Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірляндыя – краіна бульбы і паўзабытай мовы


Сяржук Сокалаў-Воюш і Ганна Сурмач, Прага

Яшчэ некалькі гадоў таму слова Ірляндыя не выклікала ў беларусаў ніякіх эмоцыяў. Хіба толькі тыя, хто падарожнічалі за акіян, маглі прыгадаць аэрапорт Шэнан – месца зьмены беларускага самалёта на заходні. У Ірляндыі ніколі не было беларускай эміграцыі. Няма яе там і цяпер, але беларусы ў краіне ёсьць.

Ірляндыя – краіна, адкуль пайшла эўрапейская бульба. Менавіта тут у 1586 годзе была пасаджаная новая прывезеная з Паўдзённай Амэрыкі расьліна, якая амаль праз 200 гадоў стала галоўнай культурай беларускіх гародаў. І калі сёньня ў Беларусі бульба – адзін са сродкаў выжываньня нацыі, то 150 гадоў таму ў Ірляндыі яна сталася пачаткам нацыянальнай катастрофы. У 1845 годзе бульбяная хвароба фітафтарыёз цалкам зьнішчыла ірляндзкую бульбу. У выніку за шэсьць гадоў насельніцтва краіны скарацілася з 8 да 5 мільёнаў, і гэты працэс працягваўся ажно да 1961 году, калі ў краіне засталося менш трох мільёнаў чалавек. Адны паміралі, іншыя ехалі ў эміграцыю, але не ў бульбяную Беларусь, а ў задымленую Вялікую Брытанію, ці ў нязнаныя амэрыкі. Цяпер насельніцтва Ірляндыі складае каля чатырох мільёнаў.

У лік гэтых мільёнаў ніяк ня ўлучаныя беларусы, што падаліся ў краіну ў пошуках ведаў альбо заробкаў. Двое зь іх – удзельнікі нашай сёньняшняй перадачы.

Алесю Батуру 26 гадоў. Ягоны прадзед, як некалі памянёныя ірлянцы зьехаў у Амэрыку, пакінуўшы праўнуку ў спадчыну любоў да вандровак. Алесь, як пачаўся ваш шлях у Ірляндыю?

(Батура: ) “Шлях мой у Ірляндыю пачаўся, як ні дзіўна, у Цэнтральна-Эўрапейскім унівэрсытэце – у Будапэшце. Там я атрымаў маю магістарскую ступень па праву, пасьля я падаў вучыцца ва ўнівэрсытэт і знайшоў сябе ў Дубліне. Я пішу доктарскую па спэцыяльнасьці паліталёгія”.

(Сокалаў-Воюш: ) “У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне, а як можна трапіць зь Беларусі ў Будапэшт?”

(Батура: ) “Тры ці чатыры гады таму быў шэраг праграмаў у Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, у шэраг брытанскіх унівэрсытэтаў. І даволі шмат беларусаў езьдзяць кожны год”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І вось вы прыехалі ў Ірляндыю – краіну новую, краіну незнаёмую…”

(Батура: ) “Калі праўду сказаць, дык мне спачатку не спадабалася. Бо я адразу ехаў з Будапэшту, а калі хто быў у Будапэшце – гэта супэрскі горад, вельмі прыгожы, і ўзровень жыцьця ў мяне там неяк быў вышэйшы. А тут, як прыехаў, адразу йшоў дождж, было вельмі пахмурна, і я адразу ня змог знайсьці людзкае жытло, і я, здаецца, упаў у дэпрэсію можа на які месяц ці два. Вось зараз ужо пачаў выходзіць. Што цікава, у Будапэшце, я нават ня памятаю, калі беларусаў там сустракаў. А прыляцеў у Дублін, саджуся ў аўтобус, які йдзе ў цэнтар, і сядзяць нейкія хлопчыкі й дзяўчынкі. Вядома, размаўлялі па расейску, але абмяркоўвалі, што нешта там у Менску будуецца. Я паспрабаваў зь імі размаўляць і заўважыў, што нешта мне ня надта цікава зь імі. Гэта былі такія “тоже белорусы”. У мяне зь імі кантакт не атрымаўся й нешта мне стала крыху дрэнна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Мы зачапілі цікавае пытаньне, бо, наколькі я ведаю, вы ад пачатку таксама не былі такім сьвядомым беларусам. Дзе і што зламілася ў вас?”

