Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Камяністая дарога зь Беларусі ў Брадфард”


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Ліля Сазанавец, Зьміцер Сазанавец, Ганна Ясьвіловіч

У мясцовай газэце ангельскага гораду Брадфарду “Yorkshire Post” быш зьмешчаны артыкул “Камяністая дарога зь Беларусі ў Брадфард” пра беларускую сям’ю Лілі і Зьміцера Сазанаўцоў, што знайшлі там прытулак пасьля вымушанага ад’езду зь Беларусі.

Сп. Ліля была сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, якую арганізавала апазыцыя вясною 1999 году. Працавала ў жаночым руху, займалася літаратурнай творчасьцю. Пасьля публікацыі ейнага вядомага артыкулу “Тыран” у газэце “Беларускі дайджэст”, якая выдаецца ў ЗША, сп. Ліля вымушаная была тэрмінова ад’ехаць зь Беларусі ў суседнюю Літву, гэта было ў сакавіку 2001 году.

(Ліля Сазанавец: ) “У Літву я спачатку прыехала адна, а сям’я пакуль што заставалася там, і гэта быў самы мой вялікі боль, мае ўсе сівыя валасы – гэта за той нядоўгі пэрыяд, калі я ня ведала, што мне рабіць з маёй сям’ёю. Але мне дапамаглі, яны атрымалі візы і празь некаторы час прыехалі ў Вільню”.

Калі муж Зьміцер і двое сыноў сп. Лілі апынуліся ў бясьпецы, сям’і трэба было вырашаць, што рабіць далей.

(Ліля Сазанавец: ) “Мне трэба было нешта думаць пра далейшы лёс, у Вільні я не магла заставацца, бо яна занадта блізка ад Беларусі. Мне трэба было думаць пра нейкую іншую краіну. Я зьвярнулася да канадыйскіх уладаў з просьбаю аб прытулку. Як вядома, у Вільні няма канадыйскай амбасады, а толькі кансулят. Мне прызначылі інтэрвію, для гэтага трэба было ехаць у Лёндан. Але пакуль я чакала там адказу з Канады, я атрымала прытулак у Вялікабрытаніі”.

У рэальнасьці шлях на чужыну выглядаў шмат больш складаным і драматычным, чым можа тут падавацца. Як і для кожнага палітычнага уцекача, эмігранцкі шлях для Лілі і Зьміцера пачаўся не з канкрэтнай даты выезду з краіны, а тады, калі яны далучыліся да палітычнай барацьбы з рэжымам. Менавіта гэтую думку і падкрэсьліла ангельская журналістка ў названым вышэй артыкуле пра беларускую сям’ю ў Брадфардзе.

Я запытала ў сп. Лілі, чаму яны апынуліся менавіта ў гэтым горадзе?

(Ліля Сазанавец: ) “Мы жылі спачатку ў Лёндане, у беларускіх дамках пры Бібліятэцы імя Скарыны, пасьля ў Манчэстэры ў сп. Алены Міхалюк, а потым Рада Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі прапанавала нам пажыць у Беларускім доме ў Брадфардзе”.

Сазанаўцы сталі першымі жыхарамі гэтага Беларускага дому з новай хвалі эміграцыі. У гэтым мне бачыцца нейкая сымбалічнасьць.

Беларускі дом ў Брадфардзе – самым цэнтры Англіі, у графстве Заходні Ёркшыр, – гэта тое месца, дзе пачынала новае жыцьцё старэйшая беларуская эміграцыя ў гэтай краіне, іхны шлях туды быў таксама цяжкім і камяністым.

У 1950-х гадох у Вялікабрытаніі апынулася шмат выгнаньнікаў зь Беларусі, якія трапілі сюды зь лягераў у Нямеччыне альбо з арміі Андэрсэна. Цэнтрам беларускага жыцьця за Ла Маншам стаў менавіта Брадфард. Там можна было найлягчэй знайсьці працу на тэкстыльных прадпрыемствах.

Беларусы купілі асобны дом і грамадзкае жыцьцё калёніі віравала доўгі час у гэтым будынку. Але паступова многія пераехалі ў Лёндан, бліжэйшы Манчэстэр ды іншыя больш буйныя гарады. Дом паціху пусьцеў, і ўрэшце справа дайшла да яго продажу.

Сям’ я Сазанаўцоў таксама мусіла выехаць адтуль, бо атрымала асобную кватэру ад уладаў. Але лёс будынку ім не абыякавы.

(Ліля Сазанавец: ) “Калі прададуць гэты дом, гэта будзе для мяне асабліва балюча. Мне вельмі не хацелася б, каб яго прадалі, але калі ў доме ніхто не жыве – ён памірае”.

Беларускі дом ад пачатку набываўся не дзеля жытла, а як грамадзкі цэнтар. Ён можа яшчэ спатрэбіцца новым беларусам менавіта ў гэткай якасьці. Справа, найперш, ідзе пра тое, каб ажывіць там беларускі асяродак, беларускую прысутнасьць у гэтым горадзе, моцна зьвязаным з гісторыяй паваеннай эміграцыі. І новыя ўцекачы зь Беларусі спрабуюць гэта рабіць.

(Ліля Сазанавец: ) “Раней, як я ведаю, вывешваўся сьцяг бел-чырвона-белы, гэты сьцяг зараз у нас. У 1970-я гады яго яшчэ вывешвалі, калі яшчэ быў жывы і здаровы Янка Калбаса, ён гэтым займаўся. Гэта на цэнтральнай плошчы горада. Там і зараз вывешваюцца сьцягі розных краінаў, прадстаўнікі якіх тут жывуць, калі нейкія сьвяты ў гэтых краінах, амаль што кожны дзень вісіць нейкі сьцяг. Я зьбіраюся гэтай справаю заняцца. Калі ўлады нам дазволяць, то мы будзем вывешваць наш сьцяг два разы на год – 25 Сакавіка і на ўгодкі Слуцкага паўстаньня”.

Сп. Ліля паведаміла і пра іншыя пляны.

(Ліля Сазанавец: ) “Я вельмі спадзяюся, што будзе беларускае радыё тут у Брадфардзе, мясцовае. У чэрвені гэтага году, калі праходзіў тыдзень уцекачоў, пасьпяхова прайшла першая перадача, я зрабіла яе на 15 хвілінаў. Нам абяцалі, што гэтае радыё будзе далей. Усе народы , што тут жывуць, яны на сваіх мовах па 15 хвілінаў альбо па паўгадзіны будуць рабіць перадачы”.

Янка Калбаса, пра якога ўзгадала тут сп. Ліля, быў адным з пачынальнікаў беларускай справы ў Брадфардзе. Сярод пачынальнікаў былі Янка і Алена Міхалюкі, Хведар Лемяшонак, які памёр некалькі гадоў таму і да апошняга свайго дня апекаваўся Беларускім домам. Цяпер за будынкам наглядае ягоная сям’я за – жонка Марыя, украінка паводле паходжаньня, і дачка Ганна. Ганна выйшла замуж за беларуса зь Беласточчыны – Янку Ясьвіловіча. Гэтая беларуская сям’я мае трох сыноў, якія таксама памятаюць свае карані.

Сп. Ліля Сазанавец гаворыць пра тое, што Ганна шмат цяпер дапамагае беларускім уцекачам.

(Ліля Сазанавец: ) “Сп. Ганна – перакладчыца вельмі добрая, яна працуе з уцекачамі, дапамагае ўцекачам. Яна і па-беларуску, і па-ўкраінску гаворыць. Я ведаю, што ўсе, хто прыяжджае са славянскіх краінаў, заўсёды зьвяртаюцца да яе па дапамогу”.

Сп. Ганна Ясьвіловіч памятае Беларускі дом ад самага раньняга дзяцінства.

