літаратуры.

Чаму менавіта пісьменьнікі выступаюць у ролі прадказальнікаў? Ці ня ёсьць у гэтым іхная місія? Гэтае пытаньне я адрасую літаратуразнаўцу Пятру Васючэнку".

(Васючэнка: ) "Прадказаньнямі з даўніх пор займаліся ня толькі пісьменьнікі. Першымі прадказальнікамі былі біблейскія прарокі. Сёньня гэтым займаюцца сыноптыкі, футуролягі, але яны ў сваіх прагнозах абапіраюцца на лёгіку. Задача ж пісьменьнікаў — ствараць паралельны сьвет, а ў гэтым сьвеце ёсьць як мінулае, сучаснае, гэтак і будучыня. Пісьменьнік стварае сваю будучыню ў гэтым паралельным сьвеце, абапіраючыся ня столькі на лёгіку, колькі на творчую інтуіцую".

(Ракіцкі: ) "Нашым госьцем — літаратуразнаўца Пятро Васючэнка…

Франц Кафка прадбачыў канцлягеры. Маякоўскі амаль вылічыў год трагічнага перавароту ў Расеі, ці, як яго яшчэ называюць, "Кастрычніцкай рэвалюцыі". Дастаеўскі мроіў крывавыя падзеі ХХ стагодзьдзя. Оруэл прадказаў наступствы камунізму. А ці ёсьць у беларускай літаратуры гэткія ж настрадамусы, якія бачылі наперад, на стагодзьдзі й далей? Спадар Васючэнка…"

(Васючэнка: ) "Нашыя літаратары таксама праяўлялі здатнасьць бачыць праз дзесяцігодзьдзі і нават стагодзьдзі. Гэтак Пятро Скарга яшчэ на прыканцы XVI стагодзьдзя прадказаў у сваёй кнізе "Аб адзінстве касьцёла Божага" магчымы заняпад Рэчы Паспалітае. Гэта, як вядома, адбылося праз колькі стагодзьдзяў. Пісьменьнікі ў 20-я гады нашага стагодзьдзя, перадусім "узвышэнцы", прадказвалі надыход палітычных "замаразкаў". Прыклад — Язэп Пушча ў "Лістах да сабакі", а Андрэй Мрый намаляваў мадэль мікрататалітарнага грамадзтва ў сваім сатырычным рамане "Запіскі Самсона Самасуя".

(Ракіцкі: ) "І наколькі гэтыя прадказаньні ўсё ж такі збываліся, і наколькі людзі былі здольныя адчуць гэтыя прадказаньні?"

(Васючэнка: ) "На вялікі жаль, нашыя пісьменьнікі выступалі ў ролі ня столькі настрадамусаў, колькі беларускіх касандраў, прарокаў, якім ня вераць".

(Ракіцкі: ) "Прабачце, спадар Васючэнка, я хачу тут нагадаць слухачом, што Касандра — гэта вобраз з старажытнагрэцкага эпасу. Ён стаўся сымболем злавесных прадказаньняў. Траянцы ня ўверылі ў словы Касандры, дачкі цара Прыама й Гекубы, якая перасьцярагала Парыса ад выкраданьня Алены, а гэты прывяло да Траянскае вайны й пагібелі Троі. Калі ласка, працягвайце, спадар Васючэнка…"

(Васючэнка: ) "А варта было б прыслухацца… Гэтаксама, як і беларусам прыслухацца хаця б да таго, што калісьці Аркадзь Куляшоў пісаў у сваёй паэме "Цунамі". Ён жа прадбачыў наступствы Чарнобылю ў гэтым творы, хаця пра Чарнобыль не было сказана а ні слова. Але ёсьць гісторыя двох, якія выпраўляюцца ва ўсясьветны акіян і якіх напаткала ядравая хваля — цунамі — і ў гэтае пары нараджаецца мёртвае дзіця. А верш Караткевіча "Дзяўчына пад дажджом," напісаны ў 1960 годзе… Над лесам, над садам дзікім
Дожджык забалбатаў,
І ўспыхнулі раптам гвазьдзікі
У нетрах абмытых траў.
Цёплыя кроплі скачуць
Па залацістай лазе,
Дожджык — "царэўна плача",
Сонца ў кожнай сьлязе.
Зь нізкай цёплай адрыны,
Учуўшы ласкавы капёж,
У лёгкай сукенцы дзяўчына
Выбегла проста на дождж.
Кроплі яе цалавалі
Палка, пяшчотна, да сьлёз,
Вусны дзяўчыны хапалі
Срэбра зь ясных нябёс.
Дожджык зрабіў сваё цуда,
Ён абляпіў, як мог,
Плечы, маленькія грудзі,
Гнуткія лініі ног.
Бэзам з садоў павявала,
Вечна хацелася жыць.
Дзяўчына ад шчасьця сьпявала.

