Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адукацыя ў замежжы: беларусы ў Грэцыі


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Зьміцер Паграбенка (Салонікі), Віктар Кулага (Афіны).

Нашыя суразмоўцы Зьміцер Паграбенка і Віктар Кулага зьвязалі свой лёс з вывучэньнем рэлігіі, абодва скончылі Жыровіцкую духоўную сэмінарыю, але засталіся сьвецкімі людзьмі і працягваюць навучаньне ў Грэцыі.

Зьміцер Паграбенка ўжо два гады вучыцца ва Ўнівэрсытэце імя Арыстоцеля буйнога грэцкага гораду Салонікі, на факультэце тэалёгіі.

(Паграбенка: ) “Атрымаў стыпэндыю ад грэцкай амбасады ў Менску і прыехаў сюды. З сэмінарыі вельмі часта накіроўваюць выпускнікоў вучыцца ў замежжа, напрыклад, з маіх аднакурсьнікаў некалькі чалавек вучацца ў Нямеччыне, у Швайцарыі, хто дзе”.

Якая праграма навучаньня?

(Паграбенка: ) “Два гады ёсьць лекцыі, а потым застаецца напісаць працу”.

Напачатку сп. Зьміцеру давялося вывучыць грэцкую мову, у якой вядуцца заняткі, часта даводзіцца карыстацца і ангельскай. Мы запыталіся, ці не было такога адчуваньня, што атрыманых у Беларусі ведаў недастаткова, каб уключыцца ў працэс навучаньня грэцкіх студэнтаў.

(Паграбенка: ) “Не, такога адчуваньня не было, што менш падрыхтаваныя. Вядома, ёсьць нейкія адрозьненьні, нашая праграма адрозьніваецца ад той праграмы, якую вывучаюць грэцкія студэнты, але гэта не было такой вялікай праблемай. Тут ёсьць вялікая бібліятэка, у якой гэтыя прабелы можна было пакрыць”.

На пытаньне пра асаблівасьці навучаньня ў грэцкім унівэрсытэце сп. Зьміцер адказаў коратка.

(Паграбенка: ) “Самы звычайны ўнівэрсытэт, з самымі звычайнымі студэнтамі”.

З улікам дасьведчанасьці нашага суразмоўцы ў рэлігійных пытаньнях, далей мы скіравалі нашую гаворку больш на гэтую тэму. Як вядома, Грэцыя – традыцыйна праваслаўная краіна. Мы запыталі ў сп. Зьміцера пра тое, якое месца займае рэлігія ў жыцьці гэтай краіны, ці шмат там вернікаў?

(Паграбенка: ) “Рэлігійны народ, вельмі рэлігійны. Царква тут ніколі не была забароненая і заўсёды карысталася аўтарытэтам. На маю думку, гэта мае свае плюсы і мінусы. Плюсы – гэта тое, што захавалася спадчына, бізантыйская спадчына багатая, культурная і духоўная. Але мінусы – тое, што той аўтарытэт, якім валодае царква ў Грэцыі, на жаль, некаторыя клірыкі ўспрымаюць гэта неадэкватна, успрымаюць як іх асабісты аўтарытэт. Спрабуюць усе карыстацца, зараз у наш час рэлігійнымі матывамі карыстаюцца палітыкі.

Але, у Грэцыі царква мае сваю ролю як захавальніца нацыянальнай культуры. Цэнтрам гэтай культуры ў свой час была гэтая самая духоўнасьць. Вакол духоўнасьці сфармавалася культура. Калі распалася Бізантыйская імпэрыя, яе заваявалі туркі, праваслаўе было чымсьці, што адрозьнівала грэкаў ад туркаў. Каб грэкі не заставаліся хрысьціянамі, а сталі мусульманамі, то Грэцыі б не існавала. Яны захавалі сябе менавіта дзякуючы таму, што яны былі хрысьціянамі. Хрысьціянін – значыць грэк, так лічылася ў Атаманскай імпэрыі. І так вакол гэтага сфармавалася нацыянальная сьвядомасьць”.

Зьміцер сказаў, што часта наведвае цэрквы і бачыў там заўсёды шмат людзей.

(Паграбенка: ) “Многа, па нядзелях, зразумела, амаль усе прыходзяць у царкву. Гэта нават культурная падзея – ісьці ў царкву, дакладней, культурна-сацыяльная. Грэкі, звычайна, ходзяць у царкву, якая знаходзіцца блізка да дому. Там сустракаюцца ўсе суседзі і знаёмыя з аднаго раёну. Шмат моладзі зараз ходзіць у царкву.

Мы пацікавіліся, чым грэцкія цэрквы адрозьніваюцца ад праваслаўных беларускіх?

(Паграбенка: ) “Тут свой стыль, зь Бізантыі, бізантыйскія іконы, бізантыйская архітэктура храмаў. І ў нас калісьці былі бізантыйскія іконы, і культура гэта адраджаецца.

У Грэцыі свая царкоўная музыка, не эўрапейская. У нас царкоўны сьпеў у аснове сваёй мае эўрапейскую музыку, а грэцкая царкоўная музыка – гэта бізантыйская музыка. Інструмэнты не выкарыстоўваюцца, можа быць хор ці асобны выканаўца. У нас звычайна толькі хор. Служба такая ж самая”.

Пра свае далейшыя пляны сп. Зьміцер сказаў наступнае.

