Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па навуку ў Францыю


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнічаюць беларускія студэнты з Францыі Алесь Кузьняцоў (Тур) і Юлія Язьвінская (Мантэлье).

Атрымаць адукацыю ў замежжы беларускія юнакі і дзяўчаты нярэдка плянуюць яшчэ ў школе і робяць дзеля гэтага пэўныя крокі. Прыклад таму – вопыт вучняў гімназіі № 8 г. Менску, якая спэцыялізуецца на вывучэньні францускай мовы. Навучэнцы гімназіі яшчэ пад час вучобы ўсталёўваюць кантакты з арганізацыямі і фондамі, якія могуць дапамагчы працягнуць адукацыю ў Францыі.

Удзельнікі нашай сёньняшняй перадачы вучацца ў Францыі. Гэтую магчымасьць яны атрымалі дзякуючы кантактам, якія наладзілі праз сваю гімназію. Алесь Кузьняцоў, якому цяпер 19 гадоў, скончыў 10 клясаў гімназіі № 8 г. Менску і паехаў працягваць навучаньне ў Францыі. Ужо два з паловаю гады ён вучыцца ў адным зь ліцэяў францускага гораду Тура.

(Кузьняцоў: ) “Кантакты нашай гімназіі з рознымі францускімі асацыяцыямі былі наладжаныя ўжо даўно. Я яшчэ ў восьмай клясе паехаў першы раз у Францыю, усталяваў тут кантакты з рознымі людзьмі, якія дапамагаюць беларускім вучням вучыцца ў Францыі. Мне прапанавалі таксама, і такім чынам я сюды трапіў.

Я вучуся ў Ліцэі Дэкарт – ён лічыцца найлепшым ліцэем у Туры. Дарэчы, ліцэі тут усе бясплатныя, акрамя прыватных. Ліцэі ў Францыі звычайна маюць адну з трох спэцыялізацыяў. Першая – сацыяльна-эканамічныя навукі, потым – філязофія і літаратура, трэцяя – навуковая. У мяне – сацыяльна-эканамічныя навукі, я зараз заканчваю вучыцца ў гэтым кірунку, вось ужо буду здаваць іспыты ў чэрвені”.

(Сурмач: ) “Гэта будзе сярэдняя адукацыя?”

(Кузьняцоў: ) “Тут лічыцца сярэдняя, але гэта ня тое самае, што наша сярэдняя школа, гэта больш высокая ступень таму, што ёсьць ужо пэўная спэцыялізацыя”.

(Сурмач: ) “Ці вы будзеце мець права паступаць ва ўнівэрсытэты Францыі?”

(Кузьняцоў: ) “Ва ўнівэрсытэт паступаць я маю права, але я пайду не ва ўнівэрсытэт, а ў больш высокую ўстанову.Тут ёсьць так званыя вышэйшыя эканамічныя школы, якія выдаюць міжнародны дыплём”.

(Сурмач: ) “Ці вы будзеце паступаць менавіта ў такую школу?”

(Кузьняцоў: ) “Так, але для гэтага патрэбна спачатку паступіць на двухгадовыя падрыхтоўчыя клясы, а потым тры гады вучыцца яшчэ ў гэтай эканамічнай школе”.

(Сурмач: ) “Якога ўзроўню будзе адукацыя пасьля заканчэньня такой школы, вышэйшая?”

(Кузьняцоў: ) “Так. Гэта ступень нават вышэйшая за ўнівэрсытэт, бо калі заканчваеш гэтую школу, можаш адразу атрымаць вельмі добрую працу. Там праходзяць стажыроўку ў ЗША, а потым ў Канадзе, у Вялікай Брытаніі.

Але, гэта не бясплатная школа, таму патрэбна яшчэ і працаваць. Унівэрсытэты ў Францыі бясплатныя, але больш прэстыжныя ўстановы – платныя і даволі дарагія”.

(Сурмач: ) “Колькі трэба плаціць за падрыхтоўчыя курсы, а потым за адукацыю ў гэтай школе?”

(Кузьняцоў: ) “Каля 7 тысяч эўра ў год, гэта за школу. А падрыхтоўчыя клясы бясплатныя”.

(Сурмач: ) “І дзе вы плянуеце знаходзіць грошы на навучаньне?”

(Кузьняцоў: ) “Калі я скончу падрыхтоўчыя клясы і атрымаю дыплём, я буду мець гэтак званы бакаляўрэат, я пайду працаваць, зараблю грошай і буду працягваць вучыцца”.

