Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як літоўскія беларусы ўспрымаюць намеры зьмяніць парадак перасячэньня літоўска-беларускай мяжы?


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Іван Ломаць, Сяржук Вітушка, Марыля Рабовіч, Сяргей Балашчанка.

Згодна з заяваю літоўскіх уладаў з 1.01.2003 усе катэгорыі грамадзян Беларусі, якія захочуць наведаць Літву, павінны будуць набываць візы, нават тыя, хто карыстаўся правам бязвізавага праезду мяжы.

Намер літоўскіх уладаў закране інтарэсы ня толькі грамадзянаў Беларусі, але і самой Літвы, дзе жыве, паводле апошняга перапісу 1999 году, больш за 50 тысяч беларусаў. Як паведаміў нам прэс-сакратар беларускай амбасады ў Вільні Сяргей Балашчанка, Беларусь таксама вымушаная будзе прыняць адэкватныя меры.

(Балашчанка: ) “Як для беларусаў будзе больш складаны візавы рэжым, так і для літоўскіх грамадзян будзе складаней прыехаць у Беларусь. Згодна з прынцыпам узаемнасьці, які існуе ў міжнародных адносінах, беларускі бок павінен будзе ўвесьці такія ж самыя консульскія зборы і такія ж умовы, як і літоўскі”.

Такім чынам, новы парадак на мяжы непасрэдна закране беларускую дыяспару ў Літве. Якія праблемы ў сувязі з гэтым найбольш трывожаць літоўскіх беларусаў? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да некаторых зь іх, хто мае асабістую дасьведчанасьць у гэтай справе. Паслухаем старшыню беларускай суполкі ў Друскеніках Івана Ломаця.

(Ломаць: ) “Больш за ўсё балюча будуць адчуваць пэнсіянэры, бо яны цяпер едуць бязь візаў. Яшчэ невядома, якія візы будуць – бясплатныя ці за грошы. Ня толькі беларусы, але і людзі паходжаньнем зь Беларусі, якія маюць там блізкіх, маглі атрымаць пасьведчаньне на 2 гады. Цяпер такога пасьведчаньня не даюць, даюць аднаразовую візу, ці гадавую візу. Гэта трошкі ўскладняе. Раней выдаваўся асобны блянк, ён ня ўклейваўся ў пашпарт і ў пашпарце не губляліся старонкі, а цяпер губляюцца, прыйдзецца часьцей мяняць пашпарт тым, хто часта езьдзіць. Адна паездка – чатыры штампы ставяць, гэта амаль адна старонка. Больш за ўсё тычыцца тых, хто меў пропуск у памежнай зоне”.

Сп. Марыля Рабовіч са Сьвянцянаў, што ў 7 км ад мяжы, таксама лічыць, што найцяжэй будзе ўспрыняць зьмены жыхарам памежных раёнаў:

(Рабовіч: ) “Будзе адмененае такое паняцьце, як прыгранічная зона. Менавіта з гэтай прыгранічнай зоны людзі езьдзілі бязь візаў, па прапусках. Цяпер гэтыя прапускі будуць ануляваныя, і гэта вельмі балючае пытаньне. Чалавек браў пропуск, мог раз у тыдзень схадзіць да бацькоў, усё было бясплатана.

Літоўскі бок закрывае 7 прапускных пунктаў са спрошчаным пераходам мяжы. Гэта таксама праблема, бо людзям давядзецца рабіць вялікі круг.

Настроі ня вельмі добрыя. Найлепш было б, каб адстаялі гэтыя прапускі. Візы так ці іначай будуць, але каб гэтыя пропускі засталіся і спрошчаныя пераходы, каб ня трэба было аб’яжджаць такі круг па 70 км, каб трапіць да бацькі, які жыве за 15 км”.

Сяргей Вітушка жыве ў Вільні, але мае беларускае грамадзянства. Ён таксама заклапочаны тым, што цяпер будзе цяжэй кантактаваць з бацькамі, якія жывуць ў Беларусі і раней езьдзілі да яго бязь візаў як пэнсіянэры. Яму самому зь беларускім пашпартам таксама лёгка было перасякаць мяжу”.

