Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Расеі: ці патрэбныя ім міграцыйныя карткі?


Сяржук Сокалаў-Воюш і Ганна Сурмач, Прага

Зь першага лістападу летась у Расеі пачаў дзейнічаць закон пра прававы статус замежных грамадзянаў. Гэты закон, на думку распрацоўшчыкаў, павінен быў стварыць бар'ер для, так бы мовіць, экспарту крыміналу ў краіну, а таксама ўладзіць працоўную міграцыю.

Нагадаю, што Беларусь як сябра адмысловага беларуска-расейскага саюзу разьлічвала ў гэтым пытаньні на нейкі асаблівы статус.

Пасьля доўгай цяганіны й палярных выказваньняў чыноўнікаў розных узроўняў (ад прэзыдэнтаў і міністраў да мытнікаў і памежнікаў) пытаньне ўрэшце разьвязалася наступным чынам: ніякага асаблівага статусу беларусы ня маюць і міграцыйныя карткі для іх, як для жыхароў іншай краіны, патрэбныя.

Дарэчы, у Маскве падобная рэгістрацыя замежных грамадзянаў існавала даўно, і новы агульнарасейскі закон, па сутнасьці, створаны на ўзор сталічнага.

Як жа выглядае працэдура атрыманьня міграцыйнай карткі на мяжы і якія зьвесткі павінен падаць пра сябе чалавек у гэтым выпадку? Адказ на пытаньне высьвятляў наш менскі карэспандэнт Ігар Карней.

(Карней: ) “У Дзяржаўным памежным камітэце не хаваюць, што разам з увядзеньнем дадатковай рэгістрацыі замежных грамадзянаў праз запаўненьне міграцыйных карткаў ведамства атрымала дадатковы стос карпатлівай працы. На дакумэнтальнае афармленьне кожнага чалавека патрабуецца дадаткова як мінімум 15 хвілінаў. Кожны павінен запоўніць на адмысловым блянку свае пашпартныя дадзеныя і членаў сям'і, дзе плянуе гасьцяваць альбо працаваць, зь якой мэтай наагул зьбіраецца ў Расею і г.д. З улікам, што колькасьць жадаючых патрапіць у Расею толькі з заходняга кірунку вагаецца штодня ад трох да пяці тысячаў, на самых папулярных пераходах кшталту "Казловічы" ці "Высокае" зьявіліся непрагназаваныя "коркі". Дарэчы, яшчэ хвілінаў дзесяць на кожнага патрабуе адваротная працэдура, калі памежнікі павінны пераканацца ў тым, што, знаходзячыся ў на тэрыторыі Расеі, грамадзянін паводзіў сябе адпаведным чынам і не парушаў правілаў і тэрмінаў знаходжаньня.

Адзін з кіраўнікоў памежнага пераходу "Высокае" кажа: ягоныя падначаленыя былі напагатове да актыўных дзеяньняў яшчэ ад 10 лютага, аднак амаль тыдзень ніякай каманды на пачатак выдачы міграцыйных карткаў зь Менску не паступала.

(Супрацоўнік памежнага атраду "Высокае": ) "Натуральна, што час "Х", першапачаткова прызначаны на дзесятага лютага, адпаў сам сабой. Пачалі, як і прагназавалі ў Расеі, толькі ад 15-га. Выдаюць карткі памежнікі, але каардынатарам усёй справы застаецца МУС. Што тычыцца апасеньняў наконт чэргаў? Ня ведаю, ці надоўга гэта — пажывем, убачым".

(Карней: ) “Зрэшты, у Міністэрстве ўнутраных справаў распавялі, што амаль тыднёвая адтэрміноўка ў справе выдачы міграцыйных карткаў была зьвязаная найперш з тэхнічнай праблемай. Справа ў тым, што расейская Фэдэральная міграцыйная служба МУС папросту не пасьпявала своечасова забясьпечыць блянкамі больш за паўсотні памежных пераходаў на тэрыторыі Беларусі. Паводле інфармацыі на гэты момант, міграцыйнымі карткамі ў дастатковай колькасьці забясьпечаныя ўсе памежныя пераходы. Таму, як выказаўся адзін з маіх суразмоўцаў у МУС, "Расея можа спаць спакойна".