(Ясьвіловіч: ) “Я ня ведаю, можа, я нарадзілася там. Наколькі я памятаю, то я заўжды там хадзіла. Я вельмі добра памятаю, маю здымкі з гэтых часоў, калі людзі там зьбіраліся. Памятаю клюбы для моладзі, беларускую школу, памятаю айца Крыта, які потым стаў мітрапалітам у Амэрыцы, як ён вучыў нас, дзяцей, беларускай мове. Тыя беларусы, хто былі тут, вельмі шмат працавалі. Мой бацька, напрыклад, кожны дзень хадзіў у гэты клюб, чысьціў там. Прытулак быў такі для беларусаў, хто ні прыяжджаў да Брадфарду, заўжды заглядаў да нас. Мая мама цяпер ходзіць туды і наглядае за ўсім, але вельмі цяжка. Вельмі прыкра мне, што так скончылася”.

Беларускае жыцьцё ў Брадфардзе можа быць адноўленае, калі новыя беларусы працягнуць справу старэйшай эміграцыі. Ліля Сазанавец мае надзею, што ім удасца дабіцца таго, што беларусаў ізноў будуць лічыць там асобнай нацыянальнай меншасьцю побач з прадстаўнікамі іншых народаў у гэтым шматнацыянальным горадзе.

(Ліля Сазанавец: ) “Мы спадзяемся, нас – ужо чатыры, ёсьць у нас і сябры. Спадзяемся, што можа нешта і наладзіцца, але на гэта патрэбны час і вялікія намаганьні. Справа ў тым, што вельмі цяжка нават уладам растлумачыць, што мы не расейцы.

Я зараз вучуся ў коледжы, мы з мужам там вывучаем ангельскую мову, і там я ўжо стамілася растлумачваць, што я не з Расеі”.

Я пацікавілася ў Зьмітра, мужа сп. Лілі, ці будзе і ён дапамагаць жонцы ў беларускіх справах:
.
(Зьміцер Сазанавец: ) “Так, безумоўна, па меры магчымасьці, мы заўсёды разам”.

У Беларусі сп. Зьміцер працаваў на Лідзкім лака-фарбавым заводзе. Зараз ён набывае новую прафэсію.

(Зьміцер Сазанавец: ) “Вучу ангельскую мову, зараз у верасьні буду вучыцца на фатографа”.

А сп. Ліля вырашыла працягнуць творчую працу і занялася перакладам на беларускую мову шкоцкай літаратуры. Чаму менавіта шкоцкай? Сама перакладчыца так адказала на гэтае пытаньне:

(Ліля Сазанавец: ) “Шкоцкія народныя гісторыі, яны вельмі падобныя да нашых, страшныя такія гісторыі, як нашыя гісторыі пра чарцей, пра розных нячысьцікаў. Між іншым, мой настаўнік у коледжы таксама шкот. Я яму расказвала пра тое, што я перакладаю, ён быў вельмі ўражаны і гаварыў, што шкоцкая літаратурная спадчына вельмі багатая, можа ці не багацейшая за ангельскую. Таму я ёю зацікавілася”.

Пераклады Лілі Сазанавец можна прачытаць у віленскай беларускай газэце “Рунь”, а таксама на інтэрнэт-старонцы газэты ў рубрыцы “Літаратура”. Там былі апублікаваныя ейныя пераклады зь “Дзіўных шкоцкіх гісторый”. Я запытала ў сп. Лілі, што можна будзе далей прачытаць з гэтых гісторый у газэце “Рунь”.

(Ліля Сазанавец: ) “Зараз я перакладаю “Сем крывавых галоваў”. Як вядома, у Шкоцыі, як у Сыцыліі, ёсьць кляны, нават прозьвішчы, калі Макдональдсы, дык ужо тысячы такіх прозьвішчаў. Яны паміж сабою варагуюць, зараз, праўда, гэта ўжо ня так, але раней яны варагавалі, забівалі адныя адных. Потым пра гэта распавядалі розныя гісторыі, яны зьмяняліся і ўрэшце-рэшт атрымалася добрая літаратура, якую варта перакладаць.

Гэтыя гісторыі я дасылаю ў Вільню ў газэту “Рунь”. Я б хацела вельмі, каб гэта друкавалася ў Беларусі, але там зараз няма дзе друкавацца. Мяне Ніна Чайка, вядома, друкаваць ня будзе, яна нават Быкава ня хоча друкаваць”.
XS
SM
MD
LG