Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зялёнае сьвятло ў Нямеччыну


Мiкола Iваноў

(эфір 27 Чэрвеня 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Нямеччына надоечы карэнным чынам зьмяніла правілы працаўладкаваньня для замежнікаў-спэцыялістаў высокае кваліфікацыі. Плянуецца, што да жнівеня сёлета ў нямецкіх фірмах пачнуць працаваць да 20 тысячаў новых спэцыялістаў-замежнікаў, у тым ліку і шмат беларусаў.

Ці сымбалізуе гэта зьмену ўсёй нямецкай іміграцыйнай палітыкі? Якім чынам беларусы могуць карыстацца новымі магчымасьцямі працы ў Нямеччыне? Ці працоўны кантракт – магчымы пачатак сталай эміграцыі?

Гэтай тэме прысьвечаная чарговая перадача зь днямі адноўленае сэрыі "У сьвет на заробкі", якую сёньня падрыхтаваў Мікола Іваноў.

(Іваноў: ) "Нямеччына паводле паказчыкаў дабрабыту сваіх жыхароў, лібэральнай і шчодрай сацыяльнай палітыкі, высокага ўзроўню эканамічнага разьвіцьця – надзвычай прывабная краіна для патэнцыйных імігрантаў. Штогод сюды з намерам застацца на сталае жыхарства прыяжджаюць дзясяткі тысячаў замежнікаў. Для некаторых зь іх нямецкія межы шырока адчыненыя. Гэта – асобы нямецкага паходжаньня з краінаў былога Савецкага Саюзу, Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны ды іншых краінаў, а таксама для габрэяў з былога СССР. Для іншых жа да сёньняшняга дня праблема легальна застацца на стала ў Нямеччыне была амаль невырашальная.

Але зусім нядаўна нямецкі ўрад прыняў пастанову зьмяніць сваё эміграцыйнае заканадаўства й дазволіць значнай колькасьці патэнцыяльных імігрантаў прыехаць на сталую працу ў Нямеччыну. Прычына? – выразны недахоп высокакваліфікаваных спэцыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў.

Ініцыятарам зьмены нямецкай іміграцыйнае палітыкі выступіў сам канцлер Гэрхард Шродэр. У сваім выступу ў Бундэстагу ён запрапанаваў, каб запрасіць у Нямеччыну на працягу бліжэйшых 5 год прыблізна 20 тысячаў высокакваліфікаваных спэцыялістаў.

Паводле падлікаў нямецкіх экспэртаў, аднак, для нармальнага разьвіцьця нямецкае гаспадаркі ўжо цяпер не хапае 75 тысячаў спэцыялістаў інфармацыйных тэхналёгіяў.

Заклік канцлера выклікаў у Нямеччыне даволі супярэчную і бурлівую рэакцыю. Галоўныя ягоныя апанэнты сьцьвярджалі, што замест таго, каб імпартаваць кампутарнікаў, трэба рыхтаваць свае ўласныя кампутарныя кадры. У Нямеччыне, сьцьвярджалі яны, і так вялікае беспрацоў'е. Штогод сюды прыяжджаюць дзясяткі тысячаў тых, хто шукае палітычнага прытулку й розных катэгорыяў нелягальных імігрантаў.

Прыхільнікі ж ініцыятывы Шродэра лічылі, што калі Нямеччына не пасьпяшаецца з запросінамі для спэцыялістаў-кампутарнікаў зь іншых краінаў, усе лепшыя сілы знойдуцца ў ЗША, і адставаньне Нямеччыны ад перадавых краінаў у гэтай галіне будзе неадваротным.

У выніку бурлівае дыскусыі на розных дзяржаўных і парлямэнцкіх узроўнях была прынятая кампрамісная прапанова: урад Нямеччыны запрашае на працу 20 тысячаў спэцыялістаў-інфарматыкаў, але толькі на пэрыяд ня больш за 5 гадоў.

У чым жа сутнасьць новай нямецкай іміграцыйнай палітыкі? Каб даведацца пра гэта, я пазваніў у нямецкую амбасаду ў Менску. Адказаць на некалькі маіх пытаньняў згадзіўся консул спадар Крэмэр.

Правілы нямецкага міністэрства замежных справаў, аднак, не дазваляюць, каб голас нямецкага дыплямата гучаў у нашай перадачы, і таму мы па-просту пераказваем ягоныя словы…

Перш за ўсё спадар Крэмэр падкрэсьліў, што новая палітыка зусім не сымбалізуе сабой зьмену нямецкага іміграцыйнага заканадаўства. Тыя 20 тысячаў кампутарнікаў, якія цяпер запрошаныя на працу ў Нямеччыну, прыедуць у рамках старога заканадаўства і будуць падпарадкоўвацца старым законам. Новая палітыка, на ягоную думку, шмат у чым экспэрымэнтальная, і калі яна не апраўдае сябе, празь 5 гадоў (бо менавіта на такі пэрыяд разьлічаная новая палітыка) яна будзе скасаваная.

Консул нямецкай амбасады спадар Крэмэр у размове з нашай рэдакцыяй таксама падкрэсьліў, што новая іміграцыйная палітыка прадугледжвае запрашэньне толькі тых спэцыялістаў-інфарматыкаў, якія маюць вышэйшую адукацыю. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што прыём на працу ў Нямеччыну – гэта нармальная канкурэнцыя на рынку працы, і кожны, хто хоча паехаць у Нямеччыну, павінен быць падрыхтаваны да жорсткай канкурэнцыі.

На нашае ж пытаньне: што канкрэтна павінен зрабіць адзін з нашых слухачоў, хто зацікавіўся гэтай пэрспэктываю працы ў Нямеччыны, спадар Крэмэр растлумачыў, што ўрад Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына даручыў некалькім спэцыялізаваным фірмам пачаць пасярэдніцтва ў працаўладкаваньні.

І вось таму мы зьвярнуліся ў Бон у вядомую нямецкую фірму Zau IT Experts. Вось, што ейная прэсавая сакратарка Барбара Левен распавяла пра дзейнасьць фірмы ў галіне працаўладкаваньня замежнікаў-спэцыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў…

(Левен: ) "Нашая фірма каардынуе працаўладкаваньне ў Нямеччыне спэцыялістаў-кампутарнікаў з усяго сьвету, дапамагае знайсьці працу тым, хто хацеў бы атрымаць у Нямеччыне нешта падобнае на амэрыканскую "зялёную карту". Гэта нашая праца: скантактаваць паміж сабою працадаўцаў і тых, хто шукае працу. Але гэта датычыць толькі спэцыялістаў кампутарных тэхналёгіяў".

(Карэспандэнт: ) "А як знайсьці кантакт зь фірмаю?"

(Левен: ) "Лепш за ўсё гэта зрабіць празь інтэрнэт. Мы маем там сваю www-старонку: <www.arbeitsamt.de>.
У нас ёсьць таксама адмысловая e-mail адрэса, але для тых, хто шукае працы ў Нямеччыне, лепш за ўсё зьвяртацца праз нашую www-старонку, бо там ёсьць уся неабходная інфармацыя. І зь яе дапамогаю можна ўсталяваць непасрэдныя кантакты паміж нямецкімі працадаўцамі і тымі замежнікамі, хто шукае працу.

Далей у нашай размове спадарыня Левен затрымалася на тым, якія патрэбныя дакумэнты дзеля працаўладкаваньня ў Нямеччыне:

(Левен: ) "Трэба даслаць нам дакумэнты, якія сьведчаць пра ўсе кваліфікацыі чалавека. Гэта аўтабіяграфія, дыплёмы, а таксама напісаць, чаго вы чакаеце ад працадаўцы. А таксама іншую інфармацыю, якая, на вашу думку, можа дапамагчы ў працаўладкаваньні".

(Карэспандэнт: ) "А ці можа прыняты на працу ў Нямеччыне ўзяць з сабою сям'ю ды іншых сваякоў?"

(Левен: ) "Вельмі важна, каб наш кліент спачатку атрымаў дазвол на працу й на пражываньне. І тады яны могуць узяць з сабою жонку ці мужа і дзяцей да 18 год. Яны могуць паехаць зь ім у Нямеччыну адразу, або далучыцца пазьней. Але ў дадзены момант толькі супруг і малыя дзеці могуць паехаць.

(Карэспандэнт: ) "Ці цяперашняе працаўладкаваньне можа ў пэрспэктыве пераўтварыцца ў сталую эміграцыю ў Нямеччыну?"

(Левен: ) "Праграма пакуль-што разьлічаная толькі на 5 гадоў. І не аднаго году больш. Гэта значыць, што запрошаныя будуць працаваць у Нямеччыне толькі 5 гадоў".

(Карэспандэнт: ) "Ці мае хто-небудзь перавагі ў працаўладкаваньні ў Нямеччыне? Напрыклад, можа больш маладыя?"

(Левен: ) "У нашай праграме анічога не гаворыцца пра век. Мы шукаем высокакваліфікаваных спэцыялістаў інфармацыйных тэхналёгіяў. Не істотна, колькі яны маюць гадоў. Важныя іх веды ў галіне кампутараў, а таксама – каб у іх былі вялікія дасьведчаньні. Ёсьць дзьве групы кандыдатаў: тыя, хто з унівэрсытэцкай, ці палітэхнічнай адукацыяй, і тыя, хто яе ня мае. Але тым, хто зь сярэдняй адукацыяй, – нямецкія працадаўцы ня маюць права плаціць менш за 100 тысячаў марак".

На сёньняшні дзень у нямецкія фірмы, якія займаюцца працаўладкаваньнем спэцыялістаў-кампутарнікаў, зьвярнулася з прапановамі прыблізна 10 тысячаў чалавек. 10 тысячаў працоўных месцаў пакуль-што застаюцца вакантнымі. Але як доўга гэтыя вакансіі застануцца?..

Так, што тым з беларусаў, хто хацеў бы паехаць на працу ў Нямеччыну, мы раім пасьпяшацца…

XS
SM
MD
LG