(Батура: ) “За мяжой. За мяжой, здаецца, як ні дзіўна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Наколькі я ведаю, Алесем вы сталі ўжо за мяжой, перад тым вы былі Сашам?”

(Батура: ) “І Алесем я быў, і Сашам, і Шурам, і Алексам і Аляксандрам. А Алесем… ну, так, так, так. Цікава, што за мяжой усё гэта неяк вельмі крышталюецца. А быць беларусам ці за мяжой, ці ў краіне – усё гэта даволі цікава. Мне здаецца, што за мяжой нават лягчэй”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як складана знайсьці кватэру для студэнта зь Беларусі ў Дубліне?”

(Батура: ) “Калі грошы ёсьць, дык – не праблема”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ну, калі грошы ёсьць дык паўсюль не праблема, але ў Вашым выпадку – гэта была праблема?”

(Батура: ) “У маім выпадку, зноў жа скажу, што пасьля Будапэшту, мне адразу кошты ўдарылі па вачох. Я не чакаў такога кошту. У мяне быў невялічкі грант, ён яшчэ й зараз ёсьць, але, на жаль, ён не пакрывае ўсіх маіх жыцьцёвых выдаткаў. Я здымаю пакой за 400 эўра”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Пакой 400 эўра. Як вялікі пакой?”

(Батура: ) “Чатыры на шэсьць мэтраў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэткім чынам, Алесь, вы пішаце доктарскую ў паліталёгіі. Пры якім унівэрсытэце?”

(Батура: ) “Унівэрсытэт завецца Трыніты. Гэта як бы БДУ Ірляндыі, як я жартаваў, гэта Дублінскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя сьвятой Тройцы. Вельмі добры ўнівэрсытэт. Нешта падобнае на Оксфард і Кембрыдж. Я нават скажу, што адзінае, што мне найбольш тут падабаецца – гэта ўнівэрсытэт. Сам Дублін мне ня вельмі падабаецца, на жаль”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы сказалі, што грант не пакрывае ўсіх вашых выдаткаў на жыцьцё. Вам даводзіца недзе працаваць?”

(Батура: ) “Як ні дзіўна, я працую выкладчыкам. У тым жа самым унівэрсытэце я зараз выкладаю эўрапейскую палітыку й палітыку Эўразьвязу для другога курсу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Якія ў вас сувязі з вашай сям’ёй і хто там застаўся на Радзіме?”

(Батура: ) “Усе засталіся. Тэлефаную раз праз раз. Калі-нікалі ежджу. Зараз, пакуль, даволі дорага адсюль ехаць. Так што ня ведаю, калі паеду наступны раз. Але, што цікава, усе мае сябры зараз ужо за мяжой”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Алесь, для пераважнай бальшыні беларусаў гэльская культура – гэта загадка. Як беларус успрыймае гэльскую культуру?”

(Батура: ) “Па-першае, што такое гэльская культура? Як мне здаецца, Беларусь зараз наконт мовы й культуры – гэта нешта накшталт Ірляндыі мінулага стагодзьдзя. Ня шмат хто ведае, але ў Ірляндыі ангельская мова – гэта ня родная мова. Ёсьць яшчэ йрляндзкая мова, ці, як яны кажуць, гэльская мова, якую як родную ўжываюць усяго нейкіх 25 тысячаў чалавек. Але ўсе павінны гэтую мову вучыць у школках, як зараз беларусы вучаць беларускую мову ў Менску, мне здаецца. І вельмі цікава правесьці нейкія паралелі паміж Беларусяй і Йрляндыяй. Не паверыце, але вельмі, вельмі шмат падобнага. Напрыклад, як яны імкнуліся ажывіць гэльскую мову. Справа ў тым, што ўся гэльская літаратура – у асноўным гэта байкі, нейкія казкі, гісторыі пра сялянаў таго стагодзьдзя ці яшчэ раней. Тое, што прасунутай моладзі 21 стагодзьдзя не цікава. Зараз пачалася новая плынь. Яны імкнуцца ўсё гэта ажывіць, зрабіць прасунутым і крутым, каб моладзь ізноў пачала размаўляць па-гэльску. Цікава глядзець шэраг праграм па тэлебачаньні, па радыё, як гэта праграма новая адбываецца. Калі б я вывучаў гэльскую мову, адкрыўся б шэраг магчымасьцяў. Яны б і на жыцьцё плацілі б, і гранты давалі б. Я бачыў па тэлебачаньні нейкага хлопца з Украіны, Міхайла нейкі, і ён размаўляў на гэльскай мове. Яны возяць гэтага Міхайлу як цуд нейкі па ўсёй Ірляндыі й паказваюць як цуд нейкі й па радыё, і па тэлебачаньні. Як бы робяць такую прамоцыю сваёй культуры”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэта азначае, што ёсьць ідэя вярнуць гэльскую мову й ёсьць дзяржаўныя праграмы на гэта, і праграмы падтрымліваюць гэтую ідэю аж да таго, што фінансуюць вывучэньне, так?”