Стронцый быў у дажджы. Мае студэнты, якія звыкліся жыць у Чарнобыльскую эру, часам з гэтага верша сьмяюцца, для іх гэта — жашка. А Караткевіч жыў у час, калі распачыналіся падводныя, наземныя, паветраныя выпрабаваньні атаму… але стронцавая хмара — гэта менавіта пра наш час".

(Ракіцкі: ) "Ствараецца такое ўражаньне, што найчасьцей збываюцца змрочныя прагнозы ў нас, у Беларусі?!"

(Васючэнка: ) "Ня цяжка прадказваць кепскія навіны, войны, перавароты, глябальныя катастрофы. Але людзям лягчэй верыцца ў прагнозы шчасьлівыя. Таму народ так ахвотна верыць ва ўтопіі. Зрэшты, як раз утопіі ажыцьцяўляюцца ня так часта. Прыгадаем верш з нашае школьнае эпохі Аркадзя Куляшова "Камуністы", у якім аўтар прадказваў надыход камунізму ва ўсім сьвеце й жадаў, каб ягоны сын і сынаў сын былі таксама камуністамі".

(Ракіцкі: ) "Натуральна, чалавек ня верыць у прагноз небясьпечны. Чалавек схільны верыць у прагноз прыемны. Гэтыя прагнозы як часта зьяўляліся ў нашае літаратуры, і ці верылі ў іх людзі?"

(Васючэнка: ) "Беларускія пісьменьнікі рэдка былі ўтапістамі, але такія прыклады, безумоўна, ёсьць. Нагадаю хрэстаматыйны верш Уладзімера Дубоўкі "О, Беларусь, мая шыпшына!", у якім паэт верыў у тое, што нашая бацькаўшчына ніколі не зарасьце чарнобылем. Гэта значыць, палыном. Зрэшты, згадваецца там і савецкі бікалёр, да якога яшчэ было далёка, чырвона-зялёны колер. Верш быў напісаны ў 1925 годзе. Мне думаецца, пісьменьнікам трэба быць асьцярожнымі ў сваіх прагнозах: О Беларусь, мая шыпшына!
Зялёны ліст, чырвоны цьвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасьцеш.

Пялёсткамі тваімі стану,
На дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй, пад колер сталі,
Праменьне яснае люблю.

Ніколі пройме зь дзікім ветрам
Не разьвіваць дзявочых кос.
Імкнесься да Камуны Сьвету,
Каб радасьць красавала скрозь.

Варожасьць шляху не зачыніць:
У перашкодах дух расьце.
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цьвет! (Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, вы пералічылі прадказаньні, што належылі непасрэдна да Беларусі. А ці прадказвалі нашыя пісьменьнікі-настрадамусы катастрофы ўсясьветнага маштабу?"

(Васючэнка: ) "Янка Купала ў паэме "Магіла льва", у вобразе Машэкі вывеў мадэль звышчалавека. Спрачаючыся зь Ніцшэ, гэткім чынам ён дапускаў магчымасьць панаваньня гэтага звышчалавека, дапускаў магчымасьць стварэньня таталітарных сыстэмаў. Але і ягоны голас у свой час застаўся непачутым. Алесь Адамовіч у "Апошняй пастаралі" прадказваў ядравую вайну, пад час якой загіне ўсё чалавецтва апроч двух жаўнераў: амэрыканскага й савецкага".

(Ракіцкі: ) "Я разумею, што заўсёды было вельмі цікава зазірнуць у сваю будучыню, але ўсё ж такі паўстае пытаньне адказнасьці прарока, вешчуна за тое, што ты напрарочыў. Наколькі бясьпечныя з вашага гледзішча такога роду прароцтвы?"

(Васючэнка: ) "Мне думаецца, што пісьменьнік у сваіх прароцтвах мусіць быць абачлівым і памятаць пра тое, што гэта ня проста прароцтва, а пэўная творчая мадэль, якая можа ажыцьцявіцца. Добра, калі гэтая мадэль станоўчая. Прыкладам, Францішак Багушэвіч вуснамі Мацея Бурачка ажыцьцявіў пазытыўную мадэль. Ён правёў лінію паміж гістарычнай Літвою і Беларусьсю. Гэткім чынам, ён запраграмаваў адпаведнае гістарычнае і культурнае разьвіцьцё Беларусі на дзесяцігодзьдзі наперад. Зь ягоных вуснаў прагучала й папярэджаньне, да якога сёньня далёка ня ўсе прыслухоўваюцца: "Не забывайце ж мовы нашай роднай, каб ня ўмерлі".

(Ракіцкі: ) "А ў сучаснай літаратуры, пэўна, пераважаюць усё ж такі пэсымістычныя праекты-антыўтопіі".

(Васючэнка: ) "Безумоўна, варта прыгледзецца хіба да творчасьці аднаго Васіля Быкава, каб пабачыць, што пісьменьнік творыць адзін пэсымістычны прагноз, другі. І кожны раз ён робіцца ўсё больш змрочным. Зрэшты, Васіль Уладзімеравіч любіць паўтараць: "Дай Божа, каб мае пэсымістычныя праекты ня зьдзяйсьняліся". У апошніх ягоных творах, прыпавесьцях зьяўляюцца вобразы сьцяны, празь якую немагчыма чалавеку прайсьці, а калі чалавек і праходзіць, дык аказваецца, што ягоны герой апынуўся ў турэмным дворыку, адкуль ізноў такі выйсьця няма. Вобраз трубы, да якое беларусы прыкутыя нейкім фатумам, гістарычным лёсам…"

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, гэтае прароцтва, гэтая мадэль закладзеная ў паэтыцы твору, а гэта значыць, што яе цяжка адшукаць, заўважыць. Дык якім чынам гэтая мадэль можа хутчэй дасягнуць суб'екту свайго ўзьдзеяньня?"

(Васючэнка: ) "Народ ня слухае сваіх пісьменьнікаў, якія маглі б стацца прарокамі. Купала замацаваў гэта ў сваім вершы "Прарок". Я нагадаю яго, спадар Вячаслаў: …А колькі нам дасі чарвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?.. Вось дзьве плоскасьці. Прагматычная ды ідэалістычная".

(Ракіцкі: ) "І тут таксама пэўная шыфроўка. Ці займаўся калі-небудзь і хто-небудзь расшыфроўкаю гэтых шыфровак?"

(Васючэнка: ) "Расшыфраваць патаемныя сэнсы, закладзеныя ў нашае літаратуры, спрабаваў крытык Антон Адамовіч. Але ён спрабаваў расшыфраваць творы, скіраваныя супроць рэжыму. Знайсьці ў іх нейкі патаемны, антысавецкі шыфр. Прыкладам, у назве паэмы Язэпа Пушчы "Цень консулы", ён знаходзіў абрэвіятуру ЦК. Мне думаецца, адпаведнае дасьледваньне беларускае літаратуры, з пункту гледжаньня яе футуралягічнага аспэкту, мусяць быць праведзеныя".

(Ракіцкі: ) "І на завяршэньне. Ці маглі б Вы, спадар Васючэнка, раскрыць нейкі ўнівэрсальны мэханізм узаемаўзьдзеяньня літаратуры й жыцьця?"

(Васючэнка: ) "Гэта ёсьць вялікая таямніца, але для мяне няма ніякага сумніву, што ня толькі жыцьцё фармуе літаратуру, але й пісьменьнік, а разам зь ім і ўся літаратура, перастварае жыцьцё. Праўда, мэханізм вось гэтага перастварэньня мы яшчэ ня вывучылі. Але ягоныя праявы, ягоныя чыньнікі навідавоку".

(Ракіцкі: ) "А можа й ня варта расшыфроўваць? Натуральна, страшна жыць, калі ведаеш, чым гэта ўсё можа скончыцца. І вельмі страшна, калі ты ўверуеш у тое, што прароцтва пісьменьніка збудзецца".

(Васючэнка: ) "Расшыфроўваць — ня значыць верыць. Трэба памятаваць, што кожнае такое "кепскае" прароцтва ёсьць ня столькі прадказаньнем будучыні, колькі прэвэнтыўным захадам. Прадказаньне таго, што магло б здарыцца пры пэўных абставінах. Тая ж ядравая катастрофа, апісаная Алесем Адамовічам, уяўляе сабою спробу падарваць ядравую бомбу не ў жыцьці, а ў літаратуры, каб у жыцьці яна ніколі ня выбухнула. Таму я ня раю нікому хадзіць, умуруўшы насы, умуруўшы галовы, начытаўшыся Адамовіча, Быкава ды й іншых антыўтапістаў. Не рыхтавацца да горшага часу, бо, як выказваецца пісьменьнік Адам Глёбус, "кепскі час настае тады, калі мы загадзя да яго рыхтуемся…"

XS
SM
MD
LG