Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя і сучаснасьць беларускай прысутнасьці ў Швэцыі


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сёньня мы працягваем размову зь беларускім навукоўцам са Швэцыі Андрэем Катлярчуком, які дасьледуе там гісторыю беларуска-швэдзкіх кантактаў (гл. частку 1 – Гісторыя беларуска-швэдзкіх стасункаў). У рамках гэтай тэмы ён вывучае гісторыю і сучаснасьць беларускай прысутнасьці ў Швэцыі, якая таксама пакуль што зьяўляецца мала дасьледаванай дзялянкай у беларускай гістарычнай навуцы.

Андрэй распавядае пра паваенных беларускіх эмігрантаў у Швэцыі.

(Катлярчук: ) “У 1948 – 1975 гадох у Швэцыі існавала суполка беларусаў, якая мела назву “Vitryssland societet” – “Беларуская грамада ў Швэцыі”. Стваральнікам суполкі быў Васіль Лукашык. На жаль, імя гэтага чалавека сёньня забыта, але варта трохі распавесьці пра яго.

Нарадзіўся ён у 1905 годзе на Сакольшчыне, Беласточчына. Ён гадаваўся ў Беластоку і скончыў там расейскую гімназію, а потым студыяваў паліталёгію ў Віленскім універсытэце. У Вільні Лукашык пачынае браць актыўны ўдзел у беларускім руху. З прыходам саветаў ён далучаецца да працы па стварэньні на Беласточчыне беларускіх школ, становіцца загадчыкам Беластоцкага дзіцячага дому.

У 1941 годзе немцы зачыняюць дзіцячы дом. Калі немцы далі дазвол на стварэньне цывільнай беларускай улады, Лукашык стаў бурмістрам Беластоку. Па даносе ён быў арыштаваны гестапа і адпраўлены ў канцлягер Асьвенцім.

З Асьвенціма Васіль Лукашык уцёк. У Варшаве ён набыў новыя дакумэнты, але пад час чарговай нямецкай зачысткі быў схоплены і напраўлены на прымусовую працу ў Нарвэгію. Там разам з палоннымі жаўнерамі Чырвонай Арміі – заходнімі беларусамі і палякамі – будаваў нямецкую стратэгічную дарогу. Там у лягеры ён стварыў беларускі гурток, і ў 1944 годзе сябры гэтага гуртка, каля дзясятка беларускіх хлопцаў, наважыліся на ўцёкі зь лягеру. Праз горы яны прайшлі ў Швэцыю”.

У Швэцыі ім удалося асталявацца на пастаяннае жыхарства, і гэтая краіна стала ім другой радзімаю, але пра сваю Бацькаўшчыну – Беларусь яны не забывалі і да канца жыцьця заставаліся сьвядомымі беларусамі.

(Катлярчук: ) “У 1948 годзе Васіль Лукашык прадстаўляў швэдзкіх беларусаў на Першым усясьветным зьезьдзе беларускай паваеннай эміграцыі, які адбыўся ў Парыжы. Выконваючы рашэньні гэтага зьезду, Лукашык зь сябрам Язэпам Федарчуком, таксама зь Беласточчыны, стварылі беларускую суполку ў Швэцыі”.

Васіль Лукашык і ягоныя паплечнікі каля 30 гадоў падтрымлівалі беларускае жыцьцё ў Швэцыі.

(Катлярчук: ) “Яны ладзілі пастаянныя сустрэчы, штогадовыя вечарыны да Дня Волі – 25 Сакавіка. Грамада падтрымлівала сувязі з дыяспараю ў ЗША, Аўстраліі. Яны атрымлівалі беларускія газэты і часапісы. Лукашык супрацоўнічаў з газэтай “Беларус” у ЗША.

У 1975 годзе, 17 сакавіка, за тыдзень да чарговай гадавіны БНР, Васіль Лукашык раптоўна памёр, з нагоды і жальбы газэта “Беларускі голас” у ЗША зьмясьціла нэкралёг. На жаль, хутка адыходзяць у іншы сьвет і іншыя сябры суполкі. Калі я прыехаў у Швэцыю два гады таму, я сустрэўся толькі з жонкамі гэтых людзей, якія распавялі мне пра дзейнасьць гэтай суполкі. Высілкі іх не прайшлі марна, бо калі ў 1995 годзе ў Швэцыі пачала дзейнасьць новая беларуская суполка, ёй было значна лягчэй пачынаць справу, бо ўжо была традыцыя. Гэтая суполка працуе з 1995 году, яна называецца “Vitryssland” – “Беларусь”. Ачольвае суполку швэдка Марыя Сэдэрбэрг, вядомая швэдзкая фотажурналістка. Гэтая маладзіца – энтузіястка беларускага руху, беларускай культуры. Як растлумачыла мне сп. Марыя, ейнае зацікаўленьне Беларусьсю зьявілася ў яе недзе 15 гадоў таму, калі яна працавала фотажурналістам ў Афганістане пад час савецка-афганскай вайны. Там яна сустракала шмат беларусаў у афганскім палоне, якія распавядалі ёй пра тое, што ёсьць такая краіна –Беларусь”.