(Батура: ) “Так. Гэта шмат фондаў, шмат праграмаў, шмат колькі грошай ідзе на гэта. Так, гэта дзяржаўная праграма фінансуецца, мне здаецца, міністэрствам культуры. Ёсьць яшчэ асобныя праграмы ў ірляндзкіх амбасадах. Яны таксама імкнуцца гэта прасоўваць па ўсім сьвеце. Але, усё ж такі, ангельская мова – гэта мова зносінаў, і ўсё менш і менш людзей размаўляюць па-гэльску. Але яны робяць, каб гэта было модна, і некаторыя людзі пачынаюць слухаць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А ў вас не было такой ідэі пачаць вывучаць гэльскую мову?”

(Батура: ) “Была ідэя, цікава было б, але надта зараз заняты. Я ніколі ў жыцьці не вывучаў статыстыкі й эканамэтрыкі, матэматыку бачыў апошні раз недзе ў часы Віетнамскай вайны і зараз мушу ўсё ўспомніць. Вельмі цяжка. Але, каб быў час, было б цікава”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што ведаюць ірляндцы пра Беларусь?”

(Батура: ) “Чарнобыль. На факультэце паліталёгіі, вядома, усе ведаюць Лукашэнку, як ведаюць і Мілошавіча”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А на факультэце паліталёгіі вывучаеца Беларусь?”

(Батура: ) “Ёсьць жа Ўсходне-эўрапейскія студыі, і ў галіне Ўсходне-эўрапейскіх студыяў вывучаецца й Беларусь. Тут нават ёсьць адзін прафэсар, які летась быў у Беларусі й добра ведае Беларусь. Ён стары савэтоляг, які зрабіў кар’еру ў часы Савецкага Саюзу. І некалі, казаў быў, сустрэў быў Гарбачова ўжо пасьля 1991 году і сказаў: “Што ж ты, Міхаіл, зруйнаваў усю маю кар’еру?!”


(Сокалаў-Воюш: ) “Наступны мой суразмоўца – Юры Асомчык. Ён – карэнны мянчук. Скончыў радыётэхнічны інстытут, служыў у Туркмэністане. Працаваў на заводзе вылічальнай тэхнікі. Затым быў дробным прадпрымальнікам. Гандляваў у Маскве, на радыёкірмашы ў Менску. Малыя заробкі ўрэшце прывялі Юрыя ў шэрагі беспрацоўных. Праз год ён знайшоў аб’яву пра працу ў Ірляндыі. Падаў дакумэнты і праз чатыры месяцы апынуўся ў Дубліне. Як вы так рызыкнулі? Вы ангельскую мову ведаеце?”

(Асомчык: ) “У тым і справа, што не. У школе і ў інстытуце я вывучаў францускую. Курс ангельскай быў усяго тры месяцы, а гэта амаль нішто”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы падалі дакумэнты і праз чатыры месяцы атрымалі працу. Вы ня думаеце, што гэта досыць фантастычная зьява, бо шмат хто зь беларусаў мараць зьехаць за мяжу, каб знайсьці нейкую працу, і гэта зусім ня факт, што яны яе знойдуць?”

(Асомчык: ) “Я ведаю нават тое, што ў гэтай фірме пасьля таго, як я і мой знаёмы – мы абодва паехалі, пасьля нас ніводнага чалавека яны не змаглі адправіць. Ірляндыя была зачыненая для беларусаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Якую працу вы цяпер маеце ў Дубліне?”

(Асомчык: ) “Па-ангельску шоп-асыстант. Усю працу раблю”.

(Сокалаў-Воюш: ) “ Наколькі цяжка?”

(Асомчык: ) “Праца не цяжкая”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А заробкі вас задавальняюць?”

