Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская адукацыя ў Літве


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Уздельнікі: Лілея Плыгаўка, Галіна Сівалава, Яраслаў Станкевіч

Адной з самых балючых праблемаў беларускай дыяспары сёньня, як, магчыма, і ва ўсе часы, ёсьць нацыянальная адукацыя. Мала дзе ў беларускім замежжы ўдалося арганізаваць беларускае школьніцтва. У гэтай перадачы мы пазнаёмім вас з вынікамі намаганьняў беларусаў Літвы, дзе беларуская асьвета мае глыбокія карані.

Сёлета беларуская грамадзкасьць у Літве адзначае 10-я ўгодкі аднаўленьня нацыянальнай адукацыі для беларусаў, цяпер ужо як для нацменшасьці ў гэтай краіне.

Справу распачало на пачатку 1990-х Таварыства беларускай культуры. Па яго ініцыятыве ўзьнікла ідэя стварэньня беларускай катэдры на факультэце славістыкі Віленскага пэдінстытуту, які пазьней стаў унівэрсытэтам. Загадваць катэдраю была прызначаная Лілея Плыгаўка, якая прыехала зь Менску і працуе там да сёньня.

Галоўнаю мэтаю катэдры стала падрыхтоўка настаўнікаў. Гаворыць сп. Лілея Плыгаўка:

(Плыгаўка: ) “Так, была падрыхтоўка кадраў для беларускіх школ у Літве, якіх, на жаль не было ні адной за апошнія 50 гадоў, паўстала такая задача, як аднаўленьне беларускага школьніцтва цалкам. У Літве аднаўленьне гэтай адукацыйнай структуры пайшло зьверху, не зь дзіцячага садка, а з унівэрсытэта.

Разумееце, перапынілася сувязь паміж пакаленьнямі інтэлігентаў у Літве, і са зьяўленьнем катэдры мы практычна крыху запоўнілі гэтую нішу. Усё ж такі менавіта адукацыя – гэта тое зьвяно, якое ў найбольш поўнай меры захоўвае нацыянальнае “я”, спрыяе нацыянальнаму выхаваньню. Мы ўжо выпусьцілі трыццаць чалавек выпускнікоў”.

Сёньня катэдра вядзе навучаньне студэнтаў на 4 курсах, дзе ў асноўным вучацца грамадзяне Беларусі і іншых краінаў, ёсьць студэнт-выхадзец зь Беларусі, які жыве ў Гішпаніі, адна студэнтка жыве ў Англіі.

Адукацыйны працэс арганізаваны згодна зь літоўскай сыстэмай навучаньня, але ён мае і некаторыя асаблівасьці.

(Плыгаўка: ) “Працуем па літоўскіх плянах і праграмах. Навучальныя праграмы па спэцыяльнасьці мы стварылі самі з улікам культурнай сытуацыі Віленскага рэгіёну і з улікам патрабаваньняў Міністэрства адукацыі. У асноўным у нас выкарыстоўваецца мэтодыка вывучэньня беларускай мовы як замежнай. Мы карыстаемся таксама падручнікамі і дапаможнікамі, выдадзенымі ў Беларусі . Нам аказваюць вялікую дапамогу Міністэрства адукцыі і Навукова-пэдагагічная бібліятэка”.

Свае асаблівасьці мае і арганізацыя набору студэнтаў. Ізноў гаворыць сп. Лілея Плыгаўка:

(Плыгаўка: ) “На жаль, набор мы ажыцьцяўляем ня кожны год, нашая дзейнасьць на сёньня рэглямэнтуецца міждзяржаўным пагадненьнем паміж Беларусьсю і Літвою, і мы атрымліваем раз на два –тры гады квоту на набор. Мы набіраем на першы курс 10 чалавек, бывала і 15. Цяжка нам аргумэнтаваць набор кожны год, бо нягледзячы на тое, што ў Літве каля 60 тысяч беларусаў, усё ж такі сытуацыя не патрабуе шмат спэцыялістаў-беларусістаў.

У апошнія гады да нас прыходзяць выпускнікі расейскіх, польскіх школ, літоўскіх”.

Многія з выпускнікоў катэдры сталі працаваць у галіне беларускай асьветы і культуры, але запатрабаванасьць на іх пакуль яшчэ недастатковая.

(Плыгаўка: ) “Дзьве дзяўчыны працуюць у Беларусі, выкладаюць беларускую мову і літаратуру, адна працуе часова ў нас. У беларускай школе працуюць дзьве дзяўчыны, і ў Вісагінас паехалі па раьмеркаваньні дзьве дзяўчыны. У “Нашай Ніве” працавалі нашыя выпускнікі, і на радыё “Балтыйскія хвалі”, у Таварыстве беларускай культуры.

На жаль, прафэсійных беларускіх структур у Літве ня так шмат, дзе б нашы выпускнікі маглі знайсьці месца працы. Яны паралельна яшчэ вучацца на другім факультэце і па жаданьні выбіраюць яшчэ адну спэцыяльнасьць. Практычна ўладкоўваюцца найбольш па другой спэцыяльнасьці”.