Сп. Андрэй распавёў пра накірункі дзейнасьці суполкі, сябрам якой зьяўляецца і ён сам.

(Катлярчук: ) “Што робіць беларуская суполка? Па-першае, гэта сайт у Інтэрнэце www.vitryssland.nu, дзе ёсьць зьмястоўная інфармацыя пра Беларусь, пра культуру, пра беларуска-швэдзкія адносіны, пра сучасную сытуацыю ў Беларусі на швэдзкай і ангельскай мовах.

Па-другое, гэтая суполка ладзіць пастаянны беларускі сэмінар, які праходзіць раз на два месяцы. Сэмінар прысьвечаны гуманітарным пытаньням. Туды прыходзяць швэды, якія хочуць працаваць зь Беларусьсю, зь беларускімі грамадзянамі. Прыяжджаюць і госьці зь Беларусі, яны тлумачаць, як усталяваць кантакты. За апошні час, дзякуючы толькі дзейнасьці суполкі, каля 10 швэдзкіх грамадзкіх арганізацый знайшлі партнэраў у Беларусі і распачалі гуманітарныя праекты. Сёньня ўласныя праекты маюць у Пінску, Віцебску, Сьветлагорску. Швэды прыяжджаюць туды, даюць грошы, мэдычнае абсталяваньне, дапамагаюць у барацьбе з наркаманіяй.

У гасьцях у суполкі за апошнія гады былі Васіль Быкаў, Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў. Па сутнасьці, Марыя Сэрдэрбэрг працуе як культурны аташэ Беларусі ў Швэцыі, і дзейнасьць суполкі досыць вядомая”.

Можна сказаць, што сёньня і сам Андрэй Катлярчук выконвае ў Швэцыі многае з таго, што магло б уваходзіць у абавязкі аташэ па культуры. З ягоным актыўным удзелам было наладжанае супрацоўніцтва паміж культурнымі і навуковымі ўстановамі Швэцыі і Беларусі.

(Катлярчук: ) “У сакавіку сёлета дэлегацыя Нацыянальнага гістарычнага музэя Швэцыі, у склад якой уваходзілі археолягі, была ў Менску з афіцыйным візытам. Заключылі дамову з Нацыянальным гістарычным музэем Беларусі, і ўжо ёсьць вынікі. Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі атрымалі грант на месячную стажыроўку ў Швэцыі. Другі вынік – 18 кастрычніка, як плянуецца, у Менску будзе адчынена швэдзкая выстава ў Нацыянальным гістарычным музэі “Рунічныя камяні”.

Вядома ж, гэтая назва пакуль яшчэ мала вядомая жыхарам Беларусі, і Андрэй патлумачыў, што яна азначае.

(Катлярчук: ) “Рунічныя камяні – гэта швэдзкая традыцыя. Вікінгі ўстанаўлівалі вялізныя валуны, як памятка пра суродзіча, які загінуў недзе на чужыне, альбо ў гонар свайго пахода. Яны будавалі як бы мэмарыял такі. Гэтых камянёў у Швэцыі вельмі шмат, яны паўсюль – побач са старажытнымі цэрквамі, ўздоўж дарогаў. Інфармацыя на гэтых камянях досыць цікавая.

Швэды прывозяць дакладныя копіі, плястыкавыя, зь перакладамі тэкстаў на беларускую мову. Там шмат тэкстаў, якія цікавыя нам. Можна прачытаць пра швэдаў, якія плылі па Дзьвіне, можна прачытаць пра Рагвальда – можа быць, той самы Рагвалод, які заснаваў Полацак, які хадзіў у Грэцыю і вяртаўся і быў хрысьціянінам.

Гэта значная падзея, вельмі буйная выстава, яна раней адбылася ў Таліне, Кіеве і Маскве. Спэцыяльна да выставы робіцца брашура на швэдзкай і на беларускай мовах, прысьвечаная кантактам у час вікінгаў у Беларусі. Мне здаецца, што гэтая выстава пацягне за сабою шэраг іншых кантактаў”.

Падчас нашай першай сустрэчы ў эфіры сп. Катлярчук паведаміў пра тое, што ў Швэцыі прынята афіцыйнае рашэньне аб далучэньні Беларусі да сьпісу балтыйскіх краінаў. Фактычна, гэта азначае, што Швэцыя ўважае Беларусь за сваю суседку і адчыняе дарогу да супрацоўніцтва. Цяпер чарга за Беларусьсю больш актыўна рабіць свае крокі ў гэтую частку эўрапейскага сьвету.
XS
SM
MD
LG