(Асомчык: ) “Плоцяць па мінімуму. Менш плаціць яны ня могуць, таму што я працую афіцыйна, маю дазвол на працу. Гэта шэсьць з паловай эўра ў гадзіну”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А на які час ваш кантракт?”

(Асомчык: ) “Ну, гэта не кантракт. Гэта ворк-пэрміт – дазвол на працу, тэрмінам на год. І кожны год трэба працягваць. У красавіку ў мяне другі год сканчаецца, і я буду падаваць на трэці тэрмін”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Могуць быць праблемы?”

(Асомчык: ) “Могуць быць праблемы, могуць, таму што зараз зьмянілася ірляндзкае заканадаўства, і трэба нашаму працадаўцу абгрунтаваць, чаму ня можна прыцягнуць да працы ірляндца ці жыхароў Заходняй Эўропы. Але гаспадар упэўнены, што праблемаў ня будзе, таму што два гады – значыць маю нейкі досьвед, а цякучка кадраў у краме ёсьць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “У вас ёсьць сям’я?”

(Асомчык: ) “Маю жонку, яна мае сына ад першага шлюбу. Я спрабую зараз ёй у краме працу знайсьці. Гаспадар згодны, але кажа – гэта амаль немагчыма”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Колькі вы ўжо ня бачыліся?”

(Асомчык: ) “Апошні раз я быў у адпачынку ў траўні-чэрвені. Аплочваны адпачынак – адзін месяц”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці ваш мінімальны ірляндзкі заробак дазваляе вам жыць у Ірляндыі і яшчэ дапамагаць сям’і?”

(Асомчык: ) “О! Канечне, дазваляе, і я яшчэ маю рахунак у банку й кожны месяц адкладаю грошы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А вы жывеце ў Ірляндыі дзе?”

(Асомчык: ) “Працадаўца адмыслова купіў дом якраз над крамай. Першы паверх – крама, а другі паверх – флэт”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы не былі год на Беларусі, а потым вярнуліся. Што вам кінулася найбольш у вочы?”

(Асомчык: ) “Па-першае, я чытаю “Свабоду” ў Інтэрнэце (амаль кожны дзень), так што інфармацыю пра становішча ў Беларусі адсочваю. А найбольш мне не спадабалася, што мае колішнія сябры за год, пакуль я ня быў дома, амаль не сустракаліся паміж сабой. Усе шукаюць грошы. Я заўважыў, што ў цэнтры Менску ня стала маленькіх шапікаў, дзе можна было купіць піва ці шакаладку”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А вось некаторыя заўважаюць, што стала больш п’яных…”

(Асомчык: ) “Мая жонка жыве побач з чыгуначным вакзалам. Там заўсёды п’яныя былі, ёсьць і будуць. Але скажу, што ў Ірляндыі іх ня менш. Зьнешні выгляд амаль такі ж: няголены, падбітыя вочы, але ў добрых красоўках”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Напрыканцы гутаркі Юры Асомчык вырашыў падзяліцца з намі агульным уражаньнем ад краіны”.

(Асомчык: ) “Уражаньне вельмі неадназначнае. Для сябе я кажу, што Ірляндыя – гэта краіна парадоксаў. Аднак, яны вельмі добра ставяцца да жыцьця… Вельмі вузкія дарогі. Пешшу можна прайсьці ад працы да дому за 20 хвілінаў, а на машыне гэта – 45 хвілінаў. Праблема Ірляндыі, што нават новыя дарогі будуюць вельмі вузкімі – у адну паласу. У Ірляндыі няма іншых забаваў, як хадзіць у бар ці паб і піць піва. Гэта робяць усе жыхары ад 17 ці 18 гадоў. Столькі п’юць піва, што нават жанчыны і дзяўчаты… я столькі ня бачыў. Асабіста для мяне не хапае якога-небудзь парку з атракцыёнамі, бо тут увогуле няма гэтага. Кінатэатраў шмат. Шмат цэнтраў, дзе можна пагуляць у більярд. І яшчэ, самі ірлянцы вельмі ня любяць працаваць. Зімы тут няма, нешта каля нуля ці вышэй, але моцныя вятры. Ірлянцы любяць цеплыню, але дамы ў іх вельмі халодныя. Вокны адзінарныя, скразьнякі вялікія. Але калі можна пагрэцца ля агравальніку – яны заўсёды там”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG