Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студэнты ў Заходняй Эўропе


Сяржук Сокалаў-Воюш і Ганна Сурмач, Прага

Гісторыя беларускіх маладзёвых арганізацыяў у Заходняй Эўропе пачалася бадай што з узьнікненьнем Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Празе ў 1920-30 гадох.

На жаль, тыя студэнты не пакінулі па сабе пераемнікаў, і беларуская моладзь Эўропы маўчала да сярэдзіны 1940-ых. Пасьля другой усясьветнай вайны ў лягерах для перамешчаных асобаў пачалі сваю дзейнасьць беларускія скаўты, але і гэты пачатак ня меў працягу на эўрапейскіх абшарах.

Адзіным выключэньнем была Беласточчына, дзе беларускі маладзёвы рух, у самых розных формах, існаваў ці не заўсёды. Была яшчэ арганізацыя Беларуска-Амэрыканскай моладзі, але гэта ўжо на тэрыторыі Паўночнай Амэрыкі.

Сёньня сытуацыя зь беларускай моладзьдзю ў Заходняй Эўропе выглядае крыху йнакш. Неафіцыйныя зямляцтвы беларусаў існуюць у некаторых эўрапейскіх унівэрсытэтах, сям-там моладзь стараецца заснаваць нацыянальныя суполкі, як, прыкладам, Зьвяз Беларусаў Замежжа ў Чэхіі.

Цяпер жа сваё слова сказалі й студэнты. Пры канцы сьнежня летась у Нямеччыне сабраліся шэсьць беларускіх студэнтаў, якія рэпрэзэнтавалі нашых землякоў зь пяці эўрапейскіх краінаў: Вялікай Брытаніі, Галяндыі, Нямеччыны, Фінляндыі і Швайцарыі. Некаторыя з тых, што вучацца ў краінах па-за Шэнгенскай зонай, не змаглі прыехаць на сустрэчу праз цяжкасьці з атрыманьнем візы.

Арганізатар сустрэчы ў Нямеччыне Яраслаў Крывой нарадзіўся ў Баранавічах. Яму 23 гады. Скончыў школу ў Менску. Скончыў праўніцкі факультэт Пецярбурскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту. Цяпер вучыцца паводле аб’яднаных праграмаў у Нотынгемскім унівэрсытэце ў Вялікай Брытаніі і ва ўнівэрсытэце Утрыхту ў Галяндыі, пасьля чаго атрымае дыплёмы абодвух ВНУ. На сустрэчу студэнтаў Яраслаў заехаў якраз па дарозе з аднаго ўнівэрсытэту ў другі. Гэткім чынам, з намі на сувязі Яраслаў Крывой зь Вялікай Брытаніі.

Як узьнікла ідэя сабрацца разам студэнтам Заходняй Эўропы?”

(Крывой: ) “Гэта ідэя ўзьнікла прыкладна паўгады таму ў мяне, таму што даводзілася езьдзіць па вучобе, на канфэрэнцыі і ўвесь час сустракаць людзей зь Беларусі. На маю думку, гэтыя людзі мелі шмат агульнага. Гэтыя людзі дасягнулі нечага ў сваім жыцьці, маю на ўвазе акадэмічна, бо ня так проста патрапіць за мяжу вучыцца, тым больш што тыя, хто трапляюць сюды, яны звычайна спансаруюцца нейкімі ці дзяржаўнымі ўстановамі, ці ўнівэрсытэтамі. Гэта значыць, што гэта лепшыя студэнты прыяжджаюць сюды. Гэта першае, што іх аб’ядноўвае.

Другое – гэта што Беларусь для іх значыць шмат. Кожны зь іх разумее, што ён зь Беларусі, што гэта ягоная Радзіма, што ён мае абавязак перад сваёй Радзімай.

Я падумаў: чаму б нам не сустрэцца? І калі я абмяркоўваў гэтую ідэю са студэнтамі зь іншых краінаў, яны сказалі, што гэта сапраўды добрая ідэя. Але, як заўсёды бывае, добрыя ідэі доўга віруюць недзе ў паветры. Ніхто ня возьмецца й ня скажа: так, трэба гэта рэалізаваць. Я паспрабаваў гэта зрабіць леташняй восеньню, напісаўшы мэйлы некалькім сваім сябрам. Яны падтрымалі, і мы пачалі ўзгадняць дату. Алена, якая зараз працуе ў Гайдэльбэргу, прапанавала нам сваю кватэру”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Алена Шкуматава піша дактарат у мікрабіялёгіі. Актыўная на ніве Беларушчыны, яна ўжо неаднойчы брала ўдзел у самых розных перадачах нашага радыё. Алена, вы прапанавалі сабрацца ў Гайдэльбэргу й прапанавалі сваю кватэру… Як прыйшла такая ідэя?”

(Шкуматава: ) “Ідэя прыйшла проста сабрацца й пазнаёміцца ўсім разам студэнтам, якія жывуць у Заходняй Эўропе, ці моладзі, якая працуе ў Заходняй Эўропе. А так неяк здарылася, што Гайдэльбэрг проста на перакрыжаваньні шляхоў. Атрымалася, што ў цэнтры Заходняй Эўропы аказаўся. Я, канечне, прапанавала. Сказала, што кватэра вялікая, прыяжджайце, госьці дарагія”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І вось сустрэча адбылася. Якія пытаньні вырашалі й што вырашылі ейныя ўдзельнікі? Ізноў гаворыць Яраслаў Крывой”.

(Крывой: ) “Галоўная выснова, што трэба падтрымоўваць кантакты не для таго, што вось ёсьць у нас такая беларуская асацыяцыя й нехта там будзе старшынём і адчуваць сябе вельмі важным чалавекам, а для таго, каб зрабіць жыцьцё беларускай моладзі ў замежжы прасьцейшым. Бо беларускіх маладзёвых асяродкаў у замежжы вельмі шмат, і праблема ў тым, што яны разьяднаныя й раскіданыя. Недахоп інфармацыі – гэта першая праблема й самая асноўная праблема, зь якой чалавек сутыкаецца, калі выяжджае за межы сваёй краіны. Ты трапляеш зусім у новую сытуацыю, дзе ты ня ведаеш ні мовы, ні звычаяў – нічога. Гэта першая, унутраная мэта – аб’яднаць наяўныя асяродкі.

Што датычыцца вэб-сайту, які стаў галоўным вынікам сустрэчы, то мы зьбіраем грошы на гэтую справу. Ён будзе складацца зь некалькіх частак. Галоўным чынам гэта будзе інфармацыя пра студэнтаў, якія жывуць у замежжы, пра тыя магчымасьці, якія дае тая ці іншая краіна ў пляне адукацыі, у пляне працы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэта старонка будзе на адной мове, на дзьвюх, на колькіх?”

(Крывой: ) “Першапачаткова гэтая старонка будзе на беларускай мове, бо яна ствараецца беларускай моладзьдзю й для беларускай моладзі. А потым можна будзе выходзіць на зьнешні ўзровень. Па-расейску хутчэй за ўсё ня будзе. Беларуская моладзь, якая ў замежжы, яна падзяляецца на дзьве часткі – гэта беларуская беларуская моладзь, а другая частка – савецкая беларуская моладзь. Яны мала чым адрозьніваюцца ад выхадцаў з былога Савецкага Саюзу. У іх няма той агульнай глебы, на якой можна было б аб’ядноўвацца. А ў беларускай беларускай моладзі такая глеба ёсьць, і такім людзям цікава аднаму з адным”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Чым жа новая арганізацыя будзе адрозьнівацца ад іншых беларускіх заходнеэўрапейскіх арганізацыяў? Яраслаў Крывой працягвае:”

(Крывой: ) “У нас характар дзейнасьці будзе пазытыўны. Мы будзем нешта ствараць, а не выступаць супраць нечага, бо ёсьць арганізацыі, які ставяць сваёй мэтай мінус нечага, скажам, выступаць супраць нейкіх палітычных партыяў. У кожнага з нас ёсьць свае палітычныя погляды й яны, звычайна, аднолькавыя. Але, акцэнт мы будзем рабіць на студэнцкай дзейнасьці, на дапамозе беларускім студэнтам у замежжы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А цяпер словпа яшчэ аднаму ўдзельніку сустрэчы. Уладзя Антаненка нарадзіўся ў Чачэрскім раёне, што на Гомельшчыне. Чатыры гады вучыўся ў Гомелі, а потым трапіў пад Маскву ў Пушчына, у інстытут бялку. Пасьля абароны дыплёму ў Расеі вытрымаў абарону на біялягічным факультэце дома. Потым, праз Інтэрнэт, знайшоў сабе асьпірантуру ў Нямеччыне, у Мюнхене. Таму нашая размова пачалася зь нямецкай тэмы:

Мюнхен – адзін з самых дарагіх гарадоў Нямеччыны. Як вы выжываеце?”