(Паграбенка: ) “Хацеў бы абараніць доктарскую. Я думаю, што я буду выкладаць тое, што зараз вывучаю – сацыялёгію рэлігіі”.

Сп. Зьміцер мае на ўвазе працу ў Беларусі, куды зьбіраецца вярнуцца пасьля вучобы. Яго навуковая спэцыялізацыя яшчэ даволі рэдкая для Беларусі, такіх спэцыялістаў там не хапае.

(Паграбенка: ) “Па сацыялёгіі рэлігіі, я думаю, няма. Ні на багаслоўскім факультэце Эўрапейскага ўнівэрсытэту, ні ў Жыровіцкай сэмінарыі пакуль што не вывучаецца, таму што няма выкладчыкаў”.

Але ёсьць неабходнасьць у вывучэньні сацыялёгіі рэлігіі ў краіне, якая мае патрэбу зьмяніць шмат чаго ў сваім духоўным жыцьці. І гэта тое, што клапоціць сёньня Зьмітра Паграбенку, дзеля чаго ён і паехаў вучыцца ў Грэцыю.

(Паграбенка: ) “Зразумела, гэта больш тэарытычная навука, але яна мае і практычнае значэньне. Усім вядома, што ў нашым грамадзтве зараз існуе шмат праблемаў, і грамадзтва павінна зьмяніць шлях, якім ідзе. Каб ведаць, у якім кірунку, як зьмяняць гэты шлях, трэба ведаць рэальны стан грамадзтва, трэба ведаць мэтады, з дапамогаю якіх можна ацаніць гэтую сытуацыю.

Рэлігія, ці вера – гэта тое, чым жыве народ, а тое, чым жыве народ – важна гэта ведаць, каб разумець і бачыць працэсы, якія адбываюцца ў грамадзтве”.

Другі наш сёньняшні суразмоўца Віктар Кулага вучыцца ў сталіцы Грэцыі – у Афінскім дзяржаўным унівэрсытэце – на багаслоўскім факультэце.

(Кулага: ) “Была стыпэндыя, і мяне адправілі як стыпэндыята. Вывучаю багаслоўе, я спэцыялізуюся больш на царкоўнай гісторыі, кананічным праве. Ёсьць неабходнасьць у спэцыялістах гэтага накірунку, таму я тут навучаюся, хачу пабачыць, у якім стане гэта ў замежжы, нешта зрабіць самому і вярнуцца ў Беларусь”.

Які кантынгент студэнтаў навучаецца на вашым факультэце?

(Кулага: ) “На факультэце большая частка – гэта, вядома, грэкі, таксама шмат з Эўропы, з Усходняй Эўропы – з праваслаўных краін – Баўгарыі, Сэрбіі, Румыніі, з Палестыны ёсьць, з Афрыкі”.

І як пачуваецца там беларус?

(Кулага: ) “Калі гаворыш – Беларусь, гэта выклікае нейкія эмоцыі, просяць час ад часу што-небудзь сказаць па-беларуску, ёсьць зацікаўленасьць пачуць нешта беларускае, пра беларускую культуру. Я не хаваю, што я зь Беларусі, і наадварот, калі сустракаеш людзей іншых і ты кажаш, што ты беларус, заўжды кажуць, што беларусы – гэта людзі, якім можна давяраць і зь якімі можна мець справы. Вельмі прыемна слухаць, што кажуць другія людзі ў замежжы. Мы адрозьніваемся ад іншых, і гэта заўважаюць”.

Як чалавек, далучаны да рэлігіі, Зьміцер таксама зь цікавасьцю знаёміцца з рэлігійным жыцьцём краіны, наведвае царкву. Ён падзяліўся сваімі назіраньнямі.

(Кулага: ) “Словы “грэк” і “праваслаўны” – гэта сынонімы. Кожны грэк, нават калі і ня вельмі рэлігійны, ён сябе адчувае праваслаўным таму, што тут лічыцца, што калі ты не праваслаўны, то ты і ня грэк.

Праваслаўе ў жыцьці грэкаў займае значнае месца таму, што ў гісторыі Грэцыі было шмат складаных часоў, калі менавіта дзякуючы праваслаўю яны засталіся як нацыя, яны захавалі сваю культуру, сваю спадчыну . Таму для іх царква – гэта частка іхнага жыцьця, яны пачуваюць сябе праваслаўнымі і пра гэта вельмі дбаюць, каб захаваць сваю веру і перадаць гэта сваім нашчадкам”.

Зьміцер зьвярнуў увагу на тое, што з боку грэцкай царквы шмат увагі надзяляецца моладзі.

(Кулага: ) “У школах выкладаецца Закон Божы, праваслаўе, таму моладзь падрыхтаваная. Скажам так, што царква вядзе працу з моладзьдзю. У Грэцыі шмат маладзёвых арганізацый, якія працуюць пры царкве і карыстаюцца папулярнасьцю ў маладых грэкаў, ў храмах можна часта бачыць моладзь”.

Сёньняшняй сустрэчаю зь беларусамі, якія навучаюцца ў Грэцыі, мы завяршаем цыкл перадачаў пра беларускіх студэнтаў і дактарантаў у замежжы. Але да гэтай тэмы мы яшчэ будзем зьвяртацца ў нашых далейшых перадачах.


Іншыя перадачы цыклю “Адукацыя ў замежжы”:

(перадача 1)
(перадача 2)
(перадача 3)
XS
SM
MD
LG