(Сурмач: ) “Вы разьлічваеце зарабіць тыя грошы? Гэта ж хіба больш за 20 тысяч эўра за ўвесь пэрыяд? І ці будзеце вы ўвогуле мець права на працу ў Францыі?”

(Кузьняцоў: ) “Гэта магчыма, у Францыі можна працаваць з такім дыплёмам, але праца будзе ня так высока аплачвацца. Тут ёсьць таксама дапамога дзяржавы, мажліва ўзяць крэдыт”.

(Сурмач: ) “Але Вы як іншаземец ці маеце права ўзяць гэты крэдыт?”

(Кузьняцоў: ) “Пакуль ня маю, але потым сытуацыя зьменіцца. Зараз у мяне від на жыхарства на год, і я яго працягваю кожны год. Калі ж пройдзе пяць гадоў, то можна атрымоўваць права на сталае жыхарства”.

(Сурмач: ) “Вам там увогуле спадабалася, хацелі б назусім застацца ў Францыі?”

(Кузьняцоў: ) “Пакуль ня ведаю, магчыма паеду потым у Канаду”.

(Сурмач: ) “Я так разумею, што вы не плянуеце вяртацца дадому, у Беларусь?”

(Кузьняцоў: ) “Пакуль што не. Чытаю амаль кожны дзень навіны, пакуль што ня бачу ніякіх зьменаў. Калі б былі, я б вярнуўся, адназначна”.

***

Юля Язьвінская, таксама вучылася ў гімназіі №8 горада Менску, але ў адрозьненьне ад Алеся Кузьняцова, скончыла яе і атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі.

Паўтары гады таму француская арганізацыя дапамагла ёй выехаць у Францыю, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.

(Язьвінская: ) “Спачатку я вывучала францускую мову адзін год, гэта былі платныя курсы, плаціла сваімі грашыма. Потым я паступіла ва ўнівэрсытэт, факультэт – эканоміка і кіраваньне. Спэцыяльнасьць – мэнэджэр. Трэба будзе вучыцца 5 гадоў, а зараз я на першым курсе. Мне падабаецца гэтая прафэсія, я выбрала яе з-за таго, што яна дае добрыя навыкі, магчымасьці на пэрспэктыву”.

Юля цяпер жыве ў горадзе Мантэлье на Поўдні Францыі. На падрыхтоўчых курсах яна вучылася ў Туры.

(Сурмач: ) “Юля, вядома, што ва ўнівэрсытэтах Францыі не плаціцца за навучаньне, і вам як замежніцы таксама ня трэба нічога плаціць?”

(Язьвінская: ) “Унівэрсытэт бясплатны, але стыпэндыю я ня маю права атрымліваць. Мае бацькі плацяць за маю кватэру. На жыцьцё зарабляю, я трошкі падпрацоўваю. Тут ёсьць магчымасьці для такой працы, як, напрыклад, дагляд дзяцей. Цяпер я даглядаю дзяўчынку ў сям'і, ёй 5 гадоў. Яе бацькі мне плацяць, аплата невялікая, але на жыцьцё хапае”.

(Сурмач: ) “Ці маеце Вы ўсе патрэбныя ўмовы для навучаньня, ці абавязкова студэнту мець уласны кампутар, усе падручнікі?”

(Язьвінская: ) “Я магу гэтым карыстацца ў бібліятэцы, свайго кампутара ня маю. У бібліятэцы ёсьць усе магчымасьці для працы, ёсьць усе падручнікі, ёсьць кампутары, ёсьць клясы, дзе я магу працаваць адна ці зь сябрамі”.

(Сурмач: ) “Як з Вашых назіраньняў, ці імкнецца француская моладзь вучыцца? Ці імкнецца атрымліваць вышэйшую адукацыю?”

(Язьвінская: ) “Вышэйшая адукацыя ў Францыі вельмі папулярная. Калі чалавек хоча атрымаць лепшую працу, ён павінен мець вышэйшую адукацыю, гэта абавязковая ўмова. Моладзь стараецца вучыцца. Папулярныя прафэсіі ў галіне эканомікі, у галіне пэдагогікі, вельмі папулярнае – правазнаўства”.

(Сурмач: ) “Пэўна, вы маеце ўсё ж трохі і вольнага часу. Як звычайна яго праводзіце?”

(Язьвінская: ) “Як і ўсе маладыя – кіно, дыскатэкі. Тэлевізію тут глядзяць мала. У кіно больш ходзяць, чым глядзяць тэлевізію. У маім горадзе ёсьць шмат музэяў, паркаў, кінатэатраў. Яшчэ стараюся падарожнічаць па Францыі, калі выпадае магчымасьць.

Француская моладзь шмат падарожнічае. Пабачыць іншыя краіны сьвету – гэта заўсёды добра, гэта пасьля дапамагае ў жыцьці”.

(Сурмач: ) “Але ці маюць маладыя людзі грошы на падарожжы?”

(Язьвінская: ) “Грошы яны маюць, бо ёсьць стыпэндыі для моладзі, якая ня мае сродкаў на падарожжы. Калі чалавек падарожнічае, каб пабачыць сьвет і нечаму навучыцца, практыкаваць мову замежную”.

(Сурмач: ) “Ці вы таксама маеце такое права?”

(Язьвінская: ) “Я ня маю, бо мае бацькі не жывуць у Францыі”.

(Сурмач: ) “Што Вам падабаецца ў гэтай краіне?”

(Язьвінская: ) “У гэтай краіне ўвогуле мне падабаецца высокі ўзровень жыцьця і тое, што ўсё дазволена, можна сказаць, што кожны чалавек вольны, можа рабіць усё, што хоча і ёсьць пэрспэктыва на будучыню. У Беларусі я не ўпэўненая, што можна нечага дасягнуць”.

(Сурмач: ) “Да чаго вы ў Францыі ня можаце прывыкнуць?”

(Язьвінская: ) “Я не магу звыкнуць да таго, што тут ніхто нікому не дапаможа ніколі. Трэба заўсёды змагацца самой, усё рабіць толькі самому”.

(Сурмач: ) “А калі б Вы папрасілі ў нейкай дзяўчыны ці хлопца дапамогі?”

(Язьвінская: ) “Маглі б дапамагчы, але неахвотна. Дарэчы, я не прашу. Я не магу звыкнуць да таго, што аканіцы тут на дамах закрываюцца ў 5 гадзінаў вечара і на вуліцы, практычна, нікога няма. Усе вокны маюць жалюзі ці аканіцы. Кожны француз спрабуе схаваць сваё жыцьцё, зачыніцца ў сваім доме, із сваёй сям'ёю”.

(Сурмач: ) “Выглядае, што Вас там даймае адзінота?”

(Язьвінская: ) “Адзінота троху мучыць, але тое, што я сказала, ня тычыцца моладзі. Але ж, вы разумееце, часам хочацца пагаварыць са старэйшым чалавекам пра нейкія сур'ёзныя праблемы, а ня толькі хадзіць у кіно з маладымі”.

(Сурмач: ) “А са сваімі выкладчыкамі вы ня можаце пагутарыць прыватна?”

(Язьвінская: ) “Са сваімі настаўнікамі магу пагаварыць толькі пра вучобу, няма такіх адносінаў, як было ў нас у гімназіі, калі я магла расказаць пра свае праблемы настаўніку і ён мог бы мне нешта парадзіць. Тут такога няма”.

(Сурмач: ) “Што думаеце рабіць далей, пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту?”

(Язьвінская: ) “Калі атрымаю дыплём, я думаю. што я вярнуся ў Беларусь, каб працаваць там, каб спрабаваць падняць узровень жыцьця там. Усё ж лепей жыць у Беларусі, побач з дарагімі людзьмі, чым тут адной”.

(Сурмач: ) “Вы яшчэ маладая і ўжо паспрабавалі жыцьця на чужыне. У беларускай моладзі часам бывае рамантычнае ўяўленьне пра замежжа. Як Вы, што адчулі, ці адчулі нейкае расчараваньне?”

(Язьвінская: ) “Адчула, гэта было расчараваньне, якое мяне троху зьбянтэжыла. Мела ўяўленьне пра Францыю, што гэта краіна, дзе ўсе людзі вельмі рамантычныя, вельмі галянтныя, шчырыя. На самай справе – гэта ня так. Гэта мяне найбольш расчаравала ў Францыі”.

(Сурмач: ) “Сваю Радзіму, відаць, вы глыбей зразумелі і сталі шанаваць ў замежжы, так?”

(Язьвінская: ) “Так, я належна ацаніла Беларусь толькі тут, калі пражыла паўтары гады ў Францыі”.

(Сурмач: ) “Усё аказалася цяжэй, чым ўяўлялася?”

(Язьвінская: ) “Усё цяжка, але пэрспэктыва на будучыню – гэта мяне трымае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG