Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуска-расейскі саюз у сьвятле апошніх заяваў Уладзімера Пуціна: меркаваньні беларусаў замежжа


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Янка Запруднік (ЗША), Таіса Мішчанка (Расея), Барыс Рагуля (Канада), Уладзімер Набагез (ЗША), Вячка Целеш (Латвія), Яўген Груша (Аўстралія), Алена Міхалюк (Англія), Янка Жучка (Бельгія).

Прапановы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна пра ўваход Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі ўстрывожыла беларусаў замежжа.

Наша сёньняшняя перадача – вынік бліц-апытаньня вядомых людзей сярод беларускай эміграцыі пра адносіны да гэтай падзеі і зьвязаных з ёю зьменаў у пазыцыі беларускіх уладаў.

Напачатку слова вядомаму палітыку,навукоўцу і грамадзкаму дзеячу з Нью-Ёрку доктару Янку Запрудніку:

(Запруднік: ) “У свой час Лукашэнка і Ельцын пабудавалі ідала, надзелі на яго маску і далі ідалу назоў “Інтэграцыя”. І цяпер што адбылося – з гэтага ідала сарваная маска, бажок паказаў свой сапраўдны твар ліквідатара беларускай незалежнасьці.

Лукашэнку ў Маскве Пуцін, фактычна, плюнуў у твар, і прэзыдэнт змоўчаў, а вярнуўшыся дамоў, абцёр пуцінскі плявок сваёй заявай пра каштоўнасьць сувэрэнітэту. Але тут жа паўтарыў, што беларускія прыярытэты па-ранейшаму застаюцца на Ўсходзе. А гаворачы пра інтэграцыйную мадэль паводле заходнеэўрапейскага тыпу, Лукашэнка скрытыкаваў яе, бо яна, бачыце, не заўсёды ўлічвае нацыянальныя інтарэсы.

Лукашэнка разумее вартасьць нацыянальных інтарэсаў заходнеэўрапейскіх народаў, але ніяк не хоча прызнаць нацыянальныя інтарэсы беларускага народу, нацыянальную паўніню беларускага сувэрэнітэту, беларускай незалежнасьці. А гэта – каштоўнасьць нацыянальнае культуры, якую лукашэнкаўскі рэжым падразае ў самым корані сваёй русіфікацыйнай палітыкаю.

Лукашэнка кажа “а” – мы наважаныя захаваць сувэрэнітэт, цяпер яму застаецца сказаць “б” – тое, што гаворыць апазыцыя: мы мусім захаваць і разьвіваць фундамэнт нашага сувэрэнітэту.

Факт гэты – ён вартасны для апазыцыі, да якой , фактычна, Лукашэнка далучаецца цяпер”.

Доктар Запруднік выказаў сваю думку наконт таго, што варта было б рабіць беларускай апазыцы далей:

(Запруднік: ) “Я думаю, што тое, што павінна далей адбывацца – гэта падказваньне Лукашэнку, што сувэрэнітэт Беларусі павінен складацца з дзьвюх частак – палітычнай незалежнасьці і нацыянальна-культурнай незалежнасьці, сувэрэнітэту, свабоды для разьвіцьця нацыянальнай культуры, тады толькі Беларусь будзе поўная ў сваім сувэрэнітэце і ў сваёй дзяржаўнасьці”.

На нашае пытаньне аб прычынах слабай рэакцыі заходняга сьвету доктар Янка Запруднік адказаў коратка:

(Запруднік: ) “Калі беларускае грамадзтва не рэагуе, дык тым больш ня будзе рэагаваць, напрыклад, францускае грамадзтва”.

А вось што думае беларуска з Расеі, адвакат Таіса Мішчанка з Масквы:

(Мішчанка: ) “Можа і добра, што Пуцін так вось сказаў, бо беларусы неяк расслабіліся, думаюць, што нічога, дзякуй Богу, не атрымліваецца з гэтым аб’яднаньнем, і ўсё.

Я паслухала па “Свабодзе” інтэрвію з Ландсбэргісам. Яно мяне вельмі ўразіла, я зь ім цалкам згодная, што сама для сябе Расея “мух ад катлетаў” аддзеліць, але ад Беларусі яна ніколі не адмовіцца. Трэба быць проста нагатове абараняцца, увесь час пра гэта помніць. Расея пра Беларусь не забудзецца, Лукашэнка, не Лукашэнка – яна ўсё роўна будзе шукаць яму замену, ёй ня важна, хто там, – краіна гэта такая”.

Вядома, што ў заходнім сьвеце часам выказваюцца думкі, што аб’яднаньне Расеі і Беларусі мае і пазытыўны момант, што расейская дэмакратыя можа паспрыяць дэмакратызацыі беларускага грамадзтва. Сп. Мішчанка наконт гэтага выказала іншае бачаньне сытуацыі:

(Мішчанка: ) “Калі яны пачынаюць казаць, што Расея дэмакратычная краіна і Беларусь можа па прыкладу Расеі выправіцца, барані Бог верыць. Тут горш, тут горш, чым у Беларусі. Проста расейцы маўчаць. Беларусы – малайцы, яны пратэстуюць, яны ня хочуць з гэтым згаджацца. Беларусы ня хочуць, каб аб іх выціралі ногі, а вось аб расейскі народ выціраюць ногі, і яны гэта ня вельмі заўважаюць”.

Доктар Барыс Рагуля з Канады – вядомы беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, належыць да паваеннай эміграцыі. Ён глыбока цікавіцца палітычным становішчам на Радзіме і адразу ж пагадзіўся выказаць свае адносіны да нядаўніх падзеяў:

(Рагуля: ) “Я не супроць добрых адносінаў з Расеяй, але на ўзроўні дзяржавы зь дзяржавай. Я лічу што незалежнасьць Беларусі мусіць быць захаваная, і гэта якраз будзе спрыяць таму, каб захаваць добрыя адносіны з Расеяй. Калі яны далучаць нас, то ня будзе ніякіх адносінаў, гэта будзе акупацыя”.

Мы задалі сп. Барысу Рагулю пытаньне адносна зьменаў у настроях беларускага прэзыдэнта і магчымасьці ў сувязі з гэтым падтрымкі ягонай арыентацыі на незалежнасьць з боку беларускіх дэмакратычных сілаў. Ці лічыць ён гэта патрэбным?

(Рагуля: ) “Сёньня, калі ён стаў на пазыцыі незалежнасьці Беларусі, я лічу, што нам трэба яго падтрымаць, падтрымаць ягоныя пазыцыі. Гэта ня трэба рабіць зь вялікім размахам і шумам, каб не было радыкальнай зьмены адносінаў да яго, бо ён ня ёсьць вельмі пазытыўны ў мінулым, і далей у Беларусі няма прызнаньня правоў чалавека, няма свабоды чалавека, няма свабоды прэсы, з гэтымі рэчамі мы ня можам пагадзіцца”.

Што да магчымага пазытыўнага ўплыву расейскай дэмакратыі на Беларусь, доктар Барыс Рагуля нагадаў пра занадта высокі кошт такой дэмакратызацыі:

(Рагуля: ) “Гледзячы на гісторыю, злучэньне з Расеяй ніколі не было пазытыўным для Беларусі, для беларускага нацыянальнага жыцьця. Я ня думаю, што гэтая спроба дэмакратыі цалкам вырашаная ў Расеі, мы ня ведаем, у які бок паверне Расея. Пуцін, як бы ні было, ён гадаванец былога рэжыму, і я ня думаю, што ён па духу вельмі дэмакратычны. Я няцалкам давяраю яму ў гэтым.

Магчыма так, ёсьць больш, але за гэтай дэмакратыяй прыйдзе поўнае ўключэньне Беларусі ў Расею, і забудзьце тады пра незалежнасьць. Так што я быў бы вельмі асьцярожны што да падыходу да сытуацыі з гэтага пункту гледжаньня”.

Паслухаем яшчэ аднаго вядомага беларускага дзеяча з паваеннай эміграцыі Ўладзімера Набагеза зь Нью-Ёрку. Ён лічыць, што Расея паставіла Лукашэнку ў безвыходнае становішча:

(Набагез: ) “Няможна было нічога іншага спадзявацца ад дзяржаўных мужоў Расеі, яны толькі такім шляхам ідуць. Ці раней былі камуністы, ці нацыяналісты, ці сацыялісты – для ўсіх іх матушка-Расея найперш.

Калі яму няма выхаду, ён будзе нешта рабіць, прыкідвацца, нібы ён прыхільнік беларускай незалежнасьці. Але калі ён нешта лепшае для сябе вырахуе, ён вас пакіне.

Але пакуль што, у сытуацыі, якая цяпер ёсьць, трэба нешта рабіць, трэба яго выкарыстоўваць, трэба выкарыстаць гэтую сытуацыю. Калі яго ў кут загналі, дык трэба яму дапамагчы. Але спадзявацца, што ён патрыётам будзе – гэта марна, ніколі ён ня будзе патрыётам”.

Мастак з Латвіі Вячка Целеш, старшыня суполкі мастакоў краінаў Балтыі “Маю гонар” ня вельмі давярае незалежніцкай рыторыцы Аляксандра Лукашэнкі, але ён лічыць, што дэмакратычным сілам усё ж трэба нешта рабіць у новай сытуацыі:

(Целеш: ) “Мне здаецца, што гэта проста гульня. Абараняць як можа – гэта значыць цалкам з апазыцыяй быць разам, другога выйсьця няма. Як бачна па ўсіх адносінах, ён пастаянна супраць апазыцыі і тут мне цяжка яму паверыць.

Але, я думаю, калі гэта будзе заяўлена на ўвесь сьвет разам з апазыцыяй, тады і народ будзе слухаць, будзе складана падмануць.

Ня трэба кідацца адразу да яго, трэба быць прадбачлівымі, паглядзець, як будзе далей. Адразу ісьці ў абдымкі – гэта складана. Але патрошку можна ісьці на нейкае збліжэньне, я так думаю, але вельмі асьцярожна. Дамоўленасьць нейкая павінна быць падпісаная, каб ня проста на словах, тады можна нешта пачынаць рабіць.

Нешта трэба рабіць. Пачынаць трэба з тэлебачаньня. Калі народ будзе чуць і бачыць гэта ўсё супрацоўніцтва, тады будзе цяжэй падмануць. Выхаду, пэўна, у Лукашэнкі няма, як абараняць Беларусь і далучаць апазыцыю.

Быць катэгарычнымі – таксама да нічога не прывядзе, трэба больш дыпляматыі”.

Больш радыкальна выказаўся старшыня Каардынацыйнай Рады беларусаў Аўстраліі Яўген Груша з Мэльбурну:

(Груша: ) “Гуляюць у нейкую палітыку. Гэта было даўно так зроблена, толькі яны гаварылі, што гэта будзе інтэграцыя, каб людзі не бунтавалі. Так раней было дамоўлена, што гэта будзе не ітэграцыя, а проста ліквідацыя Рэспублікі Беларусь.

Калі Пуцін заявіў, то трэба было, каб выйшла 300 тысяч на дэманстрацыю супраць таго, што хочуць ліквідаваць дзяржаву. Але ніхто ніяк не абазваўся. Трэба было зрабіць, як сэрбы рабілі.

Яму нельга давяраць. Ён жа нічога беларускага не зрабіў, абсалютна нічога. Крычыць за незалежнасьць, але за якую незалежнасьць, ад каго гэта незалежнасьць? Трэба, каб была беларуская. А што з гімнам зрабілі?

Каб ён цяпер хаця выступіў да народу па-беларуску і сказаў, што досыць слухаць Маскву. Але нічога ня робіць, а за незалежнасьць крычыць, але за якую незалежнасьць?”

Адрозную ад аўстралійца Яўгена Грушы пазыцыю займае спн. Алена Міхалюк – старшыня Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі:

(Міхалюк: ) “Калі Лукашэнка і ягоны ўрад імкнуцца, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай, імкнуцца ня даць падзяліць Беларусь на губэрні Расейскай Фэдэрацыі, то гэта ёсьць крок наперад, і гэта трэба падтрымліваць, бо тут вырашаецца лёс дзяржавы, а не прэзыдэнта. Дзяржава ёсьць вечная, а ўрады і прэзыдэнты – часовыя.

Калі Беларусь застанецца вольнай і незалежнай дзяржавай, то будзе надзея ў будучыні пераадолець цяперашні рэжым, наладзіць у дзяржаве дэмакратычны лад, увесьці дзяржаўную мову – сваю родную беларускую, вярнуць нашу старадаўнюю “Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяг. На гэта можна будзе спадзявацца, а безь незалежнае дзяржавы зрабіць гэта будзе немагчыма”.

Старшыня беларускай суполкі ў Бэльгіі сп. Янка Жучка жыве ў Брусэлі – палітычным цэнтры сучанай Эўропы. Яго найперш трывожыць тое, што заява Пуціна ня выклікала амаль ніякай рэакцыі сярод эўрапейскіх краінаў:

(Жучка: ) “Гэта галоўнае, што пратэстаў вельмі мала. На Захадзе гэтага не зразумелі і усё так спакойна прымаюць. І вось мы цяпер стараемся, каб ім выясьніць, у чым справа.

Далучэньне Беларусі да Расеі – гэта ёсьць аншлюс, як калісь у 1938 годзе Аўстрыі да Нямеччыны. Гэта ж немагчыма, каб такое сталася ў наш час. Мы стараемся цяпер даказаць сьвету, што гэтая гісторыя не можа быць паўтораная”.
XS
SM
MD
LG