Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адукацыя ў замежжы


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Вольга Колас, Францыя і Герман Шушкевіч, Польшча

Вольга Колас зь Менску скончыла Менскі лінгвістычны ўнівэрсітэт і вырашыла працягнуць адукацыю ў замежжы. Дзеля ажыцьцяўленьня сваёй задумы яна скарыстала вядомую сярод моладзі міжнародную праграму AUPAIR, сутнасьць якой заключаецца ў тым, што маладыя людзі ва ўзросьце да 26 гадоў маюць магчымасьць выяжджаць у замежжа, каб лепш авалодаць мовамі і пазнаёміцца з культураю іншых краінаў. Асаблівасьць праграмы ў тым, што жадаючыя павінны самі фінансава забясьпечваць свой побыт. Для гэтага яны павінны працаваць у сем’ях і даглядаць дзяцей за жытло, ежу і невялікую стандартную аплату – 60 эўра на тыдзень.

Галоўнае на першым этапе – знайсьці сям’ю, якая патрабуе такія паслугі і якой менавіта Вы падыходзіце. Для гэтага можна скарыстацца паслугамі пасрэдніцкай фірмы за аплату, альбо правесьці гэтую працу ўласнымі сіламі. Вольга Колас выбрала другі варыянт і праз Інтэрнэт знайшла такую сям’ю ў Тулёне на Поўдні Францыі.

(Колас: ) “Ёсьць сайты, дзе сем’і выстаўляюць свае прапановы і таксама маладыя людзі, якія шукаюць працу. Я ведаю, што ў Менску існуюць фірмы – пасярэднікі”.

Якім патрабаваньням павінен адпавядаць малады чалавек, каб атрымаць гэтую працу?

(Колас: ) “Павінен мець вопыт працы з дзецьмі. Узрост удзельнікаў праграмы абмежаваны 18 да 26 гадоў. Абавязкова хаця б базавае, валоданьне моваю.

Праца з кампутарам неабавязкова, а ўменьне кіраваць аўто – гэта пажадана, але таксама не абавязкова. Я машынай кіраваць не магу, і сям’ я таксама не мела патрэбу у такім чалавеку, які можа вадзіць машыну”.

Як юрыдычна афармляецца пагадненьне паміж двума бакамі?

(Колас: ) “Гэта нешта накшталт кантракту, дзе былі напісаныя мае абавязкі і абавязкі сям’і і на які пэрыяд ён заключаны. Гэта было на 12 месяцаў. Калі людзі заключаюць пісьмовы кантракт і трапілі ў сям’ю празь нейкую фірму, яны па жаданьні могуць зьмяніць сям’ю”.

Што ўваходзіла ў Вашыя абавязкі згодна з гэтай дамоваю?

(Колас: ) “Асноўныя абавязкі – трэба забіраць дзяцей са школы, купаць іх, рабіць хатнюю працу, хатнія практыкаваньні зь дзецьмі, карміць і даглядаць дзяцей да вяртаньня бацькоў. Займаліся маляваньнем, гулялі ў кампутарныя гульні. Да прыходу бацькоў я была адказная за іх. Лёгкая хатняя праца – прасаваньне дзіцячай бялізны, прыбіраньне дзіцячых пакояў, гатаваньне ежы, але ня цяжкае, з паўфабрыкатаў”.

Як мы ўжо ведаем, хатняя праца ў францускай сям’і не была галоўнаю мэтаю падарожжа Вольгі Колас у Францыю, куды яна, дарэчы, трапіла ўпершыню.

(Колас: ) “Я прыехала ў горад Тулён ў кастрычніку і ў кастрычніку я пайшла ў Тулёнскі ўнівэрсытэт, каб пазнаёміцца з праграмай і высьветліць пра магчымасьць падаць дакумэнты для запісу ва ўнівэрсытэт, бо ў францускіх унівэрсытэтах заняткі пачынаюцца ў кастрычніку”.

Але каб пачаць вучыцца, яна найперш павінна была мець згоду францускай сям’і.

(Колас: ) “Я думаю, што мне асабіста пашанцавала, я трапіла ў маладую сям’ю, якая складаецца з выкладчыка ўнівэрсытэту і ягонай жонкі-студэнткі. Яны ўспрынялі добра маё жаданьне сумяшчаць працу з вучобаю ва ўнівэрсытэце. Калі б я патрапіла ў іншую сям’ю, можа, яна і няветліва прыняла б такое маё жаданьне”.

А што патрэбна было ў Тулёнскім ўнівэрсытэце, якія там існуюць умовы прыёму замежнікаў на навучаньне?

(Колас: ) “Трэба, каб замежны дыплём, мой беларускі, быў прызнаны пэдагагічнай камісіяй, якая ёсьць ва ўнівэрсытэце. Кожны ўнівэрсытэт у Францыі самастойна прымае рашэньні аб прызнаньні ведаў, гэта значыць пра адпаведнасьць ведаў францускім.

Наш дыплём прызнаецца на узроўні, які адпавядае ступені, што атрымліваюць пасьля 4 гадоў навучаньня ў францускім ўнівэрсытэце. Я вучылася на 4 курсе. Паступіць адразу на 5 курс, скончыўшы беларускі ўнівэрсытэт, немагчыма.

Калі камісія прыняла рашэньне, што мае веды задавальняюць, я павінна заплаціць пэўную колькасьць грошай. Гэта таксама залежыць ад унівэрсытэту, гэта прыкладна 300-400 эўра. Гэта плаціцца адзін раз, калі вы запісваецеся ва ўнівэрсытэт, гэта ня плата за навучаньне, гэта, фактычна, мэдычная страхоўка.

Навучаньне бясплатнае. Чужынцы ідуць на адным ўзроўні з французамі.

У мяне не было экзаменаў. Я прадставіла свой дыплём і яны вырашылі, што мае веды адпавядаюць іх патрабаваньням, узроўню навучаньня іх студэнтаў”.

На якую спэцыяльнасьць Вы паступілі вучыцца?

(Колас: ) “Гэта факультэт гуманітарных навук. На чацьвёртым курсе гэта было – замежная мова плюс турызм. Француская мова – абавязковая, і дзьве замежныя мовы, італьянская і ангельская.

Я буду працягваць адукацыю на 5 курсе, каб атрымаць дыплём, які азначае паглыбленае вывучэньне нейкай дысцыпліны. 5 курс – гэта цалкам новае паступленьне. Усе павінны падаць свае дыплёмы, арганізоўваецца спэцыяльная камісія, якая вядзе вельмі строгі адбор. Колькасьць студэнтаў на 5 курсе вельмі абмежаваная, недзе 15-20 чалавек.

Мяне прынялі Ў Авіньёнскі унівэрсытэт на 5 курс, і я павінна запісацца ва ўнівэрсытэт, каб атрымаць студэнцкую візу. У Авіньёне мяне прынялі безь іспытаў, ведаю, што ў іншых унівэрсытэтах ствараюцца спэцыяльныя камісіі і праводзяць сумоўе.

Пасьля трэба шукаць працу. З гэтай сям’ёй я разьвітваюся ў канцы жніўня. Я буду шукаць іншую сям’ю, ці на нейкі час спынюся ў знаёмых на поўдні Францыі”.

Сумяшчаць працу з навучаньнем нялёгка. Але беларуская дзяўчына на чужыне ўпарта пракладае дарогу да ведаў, якія яна мяркуе прымяніць у будучыні на Бацькаўшчыне.

(Колас: ) “Я думаю вярнуцца ў Беларусь і хацелася б, канечне, працаваць у галіне супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Францыяй. Я магу працаваць ў галіне турызму”.

Герман Шушкевіч, які цяпер жыве ў Варшаве, некалькі гадоў таму яшчэ і не думаў, што яму давядзецца пакінуць Беларусь.

(Шушкевіч: ) “Я ў Беларусі быў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, ня скончыў, вучыўся да 3 курсу. Але пасьля Марша свабоды быў змушаны выехаць у Польшчу таму, што у Беларусі пачалася карная справа”.

Як бачым, Герман належыць да шэрагу тых палітычна актыўных беларускіх студэнтаў, якія сталіся ахвярамі перасьледу з боку ўладаў. Шмат хто зь іх знайшоў падтрымку ў замежжы, каб працягваць адукацыю.

(Шушкевіч: ) “Спачатку я вучыўся ў Любліне , потым у Цешыне, Лодзі, Катовіцах. Трэба было вывучаць польскую мову перад пачаткам навучальнага году, а курсы былі ў розных гарадох у розныя часы, і трэба было пераяжджаць. Навучаньне было бясплатнае таму, што ў Польшчы была прынятая невялікая праграма для людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі”.

Пасьля заканчэньня моўных курсаў Герман паступіў вучыцца ў вышэйшую навучальную установу.

(Шушкевіч: ) “Я вучуся у Варшаўскай палітэхніцы на факультэце матэматыкі і інфарматыкі на спэцыяльнасьці інфарматыка. Па сканчэньні навучаньня я буду спэцыялістам у галіне абароны камэрцыйных сетак. Некаторы час таму я знайшоў працу і зараз пляную перавесьціся на завочнае навучаньне і плаціць за навучаньне. Вельмі цяжка навучацца бясплатна і неяк жыць, трэба плаціць за інтэрнат, за ежу, адзеньне – за ўсё трэба плаціць самому. Я думаю, што лепей працаваць і плаціць за навучаньне”.

Герману Шушкевічу ўдалося больш-менш ўладкаваць сваё жыцьцё
на чужыне. Мы запыталіся , што ён мяркуе рабіць далей, ці плянуе вярнуцца на Радзіму?
.
(Шушкевіч: ) “Ня ведаю, калі нешта зьменіцца ў Беларусі, то я туды паеду, бо там у мяне дзяўчына, у мяне ў Беларусі ўсё. Я хачу вярнуцца, калі Беларусь будзе існаваць. Апошнім часам вельмі благія весткі ідуць зь Беларусі”.


Іншыя перадачы цыклю “Адукацыя ў замежжы”:

(перадача 1)
(перадача 3)
(перадача 4)
XS
SM
MD
LG