Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўладкаваньне ў Нарвэгіі


Мiкола Iваноў

(эфір 1 жніўня 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

(Іваноў: ) "Пра гэта паведамілі сродкі масавай інфармацыі Польшчы і некаторых іншых посткамуністычных дзяржаваў. У кожным дэмакратычным грамадзтве з рынкавай гаспадаркай свободны рух рабочай сілы – гэта неабходная перадумова багацьця і росквіту краіны. І таму, нягледзячы, на незадавальненьне часткі насельніцтва, краіны Захаду ўсё шырэй адкрываюць свае рынкі працы для іншаземцаў, асабліва тых, хто мае высокую кваліфікацыю.

Паводле паказчыка сукупнага нацыянальнага прадукту на душу насельніцтва Нарвэгія – адна з самых багатых краінаў сьвету. А ў Эўропе паводле свайго дабрабыту яна саступае толькі Люксэмбургу. У Нарвэгіі амаль няма беспрацоў'я, а сацыяльныя праграмы для ўсіх катэгорыяў насельніцтва – адныя з самых стабільных і шчодрых.

Але разам з тым нельга сьцьвярджаць, што сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё гэтай багатай краіны адбываецца беспраблемна. Аднабаковая спэцыялізацыя гаспадаркі на здабычы нафты і газу прывяла да адпаведнага недахопу спэцыялістаў у іншых галінах. Найбольш неспрыяльная сытуацыя склалася ў мэдыцыне. Нарвэгія ўжо шмат гадоў ня ў стане задаволіць попыт на лекараў і сярэдні мэдычны пэрсанал.

Паводле сваёй тэрыторыі Нарвэгія – адна з самых вялікіх краінаў Эўропы, але жыве на гэтай тэрыторыі (якая амаль удвая пераўзыходзіць Беларусь) усяго толькі каля 4 млн. чалавек. Больш за тое, значная частка нарвэскага насельніцтва жыве ў малых вёсках і паселішчах, адлегласьць паміж якімі сотні, а часам і тысячы км. І таму, каб мэдыцына функцыянавала нармальна, краіне патрэбная вялікая колькасьць малых шпіталёў і паліклінікаў дзеля комплекснага мэдычнага абслугоўваньня мясцовых жыхароў.

Дадамо, што Нарвэгія – краіна надзвычай багатая, і можа дазволіць сабе запрашаць на працу мэдычны пэрсанал з замежжа. Дасюль Нарвэгія запрашала галоўным чынам лекараў з краінаў Эўрапэйскага Зьвязу. У гэтай справе нават было падпісанае адпаведнае пагадненьне паміж нарвэскім урадам і ЭЗ. Але вось зусім нядаўна з Нарвегіі прыйшла інфармацыя, што нарвэскія ўлады вырашылі запрасіць на сталую працу да 10 тыс. лекараў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу з краінаў, якія не ўваходзяць у ЭЗ.

У некаторых посткамуністычных краінах (напрыклад, у Польшчы) сродкі масавай інфармацыі падалі гэтую навіну як сэнсацыю, і нават пачалі камэнтаваць магчымасьць масавай эміграцыі лекараў. Мы ж вырашылі не спрыяць сэнсацыйнасьці, а даць нашым слухачам самую дакладную і сапраўдную інфармацыю на гэтую тэму. Мы зьвярнуліся да першакрыніцы – да Нарвэскага Міністэрства працы, з габінэтаў якога і выйшаў гэты плян запрашэньня лекараў з былых камуністычных краінаў.

У Осла на нашыя пытаньні згадзіўся адказаць намесьнік кіраўніка аддзелу працоўнай міграцыі Міністэрства працы Фін Ёла Ёлстэд.

Вось як ён на пачатку нашай размовы пракамэнтаваў сутнасьць нарвэскай палітыкі запрашэньня лекараў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу з замежжа.

(Ёлстэд: )"Гэта праўда, што ў нас ёсьць вялікая патрэба ня толькі ў лекарах, але і ў іншых катэгорыях мэдычнага пэрсаналу. Гэтая патрэба будзе павялічвацца ў будучыні. Тут ёсьць дзве прычыны. Першая – гэта старэньне насельніцтва: нам з кожным годам патрэбна ўсё больш і больш лекараў каб лячыць нашых старых. А другая – гэта праблемы самой мэдыцыны. З кожным годам нам даводзіцца лячыць усё больш і больш хваробаў. Да таго ж нам у Нарвэгіі трэба мець большую колькасць лекараў на душу насельніцтва. І з кожным годам гэтая патрэба павялічваецца."

(Іваноў: ) "Як вядома, дасюль Нарвэгія запрашала да сябе на працу галоўным чынам лекараў з краінаў Эўрапэйскага Зьвязу. Вось як намесьнік загадчыка аддзелу працоўнай міграцыі Міністэрства працы Нарвэгіі спадар Ёлстэд характарызуе супрацоўніцтва ў гэтай галіне."

(Ёлстэд: )"Сапраўды, у нас існуе спэцыяльнае пагадненьне ў справе запрашэньня лекараў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу з краінаў Эўрапэйскага Зьвязу. Гэта пагадненьне аб Эўрапэйскай эканамічнай прасторы, якое падпісалі акрамя нас краіны ЭЗ, Ісляндыя і Ліхтэнштэйн. Паводле гэтага пагадненьня мы можам падпісваць кантракт з кожным паасобным чалавекам. Яно таксама прадугледжвае ўзаемнае прызнаньне дыплёмаў."

(Іваноў: ) "А вось як характарызуе спадар Ёлстэд пашырэньне гэтага пагадненьня на краіны, якія не ўваходзяць у ЭЗ."

(Ёлстэд: )"Што датычыць запрашэньня мэдычнага пэрсаналу зь іншых краінаў, дык праграма ў гэтай галіне сапраўды існуе, але яна знаходзіцца пакуль-што на стадыі распрацоўкі. І мы тут яшчэ не прыйшлі да нейкіх канкрэтных высноваў."

(Іваноў: ) "Я запытаўся адказнага супрацоўніка нарвэскага Міністэрства працы спадара Ёлстада пра праўдзівасць паведамленьня прэсы некаторых былых сацыялістычных краінаў аб тым, што эмісары ягонага міністэрства ўжо накіраваліся на ўсход і вядуць вярбоўку лекараў на працу ў Нарвэгію."

(Ёлстэд: )"Сапраўды, прадстаўнікі нашага міністэрства вядуць кансультацыі ў некаторых краінах на гэтую тэму. У прыватнасьці, ў Чэхіі і Вугоршчыне. Але гэта яшчэ не азначае якасна новай палітыкі. Мы проста маем магчымасьць выкарыстоўваць розныя спосабы наймаць людзей на працу. Але пакуль-што мы аддаем перавагу супольнай эўрапэйскай эканамічнай прасторы."

(Іваноў: ) "Калі гэта так, дык якія ж цяпер у рамках актуальнай нарвэскай эміграцыйнай палітыкі існуюць магчымасьці для працы лекараў з краінаў з па-за Эўрапэйскага Зьвязу? Напрыклад, зь Беларусі?"

(Ёлстэд: )"У рамках цяперашняга нарвэскага заканадаўства існуе магчымасьць для лекараў з больш шырокага кола эўрапэйскіх краінаў заключаць кантракты на працу ў Нарвэгіі і працаваць тут. Але, па-першае, павінна быць прызнаная іх лекарская кваліфікацыя, а па-другое, ім трэба здаць іспыт веданьня мовы."

(Іваноў: ) "А якая гэтая мова?"

(Ёлстэд: )"Гэта нарвэская мова."

(Іваноў: ) "Але вывучыць нарвэскую мову, якая даволі мала распаўсюджаная па-за межамі самой Нарвэгіі, даволі складана. Можа было б дастаткова добрага веданьня ангельскай мовы?