* * *
А цяпер слова аднаму з нашых суайчыньнікаў, грамадзяніну Беларусі, карэннаму менчуку, які жыве і працуе ў Маскве – журналісту Ўладыславу Максімаву. Ён ужо мае ўласны досьвед у пытаньні міграцыйных картак.

(Сокалаў-Воюш: ) “Уладыслаў, як вы даведаліся, што трэба атрымліваць міграцыйную картку?”

(Максімаў: ) “Аднойчы ўвечары на парозе зьявіўся ўчастковы міліцыянт. Я яго вымушаны быў упусьціць у кватэру. Ён паглядзеў мае дакумэнты, высьветліў, што ў мяне няма рэгістрацыі і сказаў, што неадкладна патрэбна зрабіць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як выглядае сам працэс рэгістрацыі?”

(Максімаў: ) “Чалавек, які рэгіструецца на нейкай канкрэтнай жылплошчы, у нейкай кватэры маскоўскай, спачатку атрымлівае дакумэнт у мясцовым ЖЭКу, куды ён павінен прыйсьці разам з гаспадарамі кватэры і ўсімі тымі, хто там прапісаны. Потым ён ідзе ў АВІР, і калі ў яго ёсьць суткі вольнага часу, ён можа там з карысьцю іх правесьці”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І ўсё?”

(Максімаў: ) “Не, канечне ж, бо гэта такі пастаянны працэс. Да прыкладу, беларусу, які жыве ў Маскве, давядзецца рэгістравацца кожныя тры месяцы. А яшчэ з-за таго, што ў АВІРах вельмі вялікія чэргі, гэты працэс зацягнецца й заўсёды будзе даволі такім непрыемным як для тых, хто рэгіструецца, так і для тых, хто рэгіструе. Гэта даволі цяжкая праца – мець справу зь людзьмі, якія займаюць чаргу а шостай раніцы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы сказалі “...рэгістравацца кожныя тры месяцы”. Гэта значыць, што кожныя тры месяцы трэба ісьці ў ЖЭК...”

(Максімаў: ) “Дакладна гэта яшчэ невядома, бо такая практыка толькі пачалася. Абяцаюць, што працэс падаўжэньня гэтай рэгістрацыі будзе больш простым, але невядома, наколькі ён будзе адрозьнівацца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што кажуць людзі ў АВІРаўскіх чэргах? Як яны рэагуюць на свае, так бы мовіць, новыя абавязкі?”

(Максімаў: ) “Яны паводзяць сябе так, як паводзілі сябе людзі ў чэргах у савецкія часы. Гэта такія маўклівыя чэргі, без усялякага спадзяваньня, што гэтая чарга хутка пройдзе. Спрабуюць лаяцца паміж сабой. Час ад часу лаюцца на супрацоўнікаў АВІРу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці ёсьць розьніца у рэгістрацыі паміж тымі, хто мае розны статус – хто прыехаў як турыст, хто жыве й працуе там...”

(Максімаў: ) “Галоўны прынцып такі, што кожны чалавек, які прыехаў на тэрыторыю Расеі, павінен зарэгістравацца на працягу трох дзён ад часу прыезду. На практыцы, зразумела, гэта атрымліваецца на шмат пазьней, бо за тры дні гэтага немагчыма зрабіць хаця б фізычна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Што можна было б зьмяніць, каб спрасьціць гэтую працэдуру?”

(Максімаў: ) “Хаця б пашырыць штаты АВІРаў, якія відавочна ня могуць справіцца з усім тым наплывам людзей, якія сюды прыходзяць”.

* * *
Наступны мой суразмоўца – грамадзянін Расеі беларускага паходжаньня, віцэ-прэзыдэнт банку “Дзяржава” Андрэй Макагон.