(Вітушка: ) “Мы ня супраць візавага рэжыму, няхай будзе візавы рэжым, мы разумеем жаданьне Літвы ўступіць у Эўразьвяз, але не разумеем, чаму такія высокія кошты. Мне здаецца, каб яна каштавала нейкі сымбалічны кошт, то не было б ніякіх праблемаў. Грамадзяне Літвы – беларусы бралі гэты дакумэнт на 2 гады і плацілі па 50 даляраў кожны раз. Цяпер невядома – колькі будзе каштаваць.

Няхай будзе самы строгі пашпартны кантроль, каб не было нелегальных эмігрантаў”.

Сп. Вітушка мяркуе, што пытаньне аб бясплатных ці недарагіх візах можна было б вырашыць, калі б на тое была воля абедзьвюх краінаў.

(Вітушка: ) “Паводле словаў сп. Альфонса Аўгуліса, ён раней быў выконваючым абавязкі амбасадара Літвы ў Беларусі, 1 млн. чалавек у Літве і Беларусі зьвязаныя між сабою крэўнымі і блізкімі сувязямі. Уявіце сабе – колькі людзей туды-сюды езьдзяць, каб наведаць сваіх, і кожны раз плацяць. Гэта ператвараецца ў даходны бізнэс для дзяржавы”.

Нашыя суразмоўцы гаварылі пра тое, што плаціць дзеля перасячэньня мяжы трэба ня толькі за візу.

(Вітушка: ) “Часта ўводзяцца розныя экалягічныя паборы і страхоўкі для тых, хто пераяжджае мяжу, асабліва на прыватных аўтамабілях. Раней бралі з кожнай аўтамашыны, а цяпер ужо з кожнага пасажыра”.

Іван Ломаць таксама сутыкнуўся з такой практыкаю:

(Ломаць: ) “Гарадзенскі раённы выканкам устанавіў нейкі мясцовы збор: з замежнага грамадзяніна – 1 эўра, ці даляр, а зь беларускага грамадзяніна – 1 тыс. руб. Гэта трэба плаціць, калі выяжджаеш зь Беларусі, быццам бы за карыстаньне інфраструктурай КПП. Я езьдзіў да сястры на Нарач, дык і там у Астравецкім раёне, КПП Катлоўка, такі самы збор ёсьць. Літоўцы не патрабуюць”.

Сп. Ломаць узгадаў пра тое, што літоўская дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для ўласных суайчыньнікаў, каб яны маглі наведаць радзіму:

(Ломаць: ) “Літоўскі ўрад ім дае амаль ці не на ўсё жыцьцё дакумэнт, што яны могуць уяжджаць у Літву, яны спакойна езьдзяць. Літоўскі ўрад больш клапоціцца пра сваіх суайчыньнікаў”.

Чаму па прыкладу Літвы нельга было б і Беларусі ўвесьці такую ж ільготу для літоўскіх беларусаў, якія наведваюць Бацькаўшчыну? Нашае пытаньне да Сяргея Вітушкі.

(Вітушка: ) “Чаму нельга, не хапае добрай волі беларускай дзяржавы. Яны нажываюцца на грамадзянах самой Рэспублікі Беларусь за права паехаць куды-небудзь за мяжу, але самае цынічнае, што бяруць грошы са сваіх суродзічаў, якія хочуць наведаць Бацькаўшчыну”.

З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся і да прэс-сакратара Беларускай амбасады ў Літве Сяргея Балашчанкі.

(Балашчанка: ) “Я лічу, што гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, і яго трэба вырашаць у комплексе, бо чаму толькі для беларусаў Літвы, а потым беларусы Польшчы скажуць: “Мы таксама хочам бясплатна езьдзіць у Беларусь”. Немагчыма падзяляць, чым беларусы Літвы, напрыклад, лепшыя за беларусаў у Польшчы ці Расеі”.

Варта адзначыць, што становішча той часткі беларусаў ў Літве, якая захоўвае грамадзянства Рэспублікі Беларусь, сёньня зусім не зайздроснае ў параўнаньні з астатнімі жыхарамі гэтай краіны. Паслухаем ізноў Івана Ломаця, які таксама мае беларускі пашпарт.

(Ломаць: ) “Так склалася становішча ў Беларусі, што мы ня можам нікуды паехаць, не пускаюць нас бязь візаў. Літва пайшла другім шляхам, яна бліжэйшая да Эўропы, грамадзяне Літвы маюць права ехаць амаль у любую краіну. Мне, грамадзяніну Беларусі, які жыве ў Літве, каб паехаць у Польшчу таксама патрэбная віза, хаця яшчэ візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Польшчаю няма”.

Мы запыталі ў віленчука Сяргея Вітушкі, які актыўна ўдзельнічае ў беларускім грамадзкім жыцьці ў Літве, ці беларускія грамадзкія арганізацыі там спрабавалі неяк уплываць на сытуацыю, каб дабіцца вырашэньня памежных праблемаў на карысьць літоўскіх беларусаў.

(Вітушка: ) “Увесь час беларускія грамадзкія арганізацыі падымаюць гэтыя пытаньні. Калі мяжы яшчэ не было. а толькі было заяўлена пра яе стварэньне, ужо тады мы адчувалі, што гэта будзе і тады пачалі пісаць свае лісты, але ніхто да іх не прыслухоўваўся. Самая апошняя – гэта рэзалюцыі 3-й сустрэчы беларусаў краінаў Балтыі, што адбылася ўлетку ў Вільні, там таксама закраналася гэтая праблема. Пакуль што не прыслухоўваюцца да гэтых просьбаў, хаця, фактычна, адбываецца ігнараваньне нашых правоў.

Да нядаўняга часу было яшчэ такое пагадненьне, каб бясплатныя візы даваць працаўнікам адукацыі і культуры. Была магчымасьць студэнтам атрымаць такую візу, ці выкладчыку, які ехаў чытаць лекцыі. Невядома, ці захаваецца гэта пасьля пераменаў”.

А што робіцца зараз з боку беларускіх уладаў, каб у гэтай сытуацыі паспрабаваць дабіцца захаваньня нейкіх выключэньняў для тых жа пэнсіянэраў ці прадугледзець пэўныя ільготы? Вось што адказаў на гэтае пытаньне прэс-сакратар Беларускай амбасады ў Літве сп. Балашчанка:

(Балашчанка: ) “Зараз літоўскі бок сваю палітыку, у тым ліку і візавую, будуе з аглядкаю на патрабаваньні Эўразьвязу. Менавіта патрабаваньнямі Эўразьвязу літоўскі бок тлумачыць нам тое, што ён ня можа дапусьціць ніякіх выключэньняў. Зараз вядуцца кансультацыі на ўзроўнікі консульскіх службаў абедзьвюх краін. Цяпер беларускі бок імкнецца неяк зьменшыць гэтыя нэгатыўныя наступствы. Наколькі я ведаю, зараз ідзе абмеркаваньне пытаньня аб тым, што, можа, для некаторых катэгорый грамадзян будуць візы на льготных умовах”.

Прэс-сакратар беларускай амбасады ў Літве Сяргей Балашчанка ў нашай размове асабліва падкрэсьліў, што не Беларусь стварае праблемы на мяжы, а менавіта Літва зьяўляецца ініцыятарам узмацненьня візавага рэжыму.

Але гэта толькі зьнешні бок справы. Па сутнасьці, менавіта сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі зьяўляецца сапраўднай прычынай таго, што ад краіны сёньня стараюцца адгарадзіцца ня толькі суседзі, але і амаль паўсюдна ў сьвеце для яе грамадзянаў уведзеныя візы. А тым часам для грамадзянаў суседняй Літвы дзьверы ў сьвет адкрываюцца ўсё шырэй.
XS
SM
MD
LG