(Ёлстэд: )"Напрыклад, у краінах эўрапэйскай эканамічнай зоны мы ўжо арганізавалі некалькі спэцыяльных курсаў нарвэскай мовы. Але ў іншых эўрапэйскіх краінах мы яшчэ не пасьпелі арганізаваць падобныя курсы. Гэта справа будучыні. Мы таксама хочам арганізаваць шэраг моўных курсаў на базе ўнівэрсытэтаў. Але пакуль-што мы сапраўды недастаткова зьвярталі ўвагу на арганізацыю гэтых курсаў у іншых краінах."

(Іваноў: ) "І на заканчэньне я зьвярнуўся да намесьніка загадчыка аддзелу працоўнай міграцыі Фіна Оле Ёлстэда з Нарвэскага Міністэрства працы з пытаньнем: ці разглядае ягонае міністэрства альтэрнатыўныя (акрамя міграцыі лекараў) спосабы вырашэньня праблемы нястачы мэдычнага пэрсаналу ў краіне?

(Ёлстэд: )"Што тычыцца сярэдняга мэдычнага пэрсаналу, дык у нас даволі шмат такіх прадстаўнікоў гэтай прафэсіі, якія ня хочуць працаваць. І таму мы хочам знайсьці спосабы заахвоціць іх пайсьці працаваць. Ёсьць і іншыя спосабы запоўніць вольныя вакансіі. Мы таксама будзем шукаць новыя магчымасьці запрашаць на працу лекараў і мэдычны пэрсанал з краінаў з па-за Эўрапэйскага Зьвязу."

(Іваноў: ) "Як бачым, нарвэская палітыка запрашэньня лекараў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу з краінаў былой сацыялістычнай садружнасьці яшчэ толькі распрацоўваецца. Шмат у ёй есьць яшчэ няяснага і не да канца вызначанага. Але сам факт яе існаваньня, факт вялікага попыту ў Нарвэгіі на мэдычных працаўнікоў – бясспрэчны.

Мы паспрабуем надалей у нашых праграмах сэрыі "У сьвет на заробкі" надалей інфармаваць нашых слухочоў пра разьвіцьцё сытуацыі, пра ўсе новыя магчымасьці працы ў Нарвэгіі.

У нашай сэрыі мы таксама працягваем інфармаваць вас пра новую эміграцыйную палітыку Нямеччыны, урад якой вырашыў запрасіць на працу 20 тысячаў спэцыялістаў-кампутарнікаў. На гэтым тыдні першы з гэтых 20 тысячаў атрымаў афіцыйныя дакумэнты, якія дазваляюць яму пачаць працу ў Нямеччыне. Расказвае Кастусь Бандарук.

(Бандарук: ) "У адпаведнасьці з урадавым плянам, усе зь ліку 20-ці тысячаў высокакваліфікаваных замежных спэцыялістаў павінны мець вышэйшую асьвету ў галіне інфарматыкі і будуць зарабляць як мінімум 100 тысячаў марак на год.

"Мы адчуваем вялікую патрэбу ў высокакваліфікаваных работніках",—заявіў міністар працы Вальтэр Рыстэль. Ён уручыў першую "зялёную картку", падобную на амэрыканскую, 25-гадоваму інданэзыйцу Гарыянта Віджаі. Нядаўна Віджаі пасьпяхова закончыў 5-гадовы курс у тэхналягічным унівэрсытэце ў нямецкім горадзе Аахэн.

"Я адчуваю сябе цудоўна. Працоўная атмасфэра добрая, а немцы вельмі сымпатычныя",—сказаў Відая. Ён адзначыў, што сам ніколі ня зьведаў ў Нямеччыне расізму: "Аахэн цудоўны горад, і там няма ніякай ксэнафобіі".

Пайсьці на гэты крок прымусіла нямецкія ўлады неспрыяльная сытуацыя ў галіне занятасьці. Нямецкае грамадзтва старэе, а эканоміка, калі мае быць канкурэнтаздольнай, мусіць атрымаць ін'екцыю ў выглядзе высокакваліфікаваных маладых і энэргічных спэцыялістаў, пераважна ў інфарматычнай галіне.

Прэзыдэнт Фэдэрацыі нямецкіх працадаўцаў Дытэр Гундт лічыць, што 20 тысячаў замежных кампутаршчыкаў – гэта мала. На ягоную думку, трэба абавязкова зьмяніць імграцыйныя законы і такія ж " зялёныя карткі " даць палутара мільёнам спэцыялістаў у іншых галінах і сэктарах эканомікі.

Дарэчы, гэтак жа старэюць грамадзтвы ў іншых краінах Эўразьвязу. Згодна афіцыйнаму дакумэнту, каб кампэнсаваць адміраньне карэннага насельніцтва, да дзьве тысячы пяцідзесятага году увесь Эўразьвяз павінен прыняць 75 мільёнаў імігрантаў. Нават у Нямеччыне, дзе штогод на 200 тысяч чужынцаў больш застаецца, чым пакідае краіну, усё роўна на працягу наступанага паўстагодзьдзя, колькасьць насельніцтва зьменшыцца на 12 мільёнаў чалавек.

З другога боку, неабходнасьць прыняцьця замежнай, працоўнай сілы і эканамічныя аргумэнты, не пераконваюць нямецкае грамадзтва. Згодна апытаньню грамадзкай думкі, апублікаванаму на мінулым тыдні ў тыднёвіку Ді Вохэ, 63 адсоткі немцаў ня хочуць больш ніякіх імігрантаў. На працягу 16-ці гадоў кіраваньня хрысьціянскіх дэмакратаў на чале з Гэльмутам Колям, такая была і дзяржаўная палітыка.

На працягу апошніх гадоў у Нямеччыне, асабліва ўсходняй, дзе найвышэйшы узровень беспрацоўя, узмацніліся расісцкія і ксэнафобныя настроі. З выдачай новых працоўных візаў для замежных спэцыялістаў, супалі антыімігранцкія выступленьні ультраправых і нэанацысцкіх груповак. У выніку нядаўняга выбуху бомбы, пацярпелі 9 чужынцаў, у тым ліку 6 габрэяў.

Канцлер Гэрхард Шродэр назваў гэтыя інцыдэнты "вартымі шкадаваньня". Ён заклікаў паліцыю і мясцовыя ўлады больш сур'ёзна паставіцца да праблемы, паколькі такія інцыдэнты шкодзяць іміджу краіны за мяжой. Згодны з гэтым таксама міністар працы Вальтэр Рыстэр, які лічыць, што нямецкія улады празьмерна паблажліва ставяцца да пагрозы з боку нэанацыстаў.

У часе, калі нямецкая эканоміка тэрмінова патрабуе замежных спэцыялістаў, усплёск ксэнафобіі і расізму ў Нямеччыне будзе зьнеахочваць чужынцаў ад прыезду ў ФРГ—заявіла група 40 навуковых інстытутаў Нямеччыны. "Навука павінна быць міжнароднай, – гаворыцца ў адмысловай заяве. – Мы занепакоеныя тым, што замежныя спэцыялісты неахвоча прыймаюць запросіны наведаць нашы заводы, паколькі яны адчуваюць сябе няўпэўнена у нашай краіне. Такая сытуацыя шкодзіць усім нам".

(Іваноў: )"Прыгадаем, што паводле дадзеных нямецкага Міністэрства працы, на сёньняшні дзень амаль 19 тыс. спэцыялістаў-кампутарнікаў зьвярнуліся да нямецкіх уладаў з прозьбай атрымаць дазвол на працу ў гэтай краіне. Пераважаюць сярод іх спэцыялісты зь Індыі і Пакістану. Разам іх каля 6 тысячаў. Акрамя таго, сярод кандыдатаў на працу ў Нямеччыне 1500 алжырцаў, 842 балгары, 783 расейцы, 511 -–югаславы, амаль 500 украінцаў і 360 вугорцаў. Інфармацыйныя агэнцтвы не падаюць колькасьць кандыдатаў зь Беларусі."

XS
SM
MD
LG