(Сокалаў-Воюш: ) “Андрэй, вам даводзіцца мець справу з банкірамі, бізнэсмэнамі, эканамістамі. Ці новы закон пра міграцыйныя карты адбіваецца й на іхнай дзейнасьці?”

(Макагон: ) “Я патэлефанаваў свайму знаёмаму. Ён – грамадзянін ЗША. Ён таксама працуе ў банкаўскай сфэры, і ён ужо паўгоду ня можа атрымаць дазволу на працу ў Расеі. Ён працуе, фактычна, нелегальна. У верасьні ён аддаў дакумэнты на рэгістрацыю на працу, але, праз неафіцыйныя каналы, яны яму абяцаюць даць адказ толькі ў сакавіку.

У Маскве гэтая працэдура куды больш складаная, чым у правінцыі. У правінцыыі гэта ўсё вырашаецца на мясцовым узроўні, а ў Маскве дзейнічае наступная сыстэма: ёсьць тры інстанцыі. Першая – гэта міграцыйная служба. Спачатку дазвол атрымліваюць у ёй. Потым дакумэнты трапляюць ва ўрад горада Масквы, а потым – ужо на трэйцяй ступені – усё гэта трапляе ў міністэрства замежных справаў.

Афіцыйна гэты грашовы збор невялікі. Але каб дакумэнты ішлі, каб не было іншых пытаньняў – гэта хабар. Памераў я ня ведаю. Але так ёсьць. Больш за тое, гэтаму банку трэба будзе даводзіць, чаму ён бярэ менавіта гэтага замежнага адмыслоўца, а не бярэ расейскага. Чым ён лепшы, а расеец горшы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як гэты новы закон паўплывае на мігрантаў зь Беларусі?”

(Макагон: ) “Я гэтае пытаньне падзяліў бы на дзьве часткі. Першае – тое, што тычыцца некваліфікаванай працоўнай сілы і другое – кваліфікаваная працоўная сіла.

Наконт некваліфікаванай, я лічу, шмат чаго ня зьменіцца, бо бальшыня мігрантаў зь Беларусі як працавала нелегальна, так і будзе працаваць. Гэта перадусім будаўнікі. Але ўжо пачынаецца хваля, калі падаткавая служба, менавіта ў Маскве, прыходзіць да будаўнікоў і кажа: “Хлопцы, а гэтыя ў вас хто?” Гэта значыць, што кампаніі праз год-паўтара вымушаныя будуць усіх пераводзіць у легальна занятых.

Але калі нашыя землякі тут працуюць нелегальна, яны знаходзяцца на становішчы людзей другога гатунку. Да іх так і ставяцца, як да людзей, якіх можна ў любы момант выпхнуць з працы, нават не заплаціўшы заробку за апошні месяц. Таму, нават калі іх і захочуць браць на легальнае становішча, уздымаецца бар’ер: браць ці ня браць? Бо тады трэба праходзіць усю гэтую працэдуру. А давесьці ў Маскве, чаму вы не бярэце на працу масквічоў, а бярэце замежнікаў, даволі складана.

Я думаю, што будзе мець нэгатыўны ўплыў той факт, што на беларусаў будзе распаўсюджвацца правіла пра міграцыйныя карткі.

А тое, што тычыцца кваліфікаваных кадраў, то, калі паслугі беларуса будуць патрэбныя буйному расейскаму бізнэсу – гэта нескладаная сытуацыя, бо такімі справамі, як правіла, займаюца юрысты. І таму самаму юрысту афармляць дазвол на працу для таго ж ангельца, ці беларуса, скажам так, будзе не прынцыпова. А вось калі дробны бізнэс і сярэдні бізнэс будуць думаць, а ці не наняць нам беларуса-адмыслоўца, той факт, што гэтага беларуса трэба будзе афіцыйна праводзіць праз міграцыйную службу, будзе спыняць расейцаў. Гэта значыць, міграцыйныя карткі будуць мець нэгатыўны ўплыў”.
XS
SM
MD
LG