Чарговыя наборы студэнтаў найбольш займаюць увагу супрацоўнікаў катэдры.

(Плыгаўка: ) “Мы ў гэтым годзе выпускаем адзін курс, у нас застаецца два курсы грамадзян Літвы, чацьвёрты і другі курс. Калі мы ў наступным годзе не атрымліваем набору, у нас застанецца толькі адзін курс. Разумееце, што гэта азначае, гэта, практычна, будзе самаліквідацыя катэдры.

Але мы стабільна кожны год набіраем на завочнае навучаньне грамадзян розных краінаў і грамадзян Літвы. Гэта на сёньняшні дзень можа быць фінансавым падмуркам нашай катэдры, бо яны плацяць за навучаньне”.

Пры ўсіх цяжкасьцях супрацоўнікі катэдры аптымістычна глядзяць у будучыню, вынаходзяць іншыя дзялянкі на беларускай ніве, дзе іх праца магла б быць карыснаю, а заадно дазволіла б утрымаць гэтую патрэбную ўстанову для разьвіцьця беларускай адукацыі ў Літве.

(Плыгаўка: ) “Акрамя навучаньня студэнтаў, мы займаемся навуковымі дасьледаваньнямі культуры памежнага рэгіёну. У нас ужо ёсьць партнэр – гэта Гарадзенскі ўнівэрсытэт, які зацікаўлены ў такіх дасьледваньнях. Я спадзяюся, што мы будзем далей тут працаваць як навуковы цэнтар. Усё ж такая структура Літве патрэбная. Мы кансультуем па пытаньнях Беларусі, займаемся перакладамі, мы практычна зьвязваем дзьве краіны, і мы занялі ўжо сваю пэўную нішу ў гэтых дзвюх краінах”.

Як сказала загадчыца беларускай катэдры Віленскага педунівэрсытэту спн. Лілея Плыгаўка, аднаўленьне беларускай адукацыі ў Літве пачалося зьверху – са стварэньня беларускай катэдры. Наступным этапам было адкрыцьцё школы.

Да ажыцьцяўленьня гэтай мэты, акрамя беларускай катэдры, далучылася і створанае грамадзкасьцю Таварыства беларускай школы. Напачатку ўдалося зарганізаваць адзін беларускі кляс пры расейскамоўнай школе, але потым беларуская грамада здолела забясьпечыць набор вучняў адразу зь першага па дзясяты клясы, якія сталі вучыцца пры расейскіх школах. Паслухаем цяпер дырэктарку беларускай школы ў Вільні спн. Галіну Сівалаву.

(Сівалава: ) “Тады было каля 200 чалавек вучняў сабрана. Гэта было такое зьдзіўленьне для ўсёй Літвы, такі шок – адкуль столькі беларусаў, якія захацелі вучыцца на роднай мове і адразу ва ўсіх клясах”.

Загадчыца беларускай катэдры Лілея Плыгаўка ўспамінае пра той час:

(Плыгаўка: ) “Мы змаглі пераканаць Міністэрства адукацыі у тым, што што мы зможам арганізаваць паўнавартасны працэс навучаньня па-беларуску”

Спн. Сівалава таксама прыпамінае, як нялёгка ўсё давалася.

(Сівалава: ) “У трох месцах клясы былі раскіданыя – у дзіцячых садках і ў адной школе. У другую ці нават трэцюю зьмену вучыліся. Потым паглядзелі, што дзеці за цэлы год не адышлі, і праз год улады вымушаныя былі даць нам памяшканьне”.

Спн. Плыгаўка так ацэньвае значнасьць адкрыцьця школы для беларускай дыяспары ў Літве.

(Плыгаўка: ) “Са зьяўленьнем школы стварыўся такі культурны цэнтар, і пра беларусаў загаварылі, беларусаў пачалі ўспрымаць як паўнавартасную нацыянальную меншасьць. Да гэтага пра беларусаў замоўчвалася”.

Ужо восем гадоў школа працуе як самастойная дзяржаўная адукацыйная ўстанова, яна носіць імя Францішка Скарыны.
Навучаньне вядзецца ў дзвюх мовах, прыкладна дзьве траціны прадметаў выкладаюцца на беларускай мове, а такія, як гісторыя і геаграфія Літвы, паліталёгія і некаторыя іншыя – на літоўскай. Але ўсе экзамэны вучні мусяць здаваць па-літоўску.

(Сівалава: ) “У нас маленькая школа, дзеці ня маюць права здаваць у сваёй школе экзамэны. Яны здаюць экзамэны ў экзамэнацыйных цэнтрах, у гэтым сэнсе ў нас, мабыць, самыя аб’ектыўныя адзнакі ад усіх школаў”.

Настаўніцкі калектыў школы складае на сёньня 36 пэдагогаў. Колькасьць вучняў усе гады трымаецца недзе каля дзьвюх соцень чалавек, у гэтым годзе больш 180 школьнікаў, якія вучацца ў 14 клясах. Звычайна больш дзяцей прыходзяць у старэйшыя клясы.

На нашае пытаньне пра тое, як ставяцца да беларускай школы мясцовыя ўлады, сп. Сівалава адказала, што яны ня маюць тут ніякіх праблемаў.

(Сівалава: ) “Да нас ставяцца, як да любой іншай школы ў Літве, ня робяць ніякага выключэньня”.

Аднак у літоўскім грамадзтве беларуская адукацыя ўспрымаецца часам як нейкая незвычайная зьява.

(Сівалава: ) “Адна нашая вучаніца ў Каўнасе паступіла на юрыдычны. Яна казала, што яе атэстат насілі па ўсім унівэрсытэце, гэта было настолькі дзіва для іх, што родная мова яе беларуская. Потым яшчэ цэлы год на яе выкладчыкі глядзелі са зьдзіўленьнем, адзін нават казаў – дайце паглядзець на жывую беларускую маладую нацыяналістку”.

Для таго, каб арганізаваць працэс навучаньня на сучасным узроўні школа патрабуе адпаведнага абсталяваньня. На першым часе яна атрымала дзейсную дапамогу зь Беларусі. Былы міністар замежных справаў Пётар Краўчанка падараваў некалі школе абсталяваньне для кампутарнага кляса, потым былы мэр Менску Ўладзімер Ярмошын перадаў яшчэ адзін камплект кампутараў і мікрааўтобус. Даводзіцца шукаць розныя магчымасьці, каб дзеці мелі ўсё неабходнае.

(Сівалава: ) “Канешне, што магчыма, купляюць, дапамагаюць бацькі, шукаем спонсараў. Кабінэт фізыкі дапамагло абсталяваць Міністэрства адукацыі Беларусі, кабінэт біялёгіі – Музэй прыродазнаўства Беларусі падараваў экспанаты. Падручнікі мы таксама атрымліваем зь Беларусі, яны праходзяць апрабацыю ў Міністэрстве адукацыі Літвы і толькі тыя, якія дазваляюцца, мы ўжываем як дапаможнікі пры выкладаньні”.

Выпускнікі школы маюць магчымасьць працягваць адукацыю ня толькі ў Літве, але і ў Беларусі.

(Сівалава: ) “Ёсьць такая дамоўленасьць паміж дзвюма дзяржавамі – грамадзяне Беларусі маюць права на паступленьне ў Літву, а грамадзяне Літвы – у Беларусь. Вось нашыя дзеці выбіраюць тыя ВНУ і тыя прафэсіі, якія абмежавана набіраюць у Літве”.

Да ліку сваіх галоўных клопатаў сп. Сівалава адносіць штогадовае папаўненьне шэрагаў вучняў.

(Сівалава: ) “Першае і галоўнае – гэта дзеці, прыход дзяцей. Нараджальнасьць у краіне падае, сьвядомых беларусаў таксама ня так і шмат, многія аддаюць дзяцей у літоўскія школы, таму праблема – набор, трэба рэклямаваць сваю школу, але для гэтага патрэбна, каб праца ішла сапраўдная ў школе”.

Пра тое, што беларуская школа падтрымлівае належны ўзровень, сьведчыць той факт, што апошнім часам туды пачалі пераходзіць вучні з польскіх і расейскіх школаў, якія ліквідуюцца з-за недабору. Беларуская школа здолела сьцьвердзіць сябе і працуе стабільна.

Старэйшы настаўнік школы сп. Яраслаў Станкевіч, аднак, ня лічыць, што справа з сыстэмаю беларускай адукацыі ў Літве выглядае завершанай.

(Станкевіч: ) “Але, бачыце, калі польскіх школаў, расейскіх школаў не па адной, то ў нас адна”.

Трэба дадаць, што паралельныя беларускія клясы ёсьць яшчэ ў Вісагінасе, яны працуюць пры расейскай школе.

Сп. Станкевіч закрануў і яшчэ адно істотнае пытаньне.

(Станкевіч: ) “Калі прыяжджае камісія, якая прымае экзамэн ад кандыдатаў у менскія ВНУ, там гэтыя тэсты на расейскай мове. Усё-такі яны ў нас па-беларуску амаль усе прадметы вывучалі, а туды едуць, а там ужо гэтага ня будзе, там яны сустрэнуцца з расейскай моваю”.

Згаданую камісію ў Літву накіроўвае Міністэрства адукацыі Беларусі, якое ня здолела забясьпечыць навучаньне дзяцей на роднай мове ў самой Беларусі. Бацькаўшчына тут ня ёсьць добрым прыкладам і маральнаю падтрымкаю для замежных беларусаў. Але старэйшы беларускі віленчук Яраслаў Станкевіч, які памятае лепшыя часы, мае аптымістычны настрой.

(Станкевіч: ) “Мы павінны тут у Вільні сваю справу рабіць з мэтаю на будучыню. Ня думаю, што такая сытуацыя будзе вечна, павінна зьмяніцца”.
XS
SM
MD
LG