(Антаненка: ) “Дапамагае тое, што я жыву ў студэнцкім інтэрнаце, таму жытло мне абыходзіцца вельмі танна. Цяжка сказаць, што ён вельмі дарагі па харчовых прадуктах ці па адзежы. Гэта ўсё больш-менш аднолькава па ўсёй Нямеччыне. Самае дарагое, канечне ж, жытло. Па-першае, замежнікам яго цяжка знайсьці, а па-другое, гэта вельмі дорага.

(Сокалаў-Воюш: ) “Даводзіцца недзе працаваць?”

(Антаненка: ) “Не. Хапае, ды й няма калі працаваць, бо асноўную частку часу праводжу ў лябараторыі. Дасьледую ўласьцівасьці пратэінаў розных бактэрыяў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Уладзя, пасьля афіцыйнай часткі сустрэчы ў вас была яшчэ й не афіцыйная. Дзе вы былі й што вы бачылі?”

(Антаненка: ) “Гайдэльбэрг – гэта вельмі прыемны студэнцкі горад. І адчуваньне, што ўсе былі сябры-беларусы – гэта ўсё мела адбітак прыемны. Там усё згадваецца з прыемнай настальгіяй. Неафіцыйная частка была, так бы мовіць, асноўнай. Дранікі рабілі талакой”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А хто драў бульбу?”

(Антаненка: ) “Я. Яраслаў дапамагаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А хто пёк дранікі? У нашую размову йзноў улучаецца гаспадыня кватэры Алена Шкуматава:”

(Шкуматава: ) “Хлопцы пяклі. Яраслаў і Ўладзя. Займаліся асноўнай працай. А потым Аліна падключылася. А ўсе астатнія проста размаўлялі. Пілі піва”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ага, а гаспадыня займалася хатай”.

(Шкуматава: ) “Гаспадыня сказала: вось мая кухня, калі ласка гатуйце… Дранікі былі такія складаныя, са шпікам, падсмажаныя ў форме пірага, запечаныя потым у духоўцы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ага, дзеля такіх дранікаў можна яшчэ раз сабрацца”.

(Шкуматава: ) “Абавязкова!”

(Сокалаў-Воюш: ) “Напрыканцы размовы мы ізноў вярнуліся да галоўнай тэмы сустрэчы ў Гайдэльбэргу. Слова Ўладзю Антаненку:”

(Антаненка: ) “Хацелася б дадаць, каб усе беларусы, якія навучаюцца ў Эўропе, каб яны не хаваліся, каб яны катактавалі адзін з адным, бо з гэтага больш плёну, чым проста з навучаньня за мяжой”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Зразумела, што да такога закліку нялішне было б падаць інфармацыю пра тое, як зьвязацца з пачынальнікамі беларускага моладзевага руху ў Заходняй Эўропе… Яраслаў Крывой:”

(Крывой: ) “Калі беларусы, якія жывуць у замежжы, палічылі, што гэта цікава і што яны могуць паўдзельнічаць у тым вэб-сайце, які ствараецца, ці наагул наладзіць кантакт, то каб яны напісалі e-мэйл. Можна мне напісаць: krynica@yahoo.com. Можна было б наладзіць кантакты, бо людзі – гэта галоўнае багацьце любой арганізацыі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Да сказанага мне застаецца толькі дадаць, што апрача ўдзельнікаў гэтай перадачы, у сустрэчы ў Гайдэльбэргу бралі ўдзел Аліна Бельская зь Фінляндыі, Сяржук Сончык са Швайцарыі і Ўладзімер Каткоўскі зь Нямеччыны. Іхныя галасы – у аднэй з нашых наступных перадачаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG